Завіруха (1929)/Дарагой памяці Сьцяпана Булата

Сьцяг ты чырвоны трымай Дарагой памяці Сьцяпана Булата
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Новы Алімп
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дарагой памяці Сьцяпана Булата.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДАРАГОЙ ПАМЯЦІ
СЬЦЯПАНА БУЛАТА

Хоць сонца і сьвеціць, а дзень сумны… хмуры…
Спакою душа не знаходзіць…
Стаю я маўкліва і чую, як бура
Жалобную песьню заводзіць.

Я бачу, як з дрэва сарван ліст зялёны,
Нясецца у даль адзінока…
І вецер сам плача… імчыцца шалёны
І гоніць бяз жалю далёка…

І ты, нібы ліст той, злой сьмерцю паганай,
Ад сонца… ад волі узяты, —
Ты бурай жыцьцёвай ад нас адарваны…
І сэрца баліць так ад страты.

Мы знаем, што будзем мы ўсе у магіле,
Канца ня мінуць нам такога…
Навошта-ж лёс дрэнны у лепшую хвілю
Сьцяў кветку жыцьця маладога?..

Мы скаргу на долю навек утрымаем,
Хоць ў сэрцы і зробіцца ціша,
І помсту на лёс мы тады пахаваем,
Як хваля і нас закалыша.

Ясьней сьвяці, сонца! Шлі волі праменьні,
Сагрэй маладую ты сілу…
Ты, бура, замоўкні! Схілі ты калені
На жоўтай і сьвежай магіле.