Звон Да працы
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Касавіца
Іншыя публікацыі гэтага твора: Да працы (Чарот).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДА ПРАЦЫ

Волі прыждала ты, маці-краіна,
Вышла на шлях ты з цямноты.
А у сыноў тваіх гнецца ўсё-ж сьпіна,
Працы нямала гаротным.

Глянеш вакола — сэрца захватуе…
Колькі ‘шчэ трэба нам сілы:
Хата старая, стрэхі садратыя,
Хлеў аж хістаецца згнілы.

Вокам акінеш родны палетак, —
Дзёрнам зрасьліся загоны…
Хопіць тут працы для нас і для дзетак,
Хоць і працуй без паклону.

Працу даўно тут ужо распачалі:
Бачым між дзёрну разоры…
Ў час і няволі таксама аралі,
Нібы краты свае норы.

Час той загінуў, ня трэба хавацца,
Кожны працуе на волі…
Выйдзема, хлопцы, ўсе, выйдзема, братцы,
К працы вялікай на поле!

Ўсе грамадою, ня думайце думу,
Дума — ня йдзе на пажытак…
Зьдзеку мінулага, крыўды і глуму
Згіне хай ў сэрцы адбітак.

Нашу краіну, што звалі ўсе дзікай,
Зробім квяцістай, прыгожай!..
Працы далучым, дык будзе вялікай —
Ў сьвеце ня знойдзем пахожай!