Завіруха Жыцьцё
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Скокі на могілках
Іншыя публікацыі гэтага твора: Жыцьцё (Чарот).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЖЫЦЬЦЁ

Заснула ноч, падняўшыся за хмары небасхіла,
Над лесам стогнучым і поўным сьлёз балот…
І вось над возерам жывых чырвоных вод,
Дзе цень крыжоў — народ, а ўся зямля — магіла,
Радзіўся раніцы нявіданы усход.

І сонца іскрамі агня зайграла над крыжамі,
Вясёла зашумеў адвечна сумны бор…
Дзень новы асьвяціў жыцьця ўсяго прастор,
А вецер з полымем над соннымі палямі
Свабоды ткуць ужо чаруючы узор.

І рукі новых дзён зламалі вечнай ночы крыльлі,
Арлом падстрэленым яна зьляцела ўніз…
І бляскам вогненным замігацела высь…
І зьліўся дзень зямлі ды з ноччу небасхіла,
Як добрых дзьве душы навек яны зьлілісь.