Песьня лірніка Нашы дні
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Раніца
Іншыя публікацыі гэтага твора: Нашы дні (Чарот).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАШЫ ДНІ

Эх, хлопцы, жыцьцё разьвясёлае,
Толькі сэрца вось ные праклятае…
Гарады нашы, вёскі і сёлы…
Гуляй, пакуль галава ‘шчэ ня сыцятая.

Нам ня трэба ні срэбра, ні золата.
Вось на хвалях жыцьця пракаціцца,
Паказаць людзям сілушку волата,
А там — ня журыцца!

Эх, як весела жыць: песьні, музыка…
Ну, гуляй, каму хочацца гуляў…
Цяпер воля пакрыўджаным вузьнікам…
Хто быў босы, таго мы абулі.

Скалыхнулі ваду мы стаячую…
Гэй, на чоўні — плывіце!
Каму жыцьце абрыдла брадзячае —
Адпачніце.

Не багацьце мы любім — жыцьцё разудалае,
Любім праўду і песьню таварыша.
Хоць і сіла спаткае нямалая, —
Сіла ворага, — там нас пахваліш.

Размахнуцца!.. папробаваць сілу
Мы гатовы!
Нашы хлопцы таго… ня хілілі
Перад ворагам самі голавы.

Вось бяда, што балота наўкола сяла.
Селі-б ў чоўні… па хвалях — гайда!
Ўвесь-бы сьвет аплылі, была-ні-была,
Мо‘-б зусім запрапала нуда!

21-I 1922 г.