Нашы дні Раніца
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Каб я быў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Раніца (Чарот).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАНІЦА

Хмары чорныя вечнага змроку,
Што над краем гаротным спаўзаліся,
Ветры ўсходу прагналі далёка,
Зоркі досьветку нам паказаліся.

Глядзіць сьветлая раніца волі,
Цемра ночы навекі загінула,
Час мінулы ня прыдзе ніколі,
Цень пужлівая край наш пакінула.

Над загонамі роднага краю
Уздымаецца сонца чырвонае,
Песьні птушак даносяцца з гаю,
Чуваць песьні вясёлыя, новыя.

І пакутныя людзі балота
Ад сну цяжкага раптам праснуліся,
Як адзін, вышлі ўсе да работы,
Як адзін, яны ўсе схамянуліся.

На зямлі, дзе крыжы і магілы,
Жыцьця лепшага хата будуецца:
Не шкадуе народ сваёй сілы, —
Шчырасьць у працы вялікая чуецца.

Як загаснуць агні, на руінах
Ўзрастуць кветкі, ў палёх закалосіцца, —
І абшар нашай вольнай краіны
Ясным сонцам увесь азалоціцца.