Залатыя арэхі (1930)
Залатыя арэхі Казка Аўтар: Ілары Барашка 1930 год |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Залатыя арэхі. |
барашка
залатыя
арэхі
бел-дзяржвыдавецтва-1929
Іл. Барашка
ЗАЛАТЫЯ АРЭХІ
Казка
БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА
МЕНСК — 1930
Малюнкі і вокладка
І. Мільчына
Заказ № 84.
5.000 экз.(½ арк.).
Галоўлітбел № 2692.
Друкарня Беларускага Дзяржаўнага Выдавецтва.
Ад вёскі да вёскі хадзілі шэпты-перашэпты, што ходзіць па сьвеце Блазан, такі абадраны, такі абшарпаны, згаладалы, і дзівы-дзіўныя людзям кажа.
А Блазан той і сапраўды па сьвеце хадзіў, ад вёскі да вёскі, ад сяла да сяла, ад краю да краю. І дзівы-дзіўныя людзям казаў; незразумелыя часам дзівы былі ў Блазна. Адным ён казаў, што ёсьць у цёмных водах мора-акіяну ключы залатыя, якімі можна ваду замкнуць і спыняцца рэчкі срэбна-вадзяныя; другім ён казаў, што ў дзікіх лясох-дубровах жывуць людзі-ня-людзі, зьвяры-не-зьвяры, птушкі-ня-птушкі, і гэтыя людзі-ня-людзі спрытнейшымі за нас будуць, бо хутчэй за зьвера бегаць будуць, хутчэй за птушку лётаць будуць, хутчэй за мужыка працаваць будуць; а трэцім казаў, што да сонца яснага ў блакітным небе далучыцца многа, ой, як многа, сонейкаў, асьвятляць і што штоноч ацяпляць зямліцу нашу будуць, ды людзі ад іх карысьць вялікую мецьмуць: па чатыры укосы ды па два жніва.
І хадзілі ад вёсак да вёсак, ад двароў да двароў шэпты-перашэпты тыя, што Блазан той хутка і да нас прыдзе.
— А мо‘ што цікавае і нам скажа?.. — цешыліся мужыкі.
Неяк аднаго разу, калі сонца за лесам схавалася, а жанкі з паншчыны ў двор прышлі ды песьню
Заплакаў, засьмяяўся ды спытаў: — чые вы?..
Прывітаў мужыкоў, паглядзеў навакол, крутануў кійком, заплакаў, засьмяяўся ды спытаў:
— Чые вы?..
— Наш!.. адказалі жанкі.
— Ну, а ты хто такі будзеш, небарака? — спыталі мужчыны.
— Панскія! — адказалі мужыкі.
— А пан чый?
— Я Блазан, а завуць мяне Цімох. Захачу, усю зямлю скручу ў рог, захачу — па-над вамі палячу, сакаліны крыльлі думаю набыць, толькі ня ведаю, як тут быць…
— Ха-ха-ха! — сьмяюцца дзяўчаты, маладзіцы: сьмешна стала.
— Вось дзе дурань…
— Я хоць і дурань, як кажаце вы, а ўсё-ж т‘кі мы браты. Я босы, а ў вас адны атосы, а конь у пана, у пана й сала, а ў вас — патала, у вас хлеб ды вада, такая, браткі, яда…
Глядзі ты, дурань, а праўду кажа! — задаволена сьмяяліся мужыкі. А Блазан жартаваў, сьмяяўся, плакаў і пацяшаўся, дзівы-дзівосныя, казкі таемныя сялянам гаварыў.
Было падвечар. Вышла у той час пані на ганак: жней сустракаць. Глядзіць — мужыкі з Блазна сьмяюцца. Загадала прывесьці яго на яе вочы.
— Блазан, паня наша загадала табе стаць прад паніны вочы! — так сказалі Блазну паніны паслугачы.
Ня вельмі ўжо я й ахвоча іду на паніны вочы, — сказаў Блазан мужыкам, — заўтра сустрэнемся…
Кажуць мужыкі: „глядзі ты, Блазан які разумны. Хто-б то ён быў?..“
Прывялі Блазна да пані.
— Што скажаш, дурню? — спыталася паня з ганку.
— Я хоць і дурню, але й паня неразумна! — адпаліў мігам Блазан у паніны вочы, ды як пачне, ды як пачне не па-нашаму пані нештачка гаварыць: дзіва дый годзе!..
А пані пачужацкаму ўмела. Сьпярша й слухаць не хацела, а праз хвіліну — слухае вушы адарваць ня можа… А Блазан ні то пяе, ні то кажа нештачка мілагучнае: і разумець не разумееш, а слухаеш і сам.
Выслухала Блазна пані. Накарміць, напаіць ды спаць укласьці у пуховай пасьцелі загадала.
Глядзяць мужыкі, дзівяцца, веры не даюць. Што-б то было?
А пасьля ўспомнілі:
— Ці ня той то Блазан да нас прышоў, што па ўсяму сьвету ходзіць?..
Пераначаваў ночку Блазан, ды назаўтра зноў да мужыкоў прышоў казкі дзівосныя пра краіны заморскія казаць (нядзелька была).
Слухаюць мужыкі, дзівяцца, веры не даюць.
А Блазан кажа пра краіны заморскія, пра гарады мармуровыя, пра воды нязьмераныя, пра палацы рымскія — слухаюць мужыкі, не наслухаюцца, дзівяцца не надзівяцца.
— Ай-яй-яй! Ай-яй-яй! — галовамі ківаюць.
Вазьмі ды спытайся Блазан у мужыкоў раптам:
— Што-б то вы хацелі, людцы мае міленькія?
— Што й хацелася, дык перахацелася!.. — адказвалі мужыкі.
— Ведаю. Ведаю, — адказваў Блазан, — волі хацелася…
Дзівяцца мужыкі, скуль гэта Блазан думкі іхнія адгадвае…
Ці ня той ты Блазан, што па сьвету ходзіш, дзівы-дзіўныя кажаш? — пыталіся мужыкі ў Блазна. — Чулі мы пра такога.
Казалі, што ты шчасьце раіў мужыкам, можа што і нам параіў?!
Ноч у ноч хадзілі мужыкі на балота.
Задумаўся Блазан. Спахмурнеў. Шкада яму нашых мужыкоў стала. Глянуу наўкола-адно балота. „Што гэта параіць-бы?!“
Золата ёсьць у вашым балоце. Залатыя арэхі. Толькі адшукаеце гэта золата тады, калі ўсе чыста шукаць яго будзеце!..
Сказаў Блазан, разьвітаўся з мужыкамі і зьнік.
Ноч у ноч хадзілі мужыкі на балота — залатых арэшкаў шукаць. Прыдуць на балота — углядаюцца. Бачаць, блішчыць недзе ў глыбіні балота залаты арэшак. Блішчыць, бы золата. Пойдуць да яго — возьмуць у рукі, — ня золата, а трухляк… І пану сказаць баяцца, што, калі знойдуць!
Лета шукалі — не адшукалі, два шукалі — не адшукалі, тры шукалі — не адшукалі ані воднага залатога арэшка…
Злуюцца адзін на аднаго мужыкі — няма залатых арэхаў. Кінуць хочуць, ды ня ў сіле. Бачаць адзін пайшоў на балота — ідуць тады ўсе. Што калі знойдуць… А знайсьці золата, ой, як хочацца, ды ў пана выкупіць сябе з сямейкай…
А іншы раз пойдзе хто шукаць залатых арэхаў на балоце, так і ня вернецца дамоў — праглынула, тады кажуць, яго балота… Вечны пакой… Так не аднаго мужыка засасала балота, золата шукаючы.
Расьце слава пра Блазна. Ад вёсак да вёсак ходзяць шэпты-перашэпты, што Блазан самы разумны чалавек на сьвеце.
— Што-б то было? — дзівяцца мужыкі.
— Быць ня можа, каб Блазан няпраўду казаў… Ёсьць у нашым балоце залатыя арэхі, адно толькі не адшукаць…
А пасьля здагадаліся:
— Блазан-жа казаў, што толькі тады мы адшукаем у балоце золата, калі ўсе чыста шукаць будзем. Мы, вось, самі ўсе на балота ходзім, а пан наш і нагой ступіць пабаіцца, у двары спачывае, а таму і адшукаць золата ня можам…
А сказаць пану баяцца, што, калі знойдуць?..
І парашылі мужыкі забіць пана.
Але як ты пана заб‘еш, калі ў пана з паняй замкі цугальтовыя, завалы сталёвыя зубамі не перакусіш… Не падступіцца да пана.
Так пана й не забілі. І арэхаў залатых у балоце не адшукалі. Адно толькі казку гэтую пра Блазна склалі, ды з роду у род, для ўцехі дзіцячай, Блазна ўспаміналі…
Дый і я, як быў хлапчуком, на балота лётаў — золата шукаць, добра памятаючы дзедаву казку пра залатыя арэхі, пра Блазна. Ды так усе чыста з мужыкоў нашых арэхаўскіх золата ў балоце дзецьмі шукалі…
Ад таго, кажуць, і вёска нашая Арэхамі завецца.
У вёсцы Арэхі будуем вялікую-вялікую Асінаўскую Электрычную станцыю імя таварыша Сталіна. Гэтая станцыя будзе працаваць на торфе, здабытым з навакольнага арэхаўскага балота.
Ці не адшуканы цяпер блазнавы залатыя арэхі?
Ці не адгадана загадка, што ў балоце ёсьць золата?
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.
Падрабязней гл. у дакументацыі.