Западно-руссизм/РАЗЬДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ

РАЗЬДЗЕЛ ВОСЬМЫ Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі
Аўтар: Аляксандар Цьвікевіч
1929
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нявыразнае становішча «западно-руссов», апісанае ў папярэднім разьдзеле, працягвалася і ў першыя гады XX ст. Русіфікацыя Беларусі адбывалася далей ўсё тым-жа ўзмоцненым тэмпам і ўсё мацней і глыбей ахапляла ўсе бакі беларускага жыцьця. Аднак роля «западноруссов» як аднаго з элемэнтаў гэтае русіфікацыі была па-старому марнай. Яны ня былі прыняты расійскай політыкай прад рэволюцыяй 1905 г. у якасьці станоўчай сілы краю і стаялі па-старому на заднім пляне мясцовай політыкі. Як і раней, тон жыцьцю задавала, з аднаго боку, расійская адміністрацыя, а з другога боку — мясцовы польскі капітал. Апошні да канца вытрымаў націск цэнтральна-расійскага капіталу і ня здаў сваіх позыцый: у Вільні, Менску, Горадні ды іншых гарадох на Беларусі гаспадарчая дзейнасьць была ў значнай меры ў руках Палякоў. Яшчэ больш панаваў польскі капітал у беларускай провінцыі, дзе памешчык, хоць і далёкі ад «дзяржаўнай расійскай нацыі», быў поўным гаспадаром. Ясна было, што расійскі царызм пры ўсёй сваёй варожасьці да Польшчы ня пойдзе на саюз з дробнабуржуазнай «западно-русской» партыяй для перамогі над польскім магнатам. Польскі памешчык на Беларусі ў гэтую новую эпоху быў усё яшчэ бліжэй памешчыку расійскаму і расійскаму двараніну, чым «западнорусский» босаногі патрыот.

Хутчэй наглядалася адваротная зьява. Паціху і з вялікай асцярожнасцю, але Расія ішла на ўступкі польскаму капіталу. «Особые совещания о нуждах сельскохозяйственной промышленности», якія адбываліся ў 1902 годзе па ініцыятыве Вітэ, і куртатае «адміністрацыйнае» земства 1903 г. для Менскай, Віцебскай і Магілёўскай губэрняў можна лічыць праявай падобных уступак[1].

Кардынальную зьмену сытуацыі прынесла рэволюцыя 1905 г. і падзеі, якія за ёй разгарнуліся. За поўвека існаваньня «западно-руссизма» на Беларусі толькі ў гэты момант прад ім зарысавалася магчымасьць паважнага разьвіцьця, і ён адчуў цьвёрды грунт пад нагамі.

Як ведама, разьвіцьцё капіталізму ў гэты час прынесла з сабой два буйнейшых фактары ў соцыяльным становішчы старой імпэрыі: па-першае, вялізны рост пролетарскіх кадраў у гарадзкой прамысловасьці і, па-другое, разлажэньне сялянства на вёсцы. Рост рабочых мас на Беларусі, хоць параўнаўча і не такі значны, як у цэнтральнай Расіі і Польшчы, паставіў іх нароўні з іншымі клясамі, а ў пэрыод рэволюцыйнай буры — і на чале краёвай політыкі. Рабочая кляса робіцца цяпер вялізнай сілай і прымушае ўладу шукаць спосабаў і саюзьнікаў для яе памяншэньня.

Значна зьмянілася і становішча сялянства. Капіталізацыя сельскае гаспадаркі на Беларусі ў 90-900-х гадох, аб чым мы спамянулі вышэй, закранула ня толькі гаспадарку памешчыцкую, але і сялянскую. Чым далей, тым больш капітал прасочваўся на беларускую вёску і прарабляў процэс яе соцыяльнага разлажэньня. Пачала ўтварацца экономічна моцная верхавінка сяла і адстойвацца яе бядняцкая, незаможная частка. «Разлажэньне сялянства,— кажа Ленін,— разьвіваючы коштам сярэдняга сялянства яго крайнія групы, стварае два новыя тыпы сельскага насельніцтва. Першы новы тын — вясковая буржуазія, або заможнае сялянства. Гэта самастойныя гаспадары, кляса фэрмэраў, або дробных аграрыяў, якая колькасна складае вельмі нязначны процант сялянства, але па сваім экономічным значэньні — пан сучаснае вёскі. Другі тып — вясковы пролетары, незаможнае сялянства, у тым ліку зусім безьзямельнае»[2].

Хоць на Беларусі процэс разлажэньня сялянства на дзьве паказаныя групы і ня быў так рэльефны, як, прыкладам, у цэнтральнапрамысловым раёне Расіі або ў чарназёмных губэрнях, аднак наглядаецца ён даволі выразна. Прасачыць гэта можна па даных пакупкі сялянствам зямлі. Як ведама, надзельныя вучасткі, якія беларуская вёска атрымала пасьля ліквідацыі прыгону, вельмі хутка аказаліся такімі малымі, што не маглі здаволіць патрэб нават малой сялянскай сям’і. Пры канцы стагодзьдзя і пры пачатку новага веку гэтае становішча яшчэ больш пагаршаецца, і сялянства пачынае стыхійна цягнуцца за зямлёю. Крызіс шляхоцкае памешчыцкае гаспадаркі 70-80-х год, калі цана на зямлю стаяла нізкая, ня даў, аднак, магчымасьці сялянству набываць колькі трэба зямлі — яно ня мела на гэта капіталу. У 90-х і асабліва ў 900-х гадох становішча рэзка зьмяняецца: сялянства ўсё больш зьяўляецца на рынку пакупцам памешчыцкай і казённай зямлі; процант яго ўдзелу ў гэтай опэрацыі няўхільна расьце (у адносінах да агульнае сумы ўсіх пакупак[3] (гл. стар. 298).

Асабліва значна павялічыліся сялянскія пакупкі зямлі з канца 90-х гадоў пры ўдзеле Крестьянского поземельнoгo банка: па пяцёх беларускіх губэрнях, у 1886-1893 г.г.— 204,4 тыс. дзес., у 1896-1900 г.г.— 383,7 тыс. дзес. і у 1901-1905 г.г.— 397,5 тыс. дзес. Агулам вылічана, што забясьпечанасьць сялянства зямлёй пасьля пакупак вырасла да гэтага часу прыблізна ў 2-2½ разы[4].

Гады Процанты

1898 14,9

1899 16.3

1902 18,2

1903 30,6

1904 25,2

Хто пераважна купляў гэтую зямлю? Па даных статыстыкі, больш заможнае сялянства. «У пакупках,— кажа Доўнар-Запольскі,— прымаў удзел галоўным чынам селянін, які меў ужо некаторую зямельную забясьпечанасьць і які абяртаўся пасьля пакупкі ў селяніна вышэйшага за звычайнага серадняка». У гэтым пераконваюць параўнаўчыя даныя аб пакупнікох па велічыні іхнай зямельнай плошчы, забясьпечанасьці коньмі і рабочым быдлам. Больш за ўсё купляў зямлю той селянін, які забясьпечаны жывёлай для яе апрацоўкі. Значна акругляў свой прыбытак заможны селянін і пры дапамозе арэнды[5].

Аб тым, што ў разгляданы пэрыод на Беларусі падрос значны лік заможнага сялянства, знаходзім даныя і ў іншых аўтараў. «Паводле статыстыкі зямляўласнасьці ў 1905 годзе,— кажа Карпов,— мы бачым, што ў паўночна-заходнім раёне Эўропэйскай Расіі (Віленская, Горадзенская, Віцебская, Магілёўская, Ковенская і Менская губ.) больш заможнае сялянства перараджалася ў вясковую буржуазію. Так, сялян з надзелам вышэй сярэдняга (больш чым 10 дзес. на двор) было па Віленскай губ.— 65,4 проц. агульнага ліку, па Горадзенскай — 85 проц. агульнага ліку, Віцебскай — 50 проц. агульнага ліку, Магілёўскай— 20,9 проц. агульнага ліку і Менскай — 25,8 проц. Агульнага ліку. Так тут, у раёне капіталістычнае сельскае гаспадаркі, вырастала сялянская буржуазія»[6].

Пры агульным аграрным характары Беларусі, дзе сельская гаспадарка і цяпер яшчэ мела першараднае значэньне і дзе ўзмацнілася буйная памешчыцкая лятыфундыя, узрост ліку заможнага сялянства меў выдатнае політычнае значэньне. «Дробненькія памешчыкі», якія вырасталі дзякуючы разлажэньню беларускае вёскі і ўтварэньню кадраў заможнага сялянства, былі па сутнасьці адзіным надзённым элемэнтам у краі з пункту погляду расійскага ўраду. Але процэс разлажэньня сялянства меў адваротны бок; побач з выдзяленьнем кулакоў шпарка ўзрастаў лік пролетарызаванага сялянства, у сувязі з чым павялічваўся рост рэволюцыйных настрояў у краіне. Калі клясе польскае зямельнае шляхты можна было часам даверыць барацьбу з апошняй зьявай, дык ніяк нельга было даверыць ёй наогул лёсы краю. Гэта была старая і безнадзейная альтэрнатыва. Цяпер на Беларусі вырастаў стан, які быў і нацыянальна і політычна блізкі да Расіі. Веравызнаньне яго было праваслаўнае, і ў гэтым адным ён мог карыстацца давер’ем ураду; затым ён ня быў польскім, значыць, не варожым нацыянальна расійскім дзяржаўным імкненьням; урэшце, што самае галоўнае, ён быў сутна-буржуазным і, значыцца, не станавіў ніякае небясьпекі ў сэнсе рэволюцыйнасьці. Наадварот, яго соцыяльнае становішча на заходняй «окраине» Расіі прымушала яго да барацьбы адначасова і супроць рэволюцыйных выступленьняў работніцкае клясы і бяднейшага сялянства, і супроць антыдзяржаўнага настрою польскага элемэнту. Са ўсіх бакоў гэты «пан вёскі» ў сялянскай вопратцы, сялянскі аграры-фэрмэр падыходзіў да мэт і заданьняў расійскае політыкі на Беларусі.

Прышоўшы да ўлады ў 1906 годзе, Сталыпін, якому расійскае дваранства даверыла справу ўдушэньня рэволюцыі, адразу зразумеў значэньне для гэтае мэты сялянскага кулака. Яшчэ будучы саратаўскім губэрнатарам, ён пісаў міністру ўнутраных спраў, што «асноўнае вырашэньне пытаньня (спыненьне рэволюцыйнага руху) заключаецца ў стварэньні клясы дробных уласьнікаў, гэтае асноўнае ячэйкі дзяржавы, якія зьяўляюцца па прыродзе сваёй органічнымі праціўнікамі ўсякіх руйнуючых тэорый»[7]. Прынцып стварэньня гэтае «дробнае ўласнасьці» сярод сялянства ён і пачаў праводзіць у сваёй зямельнай політыцы. Асабліва выразна і цьвёрда пачала праводзіцца Сталыпінская рэформа сялянскае зямляўласнасьці на Беларусі, дзе хутары прышчапляліся ўжо раней і дзе значны лік кулацкіх сялянскіх гаспадарак расчысьціў шлях новай рэформе.

Сталыпін, які быў у свой час горадзенскім губэрнатарам і які некалькі год вучыўся ў Віленскай гімназіі, добра разьбіраўся ў нацыянальных адносінах на Беларусі і ў сваім рашэньні палажыць канец польскім уплывам тут цьвёрда абапёрся на беларускае вясковае кулацтва. Можа быць, нідзе ў Расіі гэтая стащка ня была так выразна, як тут, дзе яна дасягала сваёй мэты адразу па трох лініях: соцыяльнай — у барацьбе з рэволюцыяй, нацыяналістычнай — у змаганьні з Польшчай і рэлігійнай — у зьнішчэньні каталіцтва.

Зусім зразумела, што на чале новае клясы — сялянскае кулацкае буржуазіі — сталі «западно-руссы». Іхнае становішча ў краі, дзе яны мусілі заняць месца польскага капіталу, іхная ідэолёгія сувязі з «адзінай вялікай Расіяй», якая цяпер ня толькі магла, але і хацела, каб гэтая перастаноўка адбылася, іх «православность» і політычная рэтрограднасьць, якая выяўлялася час-часам у крайніх монархічных маніфэстацыях,— усё гэта рабіла з «западно-руссов» сапраўдных правадыроў новае плыні ў мясцовым жыцьці. Нарэшце, яны дачакаліся таго, аб чым так доўга і ўпарта клапаціліся: расійскі вяльможны Пецярбург, які стаяў да гэтае пары да іх задам, павярнуўся перадам. «Западноруссы» — не адзінкі і не выключэньні, але як організаваная сіла і партыя Заходняга краю былі прыняты і аблашчаны ўладай расійскага імпэратара. Іх пачалі выслухваць, іхныя парады і пажаданьні ў адносінах да пытаньняў мясцовае політыкі на Беларусі пачалі выконвацца. Чым далей, тым больш яны рабіліся надзеяй і апорай улады.

Першай праявай організаванага выступленьня «западно-руссизма» на політычную арэну трэба лічыць заснаваньне ў Вільні пры канцы 1905 г. так званага «Общества Крестьянин» і выхад у сьвет з пачаткам 1906 году часопісу пад тэй-жа назвай. Гэта было ў эпоху, калі рэволюцыйны віхор бурліў над усёй аграмаднай імпэрыяй і на Беларусі, захопленай рэволюцыйнымі надзеямі, усё жыцьцё было ўскаламучана да самых асноў. Гурток віленскіх «западно-руссов» адчуваў сябе тады далёка ня ўпэўнена. Цэнтральная расійская ўлада як-бы не існавала, па ўсёй краіне перакатваліся хвалямі забастоўкі, рабочы люд вышаў на вуліцу і чырвоным сьцягам клікаў масы на барыкады. Глуха хвалявалася сялянскае мора, і вогнішчы панскіх маёнткаў, што гарэлі па начох, прадракалі хуткую іх пагібель.

Карыстаючы рэволюцыйную свабоду, шырокім колам пайшоў беларускі нацыянальны рух, знаходзячы свой організацыйны выхад у заснаваньні ў Вільні крайня-левай «Нашай Долі». Заявілі аб сваім існаваньні і другія нацыянальнасьці Беларусі — палякі, яўрэі, літоўцы, выходзячы з падпольля на вольны сьвет.

Падалі свой голас і «западно-руссы». Праўда, гэты голас быў вельмі слабы і мала прыкметны сярод тагачасных бурных падзей, але ён быў характарным. У № 1 «Крестьянина» рэдакцыя расказвала, што за людзі яго заснавальнікі і чаго яны хочуць. «Нашае таварыства,— казала рэдакцыя (разумела, парасійску),— гэта выхадцы з сялянства, якія не парвалі свае сувязі з вёскай і добра ведаюць сялянскія патрэбы. Яны ўсім сэрцам хочуць дапамагчы сваім аднавяскоўцам. Гэткіх выхадцаў, што хлужаць чыноўнікамі і займаюцца разумовай працай, ёсьць у Вільні нямала — вось яны, сабраўшыся, пагутарылі і наважылі зрабіць што-небудзь для нашых сялян, «для нашей серенькой деревушки». Провінцыяльныя політыкі залажылі сэнтымэнтальны часопісік: зялёная вокладка з мэлюнкам завеянай сьнегам беларускай хаты, характэрная назва, для аздобы — кавалак някрасаўскага вершу аб «свабодзе». Зразумела, справа тут была не ў «свабодзе» і не ў жаданьні прынесьці карысьць «нашей серенькой деревне». Справа была ў тым, што, пахінуўшыся над ударамі рэволюцыі, царскі рэжым адкрыў магчымасьць недваранскім пластом падыйсьці да ўлады і ў форме выбараў у Думу, або ўдзелам у мясцовым самаўрадзе павялічыць сваё значэньне ў экономічным і політычным жыцьці краіны. Аб гэтым, г. зн. аб набліжаючыхся выбарах у Дзяржаўную Думу і аб патрэбе аб'яднацца, «Крестьянин» піша ў першым-жа нумары. На чале таварыства і часопісу сталі вядомыя ў Вільні «западно-русские» зава- дыяшы — -Вруцэвіч, Каранкевіч і Пшчолка. Чыноўнікаў і наогул спачуваючых ім «западно-руссов» хутка набралася звыш сотні. Аднак політычная фізыономія «Крестьянина» высьветлілася не адразу, ці лепш сказаць, не адразу яго кіраўнікі знайшлі патрэбныя формулы для акрэсьленьня сваёй політычнай пляцформы. Апрача агульнага зьместу часопісу, гэта відаць з таго, што, пачаўшы аглядаць тагачасныя расійскія партыі, «Крестьянин», «стоячы, як сам казаў, на грунце чыста культурным і экономічным», не вызнае сваёй прыналежнасьці ні да аднэй з іх.

Аднак, правы монархічны кірунак яго ня ўтойваецца: рэдакцыя супроць соцыялістых і чакае залагоджаньня сялянскіх інтарэсаў ад «цара-бацюшкі». У гэтым сэнсе яна супроць ураду, які не дае сялянам зямлі і соцыяльнае роўнасьці з іншымі клясамі дзяржавы, яна крытыкуе гэты дваранскі ўрад, але ніколі «вышэйшую ўладу гасудара». «Можам вас запэўніць,— дакляравала рэдакцыя,—-што сяляне вымагаюць толькі зямлі, а ня волі». Прынцып, як бачым, выразна кулацкі.

Абарона інтарэсаў сялянскае верхавінкі, вясковага кулака, пачалася на старонках «Крестьянина» вельмі хутка. Ужо ў № 24 за 1906 г. знаходзім артыкул аб зямлі іменна ў гэтым кірунку. «Для нашага краю,— піша рэдакцыя,— галоўнае пытаньне — гэта пытаньне зямлі. Зямля ўсё яшчэ застаецца ў значнай ступені ў руках асоб, якія мала цікавяцца ёю, рэдка нават наведваюць свае маёнткі ў дзесяткі тысяч дзесяцін. Чаму-б, здавалася, ня ўсталіць якой-небудзь нормы на памешчыцкія землі? Хто сам гаспадарыць — зрабі ласку, а то сам сядзіць у пасольстве, а тут цэльны штат упраўляючых выціскае з сялян апошнія сокі; каму, відаць, зямля не патрэбна, той пакінь сабе дзесяцін 300400, а рэшту прадай. Гэта было-б зусім справядліва»...[8] Зразумела, уласнасьць — рэч сьвятая, яна непарушна, але па пераконаньні «западно-руссов» з «Крестьянина» яна мае свае межы. Калі справа ідзе аб задаволеньні інтарэсаў, маючых дзяржаўнае і агульна-народнае значэньне, дык можна прымусам адабраць зямлю. «Ідэя прымусовага продажу,— кажа «Крестьянин»,— не анархічная, самыя консэрватыўныя ўрады ўжывалі яе пры патрэбе», а для Беларусі гэткая патрэба ёсьць: беларускі селянін мусіць выйсьці з таго цяжкога экономічнага становішча, у якім ён знаходзіцца, і выйсьці шляхам драбленьня буйнай памешчыцкай уласнасьці[9]. І даводзіць гэтую патрэбу лічбамі ген.-губарнатарскае статыстыкі, якая была падрыхтавана да нарады па пытаньнях зямляўпарадкаваньня 29-31 жніўня 1906 г. Згодна гэтых даных, выходзіла, што ў 1906 годзе лік ападаткаванай надзельнасялянскае зямлі па губэрнях Віленскай, Горадзенскай і Ковенскай складаў амаль 4 з пал. мільёны дзесяцін, г. зн. у 2 разы менш таго, што было ў сялян у 1860 годзе; значыцца, падрахоўвае «Крестьянин», каб давесьці памер сялянскае гаспадаркі на Беларусі да памераў 1860 году, трэба прыбавіць да цяперашняй сялянскай зямлі столькі-ж, г. зн. 4 ½ мільёны. Адкуль узяць гэты вялізны абшар? Адказ ясны — з ліку памешчыцкіх лятыфундый, і «Крестьянин» даводзіць, што з пункту погляду інтарэсаў краю лепш перасяліць часам аднаго памешчыка на роўназначныя маёнткі ў другія, больш вольныя месцы, чым перасяляць тысячы сялян.

Нельга сказаць, каб тон аргумэнтацыі «Крестьянина» быў пры гэтым упэўнены. Ён сам абгаворваецца, што «ў тутэйшым краі пераважная польская зямляўласнасьць надзвычайна трывалая як з экономічнага, так і палітычнага боку» і што лёгка яе пад сялянскую парцэляцыю ня возьмеш. Гэта і праўда была — польскі памешчык на Беларусі ў момант рэволюцыі 1905 году і першы пэрыод яе, да аграрнае разрухі, ня толькі ня страціў свайго значэньня, але ўсьвядоміў усю сваю моц. У гэты момант з выключнай рэльефнасьцю зазначыўся той гістарычны факт, што ўсёмагутная Расійская імпэрыя на беларускай тэрыторыі экономічна была нулём. Расійскі памешчык на Беларусі, ня гледзячы на ўсе клопаты і прышчэпліваньня, трымаўся штучна дзякуючы выключна падтрымцы расійскай адміністрацыі і выключным прывілеям з боку ўлады. Даволі было, каб улада гэтая пахіснулася, як пахіснулася і расійскае зямляўладзтва. Вельмі паказальна, што ў момант рэволюцыі 1905 году, г. зн. у момант расьцярушанасьці расійскае імпэрскае ўлады, нялічны расійскі памешчык заходніх губэрняў адразу выкінуў сваю зямельную ўласнасьць на рынак. Віленскае аддзяленьне Сялянскага зямельнага банку прыняло ў гэты момант дзеля продажу большасьць маёнткаў расійскіх памешчыкаў[10]. Відаць, яны добра разумелі, што яны на Беларусі прыходны, што ўсё ім тут чужое і варожае і што, калі няма за іхнай сьпіной усясільнага губэрнатара, ім за лепшае як найхутчэй убрацца дахаты, у цэнтр Расіі.

Польскі памешчык, наадварот, у момант агульнага політычнага спалоху ў імпэрыі і фактычнай страты ўлады адразу адчуў, што сапраўдным гаспадаром у краі, тым, у чыіх руках ёсьць сіла капіталу і экономічных уплываў, зьяўляецца ніхто другі, як ён. І мы бачым, як, сапраўды, мясцовы польскі элемэнт, апіраючыся на сваё першараднае экономічнае значэньне на Беларусі і Літве, адразу падымае галаву і ўпэўнена ідзе, каб заняць першае месца ў політычным жыцьці краю. Найлепшым выразам гэтае мэтаморфозы былі выбары ў І-ю Дзяржаўную Думу: ад усіх пяці беларускіх губэрань прайшлі дэпутатамі амаль адны палякі (выбарнымі членамі ў Гос. Совет зьявіліся выключна палякі — буйныя памешчыкі). Аб гэтым «горкім факце» жаліўся пазьней Сапуноў, расказваючы, што пад час выбараў «все преимущества» аказаліся на баку польскага блёку і што, калі адзін з «западно-руссов» сьмірэнна і скромна прасіў прапусьціць у Думу хоць аднаго іхнага кандыдата, прадстаўнік польскае стараны адказаў: «Не, мы павінны паказаць, што цяпер — мы паны становішча»[11].

Становішча заможнага селяніна, на якога абапіраўся «западноруссизм» і інтарэсы якога ён быў закліканы бараніць, было ў гэтых варунках нялёгкім. Яму прыходзілася з боем прабіваць сабе дарогу: «Палякі,— пісаў другі абаронца кулака,— так укараніліся ў беларускі грунт, польскія паны так захапілі ў свае рукі буйную зямляўласнасьць і так заціскаюць у сваіх экономічных цісках расійскага дробнапамеснага ўласьніка Беларусі, што апошняму трэ’ было-б даць самую магчымую шырыню, павялічыць яго экономічную і політычную самастойнасьць, а ня сьціскаць абмежаваньнямі»[12].

Зразумела, што аб бядняцкай частцы беларускага сялянства «западно-руссы» думалі менш за ўсё. Па сутнасьці, яны нават і не маглі браць яго пад сваю абарону, калі на воку ў іх былі «дробнапамесныя» уласьнікі, г. зн. тое, што самі яны з сябе станавілі. Тое, што было добра для кулака, зусім не падыходзіла для беднаты — яе нельга было пацяшаць абяцанкамі, што ня трэба бунтаваць за зямлю, што трэба пакласьці надзеі на цара і міністраў, якія ўсё ведаюць і ўсё зробяць. Бедната вымагала чыннасьці, вымагала ўзяць зямлю ўласнымі рукамі, не спадзяючыся на якую-колечы апеку згары; да задаваленьня сваіх інтарэсаў яна ішла шляхам бунту і аграрнае рэволюцыі. Паны з «Крестьянина» знаходзілі для іх толькі словы «сардэчнага ўразуменьня». «Господа члены и братіе во Христе,— пісаў у рэдакцыю «Крестьянина» нейкі бядак, хацеўшы знайсьці сабе якую параду ў бязвыхадным становішчы,— прашу вас зьвярнуць увагу на нашае горкае-прагоркае сялянскае жыцьцё. Як-жа ж не абраза: калі ехалі на вайну (японскую), дык казалі — усіх задаволім; а калі прыехалі з вайны, дык у дзесяць разоў горш. Калі былі на Далёкім Усходзе, тады нам зачытвалі маніфэсты, а выходзіць, мы ніякімі маніфэстамі не карыстаемся... Дзякаваць богу, прышоў я на бацькаўшчыну, а на бацькаўшчыне галадоўка-матулька, добра яшчэ, што ў маці-старушкі карову было прадаць, а то хоць-бы рэпку сей. Ніякае дапамогі не далі, а я ўжо да працы ня здатны — маю задушша».

«Крестьянин» адказаў: «Так, вельмі цяжкая і горкая наша доля мужыцкая, але, слава богу і нашаму добраму цару, усходзіць сонца і для нас»[13].

Рэволюцыйны тэрор і аграрныя непарадкі, якія пачалі бушаваць у цэнтры імпэрыі і на «окраинах» у 1906 годзе, зьмянілі сытуацыю. Польская зямляўласнасьць атрымала сур’ёзны ўдар, і памешчык страціў свой спакой. Рэакцыя 1906-07 г., задушыўшы рэволюцыю ў крыві вісельных распраў і катаржных прысудаў, з асаблівай уважлівасьцю паставілася да тых, хто захаваў вернасьць цару і прастолу, хто не хацеў развалу і гібелі вялікае імпэрыі. На Беларусі гэтымі людзьмі былі «западно-руссы», якія здаўна вялі змаганьне за «адзінасьць і вялікасьць Расіі».

У гэты момант, у 1907 годзе, у Вільні, апрача т-ва «Крестьянин» заснавалася больш рафінаваная і солідная групоўка — так званы «Окраинный Союз». Таксама як і «Крестьянин», ён ставіў сваёй мэтай узмацненьне расійскай культуры, дзяржаўнасьці і самабытнасьці на заходняй «окраіне России»; на чале яго мы бачым тых самых Вруцэвічаў, Кавалюкоў, Бывалькевічаў ды інш., але розьніца з папярэднім годам была ў тым, што, па-першае, партыя іх атрымала апрабаваных і выдатных прадстаўнікоў у Пецярбурзе і, па-другое, польскі элемэнт дзякуючы зьмене сытуацыі ня мог ужо ставіцца да іх гэтак высокамерна, як раней. «Западно-руссизм» пачынае ўваходзіць у сыстэму ваяўнічага расійскага нацыяналізму як адна з яго складовых частак, ён абяртаецца ў адзін з аванпостаў наступленьня Расіі на захад.

Сталыпін добра разумеў значэньне «западно-русского» кулацкага элемэнту ў заходніх губэрнях. Ён разумеў, што ў барацьбе за «новую Расію» супроць польскіх намаганьняў гэта адзіны сапраўдны саюзьнік расійскае ўлады. Аб гэтым ён гаварыў ня толькі на закрытых міністэрскіх нарадах, але і на паседжаньнях Дзяржаўнае Думы. Выражэньнем яго політыкі на Беларусі быў проект земства, выпрацаваны пры канцы 1906 году. На паседжаньні «Совета по делам местного хозяйства» пры разглядзе пытаньня аб увядзеньні новага земскага палажэньня ў 9 заходніх губэрнях Сталыпін казаў: «Земскі самаўрад — справа не політычная, а гаспадарчая. Але безварункова, што перавага якой-небудзь народнасьці ў гаспадарчым жыцьці краю ня можа не надаць акрэсьленай нацыянальнай афарбоўкі ўсёй мясцовасьці, бо гаспадарчыя інтарэсы глыбей прасочваюцца ў народную тоўшчу, чым нават інтарэсы політычныя. Стагодняе агромністае намаганьне дзяржавы ў бок забясьпечаньня ў Заходнім краі расійскае дзяржаўнасьці ня можа быць зьведзена на нішто. Таму міністэрства паставіла сваёй мэтай застрахаваць будучыя земскія ўстановы ад наяўнай небясьпекі абярнуцца ў полёнізуючую сілу, што разносіць па краю асновы, варожыя дзяржаве»[14]. Яшчэ больш выразна і цьвёрда акрэсьліў Сталыпін прынцыпы сваёй політыкі на Беларусі ў прамовах у Дзяржаўнай Думе 7 мая 1910 года і 27 красавіка 1911 г., калі азначаны проект уводзіўся ў жыцьцё ў Віцебскай, Магілеўскай і Менскай губэрні. «Мэта паша,— заявіў ён,— паставіць крэст стагодняй племянной політычнай барацьбе, якая тут вядзецца, і абараніць тут уладарным і рашучым словам расійскія дзяржаўныя асновы». Дума павінна была падтрымаць азначаны плян ураду — гэта быў яе гістарычны абавязак. «Упяршыню,— казаў Сталыпін,— у расійскай гісторыі на суд народнага прадстаўніцтва вынесена пытаньне такога глыбокага нацыянальнага значэньня. Да цяперашняга часу народ не дапускаўся да вырашэньня падобных пытаньняў, можа быць, дзеля гэтага ён заставаўся абыякім і пачуцьцё еднасьці ў яго (з Расіяй) паслаблялася. Калі аглядзецца назад і паглядзець на нашае мінулае, дык у змроку нашых нацыянальных хістаньняў ясна разумелі справу толькі Кацярына ІІ і Аляксандр ПІ. Цяпер,— па прызнаньню Сталыпіна,— справа павінна быць вырашана канчаткова: з політычнага пункту погляду на абгаварэньне Дзяржаўнае Думы яшчэ ніколі ня ставіўся законапроект больш сур’ёзны, чым пытаньне аб земстве ў Заходнім краі»... «Заходні край ёсьць і будзе краем рускім назаўсёды, навекі»[15].

Падобны ўрадавы курс адкрываў прад «западно-руссами» шырака дзьверы ў будучыню, бо ва ўмовах тагачаснага жыцьця Беларусі толькі яны і маглі разглядацца як «народ, які прызваны вырашыць пытаньне» аб расійскай культуры ў краі. Так яно і сталася: пасьля разгону 2-й Думы і выданьня закону 3 чэрвеня аб зьмене выбараў у яе прадстаўнікі «западно-руссизма» апынуліся на вяршыні свайго прызначэньня. У той час калі пры першых выбарах яны не маглі правесьці амаль ніводнага дэпутата, цяпер, пры падтрымцы ўлады, яны запоўнілі сабой большасьць дэпутацкіх месц. Ад пяці беларускіх губэрняў прайшлі: ад Горадзенскай — 1 свяшчэньнік і 3 дэпутаты сяляне, беспартыйныя, спачуваючыя правым монархічным партыям; ад Менскай губ.,— на дзевяць месц былі выбраны — 2 сьвяшчэньнікі і 4 правых беларускіх сялян; ад Віцебскай губ. на 9 месц — правых сялян— 2, 1 сьвяшчэньнік і 1 інтэлігент (Сапуноў); па Магілёўскай — 1 селянін і 1 сьвяшчэньнік. Палякі аказаліся бясьсільны — толькі па Віленскай губ. яны атрымалі пяць мандатаў[16].

Азнаямленьне з соцыяльным паходжаньнем і становішчам прайшоўшых «беларускіх сялян, прымыкаючых да монархістых», паказвае, што гэта былі моцныя вясковыя гаспадары, валасныя старшыні, пісары ды інш., г. зн. прадстаўнікі тае клясы, якая тварыла соцыяльную аснову «западно-руссизма» і якая ў Думе аддала свае галасы Сталыпіну.

Той самы малюнак наглядаўся і ў нова-ўведзеным сталыпінскім земстве. Згодна вылічэньняў на «Съезде представителей 9 западных губерний» 4 кастрычніка 1909 году ў Кіеве, па пяцёх беларускіх губэрнях павінна было быць гласных «русского происхождения» 178 чал. і «нерусского», ці, іншымі словамі, палякаў,— 74 чал. Дзеля таго што расійскага памешчыка-двараніна на Беларусі як пэўнае клясы ня было, азначаныя месцы ў земстве павінны былі прызначыць зноў такі «западно-руссам». Закон, паводле якога зямельны цэнз для права выбараў у земствы быў паніжаны ў Заходнім краі да 1/20 часткі нормальнага памеру,— (250 дзес.) — значыць, 121/2 дзес., акурат і меў на мэце тых «дробных памешчыкаў» або вясковую кулацкую буржуазію, якую тварыла на Беларусі «западно-русская» партыя. Апошняя сьвядома бараніла падобны «дэмократычны» прынцып — інтарэсы «господствующего мужика». «Дэмократызацыя земства ў нас не небясьпечна,— пісаў «Крестьянин»,— наадварот, чым драбнейшы будзе цэнз, тым для расійскае справы ў краі будзе лепш. Няма чаго, маўляў, сумнявацца ў практычнасьці і культурнасьці, а разам і ў адданасьці ідэі расійскае дзяржаўнасьці з боку «селяніна-настаўніка» і мешчаніна-чыноўніка»[17].

Новая сытуацыя патрабавала больш паважных організацыйных форм, і мы бачым, як пасьля 1907 году «западно-русские» кадры, як мясцовыя ў краі, так і па-за краем, у Пецярбурзе вырастаюць колькасна і якасна. «Окраинное Общество» ператвараецца ў «Окраинный Союз», а затым ў «Русское Окраинное Общество», якое замест провінцыяльнага «Крестьянина» выдае штотыднёвы часопіс — «Окраины России». У азначанай організацыі побач з рухавымі і актыўнымі організатарамі — Бывалькевічам, Кулакоўскім і Кавалюком — бяруць удзел прадстаўнікі пецярбурскай арыстакратыі, вышэйшага духавенства, чыноўнікі з міністэрстваў, вайсковыя генэралы, правая профэсура, нубліцыстыя і г. д.— зьява, якая ў ранейшую эпоху была немагчымай. «Западно-русские» дэлегацыі ў асобах Кавалюкоў, Вруцэвічаў, Саланевічаў і К-о пачынаюць зьяўляцца ў пецярбурскіх салёнах, у габінэтах міністраў, на прыёмах самога цара. Яны падаюць пэтыцыі, адрасы, хадайніцтвы, у якіх бароняцца інтарэсы расійскае культуры на Беларусі супроць культуры польскай і дробны «западно-русский» зямляўласьнік супроць польскага памешчыка. «Дзеля таго што ў нашым краі,— заяўляла адна з падобных дэлегацый Мікалаю ІІ,— сярод рускага насельніцтва больш за ўсё пашырана дробная зямляўласнасьць, дык побач з пашырэньнем яго правоў зьяўляецца, канечна, патрэбным пашырыць і правы «служилого» прамысловага «сословия», г. зн. мясцовага чынавенства і мяшчанства»[18].

Выступленьне на першую арэну «западно-руссов», таксама як і ўрадавая программа, накіраваная да іх падтрыманьня, сустракала не малую барацьбу з боку польскіх аграрыяў і наогул буйнага капіталу. Ужо проект Сталыніна аб земстве ў сьнежні 1906 году напаткаў вострую опозыцыю ў асобе члена дзяржаўнага савету ад Віленскай губ., буйнага абшарніка Корвін-Мілеўскага, які ў паразуменьні з зямельнымі магнатамі Сьвенціцкім, Незабітоўскім і Скірмунтам у вядомай запісцы, разданай у 20 экз. асабіста ўсім членам савету міністраў, протэставаў супроць гэтага проекту, як «парушаючага прынцып роўнасьці ўсіх станаў насельніцтва прад законам». Інтэрвэнцыя Корвін-Мілеўскага дасягнула свайго: пытаньне аб земстве ў заходніх губэрнях было зьнята з чаргі дня і, ня гледзячы на сілу Сталыпіна, праляжала ў міністэрскіх канцылярыях тры гады[19]. Дробнабуржуазныя імкненьні «западно-руссов» сустракалі таксама процідзейнасьць і ў лягеры буйнага расійскага капіталу. Так, прыкладам, у тым-жа «Государственном Совете» на абарону польскіх памешчыкаў на Беларусі выступалі кн. Оболенскі і дэпутат ад расійскіх гандлёва-прамысловых колаў — Хоненко. Тут выяўлялася сувязь буйнага расійскага капіталу з гэткім-жа буйным капіталам польскім, які ў разгляданую эпоху ўвайшоў у новую фазу разьвіцьця і быў трэставаны ў вялізарнейшых агульна-імпэрскіх картэлях і трэстах («Продамета», «Гвоздь», «Продвагон» ды інш. буйнейшыя прамысловыя трэсты)[20]. Аднак «западноруссы», як кажуць, не сумавалі: чуючы над нагамі цьвёрды грунт і маючы моцнае падтрыманьне ў расійскім нацыяналістычным урадзе, яны прымалі гэтую барацьбу, і нават нікчэмны на выгляд «Крестьянин» адважваўся на вострыя дакоры і зьдзекі над «панамкнязем» і «панам — маскоўскім купцом» за іх непатрыотычныя паводзіны ў «сьвятой» справе абароны «великой матушки России»[21].

Найбольш солідным організацыйным завяршэньнем «западноруссизма» зьявілася заснаванае 29 студзеня 1911 г. ў Пецярбурзе «Западно-Русское Общество»[22] — тое самае «Общество», ідэя якога, як сьведчыць адзін з сучасьнікаў, хадзіла па вышэйшых політычных пецярбурскіх салёнах яшчэ ў 1893 г.[23] Тут выступіў на сцэну ня толькі наш беларускі «западно-руссйзм» — у названым «Обществе» ў супольным паразуменьні сышліся і «южно-руссы»: побач з еп. Эўлёгіем, проф. Філевічам, Кулакоўскім ды іншымі «западно-руссами» з Беларусі мы бачым тут кіеўскіх ідэолёгаў «южно-русского» монархізму — Піхно, Вяргуна, Шульгіна ды інш. Програма і статут «Общества» ставіць яго заданьнем «узмацненьне расійскае культуры і разьвіцьцё духоўных і матэрыяльных сіл расійскае народнасьці ў Заходнім краі, вывучэньне яго сучаснага становішча і мінулага». Ёсьць у програме «Общества» модэрныя ноты, якія перад тым яшчэ ня былі чутны,— яно ставіць сваёй мэтай сачыць за беларусінствам і украінскім мозэпінствам» (§ 1 Статуту). «Общество» адразу-ж налічвала ў сваіх шэрагах вялікі лік удзельнікаў — больш за 300. Да сваёй дзейнасьці яно прыступіла ў самых рознастайных формах: шляхам лекцый, навуковых рэфэратаў, політычных сходаў, а нават дэмонстрацынных падарожаў па Беларусі і Украіне.

Абарона інтарэсаў «западно-русского» кулацтва праводзілася яго ідэолёгамі ў разгляданы пэрыод і па культурнай лініі. У параўнаньні з папярэдняй эпохай, якая цалкам прысьвячалася барацьбе з полёнізмам і лацінствам, розьніца была ў тым, што цяпер «западно-руссизм» павінен быў што час, то больш займацца беларушчынай. Беларуская нацыянальная ідэя, залунаўшая ўпяршыню яшчэ ў 70-80-я гады і тады зьвярнуўшая на сябе ўвагу Каяловіча, спачатку XX веку разьвярнулася ў паважны культурна-грамадзкі рух. Рос ён няпрыкметна, але органічна, набываючы сабе ўсё новыя і шырэйшыя кадры прыхільнікаў. Асабліва шпарка пачаў разьвівацца беларускі рух у 90-я і 900-я гады, калі разам з уздымам памешчыцкага двара на Беларусі і разьвіцьцём мясцовай прамысловасьці, побач з нарастаньнем рабочае клясы, усё ў большым ліку пачала вырастаць гарадзкая інтэлігенцыя мясцовага паходжаньня. Пролетарскія кадры на Беларусі ў тыя часы не маглі даць краю пачынальнікаў і правадыроў беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня. Пераважная большасць іх складалася з рабочых не беларускай, а яўрэйскай нацыянальнасьці; калі-ж гэтыя кадры былі беларускімі па паходжаньні, дык у сувязі з разрывам па нацыянальнай лініі, які быў выкліканы мацнейшай русіфікацыяй беларускага гораду, яны былі дэнацыяналізаваныя. Сваіх адэптаў беларуская нацыянальная ідэя знаходзіла, па-першае, сярод тае сялянскае інтэлігенцыі расійскае асьветы, якая выходзіла з вёскі і, канчаючы настаўніцкія і духоўныя сэмінарыі, не далучалася да «западно-руссов», і, па-другое, з тых інтэлігентных адзінак польскае культуры, якія выходзілі з дробнае засьцянковае шляхты.

Капіталізаваны польскі маёнтак 90-х і 900-х гадоў, пазбыўшыся старых форм гаспадаркі, пачаў пазбывацца і тае дробнае шляхты, якая была яго падсобнай сілай. На працягу вякоў яна служыла ў яго канторах, несла ўсякія службовыя абавязкі, пачынаючы экономам і канчаючы настаўнікам дзяцей, яна-ж акружала лятыфундыі магната ланцугом сваіх дробных фальваркаў. Новыя экономічныя варункі не давалі магчымасьці гэтай шляхце жыць па-старому. Чым далей, тым больш капіталізаваны маёнтак выціскаў яе з двара, пазбаўляў пасад, гнаў яе з зямлі ў горад. Дробна-вытворчая сіла шляхты ўступала прад сельскагаспадарчай машынай; цяпер пры мэханізацыі працы было ў ёй усё менш патрэбы, яе было залішне многа і для сельскагаспадарчай прамысловасьці. Дробны фальварак таксама страціў сваю ранейшую функцыю — быць экономічным і культурным «акружэньнем» буйнага памешчыцкага двара: новы маёнтак энгэльгардтаўскага тыпу гэтай падсобнай сілы не патрабаваў.

Для гэтае дробнае шляхты, для яе маладога пакаленьня быў адзін выхад — ісьці ў горад, шукаць там пасады.

Дзякуючы свайму становішчу яна была опозыцыйна настроена да сучаснага экономічнага ладу, які закрываў перад ёй стары шлях «на зямлю» і ў гарадох звычайна далучалася да левых, соцыялістычных партый. Асабліва выразна зазначала свае політычныя сымпатыі тая моладзь, якая трапляла ў расійскія унівэрсытэты: тут яна знаходзіла гатовыя формы для сваёй політычнай чыннасьці і адсюль прыносіла ў край гатовую програму змаганьня за свае ідэі.

Чым магла быць у тыя часы гэтая програма на Беларусі? Для беларускае інтэлігенцыі, выхаванай у польскай культуры, ня мог быць блізкі «западно-руссизм» нават найбольш лібэральнага тыпу; даволі далёкі быў' ёй і ідэал «старой Польшчы». Рэпрэзэнтацыю апошняй узяў на сябе цяпер зноў польскі памешчык на Беларусі дый прытым у не адказваўшым настрою моладзі, рэакцыйным выглядзе. Можна было ісьці ў шэрагі ўзьніклых у тыя гады краёвых польскіх соцыялістычных партый (ППС, С-ДП Польшчы і Літвы), якія будавалі свае адносіны на Беларусі на фэдэралізьме і прызнаньні яе «літоўскай» асаблівасьці,— у шэрагі гэтых партый беларуская інтэлігенцыя 90-900-х гадоў сапраўды ішла. Але найбольш яе клясаваму становішчу ў краі і яе пачуцьцю адказвала пропаганда беларускай нацыянальнай ідэі.

Вось чаму мы бачым, што той загнет нацыянальнага адраджэньня, які кінуў у 70-80-я гады Багушэвіч, у 90-900-я гады разьдзьмухала ў шырокае полымя руху перш за ўсё беларуская народніцкая інтэлігенцыя польскае культуры. Усе тыя імёны, якія мы ведаем як бліжэйшых насьледнікаў Багушэвіча, былі соцыяльна і культурна блізкі яму. Няслухоўскі, Гурыновіч, Ядвігін Ш., Цётка, Ів. Луцкевіч ды інш. прадстаўнікі «нашаніўскага» пэрыоду — усе яны тварылі левае крыло мясцовай грамадзкасьці і абапіралі пропаганду беларускага нацыянальнага адраджэньня на народніцка-соцыялістычным, сялянскім грунце. Яны былі поэтамі і пісьменьнікамі маладой нацыянальнай Беларусі, яны-ж былі першымі організатарамі «Бел. Соц. Грамады».

Цікава было-б прасачыць, якім шляхам і ў якім выглядзе адбывалася спалучэньне паказанай групы беларускай інтэлігенцыі польскае культуры, што выходзіла з дробна-шляхоцкіх сем’яў і канчала вышэйшую школу, з беларускай-жа інтэлігенцыяй расійскае культуры, што канчала настаўніцкія і духоўныя сэмінарыі на Беларусі. Ёсьць падстава лічыць, што абедзьве гэтыя групы вельмі часта прыходзілі да сваіх нацыянальных пераконаньняў самастойнай дарогай, незалежна адна ад другой.

Важна таксама адказаць, на якую частку сялянства апіралася іх пропаганда: на заможную, кулацкую, ці на бядняцкую? Пакідаючы ў баку адзінкі і потэнцыяльную магчымасьць, а ў пэўных умовах і нямінучасьць адыходу часткі нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі да буржуазных клясаў[24], агулам трэба сказаць, што ідэя культурнанацыянальнага адраджэньня Беларусі ў той пэрыод галоўным чынам асядала ў клясе бяднейшага сялянства. Беларуская нацыянальная ідэолёгія ва ўмовах старога царскага рэжыму сама па сабе была ўжо рэволюцыйнай-дэструкцыйнай зьявай. А гэта значыла, што калі беларускі нацыянальны рух накіроўваўся на вёску, то ён мусіў накіроўвацца і здабываць сабе прыхільнікаў не сярод верных цару кулакоў і заможных сялян, а сярод бядняцка-серадняцкіх яе слаёў. Кулацкія элемэнты вёскі павінны былі быць захоплены і, як мы паказалі вышэй, сапраўды захапляліся «западно-руссами». Разьлічаючы ў сваёй экономічнай барацьбе з палякамі на Расію, абапіраючы на расійскую ўладу сваё імкненьне заняць на Беларусі месца польскага памешчыка, «западно-русс» ня мог клікаць на гэтую ролю беларускую вясковую беднату. Да гэтае ролі мог быць закліканы толькі «вясковы буржуа», экономічна заможны элемэнт. Зьвязаны з Расіяй расійскай уладай экономічна, ён быў зьвязаны з ёю і політычна — нездарма Сталыпін верыў у контррэволюцыйную істоту «дробнага зямляўласьніка». Вязаўся ён з ёю і культурна: на ўсім абшары Беларусі кулак на вёсцы і мешчанін-чыноўнік у горадзе былі найбольш пераконанымі пасьлядоўцамі «вялікай і недзялімай Расіі». Пропаведзь беларускага «сэпаратызму», нават у зьмякчаных аўтономістычных тонах, сустракала з яго боку зацяты адпор.

Наадварот, сярод бядняцкіх элемэнтаў беларускага сялянства, сярод усіх тых «гарапашнікаў», шэрых падзёртых сьвітак, гаспадароў ліпавых лапцей і наогул галоты беларуская нацыянальная ідэя не сустракала адпору: бедната ня хаяла беларускае мовы і ёй ня было чаго траціць ад парушэньня сувязі з чыноўнай, прыказнай Расіяй. Яна хутчэй аддавала свае сымпатыі беларускай соцыялістычнай проклямацыі, чым «западно-русской» цэшцы, і ўжо менш за ўсё давала веры пераконаньням супрацоўнікаў з «Крестьянина» чакаць збавеньня ад свае нэндзы ў царскім маніфэсьце або міністэрскім цыркуляры.

Верны традыцыі Каяловіча, «западно-руссизм» высока ўздымае цяпер сьцяг барацьбы за адзінасьць славянскай Расіі шляхам барацьбы з беларускім сэпаратызмам. Калі дзесяць год перад тым яму ў гэтым кірунку мала было чаго рабіць, дык цяпер работы было аж занадта. Беларускі рух, замыканы раней у паасобных нелегальных гурткох і толькі зрэдку даваўшы весткі аб сабе рукапіснымі вершамі або проціўрадавай брошуркай, вырас цяпер у першарадную грамадзкую зьяву і аформіўся політычна і літаратурна. У бурную рэволюцыйную эпоху 1905-1906 г.г. мы бачылі ў Вільні і Пецярбурзе беларускія організацыі і друкаваныя органы ня меншыя, а часам большыя за «западно-русские». У Вільні побач з «Крестьянином» выходзіць «Наша Доля», а затым «Наша Ніва»; у Пецярбурзе побач з «Окраинами России» організуецца суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца». Зьяўляюцца выдатныя пісьменнікі, творы якіх перакладаюцца на расійскую мову, пытаньне аб прызнаньні самастойнай беларускай літаратуры трапляе на разгляд Расійскай Акадэміі Навук. Разам з нацыянальнымі беларускімі організацыямі ў Вільні засноўваецца «Белорусский Учитель- ский Союз» — хоць і ня чыста нацыянальная ўстанова, але больш блізкая па свайму кірунку да беларускага руху, чым да «западно-русских» гуртаваньняў. Усё шырэй разгортвае на вёсны сваю дзейнасьць «Бел. Соц. Грамада».

Ініцыятыву ў барацьбе з беларушчынай падняў не провінцыяльны віленскі «Крестьянин», а сталічныя «Окраины России». «Крестьянин» і «Северо-западная жизнь», заложаная пазьней у Вільні Саланевічам, займаліся большай часткай толькі перадрукам з «Окраин России». Напад пачаўся па лініі найбольш небясьпечнай для «западноруссизма» — па лініі беларускае мовы.

«Першыя адзнакі кожнага сэпаратызму,— пісаў рэдактар «Окраин России» Кулакоўскі[25],— ёсьць вымаганьне прызнаньня асаблівых правоў у школе і ў літаратуры для мясцовае мовы. Апошнім часам загаварылі аб асаблівай беларускай мове. Выраз — «беларуская мова» пачаў ужывацца нават у некаторых офіцыйных актах па міністэрству народнае асьветы. Але мы сьмеем сьцьвярджаць, што гэтая беларуская «мова» існуе толькі тэорытычна. Даволі толькі заглянуць у капітальную працу нашага аўторытэтнага вучонага Е. Карскага, каб зрабілася ясным, што існуе толькі беларускі дыялект (наречие), а не беларуская мова». Для беларускае мовы няма, па словах Кулакоўскага, ніякае фактычнае падставы, бо сам Карскі даводзіць, што «беларускі дыялект быў прыладай літаратуры, якая мела мэтай абурыць просты народ проці праваслаўнай царквы і расійцаў». Гэта ўсё выдумка палякаў — і тое, што ў Вільні залажылася беларуская газэта «Наша Ніва», і тое, што выдаюцца беларускія лемантары і брошуры. «Газэтка,— піша Кулакоўскі («Наша Ніва»),— выдаецца, зразумела, у самым прогрэсыўным духу: урад, маўляў, і міністры хочуць загубіць беларусаў, папаўненьне арміі навабранцамі — зло, падаткаў плаціць у казну ня трэба і г. д. Зразумела, што сям-там дастаецца ў ёй і паном, але неяк мякка».

Чарговае выступленьне «западно-руссов» з «Окраин России» было выклікана абгаварэньнем у Акадэміі Навук пытаньня аб беларускай літаратуры. Падняў гэтае пытаньне ў спэцыяльнай запісцы Н. Янчук, прапануючы «Отделению Российского Языка и Словестности» выдаць помнікі беларускай народнай творчасьці і спробы беларускай мастацкай літаратуры[26], даволі празрыста кажучы, аўтар гэтага не таіўся, што «ўважлівае вывучэньне народнае мовы можа натуральна прывесьці да пытаньня — ці ня можа гэтая мова зрабіцца мовай літаратурнай». Хоць спроба Н. Янчука ня мела рэальнага посьпеху, бо Акадэмія Навук толькі выказала «ў прынцыпе» згоду на падобнае выданьне, аднак лягер «западно-руссов» быў усёй гэтай акцыяй даволі напалоханы. Гэта мела пад сабою падставу. Толькі-што (1905 г.) Акадэмія Навук «прызнала» існаваньне украінскае мовы і тым да пэўнай меры спыніла яловую спрэчку аб яе самастойнай прыродзе[27]. «Раздваеньне» культурнае спадчыны імпэрскай Расіі, зробленае гэтай пастановай, моцна ўразіла яе натрыотаў; цяпер зарысоўвалася магчымасьць «расстроения» Расіі шляхам прызнаньня самастойнасьці і беларускае мовы.

«Каму патрэбна падобная вучоная праца,— лемантаваў у «Окраинах России» ўсё той-жа рэдактар Кулакоўскі[28].— Яна не патрэбна беларусам. Для чыстай навукі яна таксама не патрэбна. Навука зусім не зацікаўлена ў штучнай падтрымцы мясцовых дыялектаў, зьнікаючых у сілу нямінучых гістарычных законаў. Гвалтоўнае ўзьвядзеньне розных провінцыяльных гутарак на ступень літаратурных моў — ёсьць праца не навуковая, а політычная. Пад вонкавай пакрытніцай навукі тут схована політыка акраіннага сэпаратызму, прыдуманая не беларусамі, а палякамі».

Мы ня будзем спыняць увагу чытача над усімі праявамі «западно-русской» крытыкі беларускага пытаньня. Яны агульна вядомы. Як-бы баючыся, што «глыбокадумныя акадэмікі» чаго добрага дадумаюцца да прызнаньня беларускае мовы, рэдакцыя «Окраин России» пачала даваць на сваіх старонках месца «людзям з месц». Адным з гэткіх «людзей з месц» зьявіўся ў тыя гады нейкі Цярэнці Бажэлка, — настаўнік Габскае царкоўна-прыходзкае школы. «Людзі з месц» — па выслоўі vox populi — vox Dei — павінны былі падмацаваць аргумэнтацыю паноў Кулакоўскіх.

З прычыны яго выступленьня на арэну барацьбы з беларускім рухам рэдакцыя «Окраин России» пісала: «Ахвотна даем месца артыкулам мясцовага народнага настаўніка з Віленскай губ., беларуса па паходжаньні, як жывы водгук з народнае асярэдзіны. Голас з месца сына «белорусской разновидности(!) русского народа» больш важны і больш пераконваючы ў даным выпадку, чым галасы тэорэтыкаў і глыбокадумных акадэмікаў[29].

Разважаньні «белорусской разновидности» ня блішчаць, аднак, орыгінальнасьцю. Ня гледзячы на папярэджаньне рэдакцыі, што ён будзе далёкі ад «тэорытычнасьці», Цярэнці Бажэлка пачынае спасылкай на вялікасьць Ламаносава і Пушкіна для Беларусі, разьліваецца ў пахвалах вялікаму «русскому языку» і кпіць з магчымасьці для беларускае мовы дасягнуць адпаведнае дасканаласьці: «Самае важнае значэньне для нас расійскае мовы,— піша ён,— заключаецца ў тым, што яна служыць для нас, беларусаў, зьвяном адзінства з усім расійскім народам. Чым менш расійская мова будзе мець галін, тым лепш для гэткага адзінства, а значыць, і для сілы расійскага народу». «Кажуць,— разважае Бажэлка,— што калі існуе беларускі народ, дык павінна быць і літаратурная беларуская мова. Гэта было-б справядліва ў тым выпадку, калі-б Беларусь не стварала частку Расіі, а была самастойнай дзяржавай, як, прыкладам, Сэрбія, Баўгарыя і Чорнагорыя; або каб беларусы жылі не ў расійскай дзяржаве, а ў якой-небудзь іншай, чаму прыкладам могуць быць галічане ў Аўстрыі. Тады-б, дзеля захаваньня свае нацыянальнасьці, беларусам трэ' было-б трымацца свае, хоць-бы і спозьненай у сваім разьвіцьці, мовы»[30]. А калі гэтага ўсяго няма, дык і мова не патрэбна — гэта ўсё хітрая польская мэханіка, скіраваная на тое, каб сполёнізаваць беларусаў і ўтрымаць іх на элемэнтарнай ступені культуры. Калі беларуская мова ва ўмовах Расіі будзе разьвівацца, дык, кажа Бажэлка, хутчэй цьма загляне ў іх вакно, чым сонца. «І хітрую-ж назову прыдумала для сябе пецярбурскае полёнізатарскае таварыства»! — канчае «разновидность» пагрозай па адрасу пецярбурскай выдавецкай суполкі. Толькі два аргумэнты ўжывае Цярэнці Бажэлка, гэта кажучы, «ад зямлі», з месц. Але яны занадта няшчырыя: першае, гэта тое, што ён сам, як праслужыўшы 8 год у царкоўна-прыходзкай школе, з «практыкі ведае», што кожнаму беларускаму хлопчыку лягчэй размаўляць і пісаць парасійску; і другі — што беларускае дзіця толькі ў школе дазнаецца, што яно ня «просто русское», якім лічыла сябе раней, а беларускае[31].

Крыху трывожыць «западно-руссов» той факт, што беларускія нацыяналістыя рубам аддзяляюць сябе ня толькі ад Расіі, але і ад Польшчы і праз разьвіцьцё беларускае мовы імкнуцца вывесьці беларусаў-католікаў з-пад панаваньня польскае культуры. Палажэньне «западно-руссов» у даным выпадку было даволі цяжкім: яны не маглі згадзіцца з поглядам, які раней выказваў Каяловіч, нібы рэлігія акрэсьляе нацыянальнасьць і што беларусаў-католікаў трэба прызнаць палякамі. Але як быць з тым фактам, што праз польскую кнігу беларусы-католікі схіляюцца да полёнізму, яны і цяпер ня ведалі, «памылкова думаюць,— мудрыць па гэтым пытаньні «разновидность» Бажэлка,— што, стварыўшы кніжную беларускую мову, мы гэтым паложым мяжу паміж палякамі і беларусамі-католікамі. Усёроўна просты народ імкнецца да літаратурнае мовы — праваслаўны беларус да расійскае, беларус-католік да польскае... Зразумела, нельга прызнаць нормальным, што беларусы-католікі маюць ахвоту вывучаць польскую мову пераважна перад расійскай. Але яны ўведзены ў памылку адносна свае народнасьці (курсіў мой.— А. Ц.) — няхай палякі навучаюцца сваёй мове, а расійцы, у тым ліку і беларусы, якога-б веравызнаньня ня былі, павінны вывучаць расійскую літаратурную мову».

Яшчэ ў большую супярэчнасьць і няяснасьць траплялі «западноруссы» з «Окраин России», а за ім і з «Крестьянина», «Северо-Западной Жизни» і г. д. у пытаньні аб мясцовых асаблівасьцях Беларусі. Што рабіць з беларускім народным звычаем, беларускай песьняй, нацыянальнай вопраткай, вераваньнямі, прывычкамі і г. д., адным словам, з усім тым, што вылучае Беларусь са складу іншых краін Расійскае імпэрыі? «Западно-руссы» літаральна ня ведалі, як быць з гэтым, здавалася, простым пытаньнем. З аднаго боку, нельга было ім, «абаронцам» беларускага селяніна, хаяць беларускі нацыянальны выгляд, ганьбіць яго народны звычай. Па-свойму, ад Каяловіча і да данага часу, яны былі на свой капыл краёвымі людзьмі, называлі сябе часам славянафіламі і, як такія, мусілі вызнаваць ўсё мясцова-самабытнае.

Таварыства «Крестьянин» нават у сваім статуце паказвала на патрэбу ставіцца да мясцовых асаблівасьцяй з пашанай: «узмацненьне ў народзе любові да царквы, бацькаўшчыны (разумеючы пад ёю Расійскую імпэрыю) і свае самабытнасьці», зазначаючы, канечна, пры гэтым, што яно «чуждо всяких сепаратических стремлений» і што яно «не адлучае беларусаў ад вялікарусаў»[32].

З другога боку, падчыркваньне свае «самабытнасьці» было ўжо да пэўнай меры «сэпаратызмам». Гэтую абставіну ўскладняла пытаньне аб беларускай мове, хоць-бы і ў выглядзе дыялекту. Няведама было, што ім рабіць — ці ўмацоўваць, ці нішчыць.

«Абуджаць самасьвядомасьць у забітым беларускім народзе—задача карысная. Уся справа ў мэтах і тэндэнцыі абуджэньня»,— пісалі «Окраины России».

«У складзе расійскіх пляменных адмен знаходзіцца шмат падзяленьняў, якія адрозніваюцца адно ад аднаго і па гутарцы, і па складу розуму, і па сваім быце ды звычаях. Усе гэтыя асаблівасьці становяць для этнографа вялікую цікавасьць і некаторыя з іх, магчыма, зрабіліся ўжо агульна-расійскім здабыткам дзякуючы адзінству нашае культуры. Зусім зразумела любоў да свайго, краёвага, народнага і жаданьне захаваць яго і перадаць патомкам. У старой Русі былі гэтыя вузкія, мясцовыя сымпатыі, якія часам выяўляліся вельмі рэзка. Дзяржаўнасьць на працягу вякоў згладзіла гэтыя рысы, яна аб’яднала ўсе галіны расійскага народу»[33].

Тут, як бачыць чытач, была ня зусім трапная нацяжка: з аднаго боку, рэдакцыя «западно-русского» часопісу згодна з тым, што трэба «абуджаць» самасьвядомасьць беларуса, з другога боку, вітае той факт, што гэтая самасьвядомасьць і самабытнасьць у процэсс агульнай расійскай нівэліроўкі зьнікае.

Накшталт гэтага разважае рэдакцыя «Окраины России» і другі раз: «Пры адзінстве расійскай мовы,— піша яна,— існуе шмат дыялектаў, вельмі цікавых у навуковым сэнсе. Але гэтая рознаадменнасьць не перашкаджае адзінству расійскае мовы — наадварот, шматлікасьць і рознаадменнасьць усіх моўных адмен становіць самы багаты фонд, адкуль адзіная расійская мова можа асьвяжацца яшчэ нямала стагодзьдзяў. (курсіў мой.— Л. Ц.). Адно — існаваньне народных дыялектаў, а зусім іншае — прызнаньне за дыялектам права на названьне сябе мовай... Калі-ж імкненьне ўзьвесьці дыялект у мову злучаецца з думкай аб падзеле народу на два або тры асобных народы, калі спэцыяльная любоў да пэўнага дыялекту варожа ставіцца да адзінства мовы, то яна робіцца небясьпечнай політычнай зьявай»[34].

«Навошта вы «внушаете» беларусу вучыцца «па-нашаму», г. зн. на мясцовай мове гутаркі насельніцтва.— дакараў «Крестьянин» «Нашу Ніву»,— куды ён з гэтай мясцовай мовай пасунецца? Дзе яна яму прыдасца?.. Наш абавязак радавацца, што Беларусь на працягу шматгадовага ўціску захавала свае асноўныя асаблівасьці — «язык і веру»... Мы павінны яе «пообчистить, принарядить» і паставіць побач з яе старшой сястрою Вялікаросіяй, мы надамо ёй сьвежыя сілы і адрадзіцца наш народ прыгожы і дужы на славу вялікага рускага племені»[35]. У дадатак да чаго адзін з «крестьянских» нітаў — «воскресатель Белоруссии» — па адрасу «Нашай Нівы» пісаў:

«Нет, ты зовёешь к разъединенью
Детей одной семьи великой,
К борьбе, к самоопределенью,
А там... и в рабство Польше дикой»[36]

У чым тут была справа: ці ў тым, што беларускай мовы, па пераконаньням «западно-руссов», наогул ня было, ці было не пажадана, каб яна была з меркаваньняў чыста політычнага характару? Што ад чаго залежала — навуковае акрэсьленьне пэўнай культурнай зьявы ці, наадварот, політычныя варункі і сымпатыі акрэсьлялі гэтую культурную зьяву? «Западно-руссизм» паноў з «Окраин России» и «Крестьянина» ня мог дасканала вырашыць гэтае пытаньне. Ясна было адно: справа тут была не ў беларускай мове як гістарычна-культурнай спадчыне ці як проблеме навуковага філёлёгічнага парадку, а ў той політыцы, якая абкружала гэтае пытаньне. Беларуская мова не прызнавалася «западно-руссами» не таму, што яна об’ектыўна не існавала, а таму, што яна была непажадана як фактар, які парушаў адзінства Расіі. Гэтым самым спрэчка аб беларускай мове выносілася па-за межы акадэмічнага абмеркаваньня, дзе яна мела пэўныя шансы на прызнаньне, у галіну чыстай «западно-русской» політыкі. Не Акадэмія Навук, а міністэрства ўнутраных спраў павінна было ім займацца.

Чарговыя спрэчкі выбухлі і абвастрыліся вакол пытаньня аб беларускай мове ў 1912 г., пры проектаваньні скліканьня ў Пецярбурзе «Первого Всеславянского с’езда общественного оздоровления». Зьезд гэты проектаваўся акад. В. Бехтеровым, М. М. Кавалеўскім ды інш. асобамі, прычым у п. XIV наказу гэтага зьезду было сказана, што «даклады і спрэчкі па іх дапускаюцца на ўсіх славянскіх мовах і дыялектах». У «западно-русском» лягеры з гэтае прычыны стварыўся яшчэ большы перапалох, чым пры ўнясеньні ў Акадэмію Навук памянёнай вышэй запіскі Янчука. Тут ішла справа ня толькі аб выданьні твораў на беларускай мове, але аб фактычным яе прызнаньні на вачох усяго навуковага сьвету. Зьезд склікаўся з дазволу ўраду і меўся быць праведзеным пад «покровительством» самой Аляксандры Фёдараўны. Агітацыя «западно-руссов» была цалкам падтрымана «Петербургским Славянским Благотворительным О-вом». Дэлегаты апошняга аўтарытэтна заявілі, што «на зусім навуковых асновах можна ўстанавіць існаваньне толькі 8 самастойных славянскіх народнасьцяй, а дапушчэньне на зьезьдзе дакладаў на беларускім, або «западно-русском», дыялекце зьяўляецца непажаданым з чыста-політычных меркаваньняў (курсіў мой.— А. Ц.). «У тых краінах і дзяржавах,— даводзіла «Славянское Общество»,— дзе ўжо ўсімі ўсьвядомлена ідэя нацыянальнага адзінства політычнага і моўнага, напрыклад у Францыі, Нямеччыне, Італіі, дапушчэньне дакладаў на дыялектах не заключае ў сабе нічога небясьпечнага. Але там, дзе адбываецца штучнае драбленьне гэтае ідэі, дзе штучна ствараецца няіснуючая літаратурная беларуская мова,— дапушчэньне яе на зьезьдзе прывяло-б да непажаданых вынікаў. Лёгічным вынікам таго, што гэты дыялект будзе дапушчаны на зьезд, зьявіцца парушэньне адзінства расійскага народу і расійскае мовы»[37].

Тут, як бачым, зусім выразна сказана, што хоць-бы беларуская мова, як гэткая, і была, аднак «з чыста політычных меркаваньняў» яе дапускаць нароўні з іншымі нельга. Па тых-жа «чыстых меркаваньнях» выходзіла, што можна дапускаць і прызнаваць хоць-бы і ня мову, а дыялект, калі гэта вымагаецца інтарэсамі расійскае політыкі (прыкл., у Нямеччыне, Аўстрыі і г. д.). Гэтае палажэньне «западноруссизма» вельмі важнае і яго заўсёды трэба мець на ўвазе: адзінства моваў у Расіі было сынонімам і галоўнай прадпасылкай адзінства царскае імпэрыі.

Апрача апісаных вышэй «западно-русских» груп «Крестьянина», «Окраинного Союза», «Национального Союза» і г. д.— груп чыста політычных, меўшых акрэсьленую клясавую і політычную пляцформу, у «западно-русских» шэрагах мы сустракаем немалы лік людзей, для якіх першую і галоўную ролю гралі не політычныя, а культурныя меркаваньні. Сапуноў, Стукаліч, Раманаў, Нікіфароўскі і рэшта іншых дасьледчыкаў беларускай гісторыі, архэолёгіі і этнографіі хоць і аддавалі шмат свае энэргіі барацьбе з полёнізмам і хоць даводзілі патрэбу яднаньня Беларусі з Расіяй, аднак сутнасьць іхнай дзейнасьці ахвяроўвалася перш за ўсё для самае Беларусі. Аналіз гэтай дзейнасьці не пакідае ніякага сумненьня ў тым, што ў іхнай «западно-русской» сьвядомасьці, у іхнай псыхолёгіі жылі дзьве істоты: адна мясцоваябеларуская і другая агульна-расійская.

Як-жа сужываліся паміж сабою дзьве гэтыя істоты і ці знаходзілі гэтыя «западно-русские» культурнікі патрэбны для сябе сынтэз? Ці было гэта для іх тэорытычна магчымым?

Трэба наперад сказаць, што тэорытычна знайсьці падобны сынтэз было вельмі трудна. Аполёгія «вялікай Расіі» патрабавала перш за ўсё адналітасьці ўсіх яе складовых частак. Нівэліроўка пад агульны расійскі ранжыр была канечнай для ўсіх народаў імпэрыі. Гэта, папершае. А па-другое, прызнаньне Расійскае імпэрыі як вышэйшай сілы, што стаіць над усімі яе складовымі часткамі, выклікала прызнаньне першараднае ролі ў гэтай імпэрыі расійскае культуры і творцы яе — цэнтральнага вялікарускага племя. Дарма «западно-руссы», пачынаючы ад Каяловіча, даводзілі, што беларусам у гэтай справе, г. зн. у апрацаваньні расійскае культуры і ўтварэньні Расійскае імпэрыі, належала роўнае месца побач з вялікарусамі. Дарма таксама славянофілы з расійскага боку згаджаліся з гэткай «роўнасьцю ў славянстве». Гэта былі адны толькі словы. На справе было інакш: на справе заўсёды выходзіла, што «западно-русс» у сыстэме расійскае дзяржаўнасьці павінен займаць другое, калі ня трэцяе месца і што ні расійскі ўрад, ні расійскае дваранства, ні расійскі капітал ніколі не дазваляў жыхару Горадзенскай або Магілёўскай губэрні, беларусу па паходжаньню, высоўвацца на першыя ролі ў дзяржаве нароўні з вялікарусам. Наяўнасьць падобнага становішча была вельмі добра вядома «западноруссам», нездарма яны, як мы бачылі, з гэткай упартасьцю і дакладнасьцю даводзілі яго «славянскую» несправядлівасьць. «Западноруссы» заўсёды адчувалі, што ў Расіі яны парыі, што, ня гледзячы на тое, што яны «бело-русы», іх ніколі ў Расійскай імпэрыі ня пусьцяць наперад, а будуць трымаць на чорным двары. Падобная сьвядомасьць, паўтараем, заўсёды жыла ў «западно-русской» грамадзкасьці і тварыла той унутраны надлом, тую ўнутраную няўпэўненасць, якая заўсёды характарызуе халопа перад панам, слабага перад дужым. Толькі ў кароткі момант — пры Сталыпіне і некалькі год пасьля яго — шчасьце, як кажуць, усьміхнулася «западно-руссизму», дый то не для ўсіх. Найбольш скарысталіся ім выплыўшыя наверх політыканы тыпу Кавалюкоў і Саланевічаў, «дельцы» з практычным нюхам, новачасныя Гаворскія; «западно-руссизм» культурнага тыпу застаўся ў ценю. Прынамсі, імёны Раманава, Сапунова і інш. ні ў «Крестьянине», ні ў «Окраинах России», ні ў «Северо-Западной Жизни» не сустракаюцца. Шчупакі ад «западно-русской» політыкі, скарыстаўшы ідэолёгічны багаж «западно-руссизма», адціснулі ўсіх гэтых архэолёгаў, этнографаў і ўсякіх «народных зьбіральнікаў» у бок.

Няпэўна адчувалі сябе гэтыя «зьбіральнікі» і ў галіне культурнай. Па-першае, яны бачылі, што расійская культура і расійская літаратура ніколі не займаюцца Беларусьсю і беларусамі, ніколі ня робяць іх гэткім об’ектам свае ўвагі, як цэнтр Расіі і вялікарусаў. Калі ў расійскай літаратуры і сустракаліся беларускія тыпы, дык толькі для таго, каб паказаць на іх уродлівасьць і насьмяшыць чытача. Гэта заўважаў яшчэ Шпілеўскі і Насовіч, на гэта-ж знаходзім скаргі і ў «западно-русских» культурнікаў. «Кожны расіец,— піша Насовіч,— ад асьвечанага да простага, знаходзіць беларускую мову сьмешнай. Шмат хто глядзіць на яе з пагардай, а некаторыя як на «нейкае исчадие» або як на ўроду... Шмат хто беларускі дыялект пакрывае «язвительными насмешками всех родов», як-бы якую страшную карыкатуру... Гэткі ўжо лёс Беларусі. Але не адзін толькі дыялект яе служыць прадметам кпін: нават самыя жыхары яе з сваім кірункам жыцьця і думак ня ўніклі розных кпін, хоць яны зьяўляюцца роднымі братамі расійцаў». Гэтыя кпіны, скардзіцца Насовіч, перавышаюць усякую меру і выходзяць з межаў «благоразумной снисходительности». «Замест таго, каб заняцца разглядам звычаяў, моралі і самога быту беларусаў, літаратары выводзяць на сцэну расійскага сьвету беларусаў з іх звычаямі і дыялектам у самым гадкім і агідным выглядзе, «оскверняют ими литературное поле». Пры апісаньні быту беларусаў, іх звычаяў і прывычак, нахілу да «шклянога бога» пяром гэтых аўтараў кіруе простае жаданьне пасьмяшыць сваіх чытачоў»[38].

Пагардлівы і гіронічны стасунак да беларушчыны быў заўсёды характарны для расійскае літаратуры, і «занадно-руссам» прышлося палажыць нямала энэргіі, каб ад яго адбіцца. Мы бачылі вышэй, як бараніўся «западно-руссизм» ад нападаў Соловьева і Южакова. Цяпер, пры пачатку XX в., абарончы характар «западно-русских» позыцый у стасунку да Расіі астаўся ў поўнай меры. Нікіфароўскі ў сваіх «Очерках простанароднага житья-бытья в Витебской Белоруссии», паводле выразу Стукаліча, «сумуе над тым, што беларус набыў у расійскай літаратуры мянюшку схудалага «мякіньніка» і што, каб зьняць з беларускага земляроба гэты незаслужоны дакор, ён і ідзе за беларускім селянінам усюды ў яго жыцьці, сочачы за ім уважлівым замілаваным вокам блізкага чалавека»[39]. «Яму, Нікіфароўскаму, было,— кажа Стукаліч,— вельмі ўсьцешна, што былая пагарда да беларускага племя і беларускае мовы зьмянілася і што нарэшце старшы брат — вялікарус пачынае глядзець на беларусаў інакш». «Ня зьелі нас, беларусоў, раней,— супакойваў Нікіфароўскі пэсымістых,— не зьядуць і цяпер»[40]. Сам Стукаліч, баронячы гонар Беларусі, захапляецца і другіх хоча захапіць «багацьцем і прыгажосьцю беларускае мовы» і, трымаючыся прынцыпу Гётэ,

«Wer den Dichter will verstchcn,
Muss in Dichters Lande gehen»,—

заклікае да «пазнаньня беларускага народу шляхам вывучэньня яго мовы і сьветапогляду», шляхам апрацаваньня беларускага слоўніка, «які выяўляе цэльны народ». «Важна і пажадана,— кажа ён,— каб тыя, хто лічыць сябе носьбітам культуры (г. зн. расійцы), на кім ляжыць абавязак клапаціцца аб грамадзкіх патрэбах, каб яны навучыліся разумець той народ, які яны закліканы весьці да моральнее ды інтэлектуальнае культуры. Калі мы навучымся разумець народ, яго мову, казкі, паданьні, мы навучымся любіць яго, навучымся бачыць у ім чалавека»[41].

Наколькі глыбока ўеліся ў сьвядомасьці расійскае літаратуры і грамадзянства нэгатыўныя адносіны да беларушчыны, відаць з таго, што яны перадаліся нават самім «западно-руссам»; ня тым, зразумела, якія захапляліся беларушчынай, але тым, што рабілі з Беларусі об’ект свае політыкі. Падобны стасунак сустракае з боку «западно-русских» культурнікаў рашучы адпор: «Непрызваіта, грэшна і сорамна зьдзеквацца над беларускім народам так, як зьдзекуецеся вы,— пісаў Раманаў супрацоўніку «Крестьянина» и «Сев.-Зап. Жизни» — Пшчолцы, называючы літаратурныя творы яго «карыкатурай на родны народ, ад якой нясе сівухай». Сорамна і агідна ставіцца так да Беларусі, як ставіцца Пшчолка, «узбуджаючы пагарду да свайго народу, абліваючы памыямі сваю бацькаўшчыну, якую скатавалі ворагі»[42]. З пачуцьцём «болю ў сваім беларускім сэрцы» Раманаў неаднойчы накідаецца на несправядлівы стасунак да Беларусі з боку расійцаў, а Пшчолку, які сваёй творчасьцю падмацоўваў агульнае пераконаньне ў нікчэмнасьці беларуса, называе тым крылоўскім мядзьведзем, які аказаўся занадта паслужлівым для свайго таварыша.

Пры тым сапраўды энтузыястычным захапленьні і замілаваньні Беларусьсю і ўсім беларускім, якім адзначаліся ўсе «западно-русские» культурнікі, зусім незразумелым і недарэчным, на першы погляд, здаецца іх русіфікацыйная роля ў беларускім грамадзкім жыцьці. А што яны былі русіфікатарамі, як мы ўжо зазначылі,— няма ніякага сумненьня. Праўда, русіфікатарства гэтае было не заўсёды сьвядомым, але яно нямінуча вынікала з усёй «западно-русской» устаноўкі беларускага пытаньня і са спэцыяльна «западно-русского» погляду на беларускую мову.

Беларусь у «западно-русской» концэпцыі была, як мы бачым, заўсёды толькі «часткай адзінай недзялімай Расіі», а беларуская мова — «органічнай галінай вялікае расійскае мовы». Ступень «асобнасьці», «самабытнасьці», «асаблівасьці» Беларусі і беларускае мовы была пры гэтым рознастайнай — у адных дасьледчыкаў большай, у другіх — меншай. Але для ўсіх «западно-руссов» яна была толькі праявай краёвасьці таго «провінцыяльнага багацьця», з якога Масква мусіла «чэрпаць поўнай рукой». Толькі з гэтага пункту погляду — «збагачэньня агульнарасійскай культуры коштам беларускага краёвага элемэнту» і разглядалі «западно-руссы» пытаньне аб беларуска-расійскіх адносінах. З другога боку, Каяловіч, Сапуноў і Раманаў ніколі не казалі, што беларускай культуры як сумы гістарычнае спадчыны, што захавалася ў сучасным, няма. Наадварот, яны ўсьцяж даводзілі, што такая культура ёсьць. Але разам з тым яны даводзяць, што яна ня можа быць самастойнай, як кожная іншая нацыянальная культура, што яна павінна «расплывацца» ў агульна-расійскай культуры, займаючы ў ёй сваё «ўтульнае месца». У гэтым быў сэнс славянафільскага падыходу да беларускай проблемы.

«Западно-руссы» ніколі не казалі, што Беларусь не павінна быць самастойнай, яны ласьне даводзілі, што яна з розных прычын ня можа быць гэткай. Для сваёй культурнай самастойнасьці Беларусь, паводле іх пераконаньняў, была занадта «слабой», яна ў гісторыі «растраціла свае сілы», яна занадта блізка стаіць да Расіі, каб выпраццаваць нешта незалежна ад яе і г. д. Падобная «рэтроспэкцыйнасьць» «западно-руссизма» праходзіла чырвонай ніткай праз усе яго разважаньні і была ў значнай супярэчнасьці з прызнаньнем сілы Беларусі ў сучаснасьці.

Аднак «западно-руссы» гэтае супярэчнасьці не заўважалі. Падзяляючы падобнае пераконаньне і ўзмацоўваючы яго сваімі лемантацыямі, яны не заўважалі таго, што суседзі, у даным выпадку расійская навука і грамадзкасьць, рабілі з гэтага зусім лёгічныя вывады: кожны народ варты свае гісторыі, калі «западно-руссы» цьвердзяць, што Беларусь слабая і стварыць свае культуры няздольна, значыцца, так яно і ёсьць.

Не заўважылі «западно-руссы» і другой, больш важнай абставіны. Яны не разумелі тае ўнутранае супярэчнасьці, якая была схована ў іх закаханасьці ў мясцовай беларускасьці. Калі беларуская асаблівасьць павінна быць аднэй са складовых частак расійскасьці, калі беларускасьць можна і трэба шанаваць толькі як агульнарасійскі провінцыялізм, дык дзе павінна прайсьці мяжа паміж імі? Які сэнс мае вывучэньне беларускага дыялекту, беларускай казкі і песьні, аб захаваньні якіх для патомкаў так клапаціўся Раманаў ды іншыя прыхільнікі беларускага народнага эпосу, калі ўсё гэта павінна было рашчыніцца ў агульна-расійскім моры? Калі беларус мае культурна ператварыцца на расійца, дык дзеля чаго ён мусіць дбаць аб сваіх мясцовых адзнаках, з расійскага пункту погляду «сьмешных» і недарэчных? Калі ён праз расійскую школу і расійскую літаратуру можа адразу і беспасрэдна перайсьці ад сваёй беларускай народнай стыхіі ў стыхію агульна-расійскую, дык навошта яму беларускія прывескі, якія толькі перашкаджаюць гэтаму пераходу? Якая цана провінцыяльнаму захапленьню «западно-руссов» з пункту погляду поступу цывілізацыі і ці не зьяўляецца іхнае замілаваньне ў беларушчыне рудымэнтарным пачуцьцём, якое трэба зьнішчыць?

Адказу на ўсё гэтыя запытаньні, заснаванага на тэорытычным аналізе проблемы, мы не знаходзім у творах «западно-руссов». Ужываючы вельмі часта звыклыя выразы аб «вялікай Русі» або «великого русского литературного языка» і г. д., яны нібы ўнікаюць задумвацца над тым, які-ж лёс чакае ў будучыні тую народную стыхію, якой яны самі жывуць? Яны нібы баяцца заглянуць у гэтую будучыню, справядліва разумеючы, што калі расійская ўлада на Беларусі праводзіць русіфікацыю і нішчыць усё беларускае, дык становішча іх незавіднае. Падтрымліваючы гэтую русіфікацыю, яны ўпадабляюцца тым мудрацом, якія падсякаюць сук, на якім самі сядзяць.

Гэткае становішча «западно-руссізма» было ня новым — яно заўважалася наогул у адносінах да ўсіх, калі можна так сказаць, «палавінчатых» або «крэсавых» груп на Беларусі, якія глядзелі на яе праз акуляры расійскасьці або польскасьці. У такім супярэчным палажэньні быў, прыкладам, Рыпінскі, аб якім Пыпін правільна заўважыў, што ён «не разумеў унутранай супярэчнасьці свайго становішча, калі з жарам заклікаў да вывучэньня беларускай народнасьці, чакаў тут адкрыцьця нацыянальнай сьвятыні і ў той самы час прызнаваў гэтую народнасьць толькі як польскую і, уласна кажучы, жадаў ён зьнікнуць»[43]. У падобнае-ж становішчы траплялі беларускія «Рыпінскія» расійскай культуры — «крывічы» Шпілеўскі і Насовіч, якія першыя абуджалі ў расійскай літаратуры інтарэс да Беларусі. Нічым не адрозьніваліся ад іх і пазьнейшыя «западно-руссы».

Жадаючы прывучыць інтэлігентнага беларуса не глядзець ганарыста на сваю бацькаўшчыну, на сваю гістарычную «сьвітку», Стукаліч падае нямала аргумэнтаў за прызнаньне самастойнасьці беларускага «дыялекту». Па яго пераконаньні, жывая беларуская гутарка «стаіць асобна сярод іншых славянскіх дыялектаў і яе характарныя адзнакі не паўтараюцца ні ў аднэй славянскай мове»[44].

«Гэтую гутарку трэба разглядаць,— кажа ён,— як нешта процілежнае мове асьвечаных клясаў — жывая мова народных мас знаходзіцца ў стане вечнага руху, ня так, як у напалову застылых, апрацаваных формах літаратурнае мовы». У мове кожнага народу, паводле яго пераконаньня, ёсьць пэўныя «жыцьцёвыя сілы», якія ў апрацаваных літаратурных формах ня маюць натуральнага і правільнага разьвіцьця. Аднак Стукаліч ня тлумачыць, чаму ён «ня прымае беларускага дыялекту за зусім самастойную мову», хоць яму вядомы аўтарытэтныя навуковыя імёны, якія стаяць за такое прызнаньне; разам з тым ён ня ідзе шляхам Янчука, які ставіў перад Акадэміяй Навук альтэрнатыву аб «магчымасьці» для беларускага дыялекту замацавацца ў пэўных літаратурных формах. Ён спыніўся, як і ўсе яго аднадумцы, на поўдарозе. Тэорытычна для яго гэтае пытаньне засталося адкрытым, а практычна ён мусіў ісьці ў ногу з усёй русіфікацыйнай сыстэмай на Беларусі. Вось тут-та ласьне і таілася разгадка ўнутранай супярэчнасьці «западно-руссов», якія не маглі аддзяліць чыста акадэмічнае пытаньне ад свае політыкі, якая наперад акрасляла яго адмоўнае вырашэньне. У падобным становішчы быў ня толькі Стукаліч, але і Сапуноў, і Раманаў, і рэшта іхнага лягеру.

«Для борзых» пісьменьнікаў з «Крестьянина» або з «Окраин России» становішча было значна прасьцей. Адзін з іх, архіварыус Віленскага архіву старажытных актаў, латыш Спрогіс, адважыўся аднойчы даць беларусам суцэльную програму іх культурных паводзін на аснове 70 тысяч дакумантаў свайго архіву. На старонках «Крестьянина» ён пісаў: «Дарагія беларусы, мілыя, спакон-веку верныя сыны і дочкі нашае адзінае магутнае мацеры Расіі! Трымайце высока свой расійскі сьцяг! Няхай жыве ў вас самае трывалае пераконаньне, што вы органічная частка «могучего русского народа», што яго «прекрасный русский язык» і іншыя багацьці ствараюць вашае сьвятое народнае багацьце, ваш народны гонар і славу... Ад вашага «белорусского говора» или «наречия» нам усім блізкі і мілы толькі сабраныя і падання ў друку вашыя народныя, скромныя, поэтычныя помнікі — «белорусские песни, сказки и т. п.»[45].

Ваблівая шчырасць паважанага архіварыуса ставіла, як бачым, кропкі над і: з усяе складанае проблемы беларускай нацыянальнай культуры для яго цікавы былі «толькі сабраныя і ўжо надрукаваныя» беларускія песьні і казкі. Большага ад Беларусі чакаць і вымагаць нельга і не павінна.

Другі «западно-русс», спамінаны вышэй Бажэлка, ставіўся да справы яшчэ больш орыгінальна. У запале полемікі з «Нашай Нівай», змагаючыся з аўтарытэтам Насовіча, якога нашаніўцы ўзялі сабе за тарана, ён дагаварыўся да самых «сокровенных» думак. «Наша Ніва»,— пісаў ён,— даводзіць, што ўсе яе «словы» можна знайсьці ў «Белорусском словаре» Насовіча. Я ня бачыў гэтага «Словаря», але калі ў ім сапраўды ёсьць усе тыя словы, якія ўжывае «Наша Ніва», дык я наперад заяўляю, што гэты слоўнік варты нашае пагарды як шкодны для расійскае справы. Ня пускайце, панове, нам пыл у вочы спасыланьнем на розных «профэсароў». Здрайцы і прадаўцы свайго народу з нібы вучоных нам добра вядомы!»[46]

Што комплімэнт «здрайцы» стасаваўся ў даным выпадку да Насовіча, гэта было сказана самім Бажэлкай. Але што ён разам з тым стасаваўся і да ўсіх этнографаў і наогул дасьледчыкаў Беларусі тыпу Раманава або Сапунова, гэта яны павінны былі самі зразумець.

Паказаная позыцыя «западно-руссизма» ў пытаньні беларускай культуры была характэрна ня толькі для правага яго ўхілу, але і для больш лібэральных яго адмен. Падобнай больш левай «западно-русской» організацыяй зьявілася ў 1905 годзе так званае «Белорусское Общество» ў Вільні, якое вышла з нетраў спамінанага вышэй «Крестьянина»[47]. У галіне політычнай «Белорусское Общество» згаджалася ў некаторых (праўда, рэдкіх) выпадках на аўтаномію Беларусі, але ў галіне культурнай патрабавала ад яе поўнай еднасьці з усёй Расіяй. Організатары «Белорусского Общества» прызнавалі, што ў беларускага насельніцтва апрача інтарэсаў, супольных з усім «русским народом», ёсьць і свае ўласныя інтарэсы, мясцовыя, якія выклікаюцца географічным палажэньнем Беларусі, этнографічным яе складам, соцыяльнымі і веравызнальнымі суадносінамі і г. д. Наогул кажучы, гэтыя інтарэсы адбіваліся ў програме «Общества» у форме кадэцкіх проектаў аб прогрэсыўным падаходным падатку, аб зямельным крэдыце і падняцьці сельскагаспадарчай культуры на Беларусі — у галіне экономікі і патрабаваньня земскага палажэньня з скасаваньнем цэнзу і агульнага выбарчага права — у галіне адміністраваньня[48]. Дзеля таго што, паводле слоў ініцыятараў «Общества», беларуская народнасьць стварае «неразьдзельную частку расійскага народу і без яднаньня з Расіяй ня можа мець самастойнае і незалежнае гістарычнае будучыні», «Общество» лічыла, што адзіным гістарычна-правільным шляхам для беларусаў можа быць шлях адзінства з рэштай расійскіх пляменьняў (вялікарусамі і маларусамі) на асновах «гражданской свободы».

Для нас найбольш цікавымі зьяўляюцца тыя пункты пляцформы «Белорусского Общества», у якіх яно трактавала пытаньне аб мясцовай культуры і беларускай мове. Як зазначана вышэй, гэтыя пункты цалкам супадалі з звычайным «западно-русским» поглядам, толькі формулёўка іх і угрунтаваньне было тут больш дакладным. «Дзеля таго што беларуская інтэлігенцыя,— чытаем мы ў § 2 програмы «Общества»[49],— як праваслаўная, так і каталіцкая, да гэтага часу атрымлівала асьвету выключна на расійскай мове, якая (мова) зьяўляецца для ўсіх найбольш агульнай, і дзеля таго што беларуская мова, з прычыны гістарычных умоў, была затрымана ў натуральным сваім разьвіцьці на некалькі стагодзьдзяў і таму слаба распрацавана для набыцьця багатых пладоў сучаснай агульналюдзкай цывілізацыі. «Общество» лічыць, што найбольш адпаведнай для культурнага разьвіцьця беларускай народнасьці можа быць толькі мова расійская»... «У той самы час,— сказана ў програме,— члены «Белорусского Общества» павінны аказваць самае шчырае падтрыманьне спробам зьбіраць народную творчасьць на беларускай мове і аказваць усякае «содействие» гэтаму зьбіраньню, паколькі яно будзе рабіцца самастойна і незалежна».

Першая частка вылажанае програмы, як бачым, нічым ня розьніцца ад звычайных «западно-русских» сьцьвярджэньняў. Але другая палова яе нясе нешта новае. Хоць мысьль выказана тут і ня зусім ясна, аднак можна зразумець, што сябры «Белорусского Общества» ня толькі нічога ня маюць супроць зьбіраньня беларускае народнае творчасьці, але што яны лічаць сваім абавязкам «падтрымліваць» гэтую народную творчасьць, калі за ёй ня тоіцца староньні ўплыў і варожая політычная тэндэнцыя. Наколькі можна зразумець, аўтары програмы «Общества» не супярэчылі супроць спроб мясцовых людзей тварыць на беларускай мове «народную літаратуру». Ні ў «Крестьянина», ні ў «Окраинах России» мы падобнага «дапушчэньня» не сустракалі. У пляны казённай політыкі і русіфікацыі Беларусі «дапушчэньне» народнай творчасьці не ўваходзіла — яна ведала толькі выключна расійскую мову. З боку заснавальнікаў «Белорусского Общества» гэта была, як кажуць, уступка часу: лібэральны дэмократызм мусіў адрозьніць сябе хоць у чым-небудзь ад «Союза Русского Народа».

Чарговую ўступку рабіў «западно-руссизм» дэмократычнага тыпу ў пытаньні школы на Беларусі. Мы бачылі, што на працягу ўсяе гісторыі «западно-русской» ідэолёгіі ніхто і ніколі не разважаў над гэтым пытаньнем. Яно было вырашана наперад: школа на Беларусі павінна быць расійскай; ніякіх уступак і патураньня ў гэтай справе дапушчаць нельга. Не ўспамінае аб гэтым нічога і «Белорусскае Общество». Загаварыў аб гэтай «уступцы» апошні эпігон «западно-руссизма» — так званы «Союз Белорусской Демократии», які ўзьнік ужо ў эпоху рэволюцыі 1917 году[50]. Програма гэтага «Союза» пасьля адпаведнага выпраўленьня яе Е. Карскім вымагала ўвядзеньня выкладаньня ў навучальных установах на Беларусі на агульна-дзяржаўнай расійскай мове, зразумелай для беларусаў, дзеля таго што «беларуская мова ёсьць толькі дыялект мовы расійскай». Беларуская мова як мова народная дапускалася пры гэтым там, дзе «таго пажадалі-б мясцовыя жыхары — для тлумачэньня незразумелых месц у падручніках». Ад сябе Е. Карскі дабаўляў, што пры жаданьні насельніцтва ён дапусьціў-бы ў першы год навучаньня ўсё выкладаньне на беларускай мове. Што-ж да дапушчэньня беларускае мовы ў сярэднюю школу і вышэйшую, дык яна тут павінна быць забаронена: гэта толькі гамавала-б разьвіцьцё беларускае народнасьці[51].

Вось фактычна ўсё, чым адрозьніваўся пазьнейшы, больш уступчывы «западно-руссизм» у стасунку да беларушчыны і як ён разумеў проблему культурнага адраджэньня Беларусі. Калі ўспомніць, што Гаворскі ў 60-х гадох таксама згаджаўся з думкай «тлумачальнага» ўжываньня беларускае мовы ў народных школах, дык будзе ясным, што эволюцыя «западно-русской» думкі ў гэтых пытаньнях была амаль няпрыкметнай. Ад Гаворскага да Карскага «западно-руссизм» нязьменна злучаў Беларусь з Расіяй, а беларускую нацыянальную культуру дапускаў толькі да парога народнае школы.

Адкажам цяпер на апошняе запытаньне: як ставіўся «западноруссизм» да беларускага нацыянальнага адраджэньня? Вышэй мы мелі магчымасьць зазначыць, як ставіўся да яго Каяловіч, калі беларускі нацыянальны рух толькі ўпяршыню зазначаўся ў няясных контурах і ў рэдкіх спорадычных выбухах. Ужо тады ён разумеў яго небясьпеку для «вялікай праваслаўнай Расіі» і асабліва асьцерагаў сваіх аднадумцаў ад пагрозы, калі беларуская ідэя, прыдбаўшы сабе організацыйныя формы, праб’ецца ў народныя гушчы і захопіць іх.

Цяпер, у першыя дзесяцігодзьдзі XX в., прароцтва Каяловіча апраўдалася: беларускі нацыянальны рух прасачыўся ў масы і зрабіўся фактарам выдатнага грамадзкага значэньня. Чым далей, тым больш ён станавіўся поперак «западно-руссизму», змагаючыся з ім ідэёва і адколваючы ад яго ўсё большы лік прыхільнікаў. Рэволюцыя 1905 году, узбурыўшая старую імпэрыю і даўшая магчымасьць прыгнечаным нацыянальнасьцям загаварыць на іх роднай мове, заспела на Беларусі ўжо даволі сьвядомых культурных сіл, даволі культурных, політычных, а нават профэсіянальных беларускіх організацый.

У гэты рэволюцыйны год твар да твару сталі ўжо дзьве процілеглыя ідэолёгіі на Беларусі: нацыянальна-беларуская і «западно-русская». Калі «западно-руссизм», як мы бачылі вышэй, зьвязаўся ў гэты пэрыод з чорным лягерам расійскае рэакцыі і аб’яднаў свае намаганьні з ідэёва блізкімі сабе ворагамі украінскага руху, дык беларуская нацыянальная ідэолёгія зьвязалася з дзейнымі сіламі рэволюцыі і ў нацыянальнай справе тварыла адзіны фронт з іншымі падбітымі расійскім царызмам народамі. Цесная сувязь, якая ўсталявалася ў гэтыя гады паміж беларускім рухам і рухам украінскім, была антытэзай таго ідэёвага яднаньня, якое адбывалася на паседжаньні пецярбурскага «Западно-Русского Общества» паміж «западно-руссами» ў Вільні і «южно-руссами» ў Кіеве.

Барацьба пачалася не на жыцьцё, а на сьмерць. Ішла яна ўсьлед за вызваленчай барацьбой пролетарыяту і бяднейшага сялянства супроць царызму. І ясна было: возьме верх рэволюцыя і ўлада ў Расіі пяройдзе да працоўных мас — згіне здань політычнага і нацыянальнага прыгону на Беларусі; будуць падбіты творчыя сілы рэволюцыі — на беларускіх абшарах цалкам запануе кулацкі «западно-руссизм».

Барацьба пачалася па ўсіх кірунках і ва ўсіх момантах жыцьця: у прэсе, у грамадзкіх організацыях, у школе, у сям’і. «Западно-руссизм» карыстаў у гэтай барацьбе ўсе сродкі, якія былі ў яго загадзя: з царкоўнага амбону, з профэсарскай катэдры, праз паліцыю і суд, праз безьліч офіцыяльных выданьняў, праз «брацкія» лісткі і школьныя падручнікі — усюды ішла пропаганда таго, што беларускі нацыянальны рух — «польская інтрыга», выдумка ворагаў Расіі, што ідэя адраджэньня беларускай культуры ёсьць плод цёмнага розуму, які хоча загнаць Беларусь у процьму няпісьменнасьці і адсталасьці.

І ўсё-ж, ня гледзячы на сілу паліцэйскага ўціску і «культурнасьць» пануючых клясаў, «западно-руссы» не маглі пахваліцца перамогай: беларускі нацыянальны рух, перасьледваны, офіцыйна згане- ны, да сьмешнага бедны на матэрыяльныя сродкі, паволі, але нямінуча пашыраўся і захапляў усё новыя позыцыі.

Прычына гэтай зьявы была зразумелая: «западно-руссизм» ужо таму ня меў перад сабой будучыні, што і ў жыцьці, і ў ідэі ён быў зьвязаны са старым, адміраўшым рэжымам. Расійскі царызм, канаючы сам, цягнуў за сабой і «западно-русскую» ідэолёгію. Узгадаваны на пакланеньні адзінай, недзялімай Расіі «западно-руссизм» мусіў памерці ў момант, калі пыха гэтае імпэрыі была пастаўлена пад удар.

Некаторыя з прадстаўнікоў «западно-русской» школы як-бы адчувалі яе блізкі канец і слабасьць. Яны як-бы разумелі тую ўнутраную супярэчнасьць, той органічны фальш, які характарызаваў «западнорусское» разуменьне Беларусі і яе культурных патрэб. Заўважалася гэта сярод тых «западно-русских» культурнікаў, якія шчыра былі зацікаўлены ў культурным адраджэньні Беларусі на аснове яе нацыянальных асаблівасьцяй і якія, як мы паказалі вышэй, блыталіся ў разуменьні значэньня гэтых асаблівасьцяй. Любячы этнографічную Беларусь, вывучаючы беларускі фольклёр, яны не маглі ня радавацца ўзьнікненьню ў краі беларускай літаратуры, не маглі не адчуваць яе прыгожасьці, яе сьвежасьці і блізкасьці да народу. Яны не маглі ісьці сьледам за панамі Бажэлкамі, Кавалюкамі і Саланевічамі ў ганьбе беларускага нацыянальнага слова і «Нашае Нівы». Іх «этнографізм» быў пэўнай ступеньню да разуменьня беларускае культуры наогул, і мы бачым сапраўды, што шмат хто з тых, хто залічыў сябе да «западноруссов», стаялі тады на мяжы «западно-руссизма» і беларускага нацыянальнага руху. Так, прыкладам, Сапуноў, чытаючы ў Віцебскай Вучонай Архіўнай Камісіі даклад на тэму: «Белоруссия и белоруссы»[52], заклікаў Беларусь да самаакрэсьленьня, да нацыянальнага ўсьведамленьня, да новай «адраджонай будучыні, якая знаходзіцца ў руках самых беларусаў». І хоць ён папераджае, што гэтае «самаакрэсьленьне» Беларусі ніяк не азначае сэпаратызму ад Расіі і што «узмацненьне нацыянальнай сьвядомасьці» павядзе толькі да цясьнейшага яднаньня з Расіяй», аднак кожнаму зразумела, што ў даным выпадку Сапуноў, як страус, хаваўся ад праўды за звыклую форму. У сваім выступленьні ён быў «беларусафілам» — нездарма «западно-русскую» сваю прамову ён закончыў прыгожым вершам Яна Няслухоўскага.

«Усе, нават самыя нязначныя народнасьці, імкнуцца цяпер да «самаакрэсьленьня»; за імі ўсе прызнаюць права на гэта. Толькі адна народнасьць, народнасьць беларуская, ня сьмее і думаць аб гэтым»,— скардзіўся Сапуноў у расійскай Дзярж. Думе з прычыны памянёнай вышэй запіскі Корвіна-Мілеўскага, у якой гэты магнат называў палякаў-памешчыкаў Беларусі «выбранымі прадстаўнікамі краю»[53].

Трудна зразумець, аб якім «самаакрэсленьні» думаў «западнорусс» Сапуноў, калі выказваў падобныя мысьлі, але блытаўся ён тут ня толькі ў тэрмінолёгіі.

Бывалі і іншыя выпадкі набліжэньня «западно-русских» культурнікаў да беларускай нацыянальнай справы. Так, прыкладам, Раманаў, даведаўшыся аб залажэньні сярод пецярбурскага студэнцтва «Беларускага навукова-літаратурнага гуртка»[54] і вітаючы яго ініцыятараў, як «племя маладое, незнаёмае, але роднае», заклікаў гурток «перш за ўсё ратаваць творы душы роднага народу, якія гінуць штодзённа па ўсёй лініі». «Няўжо-ж мы ўжо горш людзей?» — пытаецца пабеларуску Раманаў у студэнтаў, спадзяючыся, што яго моладзь «паменшыць запал вялікіх вучоных, якія адбіраюць ад беларусоў амаль не палову іх слоў» і што яна горача выканае пастаўленыя сабе мэты[55]. Яшчэ больш рэльефна выявілася набліжэньне Раманава да беларускасьці ў яго адозьве аб «Беларускай дудцы» Багушэвіча. У той час, як Карскі ўбачыў ў творчасьці Багушэвіча «трапную проклямацыю ў лацінскім духу з бязумоўнай мэтай «вызвать смуту в русском семействе», Раманаў знайшоў у ёй добрую зьяву, якую няможна абыйсьці. «У сьвядомасьці свае сілы,— пісаў ён,— мы павінны памагчы беларускай літаратуры разьвівацца, павінны падтрымліваць маласільных і хісткіх». Славутую «Прадмову» Багушэвіча, дзе аўтар заклікаў беларусаў не забываць сваю гаворку — адзежу душы,— Раманаў называе «цёплай» і ставіцца, як відаць, да яе з магчымай прыхільнасьцю[56].

Што азначалі падобныя выступленьні «занадно-руссов»? Ці былі гэта ляпсусы, нечаканыя для самых аўтараў, ці гэта было пацьверджаньнем іх хістаньня? Мы лічым, што апошняе. Слабасьцю «западно-руссизма» было ня толькі тое, што ён быў зьвязаны са струпехлым расійскім царызмам, але і ў тым, што ён, як паказалі мы вышэй, нёс у сабе самым унутраную супярэчнасьць і разлом. Стоячы на грунце этнографізму і беларусафільства, ён не апрасьняў і ня меў магчымасьці акрэсьліць, як-жа ён, урэшце, разумее культурнае адраджэньне Беларусі і ў чым розьніца паміж яго «западно-русским» разуменьнем беларускае справы і разуменьнем нацыянальным? У гэтым сэнсе «западно-русские» культурнікі вельмі падобны былі да лібэральных расійскіх этнографаў тыпу А. П. Пыпіна, якія з вялікім спачуваньнем адносіліся да культурнага адраджэньня паасобных народаў былой Расійскае імпэрыі, але якія, уласна кажучы, ня ведалі дакладна, да якой мяжы можна і павінна разьвіваць гэтае адраджэньне. Яны цанілі яго не дзеля яго ўласнай каштоўнасьці, а як мясцовую рознаадменнасьць агульна-расійскае стыхіі, былі спэцыфічнымі «фэдэралістамі ў літаратуры» і ў душы сваёй марылі аб зьяўленьні на Беларусі мясцовага «беларускага Гогаля»[57]. П. Безсонов, адзін з дасьледчыкаў беларускага пытаньня ў 70-х гадох, выказаў гэтую думку зусім акрэсьлена. Разважаючы аб тым, на якіх умовах павінна адраджацца мясцовая літаратура на Беларусі, ён пісаў: «Трэба, каб літаратура (паводле думкі Безсонова — расійская) узьнікала тут на мясцовых асновах, мясцовымі пабудкамі і інтарэсамі, сіламі мясцовых ураджэнцаў з народнага жыцьця. Тады зьявіцца мясцовы поэта, літаратар, вучоны, мастак для краю... і ўсёй Расіі: як Гогаль — маларус, як Міцкевіч, Залескі і Сыракомля — літвін, маларус, беларус польскі»[58].

Відаць, што гэты ідэал і песьцілі ў сваёй сьвядомасьці «западнорусские» культурнікі.

Кулацка-праваслаўная аснова «западно-руссизма» на Беларусі была яго ахілесавай пятой. Больш прогрэсыўныя слаі насельніцтва — дэмократычная інтэлігенцыя, людзі вольных профэсій, лібэральнае чыноўніцтва, ня кажучы ўжо аб моладзі,— усе яны хоць і спачувалі барацьбе «западно-руссов» з беларускім нацыянальным адраджэньнем, аднак не заўсёды адважваліся стаць пад трохкаляровы сьцяг «Крестьянина» або «Северо-Западной Жизни». Быць у адным лягеры з панамі Саланевічамі, Кавалюкамі, Кулакоўскімі і г. д. было для так званай «дэмократыі» не да твару, адкрыта-ж ганьбіць і паліцэйскі перасьледваць нацыянальны рух, лічылася нязгодным з «духам часу». Праўда, расійская буржуазна-дэмократычная думка рэдка выступала на абарону прыгнечаных народаў, але яшчэ больш рэдка выкрывала яна свае сымпатыі да ўціску. Перасьледваць нацыянальныя рухі лічылася прэрогатывай улады і правых урадавых партый, дэмократычнабуржуазнае грамадзянства лічыла за лепшае для сябе ў гэтай дражлівай справе маўчаць.

Такое становішча цягнулася да 1911-1912 г., калі на шпальтах «Русской Мысли» выступіў вядомы ў свой час Пётра Струвэ з шумным заклікам да расійскага прогрэсыўнага грамадзянства стаць на рашучае змаганьне з нацыянальнымі рухамі дзеля ратаваньня агульнарасійскае культуры[59]. Гэта быў сапраўдны падарунак усёй «западнорусской» грамадзе.

«Caveant Consules!,— клікаў Струвэ,— мы павінны пакончыць з рахманым інтэлігентным стасункам да нацыянальнага пытаньня. Яно тоіць у сабе колёсальную небясьпеку для нашае культурнае будучыні; яму трэба пакласьці канец». У доказ свайго палажэньня Струвэ разьвіў цэльную філёзофію разуменьня агульна-расійскай культуры і тых адносін, у якіх павінна стасавацца да яе украінскае і беларускае нацыянальнае адраджэньне. Сутнасьць гэтае «філёзофіі» зводзілася да прызнаньня украінства ў межах «мясцовых асаблівасьцяй быту і мовы», у «областном» значэньні украінскае літаратуры і ў прызнаньні, што «ў адзінай Расіі павінна панаваць і адзіная нацыянальная стыхія». Існаваньне расійскае культуры і расійскае нацыі ёсьць гістарычны факт, аб якім, па пераконаньні Струвэ, позна думаць, які трэба бяз спрэчкі прыняць і згадзіцца з ім[60]. «Быль молодцу не в укор»,— кажа ён,— і, прайшоўшы шырокі шлях прагавітых запазычаньняў, пабыўшы ў вучнях у Вольтэра і нямецкіх «гэлертараў», прагнаная праз строй сотняў тамоў «Полного Собрания Законов», расійская мова зрабілася органам вялікага нацыянальнага цэлага, мовай вялікай сусьветнай дзяржавы»[61].

Украінскай або беларускай культурай чалавек пражыць ня можа, а тымчасам нацыянальны рух гэтых народаў імкнецца да таго, каб «побач з расійскай культурай, на ўсім, так кажучы, працягу культурнае творчасьці знарок стварыць паралельныя культуры — «малорусскую» і «белорусскую». Тут ужо, папярэджвае Струвэ, гутарка ідзе не аб «простым выкладаньні ў пачатковых школах на мясцовай мове» — перад намі ня больш, ня менш, як тытанічны задум патраеньня расійскай культуры (курсіў мой.— А. Ц.) на ўсім працягу — ад лемантара да «агульнай патолёгіі» і «крышталёграф»», ад народнай песьні да перакладаў з Овідыя, Гётэ, Вэрлена або Вэрхарна[62]... Проблема агульнарасійскай культуры і агульна-расійскае мовы не супадае цалкам з палітычнай пляцформай дзяржаўнага ладу Расіі. «Можна сабе ўявіць,— кажа ён,— што Расія ў сваім дзяржаўным і адміністрацыйным выглядзе будзе перажываць усякія формы — але ніякі палітычны пераварот ня здолее зруйнаваць таго культурнага адзінства, у аснове якога ляжыць агульна-расійская мова і літаратура (курсіў мой.— А. Ц.)[63]. Калі ідэя нацыянальнага адраджэньня Украіны (і Беларусі) ударыць у народны грунт і запаліць яго,— кажа Струвэ,— гэта будзе нячуваным і вялізарнейшым расколам расійскае нацыі і зьявіцца сапраўднай дзяржаўнай і народнай бядой».

Каб ня сталася падобнай «бяды», Струвэ вызначае нацыянальнаму руху пэўныя рамкі. «Шлях яго — гэта шлях «скромного областного развития»[64]. «На гэтым шляху мясцовая мова будзе захоўвацца (галоўнае — захоўвацца!), а нават і расьці як мова мясцовая, як мова мясцовай мастацкай, «земляной» літаратуры і, можа быць, як мова мясцовай пачатковай школы. На гэтым шляху яна можа ўтрымаць свае фарбы, яна будзе трымацца і «асьвяжацца» ў народных нізох, у тых «тихих заводях» народнага жыцьця, у якіх вясковы быт скрываецца ад сучаснае чыгуначнае, фабрычнае, мітынговае і кінематаграфічнае цывілізацыі». «На гэтым шляху ня можа вынікнуць ніякая супярэчнасьць (соперничество), ні варожасьць паміж агульна-нацыянальнай (расійскай) і мясцовай стыхіяй», тым больш што «капіталізм заўсёды размаўляў і будзе размаўляць не паукраінску (і па-беларуску), а парасійску»[65] (курсіў мой.— А. Ц.). Патрыётычная «філёзофія» расійскае нацыі Струвэ і яго акрэсьленьні «правоў» загнаных нацыянальнасьцяй ня прыносілі, як бачым, з сабой чагосьці новага і незнаёмага. Паасобку для «западно-руссов» на Беларусі яна мала ў чым дапоўніла багаж іхнай эрудыцыі. Тое, што Струвэ апрануў у вучоныя фразы расійскага μυλvŋ ранейшае «дапушчэньне» мясцовай мовы (пры «пэўных варунках!») у пачатковую школу, а за спробы мясцовай «мужыцкай» літаратуры пачаў пасылаць праклёны як за д’ябальскае пасяленьне сэпаратызму на «адзінства вялікае расійскае культуры»,— усё гэта было «западно-руссам» здаўна вядома. Ня толькі Каяловіч, але і Бажэлка пісаў на гэтыя тэмы, ня горш за Струвэ.

Тым ня менш, кажам мы, выступленьне новага апостала «вялікай Расіі» было для ўсяе «западно-русской» грамады найкаштоўным падарункам.

Па-першае, новы апостал ня быў рэакцыйным «мракобесам», насьледнікам Сталыпіна або членам сьвяцейшага Сыноду. Гэта, наадварот, быў прадстаўнік так званай левай расійскай інтэлігенцыі, выдатнейшы прогрэсыўны публіцысты, чалавек з выдатнейшым грамадзкім імем. Для «западно-русских» вясковых бацюшак, валасных старшын, пісароў, чыноўніцтва, для сялянскага кулацтва і прыгародных мяшчан гэта быў чалавек як-бы «другога сьвету», голас якога меў тым большае значэньне, што ва ўсіх іншых пытаньнях дзяржаўнага і політычнага жыцьця Расіі ён стаяў на рэзка процілеглым баку. Ня менш прывабнае значэньне меў Струвэ і для «настаўніка» Кавалюка з «Крестьянина» і «профэсара» Кулакоўскага з «Окраин России». Аднолькавасьць яго мысьлей з гэтымі панамі па нацыянальнаму пытаньню мела для іх выключна важнае значэньне. Яго навуковы аўтарытэт і эрудыцыя, выяўленая ў крытыцы нацыянальнай ідэолёгіі, давала ў рукі ўсёй «западно-русской» партыі новую ўдасканаленую зброю супроць беларускага вызваленчага руху.

Па-другое, выступленьне Струвэ азначала «унутрыпартыйны мір» паміж левым флангам расійскай буржуазнай грамадзкасьці і яе правым, монархічным флангам. Сваім заклікам да барацьбы «без всяких поблажек» з тэндэнцыяй нацыянальных рухаў аслабіць вялікае набыцьцё гісторыі — Расію і расійскую культуру — ён фактычна працягваў руку згоды таму самаму Меншыкаву, з якім гэтак эфэктна змагаўся у іншых выпадках. У барацьбе з усякага роду «окраинными» «ізмамі» ўтварыўся, такім чынам, адзіны расійска-нацыянальны фронт, што было ўжо ісьцінным сьвятам на «западно-русском» двары.

І па-трэцяе, Струвэ сваім аналізам ролі мясцовага «быту» ў выпрацоўцы мясцовай культуры, ролі падручніка на роднай мове ў школе, ролі краёвай літаратуры ў агульным жыцьці народу выкрыў перад зацікаўленымі асобамі ўсю тую небясьпеку, якую цягнуў за сабой нявінны з выгляду «мясцовы этнографізм». Быць можа, найбольшая каштоўнасьць для пасьлядоўных «западно-руссов» была ласьне ў гэтым апошнім вывадзе. Ён стасаваўся да ўсіх тых «этнографаў» на мясцох, якія ў сваім захапленьні «асаблівасьцямі» данага краю будзілі ў гэтым краі пачуцьцё нацыянальна-культурнага сэпаратызму, а сваімі вывучэньнямі і досьледамі ўзбуджалі часам занадта моцны інтарэс да магчымасьці пабудаваць нешта «незалежнае» ад вялікай Расіі.

Сваёй «філёзофіяй» Струвэ грозна папераджаў іх аб падобнай небясьпецы і даваў ім у рукі компас, каб ня зьбіцца з пэўнага шляху. Ён, нарэшце, паказаў, дзе для прававернага ідэолёга «вялікае Расіі» павінна ляжаць мяжа паміж лібэральным «этнографізмам» і праступным з пункту погляду расійскіх культурных інтарэсаў «нацыяналізмам». Ён як-бы «саштурхнуў», па ўласнаму прызнаньню, усіх тых, хто хістаўся, з небясьпечнага ўзьмежжа.

Рэха выступленьня Струвэ адразу-ж адбілася водгульлем у «западно-русском» лягеры. Не пасьпела прасохнуць фарба на старонках «Русской Мысли», як у Вільні, у Кіеве і ў Пецярбурзе адчуліся «западнорусские» аплёдысмэнты. Працягнутая рука не павісла ў паветры — яе дружацкі паціснулі: Щоголев ад імя «южно-руссов» і Філевіч ад «западно-руссов»[66]. Амаль на другі дзень пасьля выступленьня Струвэ адбылося паседжаньне «Западно-Русского Общества» ў Пецярбурзе, на якім Філевіч «с отрадой» паказваў на факт абуджэньня расійскае грамадзкае сьвядомасьці «по поводу указанных сепаратизмов, на которые еще в 60-х годах прошедшего столетия обращалось внимание». Даклад вітаў Струвэ і абяцаў яму магчымае падтрыманьне. Гэты даклад быў першым у «Западно-Русском Обществе»[67].

На жаль, для «западно-руссізма» супольны фронт Філевіча — Струвэ супроць беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня запазьніўся. Імпэрыялістычная вайна, а за ёй Лютаўская і Кастрычнікавая рэволюцыі разбурылі і разьвеялі той чорны стан, які кіраваў былой імпэрыяй цара і душыў народныя масы. На зьмену капіталізму, які, па справядліваму выразу Струвэ, «заўсёды размаўляў на расійскай мове», прышоў строй сацыялістычны, і ўсе прыгнечаныя раней нацыянальнасьці пачалі будаваць сваю культуру на родных мовах.

Разам са старой імпэрыяй разбурыўся і «западно-русский» лягер. Частка «западно-русских» культурных працаўнікоў, клясавая прырода якіх аказалася слабейшай за вывады лёгікі, якім інтарэсы маладой беларускай культуры былі важней за стары быт, перайшлі Рубікон і аддалі свае сілы служэньню новаму жыцьцю. Тыя-ж, кулацка-праваслаўная істота якіх аказалася мацнейшай за новыя ідэі, якія ў душы сваёй захавалі «цень вялікай недзялімай Расіі», тыя і для сучаснай творчай, соцыялістычнай эпохі зьбераглі свой «западно-русский» камень.

  1. Гл. Б. Веселовский «История земства», т. ІХ
  2. У. Ленін (В. Ульянов): Збор твораў, т. ІІ, стар. 132-133.
  3. М. Довнар-Запольский, ор. cit., стар. 40.
  4. М. Довнар-Запольский, ор. cit, стар. 41 і інш.
  5. Так, прыкл., хоць безьзямельныя складалі 48 проц. пакупцоў праз Сялянскі банк у Віцебску, аднак агульны лік іх пакупкі за 25 гадоў складаў 3 302 дзес., у той самы час сялян, якія ўладалі больш чым 10 дзес. на двор, было 22 проц., але купілі яны за гэты-ж час 12 936 дзес. Агулам — забясьпечанасьць сялян, што купілі зямлю праз Віцебскае аддзяленьне, была наступная: 60 гаспадароў — зусім безьзямельных і 11 198 гаспадароў, меўшых у сярэднім 7,7 дзес. («25-летняя деятельность Витебского отделения Крестьянского поземельного банка», изд. Губ. Стат. К-та, 1912, стар. 27-30).
  6. Н. Карпов «Аграрная политика Столыпина», 1925, стар. 112; паданыя лічбы аўтар узяў са «Статистики землевладения 1905 года. Свод даных по 50 губерниям Европейской России», Пецярбург, 1907. Приложение. Таблица № 24.
  7. Карпов, ор. cit., стар. 173.
  8. «Крестьянин», 1906, № 24
  9. «Крестьянин», 1906, № 36 — перадавіца аб прымусовай парцэляцыі зямель.
  10. «Крестьянин», 1906, № 36.
  11. «Речь члена Гос. Думы А. П. Сапунова, произнесенная 30 мая 1909 г. о необходимости изменения порядка выборов членов Гос. Совета от 9 зап. губерний», адбітак, стар. 10.
  12. «Окраины России», 1907, т. ІІ, стар. 507.
  13. «Крестьянин», 1906, № 42, стар. 663.
  14. «Окраины России», 1912. № 9. стар. 129. Основные идеи политики П. Столыпина относительно зап.-русских окраин».
  15. «Окраины России», 1912, № 9, стар. 131
  16. «Окраины России», 1907, стар. 645.
  17. «Крестьянин». 1910, № 32, стар. 499: «Интересный спор».
  18. «Крестьянин», 1909, № 19, стар. 281—282.
  19. «Крестьянин», 1906, № 48. Aб запісцы Корвін-Міленскага гл. таксама ў памянёнай вышэй прамове А. Сапунова 30 мая 1909 г.
  20. St. Kernpner, ор. cit., s. 138.
  21. «Крестьянин», 1909, № 19, стар. 282.
  22. «Окраины России», 1912, № 15, стар. 73—75.
  23. А. Владимиров «О русском землевладении в Сев.-Зап. крае»» стар. 64.
  24. Падобны ідэолёгічны адыход можна заўважыць ужо пры заснаваньні «Нашай Нівы» замест «Нашай Долі». Дыялектычная нямінучасьць падобнага зьявішча («разлом адзінага нацыянальнага фронту») з асаблівай яскравасьцю падкрэсьлілася далейшым разьвіцьцём руху і асабліва сучаснасьцю, калі ў Заходняй Беларусі зьявіліся беларускія нацыянальныя групоўкі сутна-буржуазнага і клерыкальна-фашысцкага зьместу.
  25. «Окраины России», 1907, т. ІІ. № 20: «Новый вид сепаратизма — белоруссофильство».
  26. «Изв. Акад. Наук», 1907, № 9, серия VI: Записка Н. А. Янчука об издании «Памятников белорусского языка и словесности» (заседание Отд. Русск. языка и словесности от 31.III.1907). Запіска Н. Янчука прапанавала: а) «перавыдаць творы беларускай народнай творчасьці ў старых і наогул рэдкіх запісах» і б) «выдаць спробы беларускай мастацкай літаратуры, пераважна першай паловы XIX в.». «Уважлівае вывучэньне жывое народнае мовы,— пісаў Н. Янчук,— можа натуральна прывесьці да пытаньня, ці ня можа гэтая мова зрабіцца мовай літаратурнай». Прапануючы выдаць 2 Томы твораў, аўтар лічыў патрэбным у 2-м томе даць агульны агляд беларускай літаратуры ў сувязі з гістарычнымі і бытавымі ўмовамі жыцьця краю; кожнаму пісьменьніку павінна была быць прысьвечана кароткая біографія. Янчук абяцае Акадэміі, у выпадку, калі яна згодзіцца, супрацоўніцтва ў гэтай справе Кракаўскай акадэміі, Ельскага. Гліогера (з Горадзеншчыны) ды інш. асоб. «Спадзяемся,— дакладаў Янчук,— што мінуў час, калі нас палохала польская абалонка беларускае мовы і з-за гэтае нацыянальнае звалкі мы гатовы былі ў кожным бяскрыўдным, праўдзівым творы бачыць польскую інтрыгу». Янчук ня зусім вытрымліваў проектаваны плян выданьня пісьменьнікаў першае паловы XIX в” бо ў ліку іх пералічаў Ельскага, Багушэвіча, Дыбоўскага, Марозіка, Няслухоўскага ды інш. Акадэмія Навук па запісцы Н. Янчука пастанавіла: «выразіўшы ў прынцыпе згоду на гэткае выданьне, прасіць аўтара запіскі прыслаць ён плян І-га тому».
  27. Гл. «Записку Академии Наук» (1905 г.) па гэтаму пытаньню, якую запіску склала камісія акад. Фортунатава, А. Шахматава, Ф. Корта і інш.
  28. «Окраины России», 1907, т. ІІ.
  29. «Окраины России», 1908, т. ІІІ, № 29-30, стар. 427.
  30. «Окраины России», 1908, т. ІІІ, стар. 428.
  31. «Окраины России», 1908. т. IV. стар. 430.
  32. Прынята ў програме зьезду о-ва «Крестьянин» 27-30 сьнежня 1908 году.
  33. «Окраины России», 1912, № 7, стар. 97: «Русские сепаратизмы» П. К.
  34. «Окраины России», 1912. .№ 2, стар. 17: «Русские сепаратизмы» (працяг).
  35. «Крестьянин», 1908, № 18. 24 мая: «Газета «Наша Ніва».
  36. «Крестьянин», 1909, 27 марта. № 4—5. верш: «Воскресителю Белоруссии» — газете «Наша Ніва».
  37. «Окраины России», 1912, № 2, гл. І., стар 18 і далей.
  38. Гл. «Предуведомление» І. І. Насовіча да яго працы: «Опыт краткого филологического наблюдения о белорусским наречии»; праца захоўваецца ў рукапісу ў Рукоп. отдел. Академии Наук СССР (І. І. 1.). Сваю прадмову Насовіч папісаў з прычыны зьмяшчэньня ў «Мосвитянине», 1843, № 8, часьць IV, артыкулу П. Кушына пад назвай «Гецики». У іншых (друкаваных) сваіх працах Насовіч таксама горача выступае супроць гіронічнага стасунку расійскае літаратуры да Беларусі, даводзячы, што за такую работу не падзякуюць аўтарам Шафарык, Срэзьнеўскі, Бадзянскі ды інш. дасьледчыкі славянскае справы.
  39. Н. Я. Никифоровский. 1845-1910 г.г, В. Стукаліч у «Записках Сев.-Зап. отдела Географ. О-ва», 1910, кн. 1, стар. 144.
  40. Ibid., стар. 138.
  41. В. Стукаліч «Краткая заметка о белорусском наречии», Витебск, 1895, стар. 6.
  42. «Витебск. Губ. Вед.», 1908, № 35 (цытанава па А. Шлюбскаму «Гістор.-этногр. нататкі», стар. 341)
  43. Л. Пыпин «История русской этнографии», т. IV, стар. 44.
  44. В. Стукаліч «Краткая заметка о белорусском наречии», стар. 19.
  45. «Крестьянин», 1912, № 38—39, стар. 577: «Белоруссы, держите высоко свое русское знамя!»
  46. «Крестьянин», 1909, № 29, стар. 442: «Нашай Ніве».
  47. Ад 27 да 30 сьнежня 1908 г. ў Вільні адбыпаўся зьезд т-ва «Крестьянин», якому кіраўнікі «западно-руссизма» надавалі вялікае значэньне. Згодна абвесткам, на зьезд было запрошана шмат прадстаўнікоў: сьвяшчэньнікаў, настаўнікаў, валасных пісараў, а таксама сялян. На зьезд прыбылі правыя дэпутаты Дзярж. Думы — Сазановіч. Замыслоўскі, Бывалькевіч. Чакалі вялікага посьпеху, а вышаў копфуз – зьезд раскалоўся і, ня гледзячы па шырокія абяцанкі, на старонках «Крестьянина» ня была дана справаздача аб ім. Раскол унесьлі галоўным чынам народныя настаўнікі, а таксама частка сялян, не кулакоў. У сувязі з расколам зьезду і адбылася організацыя «Белорусского Общества» (гл. «Крестьянин», № 1, 2-3, 1909)
  48. Пляцформа «Белорусского Общества» надрукавана ў газ «Речь», 1909, № 10. Тут яна цытавана па зборніку «Белорусский Учитель», вып. І, 1909.
  49. «Белорусский учитель», 1909, вып. І, стар. 40.
  50. Гл. аб ім — П. Коронкевич «Белоруссы, истор. очерк з обзором деятельности «Союза Белорусской Демократии», с картой и отзывом акад. Е. Карскага», Гомель, 1917.
  51. П. Коронкевич «Белоруссы», стар. 12.
  52. «Белоруссия и белоруссы» (читано в заседании Витебск. Ученой Архивной Комиссии 26 октября, 1910, асобны адбітак з «Витебских Губ. Ведомостей»)
  53. А. М. Сапунов «Речи в Гос. Думе 3-го созыва (по стенографическим отчетам), СПБ, 1912, стар. 37.
  54. У заснаваньні і дзейнасьці гэтага гуртка мы бачым найхарактарную блытаніну «западно-русских» тэндэнцый з нацыянальна-беларускімі. У той час як проф. А. Погодин ставіў гуртку задачу «падняць нацыянальную сьвядомасьць беларускага народу, бо няма культурнага разьвіцьця, калі няма ўсьведамленьня свае нацыянальнай самабытнасьці», проф. Карскі жадаў яму «улучшить благосостояние Белоруссии при тесном единении с русской культурой и наукой». Гл. «Белорусский научно-литературный кружок студентов СПБ. Университета», адб. са справаздачы Пецярбурскага у-ту за 1912 г.
  55. «Белорусский научно-лит. кружок студентов СПБ у-та», стар. 13-14.
  56. Шлюбскі «Гісторыка-этнографічныя нататкі», стар. 340-341.
  57. Гл. мой артыкул: «Аб саромлівых дапушчэньнях», «Полымя», 1927, № 3, стар. 148-159.
  58. Гл. маю брошуру: «Погляды П. Безсонова на беларускую справу», 1922.
  59. «Русская Мысль», 1911, кн. І, XVII, стар. 184-187; «Что-же такое Россия» (по поводу статьи В. Жаботинского) — Пётр Струвэ, «Русская Мысль», 1912, кн. І, XII, стар. 65-87; «Общерусская культура и украинский сепаратизм» — яго-ж.
  60. «Русская Мысль», 1911, стар. 184.
  61. «Р. М.», 1912, стар. 82—83.
  62. «Русская Мысль», 1911, стар. 185.
  63. «Р. М.», 1912, стар. 82.
  64. «Р. М.», 1912, стар. 84.
  65. «Р. М.». 1912, стар. 72.
  66. Гл. удзячныя радкі С. Щеголева ў яго працы: «Украинское движение как современный этап южно-русского сепаратизма», стар. 512-515. Кніга Щеголева вышла ў Кіеве ў 1912 г.
  67. Окраины России», 1912, № 5 — справаздача аб паседжаньні 10 лютага 1912 г.