Западно-руссизм/РАЗЬДЗЕЛ ПЕРШЫ

Западно-руссизм/Ад аўтара Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі
Аўтар: Аляксандар Цьвікевіч
1929
Крыніца: [1]
РАЗЬДЗЕЛ ДРУГІ

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пад «западно-руссизмом» мы разумеем тую плынь у гісторыі грамадзкай думкі на Беларусі, якая лічыла, што Беларусь не зьяўляецца краінай з асобнай нацыянальнай культурай і ня мае дзеля гэтага права на самастойнае культурнае і політычнае разьвіцьцё, але што яна зьяўляецца культурна і дзяржаўна часткай Расіі і таму павінна быць разглядана як адзін з яе сустаўных элемэнтаў. Прадстаўнікі гэтае плыні імкнуліся давесьці, што Беларусь як «Заходняя Расія» непадзельна зьвязана з цэлым — «адзінай вялікай Расіяй» і што беларусы як адно з славянскіх пляменьняў органічна ўваходзяць у склад «еднного русского народа».

На працягу XIX і пачатку XX веку «западно-руссизм» згуртаваў вакол сябе значны лік прыхільнікаў, выпрацаваў сваю ўласную ідэолёгію і ў гэтым сэнсе процістаўляў сябе плыні нацыянальна-беларускай. За мінулы час ён перажыў некалькі адценьняў і адмен, аднак заўсёды быў характарны паказанай ідэяй — служэньнем ідэалу адзінае Расіі і адпаведнымі русыфікатарскімі тэндэнцыямі ў стасунку да Беларусі. У гэтым сэнсе можна з упэўненасьцю разважаць аб «западно-руссах» як аб пэўнай гістарычнай школе, кіраванай суцэльным сьветаглядам і акрэсьленай тактыкай.

Узьнікненьне на Беларусі «западно-русской» плыні трэба аднесьці вельмі далёка, да тых часоў, калі побач з дзяржаўным узростам Расіі ў некаторых колах насельніцтва Беларусі, у першую чаргу сярод праваслаўнага і вуніяцкага духавенства, пачала ўзмацняцца думка, што Беларусь (тагачасная «Літва») ёсьць «Заходняя Русь» і што ў барацьбе з Польшчай яна павінна абаперціся на ўсход, на адзінаверную Маскву. Даволі выразна вызначылася гэтае апошняе імкненьне пасьля Замойскага сабору 1720 году, калі сярод вуніяцтва на Беларусі адбыўся раскол і калі частка вуніяцкіх правадыроў зьвярнула свае надзеі на Расію. Замойскі сабор, організаваны пад уплывам Рыму і жаданьня апошняга наблізіць вунію да каталіцызму, прыняў шэраг пастаноў аб скасаваньні шэрагу спэцыфічна вуніяцкіх адзнак у галіне літургійнай, а галоўнае—абрадавай. Вуніяцкія папы пасьля гэтага сабору павінны былі, на манер ксяндзоў, галіць бароды, насіць сутаны замест рас, прыняць кнігі рымскага друку, зьняць у сваіх царквох іконастасы, завесьці арганы, званочкі і г. д. Сярод вуніятаў пачалася з таго часу глухая барацьба: адны жадалі застацца «пры старыне», пры сваіх ранейшых звычаях і рытуалах, другія лічылі для сябе абавязковымі пастановы Замойскага сабору. Найбольш упартымі ў барацьбе былі тыя групы, якія ў старых звычаях і абрадах углядалі сувязь з уласнай гісторыяй, а нават нацыянальнасьцяй. Гэткімі былі стара-вуніяцкія прыходы ў Галіччыне, якія бачылі ў новым павароце спраў пагрозу вуніі з боку каталіцызму і захопніцкія пляны Польшчы [1].

Падобная стара-вуніяцкая партыя, праціўная Замойскім наватарствам, была і на Беларусі. Як вядома, вунія тут была старой мясцовай «мужыцкай верай» і мела здаўна вельмі адданых прыхільнікаў. Пры канцы XVIII веку, бачачы, як занепадае вунія пад націскам Рыму, правадыры яе на Беларусі ўсімі сіламі імкнуліся захаваць «старыну», прычым шчыра жадалі зьдзейсьніць «прымірэньне» паміж каталіцтвам і праваслаўем. Аднак, чым менш спробы іх удаваліся і чым больш упэўняліся яны ў намерах Рыму ліквідаваць вунію, тым больш схіліліся яны на бок Масквы ў надзеі, што пры яе падтрымцы здолеюць зьберагчы чыстату «уніяцкае рэлігіі. Масква заўсёды ахвотна ішла насустрач падобным надзеям і рабіла вуніятам усялякія падтрымкі, асабліва, калі знаходзіла ў гэтай падтрымцы магчымасьць чым-небудзь шахаваць Польшчу. Пацёмкін, адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў Кацярыны ІІ, вёў у гэтым сэнсе шырокую політычную гульню, выкарыстоўваючы для яе вядомага беларускага вуніяцкага дзеяча Лісоўскага і імкнучыся праз яго зьвязаць вуніяцкае пытаньне з пашырэньнем у Польшчы расійскіх уплываў[2]. Самая Кацярына ІІ нічога ня мела супроць гэтае гульні, бо ў пытаньні аб далучэньні Беларусі да Расійскае імпэрыі і ў пытаньні яе русыфікацыі мела даволі выразныя пляны. Ня гледзячы на спэцыяльныя загады аб захаваньні ўсіх асаблівасьцяй Беларусі пасьля падзелу Польшчы ў 1772 г., яна ў патаемных наказах сваім прадстаўніком тут выказвала ня раз жаданьне, каб між Беларусьсю і Расіяй «зьнікла грань «инородия» і каб гэтыя дрэўнія абшары рускія зрабіліся рускімі не адным толькі імем, але душою і сэрцам».[3]

Расійская політыка здаўна вельмі падазрона ставілася да «захаду» і змагалася супроць заходняга «лацінства». У 1727 г. смаленскі арх. Філафей пісаў у Сынод, што «смаленская шляхта пасылае сваіх дзяцей вучыцца ў лацінскія школы за літоўскі рубеж»[4]. Сынод адразу паведаміў аб гэтым Вярхоўны Тайны Савет, і 16 лютага 1728 г. быў напісаны «высочайший указ» Сыноду, каб «смаленскае шляхты дзяцей за рубеж у Польшчу для навук і ні для чаго ніяк ня пушчаць і абвясьціць гэтай шляхце, што калі яна сваіх дзяцей лацінскай і іншым мовам вучыць жадае, каб вучыла іх у расійскіх школах, паколькі гэткіх школ у Маскве і Кіеве немалы лік» [5].

Кацярына ІІ вельмі цьвёрда праводзіла гэтую думку. Яе палажэньне аб «главных и малых народных училищах», якія былі заведзены ў Полацкай і Магілёўскай губэрнях у 1789 г. «для народу, а не для шляхты», было дасканалым дапаўненьнем да распаўсюджаньня на Беларусі расійскіх законаў, да будаўніцтва тут праваслаўных цэркваў і інш. У 1791 г. «малыя расійскія школы» былі адкрыты ў павятовых гарадох Магілёўскага намесьніцтва — Воршы, Капысі, Мсьціслаўлі, Чэрыкаве і Чавусах, а ў 1794 г. адкрыта чатырохклясавая школа ў павятовым тады горадзе Полацкага намесьніцтва — Віцебску. Тыя прамовы, якія былі сказаны падчас адчыненьня школы ў Магілёве вядомым Георгіем Карскім, былі аднэй з праяў «цягі» праваслаўных і часткі вуніятаў у Беларусі — на Маскву[6].

Пытаньне аб тым, наколькі далёка ішлі ў гэтым сэнсе пляны Кацярыны II, у навуцы дакладна ня высьветлена. Ёсьць думка, што справа русыфікацыі далучаных тэрыторый, у тым ліку і Беларусі, здавалася ёй справай туманнае будучыні і што да зьдзейсьненьня яе яна не прыступала. Але з гэтым згадзіцца цяжка — ужо адзін факт аснаваньня на Беларусі памянёных вышэй «народных» школ сьведчыць пра адваротнае. Аб тым-жа сукосна сьведчыць і вядомае «насаждение» на Беларусі расійскай земляўласнасьці шляхам раздачы конфіскаваных польскіх маёнткаў кацярынінскім фаворытам. Праўда, далучэньне Беларусі да Расіі адбылося пры Кацярыне ІІ мэханічна, у сувязі з падзеламі Польшчы, галоўным чынам дзеля дзяржаўных, а не нацыянальных меркаваньняў, аднак нельга думаць, што ёй было ўсёроўна, у якім характары знаходзяцца далучаныя провінцыі да Расійскае дзяржавы. Напрыклад, гр. Безбародка, яе бліжэйшы супрацоўнік, ведаў, што «сяляне ў Літве і ў нас адзін язык і нравы ў суседзтве маюць» і што для таго, каб яны «абруселі і да далучэньня прывыклі», трэба пасылаць туды для вярхоўнага кіраўніцтва «не руссопётов і тому подобное», а людзей паважных, ад дзейнасьці якіх «выходило бы взаимное уважение»[7]. Сама Кацярына раней Безбародкі меркавала аб гэткім абрусеньні. У перапісцы з Грымам[8] яна заўсёды падкрэсьлівае, што далучэньнем Беларусі да Расіі яна не захапіла ніводнага кавалка польскае зямлі; «гэтага дурня Гэрцбэрга[9] варта пабіць», пісала яна Грыму, «ён столькі-ж ведае гісторыю, як мой папуга. Ён сьмее казаць, што Расія ніколі ня мела права заўладаць Полацкам»... «тым горадам, які яшчэ Уладзімерам І даны быў на ўдзел свайму старшаму сыну Ізяславу, старшыні роду князёў полацкіх. Літву ён аддаў другому сыну свайму, Сьвятаславу, які ня меў патомства. У 1386 г. пяты сын Альгерда, Ягельлён, або Якаў, прыняўшы лацінскую веру і жаніўшыся на Ядвізе, каралеве польскай, зрабіўся каралём польскім. Ен і аб'яднаў Літву з Польшчай. Гэтага ня ведае дурны і няпісьменны міністар. Гэты самаўпэўнены невук, тупы і цяжкі, як памэранскі бык, і ня думае нават, што ня толькі ў Полацку, але і ва ўсёй Літве ўсе справы ва ўсіх судох у XVII в. вяліся на рускай мове, што ў літоўскіх архівах усе акты напісаны рускімі літарамі на рускай мове, што гады азначаліся ад стварэньня сьвету па грэцкаму вылічэньню, што цэрквы іх былі звычайна будаваны алтаром на ўсход»[10] і г. д. Як бачым, Кацярына II даволі ведала гісторыю Беларусі і чытала аб ёй «лекцыі» прускаму ўраду. «Пры падзелах Польшчы,— піша яна ў другім месцы таму-ж Грыму,— я не атрымала ніводнага вяршка польскае зямлі, а ўзяла тое, што самі палякі называюць Чырвонаю Русьсю... Што датычыць Літвы, дык яна ніколі ня была Польшчай... Палякі — прадажныя, сапсаваныя, лёгкамысныя, дэспотычныя; яны ссуць кроў з сваіх падданых і плацяць ім за гэта вельмі мала — вось вам жывы портрэт палякаў, якія нават ня ведаюць, што ў мяне няма ніводнага вяршка польскай зямлі, і прапануюць мне польскую карону»[11].

Сваю політыку «распалячваньня» Беларусі Кацярына ІІ праводзіла і ў рэлігійным абсягу. У сувязі з сэкулярызацыяй у 1795 г. лішніх базыльянскіх манастыроў і скарыстаньнем іх фундушаў на організацыю епархіяльных сэмінарый на Беларусі яна пісала таму-ж Грыму: «Вуніяты і рымскае духавенства скардзяцца, што іх прасьледуюць. Справа ў тым, што рымскае духавенства ўвяло вунію ў Літву для таго, каб завабліваць праваслаўных. Тымчасам у мінулым годзе (1795) шмат вуніяцкіх прыходаў вярнулася да нашае праваслаўнае царквы. Зразумела, вуніяты паднялі тады лямант, бо іх духавенства апынулася бяз паствы».[12]

Эпоха цараваньня Паўла І была часам ліквідацыі мерапрыемстваў, задуманых Кацярынай ІІ. Хоць у 1799 г. і былі адчынены дзьве «малыя» расійскія школы ў Веліжы і Невелі, але разам з тым была закрыта школа ў Копысі, а Полацкае «галоўнае» вучылішча было рэформавана ў «малое». Зацікаўленасць расійскае політыкі да Беларусі ўсё больш спадала, і ўся справа асьветы зноў апынулася ў руках мясцовых духоўных ордэнаў — піараў, базыльян і інш. Была, як ведама, адноўлена на Беларусі сіла «Літоўскага Статуту». Падчас Аляксандра І пачаўся ўжо адваротны працэс — узмоцненай полёнізацыі Беларусі. Галоўную ролю ў гэтай справе адыгрываў заснаваны 24 студзеня 1803 году Віленскі унівэрсытэт на чале з куратарам акругі — кн. Ад. Чартарыскім. Гэта быў цікавейшы час у гістарычным жыцьці Беларусі, калі іменна ў сувязі з узростам культурных уплываў Польшчы ў тым-жа самым Віленскім унівэрсытэце сярод тагачаснай профэсуры беларускага пахаджэньня зарадзілася думка аб самастойнай прыродзе краіны і аб магчымасьці яе адраджэньня, незалежнага ад Польшчы і Расіі. У гэты час асабліва яскрава ўспыхнулі сярод мясцовага грамадзянства традыцыі былога княства Літоўскага — традыцыі, якія, зрэшты, ніколі не перарываліся ў Вільні з самога акту Люблінскай вуніі і якія перажылі ўсе падзелы Польшчы і захаваліся да паловы XIX веку. Толькі ў рэдкіх выпадках тагачаснае беларускае грамадзтва ў сваёй барацьбе з Польшчай абапіралася на Расію; а калі і абапіралася, дык не ідэёва, не з жаданьнем замяніць Польшчу на Расію, а каб пры дапамозе апошняй адбіцца ад надзвычайна моцных, экономічных, культурных і політычных уплываў польскіх і абараніць свае ўласныя, «літоўскія», інтарэсы. У першую чвэрць XIX в. мы яшчэ ня можам гаварыць аб «западно-руссизме» ў дакладным разуменьні гэтага слова.

«Западно-руссизм» упяршыню рэльефна зазначыўся і набыў сваю програму ў эпоху цараваньня Мікалая І, пры міністры Увараве, калі, па выразу Пакроўскага, «Расія трымалася як консэрв у гермэтычна закупоранай каробцы». Падчас змаганьня мікалаеўскага рэжыму з «духам рэволюцыі», падчас «эўропофобіі», якая тлумачылася «боязьню перад эўропэйскім капіталам, эўропэйскай буржуазіяй і буржуазна-дэмократычнымі ідэямі»,— у гэты час пачаў вырастаць і «западно-руссйзм» як адна з праяў гэтага змаганьня ў заходніх провінцыях імпэрыі. Галоўным прадстаўніком яе ў гэты час быў Іосіф Сямашка, украінец па паходжаньні, выхаванец Віленскага унівэрсытэту і выдатнейшы правадыр аб’яд- наньня вуніі з праваслаўем.

Роля Сямашкі ў разьвіцьці «западно-руссизма» — выключна важная. Яго можна лічыць сапраўдным «бацькам» гэтае школы, і толькі той факт, што сам ён не зьяўляецца беларусам, не дае нам магчымасьці заняцца дасьледваньнем яго дзейнасьці[13].

Апрача вуніяцкага пытаньня, якое дало найбольшы імпульс для разьвіцьця «западно-русской» ідэолёгіі, гэтаму разьвіцьцю дало мацнейшы штуршок першае польскае паўстаньне 1831 г. і зьвязаныя з ім падзеі. Калі ў орыентацыі беларускіх вуніятаў «на Маскву» мы зазначылі зацікаўленасьць, калі можна гэтак сказаць, больш «дыплёматычнага» характару, жаданьне абаперціся на Расію дзеля ўзмацаваньня веры сваіх дзядоў супроць ваяўнічага каталіцызму і толькі пры гэтым (г. ё. пры вуніі, а не пры праваслаўі) палепшыць матэрыяльнае і наогул экономічнае становішча свайго духавенства, дык цяпер, пасьля разгрому паўстаньня і пры нішчаньні «пальшчызны» на Беларусі, гэтая «западно-русская» орыентацыя набыла акрэсьлены экономічны грунт. Усё тое ў краі, што лічыла сябе не-палякамі, што было не-дваранскім, не-шляхецка-польскім, усё, што вяло барацьбу з польскімі культурнымі ўплывамі,— папы, паповічы, служылы люд, мяшчане па гарадох — усе яны былі экономічна зацікаўлены ў пасьпяховым правядзеньні барацьбы. Забарона польскае мовы і асьветы, забарона палякам паступаць на дзяржаўную службу і займаць лепшыя пасады, конфіскацыя маёнткаў польскіх памешчыкаў і іншыя мерапрыемствы, што мелі сваёй мэтай паслабіць сілу польскіх уплываў на Беларусі, адкрывалі найлепшыя пэрспэктывы перад усімі гэтымі мясцовымі людзьмі. Ходам справы яны павінны былі займаць месца выцісканага польскага элемэнту, а дзеля таго што права на падобнае заняцьце давала расійская ўлада і яе політыка, давала, агулам кажучы, «праваслаўная царская Масква», дык тут-то і вытыркала экономічная сутнасьць «западно-русской» ідэалёгіі.

Чым больш завастралася барацьба расійскага царызму з «пальшчызна?!» у заходніх губэрнях, тым больш грунту было для ўзмацаваньня «западно-русской» плыні. Аднак, дзеля таго што сутнадваранская політыка Мікалая І не пашла далёка ў зьнішчэньні польскага памешчыка на Беларусі дый, з прычыны клясавай солідарнасьці з ім, гэтым шляхам пайсьці не магла, «западно-руссизм» не разьвінуўся тады ў належным выглядзе. Носьбітамі і прадстаўнікамі яго былі занадта «дробныя людзі» і ніколі буйныя магнаты, нават ня проста дваране, памешчыкі; таму яны і не маглі атрымаць сабе прызнаньня ў Расіі Мікалая І. Адно толькі грунт для «западно-руссизма», як мы казалі, стварыўся вельмі спагадны. Разгром організаванай польскай фізычнай сілы ў выглядзе польскіх войскаў, закрыцьцё Віленскага унівэрсытэту, ліквідацыя вуніі ў 1839 г., спыненьне «Літоўскага Статуту» ў 1840 г. і замена яго агульна расійскімі законамі, урэшце, працяглая дзейнасьць сакрэтнага «Западного Комитета», якому была пастаўлена мэта «прыраўнаць заходнія губэрні, ад Польшчы далучаныя, ва ўсіх адносінах да ўнутраных вялікарасійскіх губэрняў»,— усё гэта расчысьціла шлях перад «западноруссизмом». У запісках і проектах, якія пасыпаліся тады ў «Западный Комитет» ад губэрнатараў з беларускіх і украінскіх губэрань, а таксама ад розных «спачувацеляў» справы, ясна ўжо гаворыцца, што Беларусь разам з Літвой зьяўляецца «дрэўнай Славяніяй», якая «однородна» з Вялікарасіяй па мове і веры, і што гэтае «адзінства мовы і законаў родзіць адзінства пачуцьця і паняцьцяў, без якіх няма трываласьці ў існаваньні народным»[14].

Большасць першых «западно-руссов» выхавалася ласьне ў гэтую эпоху, калі ўпяршыню быў выкінуты знамяніты ўвараўскі лёзунг аб «православии, самодержавии и русской народности» і калі па загаду Мікалая І было закрэсьлена нават самае імя Беларусі[15].

Урэшце, апошнім этапам разьвіцьця «западно-русской» школы былі 60-я і 70-я гады мінулага веку, другое польскае паўстаньне і гвалтоўная політыка М. Муравьёва. У гэтыя гады «западно-руссизм» набыў сваё ўласнае імя і падвёў пад сваю політычную программу нібыта навуковы фундамент. Далейшае разьвіцьцё яго пад час рэакцыі Аляксандра III і Мікалая II пайшло ўжо бяз значных перапынкаў і дакацілася да сучаснае эпохі — імпэрыялістычнае вайны і рэвалюцыі.

На працягу гэтай доўгай гісторыі «западно-руссизм» вырас у вагромністую політычную сілу, якая затрымлівала разьвіцьцё беларускага культурнага адраджэньня і якая гэтак цяжка падбівала разьвіцьцё беларускай вызваленчай ідэі нават на нашых вачох. У пэўным разуменьні яна зьявілася антытэзай сілам полёнізуючым, якія ішлі на Беларусь з захаду і якія намагаліся тэорыяй і практыкай давесьці, што Беларусь ёсьць часьць Польшчы і што беларуская народная культура ёсьць сваяадменная польская культура. «Западно-руссизм» ласьне і змагаўся супроць гэтай тэндэнцыі, але ў інтарэсах не Беларусі, а «Вялікае Расіі». У гэтым сэнсе культурная гісторыя Беларусі ў XIX-XX стст. і была выражэньнем узаемнае барацьбы русыфікацыйных і полёнізуючых начал за гегемонію ў Беларусі. Дасьледваньне прыроды і гісторыі «западно-руссизма» зьяўляецца, на наш погляд, амаль такім-жа абавязковым, як і дасьледваньне разьвіцьця самога беларускага руху. Ен складае адмоўны бок агульнага процэсу гісторыі культуры на Беларусі, творыць адзін з яе элемэнтаў і ў гэтым сэнсе дае нам шмат чаго да разуменьня беларускага мінулага.

Пры гэтым мусім зазначыць, што для мэт нашага дасьледваньня пераважнае значэньне мецьме агляд ня ўсіх дзеячоў «западно-русской» ідэолёгіі і ня ўсіх русыфікацыйных уплываў. Нас будуць цікавіць пераважна толькі тыя зьявы, якія выходзілі і нараджаліся ў самой Беларусі, а таксама толькі тыя іх прадстаўнікі, якія былі этнографічна, ці, як кажуць, «тэрытарыяльна», беларусамі. Бо толькі апіраючыся на іх, можна сачыць за зьместам грамадзкіх рухаў на Беларусі ў мінулыя гады, за разьвіцьцём яе грамадзкай мысьлі і разам з тым, толькі дасьледуючы іх псыхолёгію, можна рабіць плённыя вывады і абагуленьні ў стасунку да культурнае гісторыі нашае краіны наогул.

  1. Гл. Е. Цікоцкі «Dzeje kosciola unieckego na Litwie i Rusi w XVIII i XIX w.w.», 1906, ч. ІІ, st. 38 і далей.
  2. М. Каяловіч называе політыку Пацёмкіна «дурачеством», але гэта ня зусім справядліва; гл. «К предстоящему 50-летию воссоединения западно-русских униятов», асоб. адб., стар. 26, тут-жа літаратура аб гэтай цёмнай справе.
  3. Чтение Моск. О-ва истории и древностей, 1866, кн. І, смесь.
  4. Полн. собр. пост. и распор. по ведомству Прав. Исповед., № 2119.
  5. Ibid., №2107
  6. Сборник материалов для истории просвещення в России, т. I—III («Учебные заведення в Западных губерниях, 1783—1807»).
  7. Сборник Русск. Истор. О-ва, т. XVI, стар. 60—письмо гр. Безбородко кн. Репнину о мерах обращения с завоеванными провинциями
  8. Мэльхіёр Грым, нямецкі літаратар і сябра Дзідро, быў прыяцелем Кацярыны ІІ. Лісты яе (на французскай мове) апублікаваны ў Сборнике Русского Истор. О-ва, т. XXIII.
  9. 3 Прускі дзяржаўны міністар у 1795 г.
  10. Сборник. Русск. Истор. О-ва, т. XXIII, № 238, стар. 620.
  11. Ibid., № 248.
  12. Сборник Русск. Истор. О-ва, т. XXIII, № 247
  13. Ва ўмацаваньні «западно-русского» разуменьня Беларусі выдатнейшае значэньне мелі тры вядомыя «запіскі» Іосіфа Сямашкі: першая — ад 5 лістапада 1827 г. на імя міністра асьветы Шышкова, дзе вылажаны соцыяльныя, экономічныя і політычныя патрэбы аб’яднаньня вуніі з праваслаўем; другая — ад 30 верасьня 1830 г. Мікалаю І і трэцяя — ад 26 лютага 1859 г. Аляксандру ІІ аб патрэбах і формах змаганьня з полёнізмам у Беларусі. Гэтымі запіскамі І. Сямашкі цалкам быў падрыхтаваны грунт для «западно-русской» школы з сярэдзіны мінулага веку, ад якога часу мы і пачынаем свае і рысы.
  14. «Чтения», 1866, кн І, стар. 103 -«О необходимости уничтожения отдельных прав в губерниях от Польши присоединенных»
  15. Гл. «Городские поселения в Российской империи», т. ІІ, СПБ, 1863: 18 ЛІПНЯ 1810 г. пры выпадку, калі яму трэба было падпісаць указ, у якім паміналіся губэрні Беларускія, Мікалай І, закрэсьліўшы назву «Беларускія», загадаў перапісаць указ з найменьнем кожнай губэрні — Віцебскай і Магілёўскай — паасобку; пры гэтым надпісаў уласнай рукой рэзолюцыю: «правила сего держаться и впредь, никогда иначе не прописывая, как поименно губернии». Цікава, аднак, што ў справаводзтве Сэнату назва «белорусские губернии» захавалася, ня гледзячы на загад Мікалая І і пазьнейшыя забароны, на працягу ўсяго стагоддзя да 1893 г (гл. загад Сэнату мін. унутр, спраў ад 12 чэрвеня 1891 г. аб выкупных актах у губэрнях «северо-западных и белорусских»; С. Рубинштейн «Хронологический указатель указов и правительственных распоряжений по губерниям Западной России» за 240 лет — с 1652 по 1892 год», СПБ, 1894, стар. 819)