Западно-руссизм/РАЗЬДЗЕЛ СЁМЫ

РАЗЬДЗЕЛ ШОСТЫ Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі
Аўтар: Аляксандар Цьвікевіч
1929
Крыніца: [1]
РАЗЬДЗЕЛ ВОСЬМЫ

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Эпоха грамадзкага заняпаду на Беларусі, якая цягнулася на працягу амаль дваццаці год, пачынаючы з другой паловы 60-х гадоў, і якая тлумачылася тым, што расійскі і польскі капітал, перажываючы пачатковую стадыю свайго накапленьня, быў заняты апанаваньнем свайго ўнутранага цэнтральна-расійскага і карэнна-польскага рынку, у 80-х гадох прыходзіць к канцу.

З гэтага моманту ў жыцьці Беларусі пачынаецца новы пэрыод, у які яна нанова робіцца об’ектам барацьбы паміж Расіяй і Польшчай як тая «окраина» або тыя «крэсы», дзе павінен быў канчаткова замацавацца або расійскі або польскі капітал[1].

Расійская тэкстыльная прамысловасьць, зьяўляючыся даволі высока разьвітай у капіталістычным сэнсе, цалкам ужо захапіла ўнутраныя губэрні старой імпэрыі, і буйныя мануфактуры цэнтральнапрамысловага раёну прымушаны былі шукаць сабе рынкаў на тэрыторыі суседніх краін — Новаросіі, Паўднёвым Усходзе, на Заваложжы, Паўночным Каўказе, Сібіры, Туркестане і г. д. Так зв. «окраины» Расіі пачалі ў 80-90-х гадох адыгрываць ролю «колёній» Масквы — тых самых «колёній», якія політычна былі падбіты ўладай расійскіх цароў некалькі стагодзьдзяў таму назад, але экономічная заваёва якіх і экономічнае «аб'яднаным» з Расіяй пачалося толькі цяпер[2].

Побач з экономічнай заваёвай «окраин» адбывалася і культурнае іх заваяваньне, прычым праніканьне ў гэтыя краіны расійскай культуры шляхам гвалтоўнага зьнішчэньня ўсіх мясцовых адзнак павінна было расчышчаць тут дарогу расійскаму капіталу. У гэтым быў сэнс нацыяналістычнай тполітыкі Аляксандра III і таго «культуркампфа», тае барацьбы за «адзіную рускую культуру», якая ўзмоцненым тэмпам пачала праводзіцца на «окраинах» іменна пры канцы XIX стагодзьдзя.

У ліку іншых «окраин» Расіі апынулася ў гэты пэрыод і Беларусь. Хоць дзяржаўнае далучэньне яе да імпэрыі адбылося яшчэ ў канцы XVIII ст., аднак за сто год, што мінулі з тае пары, Беларусь экономічна жыла асобным ад Расіі жыцьцём і была больш зьвязана з Польшчай[3]. Сваёй натуральнай гаспадаркай яна здавольвала большасьць сваіх патрэб: адзеньне, абутак, рэчы хатняга ўжытку, шкляное начыньне, нават жалезныя вырабы вырабляліся тут-жа на месцы[4]. Толькі нялічаныя колёніяльныя тавары ды прадметы раскошы загранічнага нахаджэньня прывозіліся сюды нялічнымі яўрэйскімі і польскімі экспортэрамі з Заходняй Эўропы. Дзякуючы гэтаму становішчу Беларусь і ў культурным сэнсе захоўвала сваё ўласнае аблічча: разам з тканінай, сьвіткай і міскай народнага мясцовага вырабу захоўваліся і беларускія нацыянальныя сьпевы, і беларускія скокі. Горад і гарадзкая капіталістычная культура ў слабой ступені прасочваліся ў тоўшчу беларускага краёвага жыцьця.

Пры канцы XIX ст. становішча пачало рэзка зьмяняцца. Капітал, у першую чаргу расійскі, у выглядзе масавага фабрычнага вырабу пачаў у гэты пэрыод грунтоўна выціскаць на Беларусі выраб дамовы, пабіваючы яго і таннай цаной, і вялізнай колькасьцю. Гандлёвы капітал зьвязаў Беларусь з самымі далёкімі тэрыторыямі, а чыгункі спалучылі яе з Расіяй у адно суцэльнае, наблізіўшы насельніцтва краіны ўсутыч да расійскай фабрыкі і заводу. Дзякуючы сваёй экономічнай адсталасьці Беларусь мусіла абярнуцца ва ўнутрана-дзяржаўную расійскую колёнію, у той экономічны hinter land, які павінен быў насычвацца продукцыяй цэнтральна-прамысловага раёну Расіі.

У сувязі з экономічнай заваёвай Беларусі пачалася і ліквідацыя яе старога патрыярхальнага быту, які трымаўся яшчэ ад часоў прыгону. Капіталізм, пранікаючы ў край, насычваючы ўсе бакі яго жыцьця, захапляючы земляробства, нішчыць старыя формы гэтага быту. «Мядзьведжыя куты і захалусьці пачынаюць зьяўляцца цяпер ужо выключэньнем і з кожным днём робяцца ўсё больш і больш антыкварнай рэдкасьцю, зямляўласьнік хутчэй і хутчэй абяртаецца ў прамыслоўца, які падпарадкаваны агульным законам вытворчасьці»[5]. Удасканаленыя шляхі зносін, па выразу Адама Сьміта, імкнуцца наблізіць кожную вёску да гораду. Архаізм у народнай гаспадарцы краіны паволі зьнікае: сальная сьвечка замяняецца бакінскай газай, беларуская магерка — маскоўскім картузом, жаночы андарак — фабрычнай сукенкай. Разам з імі паволі пачынаюць стушоўвацца зыркія перад тым беларускія нацыянальныя звычаі і абрады: старадаўняе вясельле, сьвяты купальля, беларуская дуда — усё гэта адціскаецца нарастаючым расійскім капіталізмам усё далей на вёску, у найбольш глухія куты. Жальбаў на падобнае зьявішча мы сустракаем нямала ў беларускіх этнографаў таго часу.

Беларусь робіцца звычайнай колёніяй Расіі. Два варункі, характарныя для колёніі, маюцца тут у наяўнасьці: незанятыя, свабодныя для колёнізацыі землі ў выглядзе вялізарнейшых абшараў беларускага Палесься, якія расійскі ўрад пачаў прыводзіць да парадку шляхам генэральнай асушкі (экспэдыцыі ген. Жылінскага і інш.), а затым наяўнасьць гэткіх экономічных абставін, пры якіх Беларусь мусіла заставацца аграрнай краінай — вырабляла сельскагаспадарчы продукт і атрымлівала гатовы выраб прамысловасьці. У сваім сэнсе яна была тэй-жа «дзікай Башкірыяй», колёнізацыю якой гэтак маляўніча апісаў Рэмізаў у сваёй працы «Очерки жизни дикой Башкирии», у якой колёнізатары нішчылі ўпень карабельныя лясы і абярталі «ачышчаныя ад дзікіх башкіраў» палі ў «пшанічныя фабрыкі». Толькі малюнак гэты па прыродных варунках быў тут крыху іншым.

Цікава, што расійскія колёнізацыйныя імкненьні ў кірунку Беларусі ясна вызначаліся ня толькі ў практычным жыцьці, ня толькі ў факце штодзённага захвату расійскім капіталам беларускага экономічнага жыцьця, але і ў літаратуры. Так, напрыклад, вядомы расійскі соцыолёг С. Южаков у 1886 годзе акрэсьлена прапаведваў колёнізацыйны паход на Беларусь, тлумачачы яго патрэбу інтарэсамі расійскай дзяржаўнай гаспадаркі[6]. «Колёнізацыя Палесься,— кажа ён, разумеючы пад «Палесьсем» наогул увесь беларускі этпографічны абшар,— належыць да ліку самых важнейшых заданьняў нашай унутранай экономічнай політыкі. У экономічных адносінах гэты вялізны край ад Бальтыйкага мора да аўстрыяцкае мяжы зьяўляецца пустэчай, вельмі рэдка паселенай, вельмі слаба культываванай, бяз жаднай прамысловасьці; экономічна ён зьяўляецца аномаліяй і шкодна адбіваецца на экономічным разьвіцьці Расіі». Каб пазбавіцца гэтае шкоднасьці, Расія павінна колёнізаваць Беларусь з усходу, а Польшча з захаду — гэткі быў вывад популярнага вучонага.

Колёнізацыя Беларусі расійскім капіталам вызначалася пры канцы XIX веку ў самых рознастайных формах: у форме гандлёвых зносін мясцовых фірм з Масквой, у форме адкрыцьця на Беларусі аддзяленьняў маскоўскіх і пецярбурскіх банкаў і банкірскіх кантор, у буйным разьвіцьці чыгунак, у буйным дзяржаўным будаўніцтве — ня толькі чыста экономічным, але і стратэгічным, ва ўсё большым наплыве на Беларусь расійскага войска і чынавенства і, урэшце, у надзвычайна шпаркім узросьце расійскае школы і асьветы наогул.

Разьвіцьцё фабрычнае прамысловасьці ў 90-х гадох у параўнаньні з 60-мі гадамі вырасла амаль у тры разы: лік рабочых з 1866 г. павялічыўся ў 1897 г. з 23 тысяч чал. да 560 тысяч, а сума вытворчасьці — з 19 мільёнаў да 60 мільёнаў. Асабліва шпарка дзякуючы прыродным умовам Беларусі пачала разьвівацца прамысловасьць па апрацоўцы дрэва: у той час як у 1866 г. гэтая галіна народнае гаспадаркі займала толькі 1,7 проц. усяго ліку рабочых, у 1897 г. яна займала ўжо 12,7 проц.[7] У пяць разоў вырасла хэмічная прамысловасьць (процантныя адносіны ліку рабочых для паказных гадоў — 1,0 проц.— 15,7 проц.), табачная — фабрыка Горадзенскага раёну (з 0,7 проц.— 6,4 проц.), поліграфічная (2,3 проц.— 5,6 проц.) і г. д. У сувязі з хуткім разьвіцьцём дрэваапрацоўчай прамысловасьці, а таксама высокімі цэнамі на лес на загранічных рынках у 90-х гадох наглядаецца ўкладаньне вялізных капіталаў у лясныя распрацоўкі на Беларусі.

Чыгункі, якія ў папярэдні пэрыод пакрылі густой сеткай Беларусь, разьвіваліся ўсё больш, праразаючы край з поўначы на поўдзень і з усходу на захад, і пачалі ў разгляданы пэрыод даваць належны экономічны эфэкт у таварным і пасажырскім звароце. Мясцовы беларускі рынак усё больш ажыўляўся і зьвязваўся праз іх з галоўнымі цэнтрамі імпэрыі. Шосавае будаўніцтва паставіла Беларусь у 90-х гадох на першае пасьля Польшчы месца ў імпэрыі: так, напрыклад, Горадзенская і Віленская губэрні былі забясьпечаны шосамі ў 130 клм. Па 10 тыс. насельніцтва (65 клм. на 100 кв. клм. тэрыторыі) тады, як рэшта эўропэйскай Расіі мела забясьпечанасьці 33 клм. на 10 тыс. насельніцтва (8 клм. на 100 кв. клм. Тэрыторыі[8]).

Побач з экономічнай колёнізацыяй адбываўся націск культуры. Расійская школа і кніга зьяўляліся ў даным выпадку натуральным саюзьнікам расійскага капіталу і яго правадніком на Беларусі ня менш, як расійская адміністрацыя[9]. Пасьля заняпаду 70-х гадоў, калі расійская асьвета ў краі ня толькі не разьвівалася, а ў некаторых выпадках нават скарачалася, буйнае разьвіцьцё яе ў канцы стагодзьдзя асабліва кідаецца ў вочы. Прымаючы пад увагу патрэбу хутчэйшае русіфікацыі Беларусі, тут пачынае насаджвацца ў вялізным ліку так званая «царкоўна-прыходзкая» школа, якая была пад загадам Сыноду і служыла мэтам ураду пры дапамозе мацнейшага яго засабу — праваслаўя. З табліцы (гл. стар. 245) яскрава відаць гэты буйны рост школ[10].

Што датычыць Віленскай губэрні, дык за 4 гады — з 1884 на 1888 г.— лік царкоўнапрыходзкіх школ вырас тут з 4 да 352.

Па Горадзенскай губ. адносны лік народных (міністэрскіх) школ да ліку царкоўнапрыходзкіх быў наступны[11]

Гады Народных школ Царкоўнапрыходзкіх школ
1891 299 534
1892 300 556
1901 326 1.295

Канфэсіянальны характар народнае асьветы на Беларусі у тыя гады быў фактам агульнавядомым — нічога падобнага ў іншых частках старой імпэрыі ня было.

З гэтых даных відаць, што царкоўнапрыходзкіх школ у трох беларускіх губэрнях — Менскай, Віцебскай і Магілёўскай — у пачатку XX ст. было 4 260, г. зн. у чатыры з лішкам разы болей, чым школ міністэрскіх (народных), якіх было толькі 1009. Вучняў у царкоўнапрыходзкіх школах было ў гэты час 110 640 чал.— амаль у два разы больш, чым у народных (69 704 чал.). Усяго пры канцы веку (1899 год) на Беларусі толькі ў трох памянёных губэрнях было звыш 5 тысяч ніжэйшых школ (міністэрскіх і сынодзкіх) з агульным лікам 180 тысяч вучняў. Гэтыя лічбы сьведчылі ўжо аб даволі высокім стане народнай асьветы — у стасунку да ўсяго насельніцтва лік вучняў складаў звыш 3 проц.

Губерні Гады Мін Нар. Асьветы Сынодальных Разам

школ вучняў школ вучняў школ вучняў

Віцебская 1880 168 6185 168 6185

1895 731 17436 632 12238 1063 29674 
1899 430 22924 786 20398 1216 43322 

Менская 1880 184 13911 --184 13911

1895 321 20917 1368 26474 1689 47391 
1899 323 27355 1774 42093 2098 69448 

Магілёўская 1880 353 7410 --535 7410

1895 248 16002 1606 38084 1848 54 086 
1899 256 19425 1700 48149 1956 67 574 


Раўняючы гэтыя лічбы з тым, што было ў 60-70-х гадох, можна бачыць, як далёка пасунулася наперад Беларусь у сэнсе расійскае асьветы ў апошняе дваццацігодзьдзе. У той час як у 1869 годзе вучняў народных міністэрскіх школ было ва ўсіх губэрнях Віленскае навучальнае акругі 63 463 чал., у 1880 г. іх было ўжо 74 445 чал., а ў 1899 г.— 121522 чал.[12]. Прымаючы пад увагу, што ў царкоўнапрыходзкіх школах было вучняў у два разы больш, можна лічыць, што пры пачатку ХХ ст. па чатырох беларускіх губэрнях (Віленскай, Горадзенскай, Менскай і Магілёўскай) ва ўсіх ніжэйшых школах — народных і царкоўных — было звыш 300 000 чал. вучняў.

Сярэдняя школа расла ня так шпарка; яна была значна даражэйшай, а русіфікацыйнае значэньне яе было параўнаўча меншае. Аднак і тут у 90-х гадох можна было заўважыць поступ: у той час як у 1869 годзе на Беларусі ў межах Віленскай вуч. акругі было 16 сярэдніх школ (9 гімназій, 4 рэальных школы і 3 прогімназіі), у 1899 г. іх было 20 (гімназій — 10, рэальных вучылішчаў — 7 і прогімназій — 3). Да гэтага ліку прыбавіліся 3 жаночыя гімназіі, якіх у 60-х гадох зусім ня было[13].

Побач з павялічэньнем школ і ліку вучняў ішла кваліфікацыя настаўніцкага пэрсоналу: у 60-70-х гадох настаўнікамі ў народных школах былі людзі без спэцыяльнай асьветы; у 1899 г. настаўнікаў, атрымаўшых спэцыяльную падрыхтоўку, было ў сярэднім 30-35 проц. агульнага ліку[14].

Выкліканае разьвіцьцём капіталізму павялічэньне насельніцтва гарадоў Беларусі ў разгляданы пэрыод мела свае вынікі і ў кірунку асьветным. Згодна палажэньня аб гарадзкіх школах 31 мая 1872 г., гарадом было дана права адчыняць на свой кошт новыя, так званыя «гарадзкія вучылішчы»; для гэтага трэба было толькі адно — забясьпечыць іх памяшканьнем. Аднак да пачатку 80-х гадоў на Беларусі не знайшлося ніводнага гораду, які пажадаў-бы скарыстаць гэтае права і толькі з пачаткам 80-х гадоў справа пачала зьмяняцца: ініцыятыву ўзяў Магілёў, за ім пашоў Менск, Дзьвінск, Барысаў і г. д. У 1888 г. на Беларусі было ўжо 13 гарадзкіх вучылішчаў, а ў 1899 г.— 21. Побач з імі ў гэты час вырасла 216 так званых «уездных вучылішчаў» — нешта сярэдняе паміж народнай школай і гімназіяй.

Пачала разьвівацца ў гэты пэрыод на Беларусі і бібліотэчная справа. Так, напрыклад, у Віцебску ў 1896 г. было ўжо 2 публічных бібліотэкі і 14 бібліотэк пры кніжных крамах гораду і яго губэрні, а ў 1899 г.— 7 самастойных бібліотэк і 19 пры кніжных крамах. На Магілёўшчыне ў 1899 г. было 23 самастойных бібліотэкі і 11 пры кніжных крамах. Адпаведна гэтаму павялічыўся лік самых кніжных крам і друкарань. Урэшце, вялікі лік кніжных кіёскаў пачаў узьнікаць на чыгункавых станцыях. Расійская кніга, журнал і газэта шырокай ракой паліліся на Беларусь.

Рост прамысловасьці, буйнае дзяржаўнае будаўніцтва, разьвіцьцё расійскае асьветы на Беларусі і г. д.— усё гэта паказвала, што капітал усё больш і ўсё глыбей захапляў у тыя часы наш край і грунтоўна перарабляў усю фізыономію тутэйшага жыцьця. Асабліва гэта датычыць беларускага гораду як асяродзьдзя культуры краю: пры канцы XIX ст. беларускі горад быў ужо цалкам русіфікаваны.

Пры ўсім тым Беларусь усё яшчэ заставалася пераважна аграрнай краінай і зямля, сялянская гаспадарка і памешчыцкі двор адыгрывалі ў яе агульным жыцьці, як і раней, першарадную ролю.

Польскі памешчыцкі двор на Беларусі перажываў у тыя часы надзвычайна цяжкі крызіс. Зьявішча гэтае было, зрэшты, агульным для ўсёй імпэрыі. Пасьля рэформы 1861 г. дваранская зямляўласнасьць, зрушаная са старой прыгоннай асновы, страціла ранейшую стабільнасьць і пачала хістацца. Аднак на працягу 60-70-х гадоў яна яшчэ даволі трымалася, бо вызваленьне сялян не дало тых руйнуючых вынікаў, як гэтага баяліся некаторыя сучасьнікі. Трымалася памешчыцкая гаспадарка і на Беларусі, ня гледзячы нават на адміністрацыйна-паліцэйскія меры барацьбы з ёй расійскага ўраду. Заняпад яе, які наглядаўся ў пэрыод 70-х гадоў і які мы апісалі вышэй, быў хутчэй выразам тэхнічнай адсталасьці і зьмяншэньнем політычнае ролі маёнткаў дзякуючы нараджэньню новай буржуазнай Польшчы. Польскі памешчыцкі двор на Беларусі ў той час замкнуўся, як мы паказалі, у самым сабе, трымаўся «старасьветчынай» і ў гэтым сваяадменным анабіозе захоўваў сябе.

У 80-х і пачатку 90-х гадоў адбыліся зьмены ў бок горшага. Аграрны крызіс, які захапіў цяпер імпэрыю і які тлумачыўся тым, што на эйропэйскім рынку зьявілася канадзкая пшаніца і цэны на хлеб — галоўны экспортны продукт сельскае гаспадаркі Расіі — значна зьменшыліся, выклікаў катастрофічнае зьмяншэньне цэн на зямлю і наогул на продукцыю памешчыцкага двара. Пачынаецца, па выразу Папоўскага, «жудаснае аскудзеньне памешчыкаў» і атака з іхнага боку расійскае ўлады. Пасьля вялікага неўраджаю і голаду 1891-92 г. пэтыцыі аб дапамозе дваранскаму зямляўласьніцтву плоймаю пасыпаліся ў Пецярбург. Перапалоханае масавай ліквідацыяй сваіх маёнткаў і прыпісваючы пагрозу сваёй сацыяльнай сьмерці адмене прыгоннай залежнасьці сялянства, памешчыцкая кляса запатрабавала ад «сваёй» улады безадкладнай дапамогі. У Расіі гэтая дапамога была дана памешчыцкай гаспадарцы сапраўды ў тэрміновым парадку і ў такім вялізным маштабе, які надоўга падарваў фінансавыя магчымасьці дзяржавы. Было організавана спэцыяльнае міністэрства, у 1895-1896 г. дзяржаўны пазямельны падатак зьменшаны на 10 год на 50 проц., зьменшаны былі ўсялякія пошліны пры продажу зямлі, былі ўстаноўлены нячуваныя палёгкі буйным маёнткам у справе выганкі сьпірту, на чым дзяржава, па вылічэньнях фінансістых[15], за 27 апошніх год XIX ст. недаатрымала ад памешчыцкіх гаспадарак 400 мільёнаў руб., былі адкрыты вялізныя вэксэльныя крэдыты для дваран у дзяржаўным банку, праводзіўся цэлы шэраг штучных мерапрыемстваў для ўтрыманьня на ўнутраным рынку высокіх цэн на хлеб і г. д. Адным словам, уся фінансавая сыстэма вялікай царскай імпэрыі была мобілізавана, каб уратаваць клясу дваран-памешчыкаў. Няма чаго і казаць, што гэткая політыка царызму адбывалася за кошт селяніна-бедняка, які ў галодныя гады быў кінуты ў процьму матэрыяльнай бяды і нэндзы. Мільённыя масы народу ў гэты пэрыод апынуліся на апошняй ступені матэрыяльнай незабясьпечанасьці.

І ўсё-ж такі, ня гледзячы на ўсе захады клясавае дваранскае політыкі, плошча памешчыцкае зямляўласнасьці ў гэты пэрыод пачала значна скарачацца. Па Беларусі становішча было тое самае, з тэй толькі адзнакай, што мясцовы памешчык — паляк па нацыянальнасьці — на ўсе спосабы мусіў трымацца зямлі, каб ня быць выкінутым зусім з каляіны краёвага жыцьця. Хоць у параўнаньні з рэштай Расіі скарачэньне памешчыцкай гаспадаркі на Беларусі было меншае, аднак з начаткам 90-х гадоў яно набыло таксама катастрофічны характар. Вось даныя аб паменшаным дваранскіх маёнткаў па пяцёх беларускіх губэрнях за апошнія 20 гадоў XIX ст. у процантах да ўсёй прыватнай зямляўласнасьці[16] (гл. стар. 249).

Губэрні 1877 г. 1887 г. 1897 г.

Віцебская 83,5 82,4 64,2

Менская 93,4 93,2 79,4

Магілёўская 89,6 82,3 70,0

Тыя ж самыя лічбы даюць Віленская і Горадзенская губэрні. Аднак заўважана, што там, дзе польскі памешчыцкі элемент быў мацнейшы, там менш зямлі выкідалася на рынак. Так было, як мы бачым з паданай табліцы, у Менскай губ., так было і ў Вілейскай і Горадзенскай губ. У Віленскай губ. лік памешчыцкай зямлі ў стасунку да ўсёй прыватнай зямляўласнасьці ў 1887 г. скараціўся ў параўнаньні з 1877 г. з 94,1 проц. да 89,5 проц., а па Горадзенскай губ.— з 86,4 проц. да 84,2 проц. Агулам у апошнія два дзесяцігодзьдзі XIX веку лік памешчыцкай зямлі па ўсёй Беларусі скараціўся больш чым у два разы ў параўнаньні са скарачэньнем у першае дзесяцігодзьдзе пасьля рэформы.

Скарачэньне плошчы памешчыцкай зямлі падкрэсьлівалася адсталымі формамі яе гаспадаркі. «Пасьля скасаваньня прыгонных адносін,— кажа Доўнар-Запольскі,— памешчыцкая гаспадарка заняпала, бо не магла справіцца з наёмнай працай і павесьці справу «пакапіталістычнаму». Сярод памешчыкаў 70-х гадоў зусім зьнікае зацікаўленасьць да палепшаньня гаспадарчай тэхнікі. Гэта выяўлялася перш за ўсё ў разьвіцьці экстэнсіўных форм гаспадаркі і зьмяншэньні процанту ральлі. Такім чынам, колькасьць ворнае зямлі ў 1881 г. была значна меншая, чым у пачатку 60-х гадоў (з 7839 дзес. зьменшылася да 5328 дзес.). Пры гэтым чым большы быў маёнтак, тым гэтая экстэнсіўнасьць выяўлялася ў большым намеры: «буйныя маёнткі прадстаўлялі з сябе лясы і пустэчы, парослыя хмызьняком»[17]. Так, напрыклад, у Віленскай і Горадзенскай губ. у буйных маёнтках, меўшых больш за 1000 дзес., процант ральлі да ўсёй плошчы быў крыху большы за 20. Наадварот, чым гаспадарка была меншай, тым процант ральлі павялічваўся, дасягаючы ў гаспадарках, што мелі 50 дзес., 60 проц. плошчы. Гэта значыла, што ў найгоршым экономічным становішчы былі ў той час на Беларусі вялізарнейшыя лятыфундыі польскіх магнатаў Тэй сілы, якая на працягу стагодзьдзяў трымала ў сваіх руках усё экономічнае і культурнае жыцьцё краіны.

Становішча польскае зямляўласнасьці на Беларусі рабілася чым далей, тым больш пагражаючым. Ня гледзячы на тое, што экономічны эфэкт адміністрацыйнага ўціску польскай зямляўласнасьці быў нязначны і што абмежавальныя законы расійскага ўраду абыходзіліся палякамі на Беларусі даволі ўдала, усё-ж такі за трыццаць год, што мінулі з часу паўстаньня, адмоўныя вынікі былі ў наяўнасьці: паводле вылічэньняў некаторых дасьледцаў, колькасьць зямлі ў польскіх руках на Беларусі пры канцы стагодзьдзя скарацілася амаль на адну траціну[18]. Гэта была ўжо ня толькі экономічная, але і нацыянальная трагедыя. Польскі памешчык на Беларусі, і перш за ўсё магнат, убачыў, што на яго насуваецца відзьмо сьмерці, што над ім пачынае нібы спраўджана трагічнае прароцтва Крашэўскага. І вось, адчуваючы, што ў ім, як соцыяльным стане, як у клясе яшчэ не памерлі жыцьцёвыя сілы і што закон разьвіванага капіталізму яшчэ можа зрабіць на яго стаўку, польскі памешчык на Беларусі схамянуўся і падняў голас на абарону свайго права.

Экономічная кон’юнктура ў самой Польшчы як ня трэба лепш спагадала гэткаму ўздыму. Капіталізм у Польшчы дасягнуў у 80-90-х гадох максымуму свайго разьвіцьця. Лік рабочых на польскіх фабрыках вырас з 119900 у 1872 г. да 243733 у 1897 г.[19] Насельніцтва Лодзі, роўнае ў 1885 г. 150 тыс. чал., праз дзесяць год было роўна 315 тыс. чал., г. зн. больш чым падвоілася. Лік гарадоў з насельніцтвам звыш 10 тысяч на працягу апошніх сарака год узрос з 7 да 30; пры гэтым насельніцтва гарадоў павялічылася агулам на 222 проц., у тон час як вясковае — толькі на 74 проц.[20] Выраб лодзінскіх тэкстыльных фабрык павялічыўся з 35 мільёнаў у 1885 г. да 90 мільёнаў у 1895 г. Гэтак-жа колёсальна ўзрасла і здабыча вугалю ў польскіх шахтах: калі ў 1880 г. здабыча вугалю ў Саснавіцах была роўна 78,4 міл. пудоў, дык у 1890 г. яна дасягнула 150,8 міл. пудоў. Агульная вартасьць продукцыі горнае прамысловасьці Польшчы ўзрасла з 64 міл. руб. у 1870 г. да 555 міл. руб. у 1897 г., што пры насельніцтве ў 9 ½ мільёнаў (перапіс 1897 г.) давала 52,6 руб. на душу[21]. Вельмі паказальнымі зьяўляюцца таксама лічбы капіталаў, якія мелі зварот у гэты час у польскіх банках. Так, па даных Кэмпнэра, у 4 акцыйных банках Каралеўства ў 1898 г. было да 80 мільёнаў руб. статутавага і рэзэрвовага капіталу, а ўкладаў і вэксалёў у 19 крэдытных таварыствах да 20 мільёнаў руб.[22] З гэтых лічбаў відаць, што Польшча ў разгляданы пэрыод была даволі насычана зваротнымі грашовымі сродкамі.

Польскі капітал пачаў шпарка перарастаць граніцы ўласьцівай Польшчы. На захад, г. зн. у бок Нямеччыны і Аўстра-Вэнгрыі, выхад яму быў закрыты дзеля больш высокага капіталістычнага разьвіцьця гэтых краін. Значыць, заставаўся ўсход, г. зн. Расія і Азія. Сюды, у далёкія абшары Заваложжа, Туркастану, Сібіры і Пэрсіі, і папіла лодзінская і беластоцкая мануфактура. Першы пэрыод заваяваньня гэтых рынкаў праходзіў для польскага капіталу даволі спагадна. Больш таго, расійская політыка ня толькі не перашкаджала разьвіцьцю ў Польшчы капіталізму, але вітала яго, бо гэтае разьвіцьцё ўзбагачвала самую Расійскую дзяржаву і, што асабліва важна, моцнай экономічнай сувязьзю зьвязала Польшчу з імпэрыяй. Урад глядзеў на гэтую эволюцыю. як на organiczne wcielanie się w Cesarstwo, як на мацнейшае аб’яднаньне Каралеўства з агульным дзяржаўным організмам[23].

Аднак з часам пачалася конкурэнцыя з капіталам расійскім, якая асабліва рэльефна вызначылася з сярэдзіны 80-х гадоў. Расійская прамысловасьць, а з ёю і расійскі ўрад пачалі пільна сачыць за тым, каб гаспадарчае разьвіцьцё Польскага Каралеўства не перашкаджала гэткаму-ж разьвіцьцю карэннае Расіі. Чым больш насычаліся цэнтральныя і ўсходнія рынкі таварам, тым конкурэнцыя рабілася вастрэйшай. Маскоўскія мануфактурныя фабрыканты пачынаюць скардзіцца імпэратарскаму ўраду, што іх забівае «иноплеменная и нероссийская Лодзь» і што гэтаму трэба палажыць канец. У выніку гэтых скаргаў у 1889 г. былі значна падвышаны мытныя стаўкі на бавоўну на польска-нямецкай граніцы. Яшчэ раней, у 1885-1887 г.г. у Пецярбурзе, пры непасрэдным удзеле Аляксандра ІІІ, адбываюцца нарады, якія маюць на мэце «абдумаць і магчыма хутчэй увесьці ў жыцьцё мерапрыемствы для абароны расійскае жалезнае прамысловасьці», «выпрацаваць проекты мерапрыемстваў, якія павінны быць ужыты ў межах заходняе прыгранічнае паласы дзеля папярэджаньня далейшага разьвіцьця існуючых там і гатовых узьнікнуць жалезных заводаў і фабрык, працуючых па замежным матэрыяле»[24]. Уся цяжкая індустрыя павінна была, паводле думкі тагачаснага міністэрства фінансаў, концэнтравацца ў цэнтральнай Расіі і быць па магчымасці спынена на «окраинах», г. зн. у першую чаргу ў Польшчы. З гэтай мэтай у Царства Польскае была паслана ў 1886 годзе спэцыяльная камісія на чале з проф. Янжулам з заданьнем «высьветліць, у якіх умовах знаходзіцца здабыўная і апрацоўчая прамысловасьць гэтае краіны і якія меры павінны быць ужыты супроць далейшага разьвіцьця польскай фабрычнай прамысловасьці, дзеля ўраўненьня ўзаемных шансаў конкурэнцыі фабрык цэнтральнае Расіі і Прывісьлінскага краю». Камісія дакладна вывучыла пытаньне і злажыла адпаведны плян[25].

Шляхам адпаведнай сыстэмы мытных ставак, дыфэрэнцыяльных тарыфаў і чыгуначнага будаўніцтва Расія ў 80-90-х гадох начала ўсё больш прыціскаць тыя галіны польскае фабрычнае вытворчасьці (асабліва так званыя «переделочные заводы»), якія былі для посьпехаў конкурэнцыі найбольш небясьпечнымі[26] Гэтай-жа мэце служылі і аддзяленьні Расійскага дзяржаўнага банку ў Польшчы, якія пачалі адчыняцца замест Банку Польскага і якія ў процілежнасьць апошняму былі далёкі ад протэкцыянізму польскае прамысловасьці[27].

Да гэтага часу польская прамысловасьць карысталася ўласнаю сыравінаю, перш за ўсё ўласнымі рудамі і коксам. У значнай ступені дапамагаў яе разьвіцьцю кокс і руды сілескага пахаджэньня, таксама як і наогул нямецкі напоўфабрыкат,— усё гэта было пад бокам і каштавала танна. Разьвіцьцё ў канцы стагодзьдзя данецкіх шахтаў і руд кацярынаслаўскага раёну, а таксама ўласных баваўняных плянтацый у Туркестане наставіла перад расійскім урадам патрэбу прасунуць гэтую сыравіну ня толькі ў цэнтральна-прамысловы расійскі раён, але таксама і ў Польшчу. На гэтым грунце пачынаецца новая барацьба, у выніку якой Расія шляхам адпаведнай мытнай політыкі забараняе нямецкай сыравіне доступ на польскі рынак, дае ход данецкаму вугалю, кацярынаслаўскім і уральскім рудам і падарожвае дастаўку замежнай бавоўны[28].

Польская прамысловасьць ня вытрымлівае конкурэнцыі з цэнтрам імпэрыі і занепадае — гамарні, машынныя і інш. падобныя заводы пачынаюць пераносіцца на поўдзень Расіі, на Украіну, бліжэй да тамтэйшых шахтаў; польскі прамысловец траціць сваю ранейшую ўпэўненасьць і пачынае шукаць бліжэйшых рынкаў і «свайго» сталага пакупца[29].

Бліжэйшым і, з пункту гледжаньня польскага прамыслоўца, «сваім» унутраным рынкам была Беларусь. Як і Масква, таксама і Варшава лічыла, што беларускі экономічны абшар ёсьць яе гістарычная і прыраджоная колёнія, у якой пры патрэбным павялічэньні пакупной здольнасьці насельніцтва можна разьмясьціць даволі фабрычна-заводзкай продукцыі. Трэба зазначыць, што Беларусь была значным спажыўцом польскае вытворчасьці. Згодна статыстычных даных, апошняя разьмяркоўвалася наступным чынам: 36 проц. усяе вытворчасьці заставалася ў сама» Польшчы, 10 проц. ішло ў Харкаўскі і Адэскі раёны, 16 проц.— у Расію і на Далёкі Усход, 8 проц.— на Каўказ і Туркастан і 30 проц.— на бліжэйшы польскі ўсход, г. зн. на Беларусь, Зах. Украіну і Прыбалтыку[30].

Яскравейшым паказьнікам гаспадарчага значэньня беларускага (і заходня-украінскага) рынку для польскае прамысловасьці 80-х гадоў могуць служыць таксама параўнаўчыя лічбы дысконту вэксалёў і вэксалёў, прынятых на камісію ў польскіх канторах дзяржаўнага банку на розныя мясцовасьці імпэрыі, за выключэньнем Царства Польскага. Згодна гэтых даных, з агульнае сумы вэксальнага звароту ў 1886 г. (ад 1 студзеня па 15 верасьня) у 6 510 534 руб. прыпадала на губэрні беларуска-літоўскія і так зв. «юго-западные» 5 295 224 руб. Рэшта вэксалёў прыпадала на ўсе цэнтральныя губэрні Расіі, на Прываложжа, Каўказ, паўднёва-ўсходнія губэрні і азыяцкія ўладаньні[31].

«З гэтых даных відаць,— заключае І. Янжул,— што найбольшы збыт продукту польскае прамысловасьці накіроўваецца ў губэрні паўдзённа-заходнія і паўночназаходнія разам з прыбальтыцкімі: у гэтыя дзьве краіны імпэрыі збываецца, відаць, каля 5/6 усёй продкуцыі польскае фабрыкацыі; губэрні гэтыя як прылеглыя да Царства Польскага ствараюць, гэтак кажучы, пераважны рынак для яго прамысловасьці»[32].

Ня менш цікаваю зьяўлялася Беларусь для разьвіванага польскага капіталізму і з пункту гледжаньня сыравіны, перш за ўсё ільну і каноплі для ільняной польскай прамысловасьці[33]. Калі раней пры вялізных пэрспэктывах 70-х гадоў і вялізных прыбытках сюды, на беларускія абшары, зьвярталі мала ўвагі і занядбалі іх, дык цяпер, калі павялічылася конкурэнцыя, кінуліся на іх з новай энэргіяй. Прадметам вырабу польскай фабрыкі робіцца ня толькі продукт, патрэбны для далёкага ўсходу, але і для мясцовага насельніцтва. Тэндэнцыя польскага прамысловага капіталу да пашырэньня ўнутранага рынку як нельга лепш адпавядала інтарэсам польскага зямляўласьніка на Беларусі, які гібеў і задыхаўся ад адсутнасьці капіталу. Падвойны інтарэс спарадзіў адпаведны кірунак польскай экономічнай політыкі: зямляўласьнік на Беларусі абапёрся на капітал, які давала яму карэнная Польшча, і тым ратаваў свой маёнтак ад загубы, а польскі капіталісты дзякуючы капіталізацыі маёнтку лягчэй заваёўваў сабе беларускі рынак у барацьбе з капіталам расійска-яўрэйскім. Цяпер ужо польскі маёнтак ня мог скардзіцца на недахоп крэдытаў і зваротнага капіталу, які (недахоп) не даваў яму раней магчымасьці стаць на ногі[34]. Зрабіць гэта было цяпер тым лягчэй, што капітал, які меў зварот у Польшчы ў сельскагаспадарчым сэктары, знаходзіўся ў польскіх руках; калі прамысловасьць вугальная, гамарная, мануфактурная і інш. у значнай ступені належала яўрэйскім і нямецкім капіталістам, дык капітал польскае буржуазіі і мяшчанства грамадзіўся ў прамысловасьці цукровай, дрэваапрацоўчай, броварнай — наогул у той, якая была шчыльна зьвязана з рольніцтвам.

Наступ на Беларусь і барацьба з пранікненьнем сюды расійскага капіталу вызначыліся з боку Польшчы ў разгляданы пэрыод зусім організавана.

Тое, што трэба ратавацца, што трэба выходзіць з тупіка, у які загнала польскага магната на Беларусі агульная экономічная кон’юнктура і адпаведная расійская політыка, магнат гэты зразумеў ужо ў самым пачатку 80-х гадоў. З гэтага ласьне моманту пачынаецца ў польскім грамадзянстве акрэсьленая рэакцыя антыпатрыётычнай програме «органічнае працы». Чым больш завастралася конкурэнцыя польскага капіталу з капіталам цэнтральна-расійскім і чым больш польскі буржуа-прамысловец траціў сваю ўпэўненасьць, тым усё больш узмацняліся новыя настроі. Буржуазія і розначынная гарадзкая шляхта, захопленая прамысловай гарачкай і быўшая па чале грамадзкага жыцьця ў 70-х гадох, пачынае ўсё больш траціць сваю прывабнасьць у грамадзтве. Іх вясна пачала праходзіць — гэта было ясна. Разьвіцьцё надзей паказвала, што экономічная барацьба паміж двума цэнтрамі Расійскай імпэрыі — цэнтральна-маскоўскім і польскім — прымушае шукаць выхаду ў нацыянальнай абмежаванасьці, а не ў «гуманітарным продажу», паводле выразу Дмоўскага, Польшчы Расіі. У выніку такой сьвядомасьці на польскай сцэне зьявіўся новы капіталістычны нацыяналізм.

На чале яго стаў ня польскі буржуа і не розначынны, «позытыўна думаючы» інтэлігент, а польскі магнат-зямляўласьнік. Шляхецтва, і пры гэтым буйнае,— вось хто робіцца сапраўдным кіраўніком польскай грамадзкай думкі ў канцы XIX ст. Яно, а ніхто іншы, абвясьціла лёзунг аб звароце да гістарычных польскіх традыцый, папомніла Польшчы аб яе гістарычным «праве на Беларусь» і на граніцы 1772 году.

Пачаткам новага пэрыоду, які ў польскай літаратуры называецца «пэрыодам чыннага патрыётызму» («okres odrodzenia czynnego patryjotyzmu») было заснаваньне ў 1886 г. ў Парыжу, сярод эміграцыйных колаў і студэнцкай моладзі, так званае «Лігі Польскай» (Liga Polska). § 1 статуту Лігі казаў, што заданьнем яе было «падрыхтаваць і аб’яднаць усе польскія нацыянальныя сілы з мэтан устанавіць незалежнасьць Польшчы на фэдэрацыйнай аснове, зьвярнуўшы ўвагу на тыя часткі Рэчы Паспалітай, якія раней ад яе адпалі («nіе spuszczając z oka tych części Rzeczypospolitej, co wcześniej od niej odpadły»)[35].

Публіцыстыка гэтага пэрыоду, кіраваная трыма популярнымі рэдакцыямі — «Słowa», на чале з пачаўшым уваходзіць у славу Генрыхам Сянкевічам, «Niwa» — з вядомым Людвігам Гурскім і «Wiek», абвясьціла барацьбу позытывізму, якім жывілася папярэдняя эпоха капіталістычнага грюндэрства, нападала на прынцыпы экономічнага лібэралізму Сьвентахоўскага. З яе старонак «прагучэў клік да ўсіх тых адсутных арыстакратаў, якія беспадстаўна аддалі і поле бойкі і моральную ўладу над грамадзтвам клясе мяшчанства». «Быў абвешчаны прынцып,— кажа адзін з дасьледцаў,— што ласьне шляхецкая арыстакратыя, якая мае за сабой даўнейшыя традыцыі грамадзкага кіраўніцтва, павінна заняць усе позыцыі, што ласьне яна, а не арыстакратыя розуму і залатога мяшка заклікана цяпер прадстаўляць інтарэсы польскае нацыі»[36].

Першы голас у новай плыні бясспрэчна належаў памянутым — Гурскаму і Г. Сянкевічу. «Ня гледзячы па тое, што адбыліся паражэньні,— пісаў Гурскі ў «Niwіе»,— ня гледзячы на тое, што зьмяніліся ўмовы, польскі шляхецкі двор як асяродак польскага духу і нацыянальнай думкі ўсё-ж узвышаецца над лесам фабрычных комінаў»... «Мы, шляхта, зьяўляемся насьледнікамі даўнейшых правадыроў гэтага краю і прадстаўнікамі нацыянальных традыцый, рэлігійных асноў і тае ступені цывілізацыі, да якой наш край дайшоў і на якой знаходзіцца»[37]. Яшчэ з большым натхненьнем і захапленьнем пачаў клікаць Польшчу да «романтызму старых пакаленьняў» Сянкевіч. Яго ўступленьне ў польскую мастацкую літаратуру было сапраўдным трыумфам. Знамянітая гістарычная трылёгія, напісаная «ku pokrzepieniu serc», зьявілася чымсьці нячуваным у сэнсе популярнасьці. Ёю захаплялася літаральна ўся Польшча — тая Польшча, якая яшчэ ўчора не хацела нічога ведаць апрача політычнай экономіі, фізыолёгіі ды тэхнічных павук. «Rodzina Połoneckich» дала новую нацыянальна соцыяльную програму польскаму буржуазнаму грамадзтву.

У чым шукаў натхненьня Сянкевіч? Менш за ўсё ў польскай сучаснасьці і менш за ўсё ў сучасным польскім горадзе. Ён увесь — у поэтызацыі рыцарскага шляхецкага мінулага, яго героі — увасабленьне польскай гістарычнай романтыкі. Як мага далей ад шэрага бяздушнага мэркантылізму, назад — у поўную бляску і прыгожай колёрытнасьці «Літву» — каханую айчыну дзядоў. Вось у гэтым закліку — «назад на Літву», у стары шляхецкі дом, у гэтай поэтызацыі старога польскага магната — носьбіта былой славы Рэчы Паспалітай і тоілася соцыолёгічнае значэньне творчасьці Сянкевіча. Мастацкая творчасьць песьняра новай, патрыётычна-магнацкай Польшчы найбольш адказвала соцыяльна-экономічным тэндэнцыям канца XIX ст., чаму Сянкевіч і быў абвешчаны нацыянальным геніем, ня меншым за Міцкевіча[38].

Антановіч, а затым і Пыпін зусім слушна зазначылі тады, што Сянкевіч зьявіўся выказьнікам сучаснага яму стану гістарычнага самапазнаньня польскае інтэлігенцыі, апошнім словам яе патрыётычных, нацыянальных, поглядаў і што сам Сянкевіч «ня ўзвышаўся над узроўнем хадульных уяўленьняў аб старой Польшчы, бліскаўшай шляхецкай добрадзейнасьцю», якая нібыта гэтак выгодна адбівалася ў гісторыі Усходу Эўропы побач з «дзікасьцю» і «някультурнасьцю» бэрбэраў — рускіх, украінцаў, беларусаў[39].

Дарма больш прогрэсыўныя элемэнты, польскае грамадзкасьці таго часу («Atheneum», «Kraj», «Przegląd Tygodniowy») папераджалі, што гіпэрболічныя выхваляньні Сянкевіча шкодны для нацыянальнага ўсьведамленьня палякаў, што яны выклікаюць шовіністычную ізоляванасьць Польшчы, распаляюць нянавісьць да яе суседзяў — голас іх спазьніўся. Уся буржуазная Польшча стала на бок Сянкевіча, за яго «традыцыйныя ідэалы». Усе былі захоплены цяпер зноў размовамі аб «вялікай культурнай місіі палякаў на ўсходзе», задачай Польшчы «цывілізаваць дзікія абшары Русі», з задаваленьнем чыталі разважаньні героя трылёгіі кн. Вішнявецкага «патапіць у крыві хлопскія бунты» і зніжаліся з Сянкевічам, што кожная крытыка цывілізатарскага канібалізму гэтага пана зьяўляецца амаль-што «богохульством» (bluźnierstwo). Кракаўскі прoфесap польскае літаратуры Тарноўскі дайшоў у гэтыя гады да таго, што ставіў Сянкевіча ў эўропэйскай пісьменнасьці вышэй за Шэксьпіра, Дантэ і Гётэ.

Трэба зазначыць, што нацыяналізм Гурскага-Сянкевіча ня быў польскім нацыяналізмам у ранейшым значэньні. Тады, у пачатку веку, пад час першага і другога паўстаньня, ён быў яскрава рэволюцыйны, ён клікаў Польшчу на барацьбу за вызваленьне «ад усходняга наездцы», клікаў на крывавае змаганьне за ідэал незалежнасьці з чужой дзяржавай і патрабаваў ад усёй польскай нацыі адзінства волі і пачуцьця. Цяперашні .нацыяналізм быў рэакцыйны, напалоханы небясьпекай узрастаючай сілы пролетарскіх мас Варшавы, Лодзі, Саснавік Разам з тым ён быў нацыяналізмам грубашовіністычным і ваяўнічым, што выявілася тады-ж у шырокай хвалі антысэмітызму, кіраванай вядомым юдофобам Еленьскім.

І сапраўды, роля польскага пролетарыяту ў гэтую эпоху робіцца першараднай; барацьба яго з варожай клясай польскага прамысловага капіталу, як і наогул са ўсёй буржуазнай сыстэмай новай капіталістычнай Польшчы, робіцца ў гэты пэрыод галоўнай сілай, якая вызначае формы і зьмест грамадзкага жыцьця, настроі грамадзянства, усю яго політычную ідэолёгію. Пэрыод паўпэрызму пролетарскіх мас і іх клясавай неорганізаванасьці і слабасьці, зьвязаны з пэрыодам першапачатковага грюндэрства і драпежнага разьвіцьця капіталізму, цяпер ужо мінуў. Барацьба за заработную плату, за лепшыя ўмовы працы выклікаюць вялікую актыўнасьць рабочых Польшчы, і яны пачынаюць організавана выступаць на змаганьне з капіталам: забастоўкі ў майстэрнях Варшава-Венскае чыгункі ў 1882 г., на вялізных Жырардаўскіх мануфактурах у 1882-84 г.г., вялікія хваляваньні рабочых Варшавы ў 1883 г. у зьвязку з загадам улады рабіць паліцэйскі агляд жанчын-работніц нароўні з простытуткамі, бурныя дэмонстрацыі беспрацоўных перад варшаўскім каралеўскім замкам у 1883 г., аднаўленьне ў 1887 г. дзейнасьці «Пролетарыяту» і г. д.— усё гэта сьведчыла аб тым, што польскія рабочыя масы выходзяць на арэну політычнага жыцьця і сваім змаганьнем з капіталам перарабляюць яго ка зусім новы лад. І калі ў 1891 годзе варшаўскі ген.-губ. Гурко, змагаючыся з стотысячнымі масавымі забастоўкамі рабочых Дамбровы, Лодзі і Жырардава, тэлеграфаваў у Лодзь губэрнатару Мілеру: «страляць, патронаў не шкадаваць», зрабілася зусім ясна, што стары «соцыяльны мір», які перад тым прапаведвалі лідэры «органічнае працы», адышоў у мінулае. «Трупы рабочых,— кажа дасьледчык,— разьлютавалі масы. Забастоўка зрабілася ўсеагульнай, і рабочае насельніцтва, адбіваючы ад войск арыштаваных таварышоў, захапіўшы турму і некаторыя казармы, рабілася гаспадаром гораду. Улада і капіталістыя пакідалі Лодзь»[40]. Гэтая падзея была важнейшай падзеяй разгляданае эпохі.

Вось дзеля якіх прычын новачэсны польскі нацыяналізм Сянкевіча-Гурскага ня бачыў дый і ня мог бачыць у польскім народзе, як раней, нейкага «нацыянальнага цэлага», але разглядаў у ім ужо дзьве варожыя клясы, якія штодзень, то больш уздымаліся адна супроць другой у зацятай схватцы; а таму разам з заклікам да захаваньня традыцыі барацьбы з Расіяй і яе самаўладзтвам ён клікаў да ўпарадкаваньня ўнутрана-польскіх адносінаў, да падбіцьця польскага работніка і хлопа, захопленага соцыялістычнымі партыямі, уладзе шляхты. Больш таго, калі вымагаў гэтага клясавы інтарэс, польскі магнат ішоў на саюз з расійскім царызмам. «Сфэры консэрватыўныя,— гаворыць Feldman[41],— ня раз у гэты час ішлі з дапамогай царызму для прыдушэньня вызваленчых рухаў, якія ў канцовым выніку і для самой Польшчы былі карыснымі». Польскі магнат павінен быў быць правадыром і сапраўдным уладаром новай Польшчы, адраджонай на старым шляхецкім ідэале. Толькі ён павінен быў ратаваць Польшчу ад «соцыялістычнай заразы» і забясьпечыць яе сілу і ўплыў на ўскрайных яе межах — да граніц 1772 году.

«Кожны народ,— філёзофстваваў з гэтае прычыны адзін з прадстаўнікоў старашляхецкай генэалёгіі Заленскі[42],— складаецца з дзвёх кляс — вышэйшай і ніжэйшай, якія існуюць як організмы, як ніжэйшая і вышэйшая парода. Ніжэйшая кляса хоць і самая шматлікавая, але ў дзяржаве яна адыгрывае пасыўную ролю, а калі часам і выступае дзейна, дык толькі падпарадкуючыся кіраўніцтву вышэйшае клясы. Калі народ страціць веру ў сваіх натуральных правадыроў — магнатаў, дык абавязкова трапіць у рукі аблудных прарокаў».

Яшчэ больш выразна бараніў правы польскае шляхты на Беларусь другі прадстаўнік тэй-жа плыні ў Gazecie Polskiej[43]. «Мы ня можам разважаць аб народзе толькі этнографічна і забывацца на тое, што тут (на Беларусі) спрадвеку расьселася і ўзьнікла славутая сваёй асьветнасьцю інтэлігенцыя, якая мае свае гістарычныя і матэрыяльныя правы і якая пераважна заключае ў сабе консэрватыўныя элемэнты (zachowawcze żywioły). Яна мае тут (на Беларусі) ня менш праў на існаваньне, чым патомкі нямецкіх рыцараў над Бальтыцкім морам або earl’ey на фінскім узьбярэжжы».

Вось куды, як бачым, пачаў гнуць з пачатку 80-х гадоў польскі памешчык на Беларусі — ён цьвёрда даваў зразумець расійскаму ўраду, што «консэрватыўнае прызначэньне» польскага дваранства на Беларусі павінна даць яму тыя самыя правы, якімі карысталіся нямецкія бароны ў Ліфляндыі і Курляндыі і швэды ў Фінляндыі. Ён забыў аб «праклёнах гісторыі» і «карах Нэмэзіды», якія зваліліся на галаву Польшчы за яе экспансію на «Літву» і на якія, адступаючыся ад Беларусі, жаліліся польскія вучоныя і этнографы папярэдняе эпохі; уладарнай нагой польскасьць ізноў пачала наступаць на ўсход. Пад націскам усясільнага капіталу ідэя Польшчы — пястоўскай пачала зноў уступаць месца ідэі Польшчы — ягелонскай.

Так дзеялася ў правым польскім лягеры. Аднак і ў левым польскім грамадзтве сярод жоўтых соцыялістычных партый вызначыўся падобны-ж рэакцыйны паварот. Разгром расійскага рэволюцыйнага руху пры Аляксандры ІІІ, ліквідацыя «Народнае Волі» і расправа з польскім «Пролетарыятам» мела непасрэдным вынікам спад рэволюцыйнай энэргіі польскіх работніцкіх мас. Пакараньне сьмерцю сяброў «Пролетарыяту» ў 1886 г. і сьмерць Варынскага ў Шлісэльбургскай крэпасьці былі ў гэтым сэнсе паваротным момантам. Была другая эпоха, надыходзілі іншыя часы. Замест інтэрнацыянальнай солідарнасьці і «брацтва ў пролетарыяце» згодніцкая соцыялістычная думка канца 80-х і пачатку 90-х гадоў усё больш схілялася да тых-жа нацыяналістычных ідэй, якімі дыхалі шляхецка-арыстократычныя яе клясы. Соцыялістычны рух замыкаецца ў нацыянальна-польскіх рамках, пераходзіць на грунт нацыянальнага опортунізму. Кіраваны соцыял-патрыотамі тыпу Ліманоўскага, ён усё больш захапляецца ідэалам старой «Польшчы ад мора і да мора» і з свайго боку падпірае адноўленую экспансію польскіх уплываў і захопаў на ўсходзе, у першую чаргу ў межах старой «Літвы», г. зн. Беларусі.

Сярод жоўтых польскіх соцыялістых аднаўляецца думка аб «правох» Польшчы на Беларусь, праўда, у лагоднай «унітарнай» форме. Мы бачылі вышэй, што Ліманоўскі яшчэ ў 1878 г. пісаў у адным з лістоў Драгоманаву ў Жэнэву аб дзяржаўнай сувязі Беларусі з Польшчай: «У гэтай справе,— пісаў ён,— канчатковая пастанова павінна належаць самым народам... яны самі мусяць пастанавіць, ці хочуць разьдзяляць сябе граніцамі, ці захаваць паміж сабой сьціслую фэдэрацыю. Што да мяне, дык прызнаюся, што як паляк, нараджоны сярод латыскае люднасьці, я дамагаўся-б шчыра, каб вунія, падпісаная калісьці ў Любліне вышэйшымі станамі, была адноўлена ў поўнай меры народамі»[44].

Пры заснаваньні сучаснай польскай соцыялістычнай партыі (PPS) прынцып гэты знайшоў сабе програмнае аформленьне. На Парыскім організацынным зьезьдзе ў 1892 г. пад уплывам таго-ж самага Ліманоўскага, абранага старшынёй, ППС прыняла славуты пункт аб нацыянальным пытаньні, які ні слова не гаварыў аб праве Беларусі на самастойнасьць, а проста залічаў яе ў склад «фэдэрацыйнай Рэчы Паспалітай». Апрача таго, зьезд дэкляраваў і адпаведную тактыку: згодна рэзолюцыі аб нацыянальным пытаньні, ППС павінна была распаўсюдзіць сваю дзейнасьць на ўсе провінцыі, зьвязаныя раней з Поснічай, прычым дзейнасьць іншых соцыялістычных партый на Беларусі, ня толькі беларускіх, але яўрэйскіх і расійскіх, павінна была быць падпарадкавана яе контролю[45]. Адна толькі рэволюцыйна-марксыцкая група Розы Люксэмбург, Мархлеўскага і таварышоў, падняўшых у эміграцыі сьцяг «Пролетарыяту», змагаецца ў гэты час не за нацыяналістычную, захопніцкую Польшчу, але за Польшчу пролетарскую. Толькі яна кліча польскія работніцкія масы да інтэрнацыянальнай солідарнасьці, разумеючы, што да сапраўднай свабоды і вызваленьня працоўныя прыдуць ня шляхам нацыянальнага самаабмежаваньня Польшчы, але шляхам супольнай рэволюцыйнай барацьбы супроць капіталу і політычнага ўціску рабочых і сялян усіх нацый і ўсіх дзяржаў[46].

Такім чынам, і ў патрыотычна-соцыялістычным кірунку Беларусь рабілася об’ектам агульна-польскай нацыяналістычнай экспансіі. Новачэсная капіталістычная Польшча вярталася на Беларусь аб’яднаным фронтам — ад магната да пэпээсаўца.

Новы паварот політыкі польскага капіталу і саюз яго з польскай зямляўласнасьцю ня толькі ўратаваў польскага памешчыка на Беларусі, але высака падняў яго экономічнае становішча. Польскі маёнтак набыў сьвежыя сілы і з посьпехам сустрэў націск Расіі.

Тое самае значэньне, якое меў для ўсёй Польшчы Генрых Сянкевіч, для «Літвы» мела Эл. Оржэшко і яе гурток, які пачаў выключную па актыўнасьці дзейнасьць у Вільні. Не выпадкова, што ласьне ў Вільні, у 1881 годзе, у гуртку Оржэшковай выходзіць з друку кніга Валерыя Пржыбароўскага: «Włościanie u nas і gdzieindziej». Выступленьне В. Пржыбароўскага ў тон час было сымптаматычным: праца яго прысьвячалася Крашэўскаму і мела на мэце давесьці, што беларускаму сялянству пад Польшчай жылося ня горш, а значна лепш, чым сялянству іншых краін. Аўтар цалкам бярэ пад сваю абарону польскую шляхту, якую, паводле яго слова, так збэсьцілі суседзі ў сваіх гістарычных досьледах, што «шляхціч пачаў выглядаць якімсьці дзікім татарынам або грубым нямецкім графам»; польскі памешчык па Беларусі ніколі, маўляў, ня быў залішне жорсткім у стасунку да прыгоных сялян — хутчэй наадварот, яго прыгон быў параўнаўча лагодным (wobec tego łagodnego, że się tak wyrazimy, ucisku). Пішучы сваю працу ad majorem nationi głoriam, Пржыбароўскі казаў: «Ні ў аднаго народу вы ня сустрэнеце гэткай багатай літаратуры супроць прыгону, як у нас. У гэтым ёсьць пацеха для сэрца, для нацыянальнага пачуцьця, што гэтая самая польская шляхта, аслаўленая ворагамі як прыганяты халопаў, вуснамі лепшых, а нават і горшых сваіх дзяцей шчыра абуралася за той кірунак, па якім пашло соцыяльнае жыцьцё краю». Не памешчыкі, не шляхта,— цьвердзіў аўтар,— вінаваты ва ўцісканьні сялян, а яе ўпраўляючыя, офіцыялістыя.

Правая польская прэса сустрэла працу Пржыбароўскага з вялікім задавальненьнем ласьне таму, што яна была напісана дзеля pociechy dla uczucia narodowego і што дзякуючы ёй беларускае сялянства павінна было «прымірыцца» з польскім магнатам.

Навукова-літаратурная і культурна-выдавецкая чыннасьць гуртка Эл. Оржэшковай у Вільні была надзвычайна знаменным фактам гісторыі 80-90-х гадоў на Беларусі — фактам, які найбольш яскрава сьведчыў аб узнаўленьні польскай культурнай экспансіі тут. Творы самой Оржэшко «Патрыотызм і космополітызм», аповесьць «Над Нёманам» і інш., а таксама дзейнасьць яе бліжэйшых супрацоўнікаў і супрацоўніц (памянёны Пржыбароўскі, Канапніцкая, Касьцялкоўская і інш.) былі вытрыманы ў тых-жа рысах «нацыянальнага адраджэньня» і патрыотызму, які сьвядома робіць націск на «соцыяльна-захаваўчы момант» у нацыяналізьме, які тлуміць соцыялістычную ідэю і шукае паратунку ад яе космополітычнае сутнасьці ў нацыянальнай абмежаванасьці. Тую-ж тэндэнцыю адбіваў і «Літоўскі Каляндар». выпушчаны ўпяршыню ў Вільні ў 1882 г. Оржэшковай. Тут таксама, як і ў Пржыбароўскага, праводзіцца аполёгія старой Польшчы, што панавала на беларускіх абшарах шмат вякоў «для карысьці краю», у іх тая-ж самая «пацеха» для романтычнага польскага пачуцьця, якое зноў вярнулася на бацькаўшчыну Міцкевіча. Вільня і Кракаў пастаўлены тут побач, Люблінская вунія зарысоўваецца як шчасьлівейшая падзея «літоўскай» гісторыі. Вытрымками з Пржыбароўскага каляндар даводзіў, што Польшча ніколі ня была пеклам для халопаў.

Гэты паварот справы адразу быў заўважаны «русскими старожилами» на Беларусі — «западно-руссами».

«У нас у паветры,— пісаў у «Московские Ведомости» адзін з гэткіх «старожилов»[47],— зноў адчуваецца нейкі чад ад недагарэлых польскіх галавешак. Нявідныя сілы раздуваюць іх. Палякі падымаюць галаву (курсіў мой.— А. Ц.), робяцца фанабэрыстымі, нават нахальнымі супроць расійцаў, шушукаюць паміж сабой і дружна, як-бы па камандзе якогась «ржонда», тэрмінова займаюць стратэгічныя позыцыі. Гэта ўсё робіцца шыта-крыта, але з прыкметным посьпехам...» «Польская інтэлігенцыя ня дрэмле. Польская мова пачынае гучэць усюды, вучні і афіцэры голасна размаўляюць папольску. У дваранскім клюбе, у салёнах польская мова заглушае расійцаў... У ранейшыя гады палякі адмаўляліся ўступаць у члены клюбу, іх лічылася там два-тры чалавекі; пазьней, як-бы па чыёй камандзе, яны перапоўнілі да таго клюб, што пры апошніх выбарах мелі большасьць галасоў і выбралі некалькі палякаў у старшыні».

«Русские сторожилы» кажуць,— піша ў «Новое Время» М. Каяловіч,— а ў прэсе зьяўляюцца галосныя весткі, што ў краі засмажваецца нешта асаблівае, накіраванае да паслабленьня нацыянальных і рэлігійных сувязям, што зьвязваюць Заходня-Рускі край з рэштай Расіі». «У Вільні ў бягучым годзе выданы два польскіх календары[48], і ў абудвух з аднолькавай пасьлядоўнасьцю Расія зьнесена з твару зямлі. Гаворыцца там аб Польшчы і аб Літве (у сэнсе былога Літоўскага княства), гаворыцца аб польскай цывілізацыі, польскім лацінстве, але аб Расіі — не... Навокал Вільні ідзе ўзмоцненая агітацыя на карысьць полёнізму. Ксяндзы і папы імкнуцца ўсімі сіламі ажывіць новым духам рэшткі старой Польшчы. Патайныя польскія школы вырастаюць, як грыбы, па гарадох і асабліва па вёсках; масы польскіх кніжак распаўсюджваюцца ў народзе»[49].

Сапраўды, у галіне народнае асьветы пачынае з посьпехам адбывацца барацьба палякаў на Беларусі з расійскімі культурнымі ўплывамі шляхам організацыі патаемных польскіх школ. У 1881 г. патаемных школ было выкрыта 144, а колькі засталося неадкрытымі, можна толькі дагадвацца. За дзесяць год (1879-1889) лік вучняўкатолікаў па офіцыяльных школах Віленскае вуч. акругі павялічыўся толькі на 500 чал.— з 20 380 да 20 900 чал.[50]

Захаваньне зямлі ў польскіх руках абвяшчаецца на Беларусі і Літве «нацыянальным абавязкам» кожнага паляка. Організацыя памешчыцкае клясы з гэтай мэтай праводзілася ў так званых «зямельных сындыкатах» (sundykaty rolne), у «Таварыствах пазямельнага крэдыту» і інш., якія пакрылі Беларусь густой сеткай і мелі свае філіі па ўсіх губэрскіх, а часам і павятовых гарадох. Галоўным з іх было «Менскае таварыства»[51], якое склалася з вялікага ліку самых заможных магнатаў і мела значныя крэдытныя фонды. Тут польскі памешчык на Беларусі знаходзіў сабе аб’яднаньне, узаемнае падтрыманьне і абгаварваў сваю тактыку. Дарэмна расійская адміністрацыя пільна сачыла за тым, каб у «Пазямельных таварыствах» ня зьвівала сабе гнязда ненавісная ёй «пальшчызна», яны ўсё-такі былі падобнымі «гнёздамі».

У тагачаснай расійскай прэсе знаходзім ня мала скарг на тое, што палякі пашлі ў наступленьне і захапляюць у свае рукі справу народнае гаспадаркі ў краі.

«Віленскі пазямельны банк прымае пад заклад выключна польскія маёнткі,— піша адзін з «обрусителей»,— трымае ў сваіх руках усе зямельныя багацьці дзевяці заходніх губэрань і стаіць на старожы польскіх інтарэсаў краю. На банк гэты нельга глядзець як на ко мэрцыйнае прадпрыемства. Ён зьяўляецца самай буйнай політычнай сілай у краі, і галоўная яго задача — захаваць польскія маёнткі ў польскіх руках»[52].

«У 1881 г.,— чытаем у тых-жа «Московских Ведомостях»,— організавалася таварыства сельскай гаспадаркі Віленскае губэрні, статут быў зацьверджаны ўрадам і на мінулым тыдні (1882 г., студзень) адбыліся выбары кіраўнічага камітэту. На гэтыя выбары зьявілася 140 польскіх памешчыкаў, а з расінцаў — толькі 5: губэрнатар Каменскі, папячыцель Віл. вуч. акругі — Сергіеўскі, упраўляючы дзяржаўнымі маемасьцямі — Зіновьев і два маршалкі — Ізмайлов і Мясоедов. З палякоў прыехалі нават некаторыя памешчыкі Ковенскай і Гродзенскай губэрань. Аб скліканьні таварыства ня было ніякіх абвестак у газэтах і цяпер, пасьля выбараў, ніводная газэта аб іх не ўспамянула. Папярэднія нарады і выбары адбываліся ў доме графа Плятэра. Саймавалі тры дні, аб чым палякі гутарылі — ня ведаем. 25 студзеня на агульным сходзе былі распачаты выбары і большасьцю галасоў выбраны: старшынёй — граф Плятэр, яго памочнік — паляк Елавіцкі, тры члены кіраўнічага камітэту, скарбнік, контролёр, сакратар таварыства — усе шэсьць чалавек — палякі. З расійцаў — ніводнага[53].

Праглядаючы памятныя кніжкі віленскага ген.-губ. тых год, можна, сапраўды, прасачыць, што выключная большасьць дэпутатаў ад дваранства (па паветах), так званыя «вольныя профэсіі», шмат урадовых пасад і інш. было занята ў тыя гады палякамі. Так, напрыклад, у 1892 г. усе дваранскія дэпутаты ад паветаў былі палякі, дэпутатарасінца ня было ні на адным з дэпутацкіх сходаў.

«Caveant consules — periculum in mora»,— справядліва папераджаюць «западно-руссы»,— глядзеце пільна, бо вораг ужо на парозе!

Экономічны пераход ад старых, напоўфэўдальных форм гаспадаркі ў польскім двары ў Беларусі да новых, капіталістычных адбыўся недзе пры канцы 80-х і ў 90-х гадох, калі пачаўся пасьлядоўны ўздым памешчыцкай зямляўласнасьці. Гэта выявілася ў пашырэньні засеўнай плошчы: ужо 1887 год даў пэўнае павелічэньне яе ў параўнаньні з 1881 годам (па чатырох беларускіх губэрнях з 5 328 тыс. дзес. да 5 716 тыс. дзес.); зьявішча гэта потым усё разьвіваецца і затрымліваецца толькі ў першым дзесяцігодзьдзі XX в. Дзякуючы ўкладаньню капіталу буйныя памешчыцкія гаспадаркі пачалі абзаводзіцца сельскагаспадарчымі машынамі, ужываць штучнае ўгнаеньне, весьці ўсю справу згодна запатрабаваньням агрономічнае навукі. Той прыклад, які падаваў у Расіі вядомы Энгельгард, на Беларусі пры канцы XIX в. і з пачаткам XX в. пачаў рабіцца агульна-прынятым: капіталізаваны польскі маёнтак на Беларусі зрабіўся прыкладам тэхнічнай высока-пастаўленай гаспадаркі, ператварыўся ў аграрнага культуртрэгера ў тэхнічна-адсталай і беднай капіталамі сялянскай Беларусі. Дзякуючы машыннай апрацоўцы зямлі і штучнаму ўгнаеньню значна паднялася ўраджайнасьць на памешчыцкіх загонах у параўнаньні з убогім пэрыодам 70-х гадоў. Інтэнсіфікацыя гаспадаркі пачынае выяўляцца ва ўсё большым распаўсюджваньні тэхнічных культур, у першую чаргу бульбы, якая давала магчымасьць памешчыку разьвінуць броварную прамысловасьць[54]. Паляпшэньню экономічнага становішча памешчыцкай гаспадаркі спрыяла таксама падвышэньне цэн на зямлю, якое ў пераломныя гады (1888-1892) пачалося бурна і няўхільна.

Усе пералічаныя акалічнасьці далі магчымасьць клясе польскіх зямляўласьнікаў на Беларусі ачуняць ад перажытага ліха папярэдняй эпохі. Упэўнены ў сваёй сіле і ў сваёй здольнасці весьці барацьбу за існаваньне ў новых умовах, польскі памешчык адначасова з барацьбой за польскую культуру ў краі супроць культуры і ўплываў расійскіх пачынае працягваць руку і шукаць агульнае мовы з расійскай уладай. Яго опозыцыя Пецярбургу заходзіла не далей таго, што вымагалася яго клясавым інтарэсам. Страх перад чырвонай небясьпекай рэволюцыі і ростам пролетарскіх сіл Польшчы штурхаў яго сьвядома ў абоймы імпэратарскай Расіі. Адсюль тая політыка лёялізму, якая ўласьціва польскаму шляхецкаму грамадзтву канца веку, асабліва пры «легальным» кіраўніцтве кн. Імэрытынскага. Даволі ўспомніць тон прыём, які наладзіла панская Варшава Мікалаю II падчас яго пабыту там у 1897 г. Унівэрсальны прынцып клясавае солідарнасьці, ня гледзячы на нацыянальную варожасьць, і цяпер рэльефна выявіўся, і калі на гэтым клясавым грунце паміж варожымі лягерамі — расійскім і польскім — заўважалася магчымасьць якога-колечы паразуменьня, польскі памешчык на Беларусі знаходзіў патрэбныя словы лагоднасьці (часта на францускай мове) у стасунку да ўсёмагутнай царскай Расіі.

«Расійская дзяржава,— пісаў адзін з выдатных прадстаўнікоў польскіх інтарэсаў на Беларусі пры канцы веку,— настолькі цяпер дужая і моцная, што не вымагае рэпрэсіўных мер дзеля захаваньня непарушнай сувязі з сваімі «окраинами».

Насельніцтва-ж гэтых «окраин» (чытай — польскае на Беларусі) ужо занадта горкай практыкай пераканалася ў немагчымасьці аддзяленьня свайго ад цэнтру дзяржавы і ў канечнай патрэбе і карыснасьці жыць агульна-дзяржаўным жыцьцём. Дзеля гэтага мы лічым, што інтарэсы як цэнтру, так і «окраин» дзяржавы — гэта ўзаемнае збліжэньне на асновах роўнапраўнасьці з узаемнай пашанай і захаваньнем сваіх культурных асаблівасьцяй». «Расійская ўлада,— аргумэнтаваў далей аўтар,— павінна зразумець, што ўцісканьне польскае дваранскае зямляўласнасьці на Беларусі мае сваім вынікам «утварэньне сярод польскіх зямляўласьнікаў зямельнага пролетарыяту, а таксама вылучэньне з гэтага асяродзьдзя контынгенту пролетарыяту, а той і другі пролетарыят — гэта спрыяльны матэрыял для соцыялістычнага руху, шкоднага дзяржаве і грамадзтву, які ня меў да апошняга часу ніякага грунту ў Заходнім краі»[55].

  1. Каб унікнуць непаразуменьня, мусім зазначыць, што тэрмін «польскі капітал» (як, эвэнтуальна, «расійскі капітал») ужываецца намі ня ў сэнсе нацыянальна-польскгга капіталу, а тэрыторыяльна-польскага, які разьвіваўся ў Польшчы і заваёўваў Беларусь з захаду.
  2. Гл. У. Ленін (В. Ульянов): Собр. соч., т. ІІІ, VII — «Об образовании внутреннего рынка» (значение окраин), стар. 482 і далей. Мысьлі Леніна аб экономічнай ролі і становішчы «окраин» вельмі грунтоўныя. На жаль, як ён сам прызнаецца (стар. 485), детальны разгляд гэтага пытаньня («разьвіцьцё капіталізму ўшыр, распаўсюджаньне яго на новыя тэрыторыі») не ўваходзіў у плян яго работы. У паказаным разьдзеле зазначаны толькі агульныя прынцыпы Леніна, якія, аднак, даюць нам магчымасьць ясна паставіць самую проблему і абаперці па іх аналіз разгляданай эпохі.
  3. Расійскі ўрад да 1822 г. пакідаў поўную свабоду Польшчы ў яе гандлёвых зносінах з «Літвой». Не зьмянілі становішча і лібэральныя мытныя правілы 1822 г. Горшымі для польскай прамысловасьці былі мытныя стаўкі па закону 24 лістапада 1831 г. (пасьля паўстаньня). Аднак як тады, так і пры пазьнейшых пераменах (1859 г., 1877 г.) польская баваўняная прамысловасьць цалкам панавала па беларускім рынку, L. Janowicz «Zarys rozwoju przemysłu w Kr. Polskiem», 1907, st. 62.
  4. Гл. «Журнал Мануфактур и Торговли», 1859, август, т. VI, Смесь: «Мсталическое и химическое производство в зап. полосе России», стар. 10.
  5. У. Ленін (В. Ульянов), т. III, стар. 240.
  6. С. Южаков «Переселенческий вопрос», «Сез. Вестник», 1886. август. № 8, отд. ІІ, стар. 25-48. Больш дэтальна аб гэтым гл. ніжэй.
  7. Лічбы ўзяты з кнігі М. Довнар-Запольского «Народное хозяйство Белоруссии».
  8. К. Оппенгейм «Россия в дорожном отношении, 1920, стар. 48.
  9. Некаторыя адміністратары на Беларусі добра разумелі патрэбы часу. Так. напрыклад, віцебскі губэрнатар В. Долгоруков з мэтай падтрымаць надыход капіталу выдаў кнігу «Витебская губерния». Истор.-географический и статистический обзор», 1890 г., кажучы ў прадмове да свайго выданьня, што вылажаныя ў ім веды «могуць быць практычна-карыснымі для мясцовых дзеячоў і прадпрыемцаў».
  10. Узята ў В. Семенова — «Россия» etc, т. ІХ, стар. 122-123, у сувязі з чым не паказаны лічбы па Горадзенскай і Віленскай губ.
  11. Выбаркі па Віленскай і Горадзенскай губ. зроблены намі з «Памятных книжек» гэтых губэрняў за адпаведныя гады.
  12. А. Белецкий «Виленским учебный округ в XIX ст.», «Виленский Календарь», 1904, стар. 276.
  13. А. Белецкий «Виленский учебный округ в XIX ст.», «Виленский Календарь», 1904, стар. 289.
  14. Ibid., стар. 276.
  15. М. Боголепов «Государственное хозяйство (1892-1903 г.г.)», «Ист. России в XIX в.», т. VIII, стар. 29 і далей.
  16. М. Довнар-Запольскнй «Народное хозяйство Белоруссии», стар. 33 і інш
  17. М. Довнар-Запольский «Народное хозяйство Белоруссии», стар. 62-64.
  18. Б. Ольшамовский «Права по землевладению в Западном крае», СПБ, 1897. Да гэтых агульных вылічэньняў трэба, аднак, падыходзіць з асьцярожнасьцю, таксама як і да тэзы М. Ольшамоўскага, што «абмежавальныя законы ў стасунку да польскае зяміяўласнасьці зьявіліся аднэй з галоўных прычын экономічнага заняпаду краю» («Значение закона 10 дек. 1865 г. і отношение к давностному владению». «Судебная Газета», 1883, № 8 і інш.)
  19. W. Feldman «Dzieje polskiej myśli politycznej», st 10
  20. Grabiec «Dzeje wspułczesne (1871-1918)», st. 153.
  21. St. Kempner «Rozwуj gospodarczy Polski od rozbiorуw do niepodległości», 1924, VII. st. 104.
  22. Ibid, st. 113.
  23. Найбольш упарта і пасьлядоўна праводзіла прыпцып экономічнага «wcielenia» Польшчы ў склад Расіі Р. Люксэмбург (гл. яе працу: «Die industrielle Entwicklung Polens», Leipzig). у сувязі з чым яна абвяшчала політычную незалежнасьць Польшчы «утопіяй». У. Ленін жорстка скрытыкаваў памылковыя позыцыі Р. Люксэмбург у гэтым пытаньні (Собр. соч., т. XIX. стар. 89-139).
  24. Marceli Lewy «Wzajemny stosunek przemysłu Krуlewstwa Polskiego Cesarstwa Rosyjskiego przed wojna wszechświatową, 1921, st. 116-117.
  25. Аб апрацаваных проектах зьнішчэньня польскае конкурэнцыі гл. «Отчет Н. И. Янжула по исследованию фабричнозаводской промышленности в Царстве Польском», СПБ, 1888, гл. IV. стар. 95 і далей.
  26. Гл. аб гэтым М. Lewy «Życie ekonomiczne Krуl. Polskiego i Rosyjskie taryfy celne i kolejowe i ich wpływ na życie ekonomiczne К. Р.», Warszawa, 1915. Заўвагі ў Kempnera (ор. cit., 114 -115), Grabiec (ІІ, 247).
  27. Банк Польскі быў зачынены ўрадавым актам у 1885 г., праіснаваўшы амаль 60 гадоў (заснаваны ў 1828 г. па ініцыятыве кн Любецкага, тагачаснага міністра фінансаў Ц. Польскага). Аддзяленьні Расійскага дзяржаўнага банку займаліся галоўным чынам усталяваньнем сувязі з цэнтральна-расійскімі ўстановамі. Так, напрыклад, у 1905 г. дысконтавана вэксалёў мясцовага пахаджаньня на 34 мільёны, а з Расіі — на 139 млн. (гл. D-r Z. Daszyńska-Golińska «Rozwуj i samodzielność gospodarcza ziem polskich», 1915. ст. 112 i 200).
  28. Sl. Kempner, op. cit., st. 115, М. Lewy «Wzajemny stosunek” etc., st. 129-130.
  29. Лічбы аб памяншэньні ў капцы 90-х гадоў продукцыі польскіх вугальных шахтаў прыведзены ў L. Janowicza «Zarys rozwoju przemysłu w Krуlewstwie Polskim», 1907, st. 49.
  30. St. Kеmpner, ор. cit.. st. 132.
  31. Гл. И. И. Янжул «Отчет по исследованию фабрично-заводской промышленности в Царстве Польском», СПБ, 1888, прил. стар. 56-71.
  32. Ibid., стар. 22.
  33. Каб не абцяжаць чытача лічбамі, адсылаем яго ў гэтай справе да вылічэньняў W. Olszewicza «Znaczenie gospodarcze Litwy i Białej Rusi», Warszawa, 1920. У М. Lewy («Życie ekonomiczne», I, st. 37-38) прыведзены надзвычайна яскравыя лічбы аб прывозе ільну і канапель у Польшчу ў 1900-1910 г.г. У 1900 г. прывоз гэтае сыравіны ў Польшчу быў роўны 285 тыс. пудоў, а вываз — 0. У разгляданую эпоху 80-90-х гадоў адносіны лічбаў былі гэткія-ж. Ня трэба напамінаць, што вялізная маса ільну і канапель ішла з Беларусі.
  34. «Niwa». 1877, zeszyt 66: «W spawie upadku pos. ziem», przez А. К. (гл. Z. Doliwa «Szkice historyczno-społeczne». Zьruch. 1898. st. 212).
  35. І. Grabiec «Dzieje wspуłczesne», st. 159.
  36. З. Ленский, ор. cit., стар. 261.
  37. І. Grabice. ІІ, st. 250: «Odrodzenie szlachetczyzny».
  38. Магнат, да якога заклікала новая школа, быў магнатам «літоўскім», г. зн. на Беларусі, а не які-небудзь іншы (гл. F. Koneczny: «Polskie Logos а Etnos», t. ІІ. Polska wobec Litwy, st. 123).
  39. Кіевская Старина», 1885, май, стар. 44—78: Антонович «Польско-русские соотношения XVII в. в современной польской призме». Артикул Пипина гл. «Вест. Европы», 1888, № 1, стар. 665— 686
  40. Л. Мартов «Развитие крупной промышленности и рабочее движение до 1892 г.», «Ист. России в XIX в.», т. VI, стар. 153.
  41. Feldman, ор. cit., st. 179, 186, 220.
  42. «Nirwa», 1878, стар. 585.
  43. «Gazeta Polska», 1881, № 114, цытавана па Н. Карееву: «Polonica» — сборник статей по польским делам (1881-1905). стар. 46-52.
  44. Wilh. Feldman, ор. cit., st. 36.
  45. Wilh. Feldman, op. cit, st. 41-42; таксама 3. Ленский, ор. cit., стар. 285. Формуліроўка програмы ППС аб нацыянальнай політыцы была настолькі трапнай з пункту гледжаньня польскага патрыотызму, што яе адразу пахваліў малады Дмоўскі — будучы бацька нарадовай дэмократыі.
  46. Гл. Роза Люксэмбург «Общественные классы в Польше и восстановление Польши».
  47. «Московские Ведомости», 1882, перадрук гл. у «Минских Еп. Ведомостях», 1882, март, № 6, стар. 151.
  48. Мы ведаем толькі адзін каляндар 1882 г., памянёны «Kalendarz Litewski» Эл. Оржэшковай. Другі каляндар, які тут спамінаецца,— выданьня Завадзкага — намі ня знойдзены.
  49. «Новое Время», 1882, гл. перадрук у «Минских Еп. Ведомостях» за 1882 г., апрель, № 7, стар. 175.
  50. А. Белецкі «Виленский учеб. округ в XIX ст.», «Вилен. Календарь за 1904», стар. 289. Пацьверджаньне росту тайных польскіх школ знаходзім у «Всеподдан. отчете обер-прокурора Синода» за 1884 г.
  51. St. Kempner, ор. cit., st. 292.
  52. «Московские Ведомости», перадрук у «Минских Еп. Ведом.», 1882, VI, стар. 154.
  53. «Московские Ведомости», перадрук у «Минск. Еп. Ведом.», 1882, VI, стар. 154. «Caveant consules!»
  54. St. Kempner, ор. cit., st. 121.
  55. Б. Ольшамовский «Права по землевладению в Зап. крае», стар. 123