Западно-руссизм/РАЗЬДЗЕЛ ЧАЦЬВЕРТЫ
← РАЗЬДЗЕЛ ТРЭЦІ | Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі Аўтар: Аляксандар Цьвікевіч 1929 Крыніца: [1] |
РАЗЬДЗЕЛ ПЯТЫ → |
Эпоха пасьля другога польскага паўстаньня на Беларусі
пачынаючы ад канца 60-х гадоў і да сярэдзіны 80-х гадоў зьяўляецца
эпохай надзвычайнага заняпаду грамадзкага і культурнага жыцьця.
Мы ведаем, які выключны ўздым навуковай і літаратурнай мысьлі
характарызаваў Вільню перад самым паўстаньнем і за некалькі год да
яго. Канец 50-х і пачатак 60-х гадоў былі ў гэтым сэнсе пэрыодам
усебаковага ўзросту культуры краю, праўда, культуры польскай, але
слаўнай і адбіваўшай прамень свайго росквіту далёка на ўсход. Побач
з разьвіцьцём польскай культуры ў Вільні паволі вырастала і
беларуская ідэя, пакуль што ў так званым «літоўскім», або «крывіцкім»,
абліччы, але безварункова ў мясцовым, этнографічна-беларускім. І
нямаведама, хто яшчэ ўзяў-бы гару ў далейшым разьвіцьці краю,—
плынь на Польшчу, на Варшаву, ці літоўска-беларускі этнографізм.
Калі прыгледзецца да тае «літоўскае» партыі, якая гуртавалася каля
Нарбута, калі дазнаць, чым адзначалася гэтая партыя ў асобах Адама
Кіркора, Каратынскага, Сыракомлі, Адынца і іншых, дык прыдзецца
згадзіцца, што яна такі брала гару над чыстай польскасьцю, і раней ці
пазьней, але запанавала-б у Вільні.
У беспасрэднай сувязі з гэтай групай былі першыя спробы беларускай літаратуры, што выявіліся ў творчасьці Яна Баршчэўскага і Вінцука Марцінкевіча, якія хоць і ня жылі ў Вільні, але безварункова духова былі з ёй зьвязаны. Мы ведаем, што паміж гэтай краёвай «літоўскай» групай і прэтэнзіямі чыста польскімі ўжо адбывалася ў тыя часы барацьба. Аб гэтай барацьбе сьведчыць, між іншым, мала лібэральных настрояў у грамадзтве і надыходзячай сялянскай рэформы. На чале групы стаяў Адам Кіркор і Вінцук Каратынскі, які «списав» у альбуме «Песьню з паклонам» ад імя «літоўска-русінскай мужыцкай грамады»; песьня пачыналася так (падаем яе ў орыгінальнай ортографіі)[1]
Вставаймо, братцы, да дзѣла, да дзѣла!
Зъ повначи певень залопавъ крыломъ.
Нуже, каб жыво работа паспѣла,—
Выслаць гасьциняцъ жовцянькім пяскомъ.
Дружно, громадо, въ сердечнуй ахвоце,
Духам насилки на плечы узьдзѣнь!
Ох! только ночу неспорно въ рабоце.
Узыдзи нам, совняйко! прывядзи намъ дзѣнь!
Альбум сустрэў жорсткія нападкі і памфлеты з боку палякаў Царства Польскага, якія ўбачылі ў выступленьні «літвіноў» нацыянальную зраду. Аднак гэтыя нападкі мала ў чым зьмянілі тагачасных польска-беларускіх патрыётаў: Адам Кіркор, прыкладам, так і застаўся на ранейшай мясцовай позыцыі, вельмі далёка ад настрояў і жаданьняў Варшавы[2].
Аб разыходжаньні сьведчыць і слабы ўдзел памянёнай групы ў паўстаньні і літаратурныя сваркі на віленскім грунце ласьне ў зьвязку з беларушчынай. Адам Плуг (А. Петкевіч) папераджаў Вярыгу-Дарэўскага, што польскае чыстакроўнае панства ставіцца да яго з варожасьцю — за сымпатыю да «Беларускай дуды»:
...Крыкнуць на цябе паноўе.
Што ты здраднік і місьцюк.
Страціш гонар і здароўе
І дуду упусьціш з рук[3].
І хто ведае, кажам мы, чым-бы скончыліся гэтыя разыходжаньні, калі прыняць пад увагу, што вызваленьне сялянства зьнішчыла галоўную перашкоду да выйсьця на арэну беларускай сялянскай інтэлігенцыі і што ўсьцяж разьвіваныя працы па мясцовай гісторыі і этнографіі ўсё больш і ўсё шчыльней набліжалі сьвядомасьць мясцовага грамадзтва да пераконаньня, што тутэйшы край ня ёсьць Расія і ня ёсьць Польшча, а ёсьць Беларусь. З-пад старых польскіх дасьледваны эпізод з так зв. «Віленскім Альбумам». «Album Wilieński» быў складзены мясцовай групай літаратараў і публіцыстах у 1858 г., пад час прыезду ў Вільню Аляксандра ІІ. Гэта быў год жывых надзей, забабонаў а «правох» Польшчы на гэты край, з-пад мацнейшага слою польскіх культурных уплываў, створаных тут праз вякі, у Вільні пры канцы 50-х і пачатку 60-х гадоў яскрава пачала выбівацца беларуская нацыянальная ідэя. Цяжэйшы экономічны стан краіны, які выклікаўся жахлівай беднатой беларускага сялянства і адсутнасьцю ў краі прамысловасьці, мусіў пасьля скасаваньня прыгону і пры нормальных абставінах зьмяніцца на лепшае і даць экономічны грунт для нацыянальна-культурнага адраджэньня.
Паўстаньне 63-га году і агульная рэакцыя, што пачалася ў імпэрыі хутка пасьля правядзеньня рэформаў, рашуча спынілі разьвіцьцё падзей ласьне ў гэтым кірунку. Разгром Муравьёва і той рэжым гвалту ды тэрору, якім ён нішчыў «пальшчызну» на Беларусі, зьнішчыў і кволыя пачаткі беларускага культурнага руху. У Вільні, як і ва ўсім краі, запанавала офіцыяльная казённая «русская народность», расійскае войска, паліцыя, жандармэрыя, расійскі чыноўнік і яго мова. Пачалося змаганьне за «душу» беларускага насельніцтва, за яго веру і будучыню, змаганьне шляхам штучнага насыланьня «истинно- русского» настаўніцтва, расійскай кнігі, адкрыцьця расійскіх кніжных крам, школ і бібліотэк.
Усе гэтыя ўрадовыя «меры к восстановлению русской народности» на Беларусі, якія пачаліся за Муравьёвым і цягнуліся пры бліжэйшых яго памоцніках, агульна вядомы. Перш за ўсё яны былі накіраваны на Вільню, і праз які-небудзь год-два дасягнулі сваёй мэты: усё жывое, усё зьвязанае з краем, з яго думкамі і настроямі, усё, што працавала над яго мінулым і аддавала сілы сучаснасьці, усё гэта як- бы зьнікла нямаведама куды. «Пад час апошняга пагрому ўсё быццам было змыта з аблічча зямлі, усё як-бы зьмяла нейкая нявідная рука. Хто памёр, хто выехаў. Засталася толькі нярухомая старасьць — паміраць»,— пісаў адзін староньні сьведка пасьля паўстанчых падзей, якому давялося быць у тыя часы ў Вільні[4].
У 1864 годзе памёр «патрыарх» Нарбут; за год перад ім, у самы разгар паўстаньня, зышоў са сцэны Міхал Балінскі, аўтар «Старажытнай Польскі» і друг Лелевэля, «граючы на ліры», памёр у 1862 г. Сыракомля, на хаўтурах якога быў шматтысячны натоўп віленскай моладзі ў сялянскіх народных вопратках; Кіркор пераехаў у Пецярбург, а потым у Кракаў; Крашэўскі бадзяўся па чужыне; памёр Ігнат Ходзька, а Аляксандр Ходзька старым чытаў лекцыі па славяназнаўству ў парыскай Сорбоне; Адынец, Круповіч і Каратынскі дажывалі сваё жыцьцё ў Варшаве. З усёй гэтай плеяды ў Вільні заставаўся семідзесяцілетні Паўла Кукальнік, напоў славак, напоў расіец, сябра Сыракомлі і адзін з заснавальнікаў Віленскага музэю[5]. Рэшта была зьмецена рукой гісторыі з Вільні і з краю, хто куды, і не надавалі вестак аб сваім існаваньні. «Як перад політычнай бурай, так і пад час яе грозных праяў сьмерць гвалтоўна павырывала з ліку віленскага грамадзтва найбольш выдатныя адзінкі, нібы хацела пазбавіць іх няшчасьцяў і гора»,— піша А. Кіркор у сваіх «Успамінах»[6].
На месца старых працаўнікоў пачалі прыходзіць новыя людзі, якія нібы-то хацелі пераняць на сябе ролю правадыроў культурнага руху і быць прадстаўнікамі новых ідэй. Заснаваўся «Северо-Западный отдел Русского Географического Общества»[7], які «асабістым складам сваіх заснавальнікаў забясьпечваў новую ўстанову ад «вторжения» шкодных людзей (§ 4 статута); папячыцелі Крылов і Бацюшков, адстаўны флёт-капітан Шанурін, Нікітін — начальн. Канц. ген.-губ., Энгель — цэнзар, протоерэй Гомоліцкі ды інш., ня менш вядомыя асобы — вось хто стаў ці, бліжэй кажучы, хацеў стаць на чале мясцовага жыцьця. Амаль за дзесяць год існаваньня (1867-1876) памянёны аддзел меў некалькі дзесяткаў пасяджэньняў, але толькі пад канец свайго існаваньня, і то дзякуючы Е. Раманаву ды Н. Нікіфароўскаму, сабраўся выдаць І-ы і апошні том сваіх «Запісак»; пуставала Віленская Публічная бібліотэка, паціху працаваў «Цэнтральны архіў дрэўніх актавых кніг», дзе заселі Шолковіч са Спрогісам і пазьней Снітко,— дык вось, здаецца, усё, чым магла пахваліцца Вільня ў першыя дзесяцілецьці пасьля паўстаньня.
Аднак перамога, якую сьвяткаваў над краем Муравьёв, была для яго і для ўсёй яго справы кароткай. Ня здолеў ён выбіць 1 студзеня 1865 г. мэдаль у адзнаку замірэньня паўстаньня, як павінен быў выяжджаць з Вільні. Пад націскам спамянутай вышэй прыдворнай анты-мураўёўскай партыі ў Вільні пачалася генэрал-губарнатарская «чэхарда»: адзін год гаспадарыў Кауфман, які стварыў, паводле водзыву дасьведчаных сучасьнікаў, «немагчымую распусту сярод расійскіх чыноўнікаў на Беларусі»[8]; за ім прышоў гр. Баранаў, які зьдзівіў усіх тым, што быў лютэранінам; урэшце, як вынік канчатковай перамогі ворагаў Муравьёва лёс краю быў пераданы ў рукі ген.-губ. Потапова.
Назначэньне Потапова было пачатком новай паласы жыцьця Беларусі, якая паласа ў патрыётычнай літаратуры так і завецца «патапаўскай». Яна была натуральным выразам тэй рэакцыі, якая пачалася ў імпэрыі з моманту выданьня памянёнага вышэй «охранительного» рэскрыпту 13 мая 1866 г. і праходзіла пад знакам клясавай солідарнасьці дваран незалежна ад іх нацыянальнасьці. Для таго, каб прынцыпы «охранительной реакции» былі прыстасаваны ў «мятежных» заходніх губэрнях, павінна было прайсьці ўсяго толькі год-другі.
Яшчэ ў бытнасьць сваю памоцнікам Муравьёва па грамадзянскай часьці Потапов заявіў сябе выключна бяспрынцыпным чалавекам, які найбольшую смагу меў не да політыкі, але да віленскіх буфэтчыц, харыстак і кавярак. Скандальны валацуга, вядомы ў той час усёй Вільні, аб якім знаходзім шмат паліцэйскіх пратаколаў, Потапов быў ня раз расьпяканы суровым у гэтым сэнсе Муравьёвым. Усе ведалі і аб яго сувязі з «Юдіфью з-над берагоў Дзьвіны» — граф. Марыяй Плятар, якая, па чутках, трымала яго ў сваіх руках[9]. «Я ніколі, ні ў чым і нікому ў жыцьці сваім не даваў веры і ніколі ня меў прычыны ў гэтым каяцца»,— казаў пра сябе Потапов мітр. Аляксандру. Ёсьць сьведчаньне, праўда, ня зусім бесстароньняе, нібыто на сваё назначэньне ён глядзеў з пункту погляду асабістай карысьці, а ня з пункту погляду задач расійскай улады ў краю: «Палякі-памешчыкі,— казаў ён,— заўсёды дадуць мне палажэньне і значэньне ў грамадзе і па службе: яўрэі — грошы, а мясцовыя праваслаўныя папы нічога, апрача клопатаў, мне не прынясуць»[10].
Ужо ў гэты час польскія памешчыкі на Беларусі, здолеўшы «памірыцца» з расійскім манархам, ведалі прыхільны стасунак да сябе Потапова як прадстаўніка анты-мураўёўскай пецярбурскай партыі[11]. Пад час аб’езду Потаповым Менскай губэрні мясцовае дваранства, у асобе менскага павятовага «предводителя» Лева Ваньковіча, падала яму заяву-скаргу на тагачасныя мураўёўскія парадкі. Гэта было ў 1864 г.— пад час, здавалася, найбольшай сілы «губарнатара-вешацеля». Дакумант гэты настолькі яскравы ў сэнсе выяўленьня пазыцый польскіх памешчыкаў на Беларусі, нагэтулькі выразна адбівае разуменьне імі сваёй клясавай сілы ў імпэрыі, якая стаяла перад пераломам у бок рэакцыі, што мы лічым патрэбным прывесьці яго: «Вашае прызначэньне на пасаду,— пісаў Ваньковіч,— было першым пробліскам надзеі для мясцовых дваран-зямляўласьнікаў. Галоўны начальнік (Муравьёв) упаў у аблуду, яго абыйшлі чыноўнікі — гэтыя двухдушныя людзі, твор сацыяльнага і рэвалюцыйнага (!) руху, якія хутка зьнялі свае маскі і выявілі свае руйнуючыя імкненьні. Яны забыліся да гэткай ступені, што самі сабе даюць імя разбурыцеляў усяе клясы дваран-зямляўласьнікаў у Расіі. «Мы красные и прекрасные» — вось іхні трывіяльны каламбур. Гэтыя чыноўнікі-паджыгацелі зьяўляюцца перш за ўсё кіраўнікамі паверачных камісій і злоўжываньні іх пераходзяць усялякую меру».
«Трэба жыць пасярод гэтага хаосу, каб ведаць злоўжываньні гэтых уладаў, у тым ліку міравых пасрэднікаў»,— скардзіўся Ваньковіч. «Хто яны, гэтыя чыноўнікі? Гэта людзі прагнаныя са службы, былыя шпіёны па прафэсіі... яны складаюць партыю людзей бедных, бяз імя, бяз мінулага, якія пад штандарам патрыятызму схавалі свае запраўдныя соцыяльныя імкненьні. У складзе губэрскага па сялянскіх справах «присутствия» не застаўся ніводзін парадачны чалавек».
«У сувязі з гэтым і селянін не задаволены існуючым станам рэчаў, кажучы: сёньня паны крэхцяць, заўтра мужыку будзе». Селянін ня верыць у трываласьць сучаснага ладу.
«Зьнішчыць буйную і варожую дзяржаве нацыянальнасьць,— рэзаніруе прадстаўнік польскага дваранства,— можа быць палітычна й выгадна (спасительно), але зруйнаваць край эканамічна, паслабіць веру яго жыхароў у моцнасьць устаноў, узбудзіць анархію, зьняць з народу ўсе «узы», даверыць народ людзям, адзінай мэтай якіх ёсьць споліацыя (грабежніцтва),— мера самая немагчымая. Гэтыя людзі запанавалі над самым сьвятым, што ёсьць у іншых краінах — уласнасьцю! Ваш (Потапова) высокі розум не дапусьціць, каб паходжаньне (нацыянальнае) і вера маглі выключыць з ліку верных падданых манарха нас, якія шчасьлівы служыць яму ва ўсіх выпадках»[12].
Як толькі Потапов быў прызначаны віленскім генэрал-губэрнатарам у сакавіку 1868 году паміж ім і галоўным кіраўніком русыфікацыйнай політыкі на Беларусі, папячыцелем Віленскай вучэбнай акругі І. Корніловым, адбылася вельмі характарная для новага ўрадаваньня размова. У ёй Потапов як-бы паўтараў словы рэскрыпту Аляксандра і даў належны тон мясцовай уладзе. У ёй адразу быў вырашаны лёс бліжэйшых супрацоўнікаў Корнілова — інспэктара акругі: Шульгіна, Новікова і Куліна, якія «па свайму крайняму і неўмеркаванаму русафільству і нянавісьці да палякаў і шляхецтва» былі налічаны «неудобными» для службы ў Паўночна-Заходнім краі і павінны былі быць выдалены. Калі Корнілов, баронячы сваіх фаворытаў, заўважыў, што гэтыя асобы належаць да «дастойнейшых расійскіх людзей, што яны — сапраўдная аздоба акругі і што выгнаць іх з краю ўсёроўна, што вынуць душу з цела», Потапов цынічна адказаў:
«Калі я служыў у ІІІ аддзяленьні ўласнай яго вялікасьці канцылярыі, я даволі нагледзеўся на нашых праглынутых народнікаў і лібэралаў, на кашлатых прогрэсыстых і анархістах, на стрыжаных па-мужчынску студэнтак. У гэтым збродзе былі ўсё карэнныя расійскія людзі, таксама як паміж дэкабрыстымі. Згадзецеся,— казаў ён Корнілову,— што Муравьёвы-Апосталы, Рылеевы, Оболенскія, Волконскія, Трубецкія былі карэнныя рускія людзі, а палякаў, на якіх вы нападаеце, амаль ня было... Усе падданыя нашага гасудара выконваюць роўныя дзяржаўныя павіннасьці, а таму ўрад павінен ставіцца да ўсіх з поўнай бесстароннасьцю і зьвяртаць увагу не на народнасьць і веру, а на вернападданасьць». «Не падзяляю я,— казаў затым Потапов,— і вашае з Кауфманам меры надзяляць у краі настаўнікаў і служачых зямельнымі вучасткамі, і буду заўсёды супроць яе. Мы ня ведаем, куды падзець у тутэйшым краі безаконную і самадурную польскую шляхту, а вы яшчэ выдумляеце якуюсь нячуваную расійскую шляхту»[13].
Пасьля гэткіх адкрытых заяў кіраўніка расійскае політыкі на Беларусі прыхільнікам мураўёўскага кірунку прышлося прызнаць сваю ролю ў краі скончанай. «З самым сумным і цяжкім уражаньнем выходзіў я з габінэту генэрал-губэрнатара»,— успамінае Корнілов, азнаёміўшыся з поглядамі чалавека, якія былі, паводле яго слоў, «уласьцівы поліцэйскому назірацелю, але не дзяржаўнаму саноўніку».
Мураўёўская сыстэма абрусеньня Беларусі, стаўка на «истинно- русский» элемэнт і праваслаўе была Потаповым зламана і заменена цярпімымі адносінамі да мясцовых палякаў. «Месца «истинно-русских» людзей,— скардзіцца адзін з гісторыкаў потапоўскага рэжыму,— занялі ў лепшым выпадку добрыя выканаўцы-чыноўнікі. Пачалася нячуваная трагі-камэдыя: паперы, як звычайна, пачыналіся словамі: «вследствие», «во исполнение», нават «в дальнейшее развитие» тых або іншых мерапрыемстваў Муравьёва ці Кауфмана, а на справе выходзіла руйнаваньне іх плянаў і пачынаньняў[14].
Гэта адбілася і на практыцы: найбольш выдатныя і ўпартыя мураўёўскія супрацоўнікі — І. Корнілов, Батюшков[15], Шестаков (граж. губэрнатар, пазьней морскі міністар) — хутка зьляцелі са сваіх пасад і былі заменены нявыразнымі ў гэтым сэнсе Сергіевскім (папячыцель вуч. акругі з 1869 па 1899 г.) і Стеблін-Каменскім (граж. губарн.). Яшчэ больш характэрна выявіліся абыякія адносіны Потапова да задач абрусеньня краю ў конфлікце, што ўзьнік паміж ім і Сямашкай, які жыў тады яшчэ ў Вільні. За год да назначэньня Потапова Сямашка, як-бы адчуваючы зьмену ўрадовага курсу, пісаў у Сынод: «Усё вяшчуе для літоўскай паствы добрую будучыню, калі таму не перашкодзяць якія-небудзь, барані божа, непрадугледжаныя акалічнасьці». Гэтыя «акалічнасьці» здарыліся: 2 лютага 1867 г. у Вільні зьявіўся Потапов, і ўся саракагадовая ўпартая дзейнасьць Сямашкі была як-бы настаўлена пад знак запытаньня. Пры канцы свайго жыцьця правадыр праваслаўя на Беларусі, «першы, паводле выразу А. Белецкага[16], сур’ёзны абрусіцель Заходняга краю ў самым высокім, шляхетным значэньні гэтага слова» — Сямашка ўбачыў пагрозу сваёй ідэі і магчымасьць крушэньня зробленых дасягненьняў. Нязвычайная роспач, выкліканая гэтай акалічнасьцю, бсзварункова пагоршыла яго хваробу і прысьпешыла яго сьмерць.
У нявыданых «Запісках» Сямашкі і ў справах літоўскай дух. консысторыі знаходзяцца надзвычайна цікавыя матэрыялы, з якіх відаць этапы барацьбы паміж гэтымі двома заклятымі ворагамі: Сямашка ня меў прычыны і ахвоты хаваць свае антыпатыі да Потапова і імкнуўся зваліць на яго віну ў тым, што пасьля яго назначэньня пачаўся масавы пераход ранейшых вуніятаў у каталіцтва. У сваю чаргу Потапов, умываючы рукі ў рэлігійных справах, казаў, што ў гэтым вінавата праваслаўнае духавенства. На справе выходзіла, што вінавата ў гэтым паліцыя, якая ня ішла насустрэч праваслаўным папом: «Дзеля таго што з пачатку далучэньня да праваслаўя (вуніятаў) гражданская ўлада і паліцыя прыймалі ў гэтым жывы і чынны ўдзел, а цяпер ужо больш году «не оказывают ни малейшего содействия в присущих беспорядках», дзеля гэтага становішча і ход праваслаўя прадстаўляецца вельмі сумным» — жаліўся Сямашку адзін з провінцыяльных папоў і прасіў дапамогі ад вайсковых начальнікаў, віленскага павятовага спраўніка і «господина пристава». Ніякай дапамогі, паводле загаду Потапова, гэтыя «господа» агентам Сямашкі не давалі[17].
Наадварот, найбольш рашучыя і адданыя супрацоўнікі Сямашкі былі зьняты тады са сваіх пасад, у тым ліку ў 24 гадзіны быў зьняты і сасланы ў Канстантынопаль загадчык Віленскага духоўнага вучылішча Смарагд. Замяніўшы Сямашку, арх. Макары (пасьля мітрапаліт Маскоўскі) у паразуменьні з уладай зьвярнуўся да ўсіх, хто мусіў яго слухаць, што цяпер «кожны павінен заняцца сваёй штодзённай справай, сваёй службай і ў вышэйшыя пытаньні ня ўмешвацца»[18].
Школьная справа, якая была пры Муравьёве найбольшым засабам дэнацыяналізацыі Беларусі і якая зьяўлялася найлепшым выражэньнем русыфікацыйнага напору, пры Потапове, таксама як і пры яго наступніках — Альбедінскім і Тотлебене, да пачатку 80-х гадоў занепадае. Вось табліца заснаваньня школ, якая найлепш нас у гэтым пераконвае[19] (для параўнання падаем лічбы і па Смаленскай губ.): З наданых лічбаў відаць, што, пачынаючы з 1861 г. і да 1868 г., лік школ у трох беларускіх губэрнях надзвычайна хутка ўзрастаў. Гэта быў пэрыод урадаваньня віленскай акругай кн. Шырынскага- Шыхматава, пры якім на Беларусі было заснавана каля 200 новых народных школ, і затым (ад 1864 да 1868 г.) пад час урадаваньня Корнілова. Спыненьне ўзросту ліку школ, пачынаючы з 1869 г., тлумачыцца, зразумела, ня тым, што Беларусь была ўжо «насычана» расійскай школай, але моцным паслабленьнем тэмпу русыфікацыі. Характэрна пры гэтым адзначыць, што, як відаць з наданай табліцы, побач з памяншэньнем ліку па Менскай, Віцебскай і Магілёўскай губ. лік школ па Смаленшчыне з 1874 па 1880 г. нязвычайна ўзрос. Гэта тлумачыцца тым, што Смаленшчына як тэрыторыя ня «инородческая» атрымала земствы і ў школьнай справе хутка пайшла ўгору. Беларусь у народнай асьвеце ў гэты пэрыод ішла ўніз.
Падобныя не пацяшаючыя даныя знаходзім і па другіх крыніцах. Так, напрыкл., па Віленскай губ. лік штатных міністэрскіх народных школ заставаўся нязьменным ад 1864 да 1870 г.— 84 школы; амаль нязьменным быў лік так зв. «палатскіх школ», што былі на ўтрыманьні Палат Государственных Имуществ,— 36-35 школ, а таксама звыш-штатных міністэрскіх школ — 9. Падалі так .ш. «жаночыя зьмены» пры народных школах: ад 8 — у 1865 г. да 2 у 1870 г.[20]
Заняпад асьветы на Беларусі ў разгляданую эпоху відаць таксама з колькасьці кніжных складаў і ліку праданых кніг. Так, напрыклад, па Вілейскай губ. лік кніжных складаў, заснаваных падчас «мураўёўшчыны» (цэнтральных і па-губэрскіх), не павялічваўся за ўсе пяць год — ад 1865 да 1870 г. (24 склады). Па Горадзенскай губэрні ўжо ў 1868 г. усе кніжныя склады, лікам 42, ліквідаваліся. Рэзка пачаў спадаць і продаж кніг: у 1865 г.— на 1076 руб., у 1866 г.— на 714 руб. і ў 1868 г.— на 291 руб. і г. д. Тагачасныя дасьледцы наіўна тлумачылі ўсе гэтыя нярадасныя зьявішчы то «неўраджаем», то «марозамі», то вайной з Турцыяй і толькі часам глуха зазначылі па «некаторыя прычыны», з поваду якіх Віленская дырэкцыя народных школ не магла задаволіць запатрабаваньні на кнігі[21].
Пры агульным культурным заняпадзе чымсьці неспадзяваным зьявіўся проект аб заснаваньні ў Полацку унівэрсытэту, падняты тагачасным міністрам асьветы гр. Д. Толстым (пазьнейшым прэзыдэнтам Акадэміі Навук). Але, як і трэба было спадзявацца, проект гэты спаткаў марны лёс: пасьля цэлага году канцылярскае цеганіны і перапіскі паміж міністэрствам асьветы, вайсковым міністэрствам і міністэрствам фінансаў справа спынілася, а самая ідэя аб унівэрсытэце ў Полацку была назаўсёды здана ў архіў[22]. Можна з пэўнасьцю сказаць, што ў глухую пару 70-х гадоў расійская політыка ня цікавілася Беларусьсю; яна як-бы забылася аб яе існаваньні і спыніла гутаркі а пагрозах палёнізму і лацінства. Таксама, як і пасьля першага паўстаньня 31-га году, Пецярбург у гэты час быў здаволены адным фактам прыналежнасьці Беларусі да імпэрыі і лічыў, што даволі агульна-адміністрацыйнага аб’яднаньня яе з цэнтрам.
Падобныя адносіны мелі, бязумоўна, свае глыбокія прычыны. З аднаго боку, расійскаму ўраду было занадта сваіх унутраных клопатаў, каб задавацца актыўнай русыфікацыяй і барацьбой з палёнізмам. Монархія ў асобе дваранскіх станаў у гэты пэрыод цяжка ператраўляла тыя рэформы, што адбыліся, падцягвала свае сілы і рабіла перагрупоўку іх у сувязі з новым экономічным парадкам, які быў выкліканы вызваленьнем сялян і нараджэньнем цэнтральна-расійскай прамысловасьці. Дзякуючы ўзросту прамысловасьці пачалі складацца першыя кадры расійскага пролетарыяту і пачаў вырастаць першы расійскі соцыялістычны рух. 70-я гады адзначаліся ў Расіі моцным уздымам рэволюцыйных настрояў, які знаходзіў сваё выражэньне ў шырокай хвалі народніцтва, у «хождения в народ». Уся эпоха была поўна водгаласкаў пропаганды Герцэна і Бакуніна; утварылася «Народная Воля»; Лавров, Некрасов і малады Плеханов цалкам панавалі ў настроях расійскай моладзі і асабліва студэнцтва. У літаратуры ішла апошняя зацятая барацьба паміж западнікамі і славянафіламі, і падняўшая галаву рэакцыя, перапалоханая ўзростам опозыцыйна-рэволюцыйных настрояў, заклікала вуснамі Леонтьева да патрэбы «замарозіць Расію», каб выратаваць яе ад пагібелі і заходняэўропэйскага соцыялізму.
Сталіцы імпэрыі былі захоплены нячуваным грундэрствам: усе 70-я гады былі пэрыодам росквіту банкавае справы, будаўніцтва чыгунак, заводаў і фабрык; ствараліся і лопаліся, як мыльныя пузыры, вялізарнейшыя капіталы з удзелам загранічных фінансыстых — уся Расія абярнулася ў нейкую біржу, дзе здавалася, усё можна было прадаць і купіць. І побач з гэтым на мануфактурах, заводах, чыгунках зьяўляліся проклямацыі «Зямлі і Волі», «Черного Передела». «Охранительная» сыстэма як наказ папярэдняй эпохі «вялікіх рэформ» уваходзіла ў поўныя свае правы, і вонкавая і тайная паліцыя мела даволі работы, каб абараніць ад рэволюцыі сьвяшчэнную асобу цара і пачаўшы завальвацца дваранска-памешчыцкі быт.
Дзе-ж тут было думаць і клапаціцца аб «Северо-Западном крае»— Беларусі? Мураўёўскія шыбеніцы і семашкаўскія гвалты нарабілі столькі гармідару ў Эўропе, што Пецярбург з неахвотай успамінаў аб учарайшай расправе. А галоўнае, у Пецярбурзе зразумелі, што душыўшы паўстаньне Муравьёв занадта перагнуў палку, калі абвесьціў у мэтах русыфікацыі Беларусі амаль «сьвяшчэнную вайну» мясцоваму польскаму дваранству.
Як у свой час за Паўлам І, а потым за Аляксандрам І і Мікалаем І, так і цяпер расійскі ўрад убачыў сваю гістарычную беспараднасьць у гэтым краі, дзе народныя масы былі быццам сваімі, блізкімі, «в основе русскими», пераважна праваслаўнымі, а вышэйшая кляса нацыянальна чужая і політычна варожая. І як заўсёды, так і ў гэты пэрыод колізія інтарэсаў дзяржавы з інтарэсамі дваранскае клясы знайшла компроміс: здушыўшы паўстаньне, Пецярбург адразу пачаў шукаць прымірэньня з польскім дваранствам на Беларусі.
Польская арыстакратычная партыя, бараніўшая яго інтарэсы, не патрабавала дакладаць да гэтага вялікіх патуг. Аляксандр ІІ, як мы заўважылі, сам добра разумеў патрэбу зьмяніць гнеў на міласьць у стасунку да лаяльных польскіх памешчыкаў.
Па ўсёй лініі быў даны адбой папярэдняй політыцы. Хоць па інэрцыі некаторыя справы яшчэ і каціліся ў папярэднім кірунку — галоўна, «насаждение» расійскай зямляўласнасьці, аднак і яны штодзень пазбываліся свайго агрэсіўнага зьместу. Замену прысьпешыла спроба некаторых лібэральных міравых пасрэднікаў завесьці на Беларусі грамадзкі (абшчынны) парадак уладаньня зямлёй. У гэтай справе мясцовыя памешчыкі, а за імі і міністэрства ўнутраных спраў угледзелі «комуністычную пропаганду», называючы аўтараў соцыялістымі-комуністымі, якія ставяць сабе рэвалюцыйныя мэты. Пачалося ўсё большае адхіленьне ад ранейшых заданьняў сялянскае рэформы на Беларусі. Замест таго, каб вызваляць беларускага мужыка з-пад улады польскага папа. якая справа карысталася такой популярнасьцю тры — пяць год таму назад, ад мясцовых чыноўнікаў па зямляўпарадкаваньні з пачатку 70-х гадоў пачалі вымагаць перш за ўсё лёяльнасьці ў адносінах між памешчыкамі і сялянамі, разумеючы над гэтым часьцей за ўсё абарону памешчыцкіх інтарэсах; пачалі вымагаць добраахвотных міралюбных актаў, ня хочучы ведаць таго, што нельга прымірыць непрымірымае, што адносіны паміж вёскай і дваром набылі пасьля рэформы зусім адменны характар[23].
«Цяпер,— пераказвае адзін з тагачасных міравых пасрэднікаў, па губэрнях віленскага генэрал-губарнатарства з канца ў канец толькі і чуваць адно патрабаваньне ўлады: «мірэце, панове, мірэце!»[24]
І сапраўды, паміж уладай і ўчарайшымі “мятежниками» запанавала па клясавай лініі поўнае прымірэньне. «Пропагандуючы збліжэньне з «братамі» палякамі», расказвае адзін з тагачасных назіральнікаў беларускага жыцьця, далёкі ад патрыотычнага запалу, новыя гаспадары «перш за ўсё імкнуліся абярнуцца ў паляка, бачылі ў кожным селяніне свайго асабістага ворага і душылі гэтага селяніна неміласэрна»[25]. Пад уплывам памешчыцкіх прэтэнзій пачалася новая паверка пастаноў так зв. «міравых камісій», прычым адміністрацыя лічыла патрэбным зламаць усю ранейшую пастаноўку сялянскае справы ў краі. З гэтай мэтай пачалі ўрэзваць зямлю ад сялян на карысьць памешчыкаў, пачалі «шукаць популярнасьці не ў народных масах, а паміж клясамі прывілеяванымі, дапамагаць гэтым клясам, слугаваць ім з домешкай лёкайства»[26].
Скаргі на тое, што Потапов «зрадзіў» інтарэсам Расіі ў Заходнім краі і што «зрада» гэтая адбылася шляхам паразуменьня расійскай улады з польскім памешчыкам за кошт беларускага сялянства і супроць яго, знаходзім і ў іншых аўтараў.
«Зрада Потапова ранейшай, расійскай сыстэме кіраўніцтва Муравьёва, Кауфмана і нават Баранова была ўсебаковай; яна праводзілася праз усе ўстановы краю, амаль праз усіх асоб, якія служылі ў краі, выяўлялася ва ўсіх зносінах — асабістых, грамадзкіх, службовых, ва ўсіх дробязях гэтых зносін. Цэнтрам яе былі мясцовыя ўстановы па сялянскіх справах і падважнікам яе служылі правілы «Местного Положения» аб надзелах сялян зямлёй. З гэтага цэнтру і пры дапамозе гэтага падважніка праводзілася жаданьне дасягнуць таго, каб тутэйшыя сялянскія масы, толькі-што перайшоўшыя ад абыякіх адносін да ўраду да самой глыбокай удзячнасьці яму, зноў вярнуць да таго настрою, які найбольш-бы падыходзіў да становішча іхнай ранейшай залежнасьці... Пачалася цёмная работа астуджаным занадта высокай тэмпэратуры народных сымпатый да вярхоўнае ўлады і яе ўраду... Потапов рабіў у гэтым кірунку шмат. Цяжка нават вылічыць лік ахалоджаных ім або да канца азлобленых сялянскіх душ. Для гэтага трэба было-б ведаць лік адмежаваньняў сялянскіх надзелаў, таму што кожны гэткі выпадак амаль няўхільна быў прычынай сялянскага азлабленьня»[27].
Расійскі ўрад быў спакойны за «Заходні край». З лояльным магнатам-памешчыкам яму ня было чаго дзяліць, што-ж датычыць якой-небудзь фронды з боку польскай шляхты, дык мураўёўскі разгром сапраўды выкараніў яе тут у пень. Усё было ўзята ў такія яжовыя рукавіцы, што ні аб якай фрондзе польскі элемэнт нават і думаць не адважваўся. Толькі з боку сялянства на грунце зямельных адносін здараліся выпадкі, а часам і бунты (гл. так зв. «прозоровское дело»), для заспакаеньня якіх патрабавалася аружная сіла. Улада душыла гэтыя бунты ў саюзе з польскім памешчыкам.
Лік расійскага войска на Беларусі ўзрос у тую эпоху да надзвычайных памераў. Калі пад канец 60-х гадоў мы бачым у Вільні толькі штаб 27 пях. дывізіі, штаб мясцовых войск з артылерыйскім складам ды губэрскі батальён з абознымі камандамі, дык у пачатку 80-х гадоў тут было ўжо каля дзесятка акруговых вайсковых упраўленьняў усялякага тыпу, штаб армейскага корпусу, артылерыйская брыгада, чатыры пяхотныя палкі, кавалерыйская дывізія, сапёрны батальён, палявы жандарскі эскадрон і г. д., і г. д. — вялізная колькасьць войск, як-бы цэлая крэпасьць на заходнім сэктары вялізнай імпэрыі[28]. Выклікаць войскі з сярэдзіны дзяржавы, як гэта было ў часы паўстаньня для яго прыдушэньня, цяпер у выніку чаго ня прыходзілася: «Северо-Западный край» мог са збыткам пазычыць гэтай сілы для прыдушэньня непарадку ў сталіцах. Апрача таго, войска на Беларусі дзякуючы заведзенай 1 студзеня 1874 г. Усеагульнай вайсковай павіннасьці з посьпехам выконвала русыфікуючую ролю[29]. Рэвалюцыйны рух у 70-х гадох быў на Беларусі параўнаўча з іншымі краінамі, як-то: цэнтральнай Расіяй, Украінай і Польшчай, слабы. Экономічны і нацыянальна-культурны стан краіны быў гэткі, што ён ня мог вытварыць тыпа «разночинца» на расійскі манер: дробнае дваранства на Беларусі было з моцным польскім ухілам, калі ня зусім польскае, а адсутнасьць прамысловасьці і гарадзкой буржуазіі не давала магчымасьці зьявіцца гэтаму «разночинцу» з шэрагаў гарадзкога жыхарства. Таго «хождения в народ», якім адзначаюцца 70-я гады ў Расіі, а таксама на Украіне, дзе рух з гораду на вёску быў часам мацнейшым, чым у цэнтральных губэрнях, на Беларусі ня было. Толькі сярод нячысьленых колаў мясцовай моладзі, пераважна з духоўных сэмінарый, а таксама сярод яўрэйскіх рабочых па беларускіх гарадох[30] здараліся часам народніцкія гурткі, прасоўвалася нелегальная літаратура, якую прывозілі з Пецярбургу і Масквы тутэйшыя студэнты.
Насколькі можна бачыць па захаваўшымся дакумэнтам. мала чаго прынесьлі на Беларусі і падзеі 1 сакавіка 1881 году — забойства Аляксандра ІІ. Адзіна, што можна заўважыць у сакрэтнай перапісцы, гэта жалобныя рамкі губэрнатарскіх цыркуляраў «об обращении внимания на нераспространенне в народе ложных слухов», ды дзесятак-другі дробных спраў з сялянамі, якіх абвінавачвалі ў «абразе Імяні яго вялікасьці»[31].
Была і другая прычына, чаму рэсійская політыка 70-80-х гадоў пазбылася ў стасунку да Беларусі сваёй папярэдняй плянавасьці і напорыстасьці. Гэтая прычына была ў памяншэньні палемізуючых уплываў на Беларусі, у зьмяншэньні да мінімуму эктыўнасьці польскай культурнай і політычнай экспанзыі. У сваю чаргу зьмяншэньне экспанзыі адбылося ў сувязі з тым глыбокім экономічным зрухам, які адбываўся ў тыя часы ў самай Польшчы, і ў зьвязку са стратай унівэрсальнага ўплыву, які меў у прыгонную пару польскі панскі двор на Беларусі.
Буйнае разьвіцьцё прамысловасьці, якое пачалося ў 70-х гадох у цэнтральнай Расіі, з яшчэ большым тэмпам адбывалася ў Польшчы. Правядзеньне чыгунак і ўстанаўленьне высокіх увозных мытных збораў, якія, згодна закону 1877 году, павінны былі выплачвацца загранічнымі прамыслоўцамі ў золаце, далі польскай прамысловасьці надзвычайна моцны імпульс для росквіту[32]. Нямецкаму фабрыканту было выгадней збудаваць фабрыку пры граніцы на тэрыторыі Польшчы і адгэтуль заваёўваць расійскі рынак, чым мець тую-ж самую фабрыку ў Прусіі і плаціць у расійскі скарб высокі залаты мыт. Пачынаецца наплыў сюды вялізных замежных капіталаў, і Польшча літаральна на вачох пакрываецца сеткай новых прамысловых прадпрыемстваў, а яе ранейшая прамысловасьць набывае буйны капіталістычны размах. Лодзь, Сачавіцы, Чэнстахова. Дамброўскі раён, ня кажучы аб Варшаве,— усё гэта пачало ўзрастаць проста, як у казцы (фабрычнае места Калюшкі вырасла ў некалькі месяцаў) .
Адпаведна хутка вырасталі кадры рабочых. Вось малюнак росту польскай прамысловасьці у лічбах[33]:
Гады | Кошт продукцыі ў тыс. руб. | Лік фабр. | Лік рабоч. |
---|---|---|---|
1870 | 63 943 | 6518 | 63 892 |
1872 | 170 000 | 7060 | 119 900 |
1884 | 210 000 | 6 580 | 130 000 |
Росту польскай прамысловасьці ў поўнай меры адпавядалі процэсы, якія адбываліся ў польскай зямельнай гаспадарцы. Зямельная рэформа, зьвязаная з вызваленьнем сялян і надзелам іх зямлёй, выклікала ў Польшчы значна большую парцэляцыю памешчыцкай маёмасьці, чым гэта было ў Расіі і на Беларусі. У апошніх краінах памешчыцкая гаспадарка трымалася даволі моцна да крызісу 80-х гадоў, калі амэрыканскі хлеб пачаў заваёўваць эўропэйскі рынак і калі цэны на продукты сельскай гаспадаркі, а разам з тым на зямлю пачалі катастрофічна спадаць. У Царстве Польскім крызіс памешчыцкага маёнтку пачаўся значна раней, калі цэны на зямлю стаялі яшчэ высокія,— ён пачаўся з моманту выданьня закону 19 лютага 1864 году аб зямельнай рэформе ў польскіх губэрнях. Расійскі ўрад, як-бы жадаючы памсьціцца на польскіх «панох» за паўстаньне і прыдбаць сымпатыі да сябе з боку польскага «хлопа», надаваў гэтым законам польскаму сялянству цэлы шэраг прывілеяў у набыцьці памешчыцкай зямлі[34]. Над гэтай проблемай працавала спэцыяльная ўрадовая камісія ў складзе Мілютіна, кн. Черкаскага і Юр. Самарына.
«Вёска нашая зьмянілася ў самай сваёй аснове»,— піша адзін з польскіх гісторыкаў[35]. «Зьнік без астатку даўнейшы chłop pańszczyźniany. Гэты хлоп, для якога даўней усе грамадзкія паняцьці пачыналіся і канчаліся ў двары пана, зрабіўся самастойным і, што асабліва важна, прывілеяваным грамадзянінам краю. Ён зрабіўся ўласьнікам зямлі і самастойным гаспадаром, членам гміны, якая кіравала ўсім жыцьцём вёскі, закладала школы, пазычковыя касы і г. д.».
Аднак програма расійскага ўраду была дасягнута далёка ня ў поўнай ступені. Праўда дзякуючы захадам мілюцінскай камісіі паміж панскім шляхоцкім дваром і сялянствам адбыўся разрыў. Сялянства польскае адышло ад шляхты, перастала ёй сьлепа верыць, перастала лічыць яе сваім прыраджоным правадыром; гэтыя два станы сталі ў варожыя паміж сабою адносіны. Але польскі селянін не зрабіўся дзякуючы гэтаму прыладаю ў руках царызму, аб чым так клапаціліся ў Пецярбурзе. Калі часткай падобныя вынікі і былі, дык яны тут-жа нэўтралізаваліся распаўсюджаньнем сярод сялянства беднасьці і агульнай матэрыяльнай незабясьпечанасьці. Справа ў тым, што на аснове закону 1864 году ў Польшчы быў створаны вялікі лік так званых «карлікавых» сялянскіх гаспадарак (разам да 200 тысяч), якія мелі вучастак у якіх-небудзь 2-3 маргі. Калі прыняць пад увагу натуральны прырост насельніцтва, дык будзе зразумела, што бязьзямельле і перанаселенасьць на сялянскіх гаспадарках, якое пятлёй пачало душыць сялянства ў Расіі і на Беларусі ў 70-х і 80-х гадох, у Польшчы пачалося раней і дасягнула надзвычайных памераў. Пры канцы 80-х гадоў у Царстве Польскім на 8 мільёнаў жыхароў мы бачым да 2 мільёнаў бязьзямельнага пролетарыяту. Падобны стан рэчаў як нельга лепш спрыяў разьвіцьцю прамысловасьці ў Польшчы, бо разам з натуральнымі багацьцямі (вугаль, жалеза) усюды была пад рукой танная рабочая сіла. Дзякуючы гэтаму Польшча хутка ператвараецца з ранейшай аграрнай краіны ў краіну прамысловую: у той час, калі ў пачатку 70-х гадоў яна экспортавала заграніцу зярно, у канцы 80-х гадоў яна прымушана была ўжо ўвозіць хлеб; у гэты час сума краёвага прыбытку ад індустрыі ў 4 разы перавысіла прыбытак ад сельскае гаспадаркі[36].
Грунтоўная зьмена экономічнай сітуацыі Польшчы выклікала адпаведныя зьмены ва ўсім яе грамадзкім і культурным жыцьці. Ранейшы дваранска-памешчыцкі быт трашчэў па ўсіх швах. Месца польскага зямельнага пана з яго спрадвечнымі традыцыямі пачала займаць маладая польская буржуазія. Яна прыносіла з сабой і новы сьветапагляд, абапёрты на модны тады позітывізм, і новую мораль, і новыя ідэалы. Ранейшаму польскаму романтызму, які зьвязваў пакаленьні 60-х гадоў з пачаткам веку, з героічнай барацьбой за незалежнасьць айчызны пры першым паўстаньнем 31-га году і крывёю быў злучаны з другім паўстаньнем,— гэтаму славутаму романтызму надышоў канец. Носьбіт яго — старая польская шляхта і ў першую чаргу шляхта «літоўская», г. ё. з Беларусі, перажывала драматычны, бязьлітасны момант. Другім паўстаньнем яна была разьбіта фізычна і моральна, а нараджэньне прамысловага капіталізму забівала яе ідэолёгічна[37]. Morituri — казаў аб прадстаўнікох старога пакаленьня Крашэўскі — «вы засуджаны на сьмерць!»
Прыходзіцца дзівіцца, з якой лёгкасьцю пазбылося польскае грамадзтва ўчарайшых ілюзій, учарайшай сваёй мары аб самастойнай Рэчы Паспалітай і як рэзка пайшло яно новай дарогай. Нідзе мо’ залежнасьць грамадзкіх рухаў ад экономічных прычын ня выявілася так выразна, як у даным выпадку, бо нельга думаць, каб рашучае адмаўленьне польскага грамадзянства ад вызваленчай барацьбы з расійскім самаўладзтвам было вынікам толькі таго заняпаду энэргіі і расчараваньнем, якое зьявілася ў выніку няўдачы паўстаньня. Выклікаць падобны заняпад і нарадзіць падобны зрух маглі толькі глыбокія экономічныя прычыны.
У Польшчы цалкам запанавала апотэоза капіталу, якому пакланіліся публічна, адкрыта, прынцыпова. Чыста амэрыканскі росквіт прамысловасьці стварыў гэткі-жа амэрыканскі мэркантылізм, практычнасьць і пагоню за рублём. Як звычайна, гэтая пагоня была вытлумачана і апраўдана высокай тэорыяй, якая ў пакланеньні новаму ідэалу бачыла адно толькі дадатнае зьявішча. Героем польскай літаратуры зрабіўся ўласьнік капальні, кіраўнік фабрыкі, інжынэр, адвокат, доктар, у якіх «грукат машын не заглушае сумненьня і ў душы якіх можа быць больш поэзіі, чым у самых жрацоў». Моладзь ішла не на лекцыі па гісторыі Польшчы, а ў політэхнікумы на лекцыі па экономіцы. Популярны поэта сваіх дзён — Сьвідзінаў напісаў нават цэлую поэму да моладзі, у якой сьвядома процістаўляе ранейшай романтычнай поэзіі — поэзію «цыркуля»; замест Конрада Вальленрода ён кліча моладзь да таго, каб яна павучылася
«Jak wygrzebać skarby z ziemi .
І jak ziemię podnieść niemi...
Hej do cyrkla, hej do kielni
І do wagi i do pługu!»
Верная гэткім заклікам, моладзь гуртавалася каля політэхнічнай Szkoły głуwnej у Варшаве, набывала вышэйшую тэхнічную асьвету заграніцай і рыхтавала сябе не да служэньня ідэі «вшэх-польскай» дзяржаўнасьці, да якой адносілася тады з хваравітай няпрыхільнасьцю (chorobliwe zniechęcenie do idei państwa), а да служэньня грамадзе, да захаваньня яе фізычнага, экономічнага і культурнага росту[39]. У гэтым быў сэнс тагачаснага ўгадоўства і популярней партыі «органічнае працы». Імкненьні ўсіх ранейшых пакаленьняў былі абвешчаны прыхільнікамі «органічнай працы» дурнымі забабонамі, дзіцячымі забаўкамі. Над лёзунгам «незалежнай Польшчы» пачалі адкрыта і бяз сораму сьмяяцца (гл. прыкл. Teka Stańczyka ў Галіцыі); барацьба з царызмам — тым самым царызмам, які даваў магчымасьць буйна разьвівацца польскім фабрыкам і адкрываў перад польскай прамысловасьцю неабсяжныя рынкі збыту,— барацьба з ім была абвешчана нерэальнай і нацыянальна шкоднай. «Усходнія рынкі для нас важней газардован політычнай гульні»,— сказаў Сьвентахоўскі, лідэр «органічнай працы», і гэтыя яго словы захапілі ўсю Варшаву, зрабіліся лёзунгам эпохі.
«Мы жадаем сапраўднага жыцьця і рэальнага шчасьця, а з нашай горкай навукі мы вынесьлі пераконаньне, што забясьпечыць іх ня могуць ні гульня ў вайсковую лётарэю, ні загранічныя мілосьці, але цяжкая, спакойная і ўпартая праца. Нас ня могуць больш вабіць лаўры Сьцяпанаў Баторыяў, але для нас адкрываецца шырокая магчымасьць гандлёва-прамысловых заваёў» — вось якая была програма дробнай польскай буржуазіі, што ўзяла ў свае рукі руль жыцьця Польшчы ў момант яе экономічнай перабудовы[40]. Проблема «мірнага прогрэсу». спакойнай эволюцыі, абапёртай на «здаровай гаспадарчай дзейнасьці»,— вось заданьні польскай прогрэсыўнай політыкі таго часу. Толькі што народжаны польскі буржуа зусім не хацеў пазбывацца свайго пануючага становішча ў краі, зусім не хацеў адмаўляцца ад прывабных пэрспэктыў узросту свайго клясавага зыску, прад якімі, ён бачыў, мусілі скланіцца ўсе іншыя клясы грамадзтва; ён зусім не хацеў рызыкаваць сваім буйна расквітаўшым матэрыяльным дабрабытам дзеля якіхсьці ілюзорных, напоўмістычных імкненьняў да ідэалу незалежнасьці, і таму сьвядома ад іх адмовіўся. Замест таго, каб ажывіць традыцыйныя нацыянальныя надзеі, буржуазная Польшча 70-х гадоў пасылае расійскаму цару адрасы ўгодніцтва і пакланеньня, а пасьля яго забойства служыць малебны яго памяці ня толькі ў Каралеўстве, але і ў Бэрліне і ў Вене.
«Koniec lat siedemdziesiątych — pamiętamy — to czas smutnego upadku aspiracyj narodowyh w całej Polsce»,— кажа гісторык польскай політычнай мысьлі[41]. Польскім буржуазным гісторыкам «сорамна», маўляў, успамінаць аб гэтай цікавай эпосе, але ад фактаў яны ўцячы ня могуць.
Праўда, быў ці, бліжэй кажучы, нараджаўся ў тыя часы і другі лягер польскага грамадзтва — адбывалася павольнае пакепліваньне сіл маладой пролетарскай Польшчы. У 1876 годзе прыехаў да Варшавы і пачаў працу бацька польскага рэвалюцыйнага марксызму Л. Варынскі: польскі пролетарыят упяршыню пачуў тады гарачыя словы аб інтэрнацыянальнай солідарнасці і заклік да соцыяльнага змаганьня: «сёньня чужымі для нас зьяўляюцца ідэалы славянскіх фэдэрацый, аб якіх марыў Бакунін, усё роўнымі для нас зьяўляюцца тыя або іншыя граніцы Польскай дзяржавы. Мы члены адзінага народу — пролетарыяту, і бацькаўшчына наша — цэлы сьвет».
«Патрыотызм польскі,— пісаў прадстаўнік тэй-жа групы К. Длускі,— нічога не зрабіў для клясы працоўных і нічога ня даў-бы, калі-б паўстаньне нашае скончылася з посьпехам. Тады было яшчэ выгадней забыцца на селяніна і рабочага. Адноўленая політычная незалежнасьць сталася-б удзелам тых нямногіх, хто шукаў яе, абапіраючыся на сваё прывілеявана экономічнае становішча; кляса працоўных засталася-б пры гэтым у ранейшым становішчы, замяніўшы толькі знадворныя дэкорацыі»[42]. Як бачым, для Варынскага і яго таварышоў таксама, але зусім з процілежных прычын не існаваў орэоль незалежнай Польскай дзяржавы, і яму было ўсё роўна, якія яе гістарычныя граніцы на ўсходзе. Не ў буржуазнай незалежнасьці ўглядаў ён збавеньне польскіх працоўных ад перажыванай няволі, а ва ўсеагульнай соцыяльнай рэволюцыі.
Адзіна толькі патрыотычна-соцыялістычная група Бол. Ліманоўскага, вяшчуна сучаснай ППС, не адкідала ў тыя часы думкі аб «вялікай Польшчы». Ліманоўскі быў родам з Інфлянтаў, і справа ўсходніх граніц была яму ня ўсёроўнай. Але яго бледная пропаведзь мала імпонавала польскім работніцкім масам. Яны не захапляліся програмай нацыянальна-польскага соцыялізму ў незалежнай буржуазнай Польшчы ды, па сутнасьці, не маглі ёй захапіцца. Ад гэтае програмы занадта патыхала духам «органічнае працы», каб мець які-небудзь посьпех. Дарма Ліманоўскі імкнуўся ўзбудзіць у польскім грамадзтве ўспаміны аб ролі Польшчы на Беларусі, дарма пісаў аб граніцах 1772 г., што ён «ня хоча накідаць гэтых граніц сілай, але шчыра хоча, каб вунія, калісьці падпісаная ў Любліне вышэйшымі станамі, была адноўлена ў поўнай сваёй меры самымі народамі» (Ліст да Драгоманава ў Жэнэву ў 1878 г.). Для гэшэфт-махерскай польскай буржуазіі і для тагачаснай польскай інтэлігенцыі, якая сумленна выконвала ролю ідэолёгічнага аформленьня буржуазных захопленьняў, падобная пісаніна была і няцікавай і незразумелай.
Пры гэтых варунках няма чаго дзівіцца, што ў Варшаве забыліся часова на Беларусь. Бо што значыла для польскай прамысловасьці граніца 1772 году, калі перад ёй адкрываліся прасторы — Кубані, Уралу, Сыбіру і нават Пэрсіі? Што значылі для варшаўскае буржуазіі маёнткі на Беларусі з іх стагодняй геральдыкай, з графскімі і княскімі гэрбамі і тытуламі, калі яны не зьяўляліся масавым спажыўцом фабрычнай вытворчасьці і калі сама гэтая буржуазія не магла пахваліцца сваёй генэалёгіяй. Для новай прамысловай Польшчы пакупная здольнасьць беларускага сялянства і павялічэньне яго патрэбы ў лодзінскай мануфактуры былі больш важнымі, чым утопічнае імкненьне Польшчы «ад мора і да мора». У гэтым сэнсе польскія маёнткі на Беларусі, якія з давен-даўна прывыклі жыць сваёй натуральнай гаспадаркай, якія прымушалі сваю службу хадзіць у саматканых палотнах і асьвятлялі свае палацы сьвечкамі з уласнага воску замест галіцыйскай газы, былі хутчэй непажаданыя варшаўскім прамыслоўцам, чым сымпатычныя. Яны стаялі бервяном на дарозе разьвіцьця прамысловага капіталу, і за іх уплывы на Беларусі абаронцы «органічнай працы» не хацелі паднімаць змаганьня. Расійскі прамысловы капітал у 70-х гадох яшчэ не заявіў сваіх прэтэнзій на беларускі рынак, і варшаўскі буржуа быў спакойны. Адпаведны конфлікт быў яшчэ наперадзе.
«Адступленьне» Польшчы ад Беларусі, прадыктаванае новымі экономічнымі ўмовамі, адбілася нават у тыя гады ў польскай навуцы, у якой пачалася «пераацэнка ранейшых цэннасьцяй» і пачаў мяняцца погляд па Беларусь як на гістарычную спадчыну Рэчы Паспалітай. Вядомы кракаўскі гісторык Міхайла Бабржынскі ў сваіх «Dzieje Polski w zarysie», якія вышлі ў 1879 г., парывае з даўно ўкаранелай доктрынай Лелевэля аб гістарычных прызваньнях Польшчы на ўсходзе і прызнаецца, што ў сваім «Drang пасіі Osten», г. ё. на Беларусь, Польшча без карысьці траціла свае сілы і паслабляла сваю дзяржаўную моц. Ён лічыць патрэбным як-бы «адмовіцца» ад спрэчкі за беларускія тэрыторыі з Масквой, ад тае «спрадвечнае барацьбы», якая, па яго словах, «магла быць вырашана толькі поўным уладам аднаго або другога боку». Разам з тым М. Бабржынскі, насуперач ранейшым польскім гісторыкам, не хавае ад сваіх чытачоў гістарычнай праўды і прызнае першарадную ролю ў старым «Літоўскім княстве» ня польскага, а беларускага элемэнту[43].
Дапаўненьнем гістарычных сьведчаньняў Бабржынскага былі прызнаньні другіх польскіх гісторыкаў-этнографаў, якія з таго часу пачалі праводзіць думку, што Польшча зрабіла вялізную і непапраўную памылку, калі ўвязалася ў барацьбу з Расіяй за Беларусь. Толькі програма «Польшчы пястоўскай» можа быць політычна і нацыянальна здаровай, толькі там трэба лічыць польскую землю, дзе яе абрабляе рука польскага селяніна. Ідэя «Польшчы ягеленскай», якой захапляўся Лелевэль і яго романтычная школа, ёсьць зьявішча шкоднае, крытычна не праверанае. Тэрыторыі, над якімі «пламянсе польскі дух», павінны быць пакінуты намі,— пісалі абаронцы новага кірунку,— мы павінны клапаціцца аб тэй зямлі, дзе праходзіць наш плуг. Гістарычная Нэмэзіда лясьне і пакарала нас разьдзеламі за тое, што мы пашлі гэтай фальшывай дарогай. «Нашым этнографам здавалася, — піша адзін з польскіх дасьледцаў,— што ў іх адмове ад фіктыўных, зрэшты, праў Польшчы на Беларусь заключаецца адпакутаваным за віну дзядоў і што, выканаўшы яе, яны могуць быць спакойны за будучыню»[44].
Што-ж прадстаўляла ў тую эпоху з сябе Беларусь? Які быў яе быт і ў якім кірунку ішло яе разьвіцьцё?
Пакінутая бяз увагі Пецярбургам і Варшавай, гаспадарча падарваная дзякуючы апошняму паўстаньню, зьбітая са старой культурнай астоі, Беларусь у гэтую пару зьяўлялася папраўдзе глухім кутком Расійскай імпэрыі.
Мы паказалі вышэй, што, ня гледзячы на зямельную політыку расійскага ўраду, ня гледзячы на ўрадовае «насаждение» расійскай зямляўласнасьці на Беларусі, мясцовы польскі маёнтак імкнуўся перажыць усе політычныя ліхія гадзіны. Аднак яму было не да моднага грюндэрства і не да прамысловага захапленьня. Польскі дваранскі стан на Беларусі на сваіх плячох вынес жахі паўстаньня, перад ім дзеля спэцыфічных мясцовых умоў не зарысоўваліся спакусныя пэрспэктывы прамысловасьці, і таму ён моцна трымаўся за свой двор, за свой палац і дзядоўскі парк.
У гэтай сядзібе і ў рэакцыйнай традыцыі было збавеньне яго як клясы. Ён сьвята перахоўвае гэтыя традыцыі, жыве романтычным мінулым і ня спыняе глядзець на сваё прабываньне на Беларусі як на гістарычнае прызначэньне. Маўкліва, але ён быў пэўны, што на ім ляжыць абавязак вярнуць «каханай айчыне» забраную Масквой беларускую провінцыю, і ласьне з гэтых нацыянальных, політычных меркаваньняў ён так упарта трымаўся за зямлю, ня гледзячы нават на няспрыяльную экономічную кон’юнктуру. Толькі ў самым крайнім выпадку, пры поўным гаспадарчым бязладзьдзі, асабліва пад цяжарам неаплачаных іпотэк, польскі памешчык на Беларусі выпускаў маёнтак з сваіх рук і выкідаў зямлю на рынак. Жаданьне мець гатоўку для гандлёвага ці прамысловага ўжытку грала пры гэтым меншую ролю.
Аднак пахваліцца сваім становішчам беларускі двор 70-х і пачатку 80-х гадоў ня мог. Ён, як кажуць, адстаў ад веку, і стылем свайго жыцьця, спосабам гаспадаркі і наогул вонкавым і ўнутраным бытам рабіў уражаньне нейкага анахронізму, якое цудам трымалася ў провінцыяльнай глушыні. Вось як апісвае тагачасны польскі маёнтак на Беларусі М. Доўнар-Запольскі, які асабісьце блізка яго вывучыў:
«Панскі двор таго часу і на спосабах кіраваньня, і тэхніцы гаспадаркі нагадваў сабой яшчэ далёкую прыгонную эпоху. Натуральны парадак панаваў. У гаспадарцы грошы ўжываліся толькі для зносін са скарбам і з вонкавым сьветам. Праца аплачвалася выключна натурай, нават парабкі, прыказчыкі і ўпраўляючыя не атрымлівалі пэнсіі сваёй грашыма, а звыш харчу атрымлівалі хлебам, статкам і г. д. Не пераводзячы продуктаў на грошы і ня лічачыся з рыначнай цаной, памешчык па сутнасьці дорага аплачваў усе гэтыя паслугі. Нават тэрміновыя рабочыя працавалі ці на адработкі, ці за натуральную аплату».
«Лічылася самым важным і гаспадарча карысным усе запасы вырабляць у двары, на што ішло шмат непатрэбнае і дорага каштаваўшае працы. Падам гэткі прыклад: усе служачыя экономіі атрымлівалі спажытак усіх відаў, у тым ліку і сальныя сьвечкі для асьвятленьня, якія вырабляліся там-жа ў двары, як гэта рабілася ў XVIII сталецьці. Зразумела, служачыя прадавалі сальныя сьвечкі яўрэям і куплялі газу. І ўсё-ж ткі ўпарта і далей выраблялі гэты нікому непатрэбны продукт».
«Панскі двор, нават сярэдняга дастатку, быў абцяжаны непатрэбным пэрсоналам прыжывальшчыкаў. Гэта астаткі служыўшай некалі пры пане шляхты, невядома дзеля чаго жыўшай пры ўжо няіснуючым панскім палацы (дзеля таго што і пан часта жыў тады ў Варшаве ці Пецярбурзе); яна карысталася поўным солярыумам ад двара, часам і дзеці яе вучыліся ва унівэрсытэтах на той-жа панскі кошт».
«Калі мне прышлося,— кажа М. Доўнар-Запольскі,— працаваць у нясьвіскім архіве, я быў зьдзіўлены, калі трапіў у прыдворную атмосфэру XVIII ст.: усё засталося па-старому, толькі кантушы васалаў Радзівіла замяніліся доўгаполымі сурдутамі і на прыдворных ня блішчэла зброя»[45].
Так захаваў польскі панскі двор на Беларусі сваю старую, але парадкам струхнелую фізіономію.
Ня менш ярка расказвае аб гэтым Аляксандар Ельскі. Пры ім радзівілавы замак яшчэ ня быў прыведзены ў належны парадак і «сьвяціў пусткамі»: былі некалькі дзесяткаў пакояў занятых усякага гатунку офіцыялістымі, альбо архівамі. Цэлыя рады вакон ня мелі шыб. У шмат якіх пакоях валяліся цэлыя штосы старасьвецкіх абразоў і ўсялякіх манаткаў... Усё выяўляла аплаканы від дзяёвай руіны, астаткаў вялікапанскага мінулага і зьнікаючай славы сьмертных»[46].
Ня ўсе, бязумоўна, польскія маёнткі на Беларусі мелі ў тыя часы гэткі заняпалы выгляд, але пячатка старасьвецкасьці, адарванасьці ад жыцьця, знак павольнага адміраньня ляжаў на іх усіх. Ласьне гэткім настроем павявае ад старонак Кіркора, калі ён у сваіх вядомых працах аб Літоўскім і Беларускім Палесьсі апісвае радзіму Адама Міцкевіча, Ігната Ходзькі, Станіслава Манюшкі ды інш.[47] Палякі разумеюць сваю бясьсільнасьць, пісаў Адам Кіркор у другім месцы, «разумеюць, што політычная іх роля — у мінулым». Да ўсяго «дваране Заходняга краю ня маюць па свайму пахаджэньню нічога супольнага з ураджэнцамі Царства Польскага. Яны прыраджоныя літвіны, або рускія, хоць падпаўшыя польскаму ўплыву»[48].
Стары польскі быт на Беларусі паміраў, але новы яшчэ не нарадзіўся. У ногу з памешчыцкім маёнткам ішоў і беларускі горад, асабліва мястэчка, якое ў беларускай гісторыі заўсёды значыла больш, чым горад.
«Мястэчка ў другой палове XIX cт. ня шмат у чым адышло ад мястэчка XVIII cт. Тагачасныя аўтары ахвотна апісвалі старажытнасьці нашых беларускіх гарадоў і скромна маўчалі аб горадзе як цэнтры гандлёва-прамысловага жыцьця; відаць, ня было чым пахваліцца»[49]. Па сьведчаньні А. Семянтоўскага, «беларускі горад выглядае надзвычайна бедна і брудна. Для Віцебска, прыкладам, былі вялікай навіной двохпавярховыя мураваныя будынкі, але і яны не вызначаліся прыгожасьцю архітэктуры, унутраным убранствам. Аб унутранай аздобе кватэр не клапаціліся; нават аб шпалерах (абоях) ня ведалі. Усюды цёмна, вільготна і няпрытульна, а галоўнае — брудна. Брукаваных вуліц амаль ня было. Асьвятленьне жалю годнае. Можна сабе ўявіць, колькі сьвятла давалі 220 ліхтароў на 7 кв. вёрст. Садоў ня было — і толькі рэкі ды помнікі старасьветчыны ўпрыгожвалі нашы тагачасныя гарады і мястэчкі»[50].
Што да сялянства як асноўнае клясы насельніцтва, дык і яно, ня гледзячы на вызваленьне ад прыгону і іншыя тагачасныя перамены, у штодзённым быту мала чым адрозьнівалася ад сялянства прыгоннага. Адно, у чым дадатна адбілася рэформа 1861 году, дык гэта ў пэўным палепшаньні экономічнага становішча беларускага сялянства. Палепшаньне было безварунковае, аб гэтым сьведчыць шмат усялякіх крыніц, а лепш за ўсё сьведчаць лічбы ўзросту насельніцтва Беларусі і вытворчасьці сялянскай гаспадаркі.
Калі ў 1863 г. лік насельніцтва ў пяцёх беларускіх губэрнях (Віленскай, Менскай, Горадзенскай, Віцебскай і Магілёўскай) быў роўны 4 496 тыс. чал., дык у 1873 г. ён быў роўны 5 299 тыс. і ў 1883 г.— 6 404 тыс. чал. Збор хлеба ўсіх відаў павялічваўся так: 1864-66 г.г.— 15,2 міл. чэцьв., 1870-75 г.г.— 18,6 міл. чэцьв. і ў 1877 г.— 20,2 міл. чэцьв.
На жаль, падобнае палепшаньне было зьявішчам часовым. Хоць беларускі селянін вышаў пасьля скасаваньня прыгону вольным і хоць ён быў параўнаўча з расійскім і украінскім селянінам надзелены крыху большай колькасьцю зямлі, аднак гэта колькасьць была занадта малой, каб задаволіць патрэбы гаспадаркі пад канец першага дзесяцілецьця пасьля рэформы. Надзельнае зямлі хапіла толькі для першага пакаленьня — і ўжо ў сярэдзіне 70-х гадоў мы бачым, як беларускі селянін церпіць ад малазямельля, як слаба ён забясьпечаны быдлам, які малы капітал уложаны ў яго ўчастак і які вялікі доўг выкупных плацяжоў на ім ляжыць. У той час, як лік насельніцтва па ўсіх беларускіх губэрнях вырас з 1873 па 1883 г. на 1 міл. з лішкам, збор зерневых продуктаў нават у 1886 г. і пазьней быў роўны 20,5 міл. чэцьв.— той самы, як і ў 1877 годзе.
Хоць у меньшым памеры і ня ў гэткім жудасным выглядзе, як гэта было пад канец 50-х гадоў, але і цяпер сялянская гаспадарка на Беларусі знаходзіцца ў благім становішчы. Тэхніка старая, дапатопная; трохполка — зьявішча агульнае, а шматпольле — выключнае і рэдкае здарэньне. Зямля родзіць слаба, і ўгнаеньне за адсутнасьцю быдла звычайна зусім нездавальняючае; усюды сялянскую гаспадарку душыць цераспалосіца, сэрвітутныя правы цалкам залежаць ад памешчыка.
Адзін з аўторытэтных дасьледчыкаў сялянскай гаспадаркі, проф. Янсон, пабываўшы ў канцы 60-х гадоў на Беларусі, сумнымі штрыхамі малюе становішча беларускае вёскі[51]. Апрача сплаву лесу ў Палесьсі ніякіх другіх староньніх заработкаў у сялян няма; у Менскай, Віленскай і Віцебскай губэрнях няразьвіты і промыслы, няма фабрык, заводаў. Хадзілі сяляне адзін час на будоўлю чыгунак, але цяпер і гэтага ня чуваць. Арэнда памешчыцкай зямлі за адсутнасьцю капіталаў разьвіта сярод беларускага сялянства значна меней, чым у вялікарускага. Памешчык, як буйны, так і дробны, здае арэнду ў большасьці толькі мясцовай шляхце. У тых паветах, дзе, як, напрыклад, у Навагрудзкім, памешчыкі або іх арандатары самі займаліся гаспадаркай, адзіным заработкам селяніна была батрацкая служба ў экономіі. Разам з тым цэны на рабочыя рукі стаялі ў тон час на Беларусі значна ніжэй, чым у вялікарускіх губэрнях.
Наогул трэба сказаць, што беларуская вёска 70-80-х гадоў рабіла сумнае, прыгнятаючае ўражаньне: пахілыя, бедныя хаты, прымітыўныя прылады, худая скаціна, шмат гаспадарак бяз коняй, гэтак-жа беднае, дрэнна апранутае і брудна жыўшае насельніцтва. Адно толькі — большая самастойнасьць і асабістая незалежнасьць, большая ўпэўненасьць у сваім праве кідаецца ў вочы пры знаёмстве з беларускім селянінам у пасьлярэформенныя гады. Ён ня так нізка скідае пры сустрэчы з панам сваю белую шапку і ня падае па-рабску, як раней, да панскіх ног, калі прыходзіць да яго з просьбай.
Аб работніцкай клясе як новай сіле краю ў тыя гады гаварыць ня прыходзіцца. Прамысловасьць на Беларусі знаходзілася ў 70-80-х гадох яшчэ ў пачатковым стане: так, прыкладам, у 1880 г. лік рабочых у «Белорусской области» (паводле тэрмінолёгіі П. Семенова — усходнія беларускія губэрні разам са Смаленшчынай) дасягаў толькі 14-15 тыс. чалавек, што складала 1 проц. насельніцтва краю. Лік работнікаў у заходня-беларускіх губэрнях быў яшчэ меншы.
Сума ўсёй вытворчасьці, паводле офіцыяльных даных, была за гэты год роўнай ва Усходняй Беларусі 18,9 міл. руб., а ў Заходняй — 15-16 міл., прычым першае месца займалі гарэлачныя заводы і бровары. Толькі ў канцы сталецьця прамысловасьць на Беларусі набывае пэўныя сталыя формы, і лік мясцовага пролетарыяту ўзрастае да значнай велічыні. Калі-ж узяць параўнальныя лічбы за 1866 і 1882 г.г., дык за гэты час лік рабочых павялічыўся толькі на 10 проц., а сума вытворчасьці павялічылася на 52 проц. У параўнаньні з рэштай Расіі, ня кажучы ўжо аб Польшчы, Беларусь у гэтую пару зьяўлялася выключна аграрнай краінай і моцна адставала ў прамысловым стасунку[52].
Адзінае ажыўленьне ўносілі ў жыцьцё краю чыгункі. Разгляданы пэрыод зьяўляецца акурат пэрыодам шпаркага будаваньня чыгунак на ўсёй прасторы Беларусі: Пецярбурска-Варшаўская чыгунка прарэзала Віленскую і Горадзенскую губ. у канцы 60-х гадоў, тады-ж была адкрыта чыгунка з Лібавы на Рамны, Маскоўска-Берасьцейская адкрылася пры пачатку 70-х гадоў таксама, як і Рыга-Арлоўская; урэшце, Палескія чыгункі закончыліся будаваньнем у 1882-83 г. Шалёная спэкуляцыя, якая была выклікана гэтым будаўніцтвам, мала захапіла Беларусь: у мясцовага памешчыка было занадта мала вольнага капіталу дзеля падобных прадпрыемстваў; што-ж датыча беларускага селяніна, які наогул быў вельмі слаба зьвязаны з вонкавым рынкам, дык пэрыод чыгуначнага будаўніцтва даў яму некаторы заработак, але даў залішне дарагой цаной.
Эксплёатацыя таннай беларускай рабочай сілы, якую давала вёска, пры пабудове чыгунак была зазвычай проста нялюдзкай. Не дарма Некрасов у сваім вядомым вершы «Інжынэры» ўспамінае ласьне беларускага гаротнага мужыка. Чыгункі на Беларусі толькі ў 90-х гадох атрымалі належную нагрузку і пачалі дадатна ўплываць па экономічнае разьвіцьцё краю[53].
Як сумна было гаспадарчае становішча Беларусі ў разгляданую эпоху, так-жа далёка ад пацяшаючага быў і яе культурны стан. На жаль, па існуючых крыніцах можна толькі выпадкам знайсьці патрэбныя характарыстыкі. Памятныя кніжкі, якія выдаваліся пасьля паўстаньня па губэрскіх гарадох і ў Вільні, надзвычайна бедныя на адпаведны матэрыял. Гэта сухія даведнікі з паказаньнем рангаў і чыноў усіх службовых асоб, табель-калсндары, адрасы ўсялякіх адміністрацыйных устаноў, мясцовыя таксы ды інш. Ня лепшай крыніцай зьяўляецца тагачасная пэрыодычная прэса — «Губернские Ведомости» і перш за ўсё «Виленский Вестник». З усяго відаць культурная ўбогасьць жыцьця. Хоць памятныя кніжкі Віленскай губ. і налічаюць у Вільні ў той час цэльных З вучоных таварыствы, аднак бліжэйшае азнаямленьне з імі наказвае, што гэта былі за «вучоныя» ўстановы: першае — «северо-западный отдел русского имп. Географического общества» існаваў толькі на паперы; другое — «внленское отделение русского музыкального общества», якое да «вучоных» устаноў залічыць вельмі цяжка, і трэцяе — «медицинское общество», аб навуковай дзейнасьці якога ў тыя гады не захавалася ніякага сьледу.
«Памятная кніжка» на 1886 г. гаворыць аб тым, што на працягу 1885 г. Вільна ўзбагацілася заснаваньнем «віленскага музыкальнадраматычнага гуртка», якім кіравалі нейкія барон Остен-Сакен, драматург Слезкін і музыкант Нечаев — людзі занадта мала вядомыя ў гэтай галіне. Існавала яшчэ, праўда, Віленская Публічная бібліотэка, але яе стан быў далёкі ад таго, каб ім ганарыцца. Яе «русский отдел», аб якім аддана клапаціліся ўсе ранейшыя «обрусители» Вільні, налічаў па каталёгу больш чым 3 тыс. кніг, але ў сапраўднасьці іх ня было і 500. «Адкрыты гэты аддзел,— піша адзін з тагачасных віленскіх корэспондэптаў,— для публікі офіцыяльна з 12 да 7 гадзін, але ўжо а 3 дня загадчык ідзе дахаты і забірае ключ з сабой. Займаліся ў бібліотэцы толькі яўрэі і то толькі таму, што можна было чытаць газэты; але і гэтыя адзіныя чытачы, з прычыны выгнаўшай цяпер забароны выдаваць газэты, прымушаны ад яе адстаць. У рукапісным аддзеле новага цяпер ёсьць толькі рахункі тутэйшых памешчыкаў да сваіх экономаў ды казаньні вуніяцкіх сьвяшчэньнікаў. Памяшканьне, дзе да гэтай пары зьмяшчаўся склад кніг, цяпер адбіраецца ад Віленскай бібліотэкі, а кнігі ў ліку некалькіх тысячаў будуць звалены ў дрэннае і вільготнае памяшканьне»[54].
Працы па археолёгіі і археографіі, якімі дзесяць год перад тым з адданасьцю займаліся мясцовыя работнікі, таксама пайшлі на нішто. Археолёгія і археографія разьбіліся на тры асобныя бюрократычныя часткі: на бібліотэку, цэнтральны архіў і камісію для разбору старажытных актаў.
Калі дадаць сюды Віленскую духоўную сэмінарыю, настаўніцкую сэмінарыю ў Маладэчыне ды некалькі гімназій у акрузе, дык будзе і ўсё, што было асьветнага і культурнага на Віленшчыне ў тыя часы.
А бібліотэках на провінцыі нідзе ўспаміну няма проста дзеля таго, што іх фактычна і ня было. Затое вайсковы стан у краі трываў шмат гадоў пасьля паўстаньня, і, як паказана вышэй, край моцна нашпігоўваўся войскам усялякага роду зброі.
Крыху лепш было на Меншчыне. Хоць і тут вайсковы стан быў скасаваны позна (у 70-х гадох), але ўсё-ж такі грамадзкае і культурнае жыцьцё было, відаць, у тыя часы разьвіта тут крыху шырэй. Гэта можна вытлумачыць толькі тым, што Менск у параўнаньні з Вільняй ня так быў падазроны ў польскай пропагандзе і ўспаміны аб нядаўнім паўстаньні былі тут ня так жывы. Гэтым можна тлумачыць і той факт, што параўнальна з Вільняй Менск пачаў хутчэй паднімаць беларускую ідэю і паволі, як убачым ніжэй, гуртаваць навокал сябе беларускія сілы першай генэрацыі.
Але і тут процэс культурнага разьвіцьця, паводле некаторых даных, ішоў ня ўгору, а ўніз. Прынамсі, лічбы а бібліотэках і кніжных крамах нас у гэтым пераконваюць. Так, прыкладам, за 1878 г. па Менску і павятовых гарадох Менскай губ. налічвалася 32 кніжныя крамы, 2 бібліотэкі (у Бабруйску і Слуцку) і 1 кніжны габінэт. У самым Менску бібліотэкі ня было, а крам, што гандлявалі кнігамі, было 15. Праз дзесяць год лік кніжных крам замест таго, каб павялічыцца, значна паменшыўся: у Менску іх засталося толькі 5, а па ўсёй губэрні — 20[55]. А бібліотэках на гэты раз няма ніякіх вестак, зноў-ткі, відаць, таму, што іх і ня было.
Вышэй мы паказалі на сумны стан народнае асьветы на Беларусі ў разгляданы пэрыод. Тут толькі дадамо, што на падмогу слаба разьвіваным народным школам і гімназіям на Беларусі ў пачатку 80-х гадоў прышлі так зв. «царкоўнапрыходзкія школы», адкрываныя на кошт Сыноду з прыходзкіх сум і меўшыя сваім заданьнем «узмацняць у народзе праваслаўную веру і побач з разьвіцьцём першапачатковай веды, непадзельна з царквой і пад непасрэдным наглядам архірэя, «внушаць» дзецям любоў да царквы і да службы божыяй». Царкоўнапрыходзкія школы пачалі засноўвацца вельмі шпарка — па 1 красавіка 1885 г. у аднэй толькі Вілейскай губ. іх было адкрыта 461 з агульным лікам вучняў 9 326[56].
Тое, што зьяўлялася галоўным сродкам разьвіцьця асьветы ў масах, як і наогул культурнага і грамадзкага поступу насельніцтва,— земствы на Беларусі адсутнічалі. Расійскі ўрад не адважыўся распаўсюдзіць земскае палажэньне 1864 г. на беларускія губэрні галоўным чынам з прычыны «инородческого» складу іх жыхарства. Земствы, як ведама, былі па гэтаму палажэньню станавымі дваранскімі, а польскаму дваранству на Беларусі расійскі ўрад ня меў веры аддаваць гэткую важную галіну дзяржаўнага кіраўніцтва. Каб чым-небудзь дапамагчы цяжкаму становішчу мясцовай земскай гаспадаркі, у 1874 г. была зроблена спроба завесьці ў заходніх губэрнях нешта падобнае да земстваў у выглядзе «губэрскіх распарадчых камітэтаў». Але гэтыя адміністрацыйныя органы, складаныя з губэрнатара, губэрскага маршалка, упраўляючага казённай палатай ды гарадзкога галавы губэрскага гораду, пры спэцыяльным чыноўніку ад ураду, ніякай карысьці ня прынесьлі і былі хутка скасаваны. Самі губэрнатары ў сваіх справаздачах зазначылі «няпрыгоднасьць» гэтае няўдалае навіны[57].
Зьмест грамадзкага жыцьця тагачаснай Беларусі цалкам адпавядаў яе глухой провінцыяльнасьці, экономічнай адсталасьці і агульнаму культурнаму заняпаду. Грамадзтва губэрскіх гарадоў, ня кажучы ўжо аб павятовых, пазбаўлена якіх-бы то ні было духоўных ці ідэйных інтарэсаў. Яно складалася з шэрай чыноўніцкай масы, якая акуратна адбывала свае ўрадовыя гадзіны ў палатах, прысуцтвах і судох, з яўрэйскага мяшчанства, занятага дробным гандлем, ды невялікага ліку ваколічных памешчыкаў. Кожная з гэтых груп нічым паміж сабой ня была зьвязана, нічым, апрача штодзённых турбот па службе ды мясцовымі плёткамі і інтрыгамі, ня цікавілася. Пачынаючы губэрнатарам і канчаючы памешчыкам — усе знаходзілі ўцеху толькі ў віне, сустракаліся дзеля гутаркі за «зялёным сталом» па клубах.
«Вядомы (вышэйшы) слой грамадзтва можа цяпер радавацца навіне, якая прынесена да нас з захаду»,— пісаў у 1879 г. «Виленский Вестник» з прычыны адчыненьня ў Вільні, у Ботанічным садзе, кафэшантану. «У нас пачынаюць прывівацца свае адаліскі, свае саль тымбанкі, свае шансонэтныя пявіцы. Дай бог (!), каб гэта навіна саслужыла грамадзянству эстэтычную службу»[58]. Тым-жа жывілася грамадзтва і ў Віцебску: «У 70-х гадох,— піша Стукаліч[59],— віцебскае провінцыяльнае грамадзтва зусім справядліва папракалі ў разумовай сьпячцы, у суцэльным амаль захапленьні картамі і рэстаранным жыцьцём».
Тое самае было і па іншых беларускіх гарадох.
«Менск, абруселы прымусова, ня меў ніякіх культурных устаноў, дзе можна было знайсьці харч для душы і сэрца,— успамінае адзін з беларускіх старых работнікаў[60].— Ніякіх навуковых таварыстваў, ніякіх бібліотэк ці музэяў у той час у Менску ня было і, апрача клюбу, дзе можна было рэзацца ў карты і напівацца да ўтраты прытомнасьці, іншых культурных устаноў не існавала». Тое самае кажа і другі сучасьнік: «Сумны від і становішча Менску... Я ня мог сабраць для гутаркі двох-трох чалавек разам; усе адзін аднаго цураюцца. Па ўсіх павятовых гарадох Беларусі завяліся клюбы, і ў іх унівэрсальны сродак чалавечай сувязі — карты... У людзях зусім няма таго ажыўленьня, таго ўзбуджэньня да выясьненьня і вырашэньня істотнейшых задач жыцьця, якое было некалькі год таму назад. Усе пачынаньні разарваны, не аб’яднаны ўнутрана»[61].
Гэткай была Беларусь пасьля паўстаньня ў 70-х і пачатку 80-х гадоў, калі ў ёй, у асобе Францішка Багушэвіча, упяршыню пачала абуджацца сьвядомасьць сваёй нацыянальна-культурнай асобнасьці і калі паралельна гэтаму ўсьведамленьню разьвівалася дзейнасьць ідэолёга «западно-руссизма»— М. О. Каяловіча.
- ↑ «В память пребывания гос. имп. Александра ІІ в Вильне 6 и 7 сентября 1858 г., Вильно, в тип. О. Завадского, стар. 181. Издание Виленской Археологической Комиссии. «Песня» Каратынскага ўстаўлена тут асобным адбіткам, друкаваным en regard лацінскім і расійскім шрыфтам.
- ↑ Гл. Янчук «А. Киркор. Краткий очерк жизни и деятельности», «Древности», т. XII.
- ↑ Гэты верш у Карскага, т. ІІІ, стар. 68 паданы ў няпоўнай рэдакцыі і прыпісваецца Францішку Караффа-Корбуту
(Jalehi Prancisz Wul). Па нашых вестках, ён быў напісаны А. Плугам у альбум Вяр.-Дарэўскаму, які (альбум) да вайны
знаходзіўся ў Віленскім Museum T-wa Przyjaciуł Nauk. - ↑ П. Безсонов «Белорусские песни», прадмова, стар. XXVIII.
- ↑ Л. Шверубович «Братья Кукольники», Вильно, 1885.
- ↑ «Ze wspomnień wileńskich. A. Kirkor», Kraj. 1884, N 3.
- ↑ Аб дзейнасьці яго гл. Д. Довгяло «К истории Северо-Зап. отдела» (Материалы u заметки). «Записки Сев.-Зап. отдела Рус. Геогр. Общества», кн. І, 1910, стар. 10-33, і кн. 2, 1911, стар. 17-47; таксама А. Пыпин, т. IV, стар. 147-148.
- ↑ У «Новом Времени», 1870. № 15, знаходзім малюнак адміністрацыйнай разьюшанасьці, якому цяжка даць веры: «Былі гэткія дзеячы, якія адважваліся строіць радамі ксяндзоў на гандлёвым пляцу горада. Надзявалі ім па галаву каскі пажарных салдат і казалі ім, што з іх вышлі-б добрыя салдаты. Для паўнаты малюнку ззаду ставілі іхніх ахмістрыняў і ў дзьве шэрэпгі прымушалі маршыраваць па горадзе». Аб звальненьні Кауфмана гл. «Русская Старина», 1891, т. ІІ, стар. 576: «Дневник академика Никитенко».
- ↑ Гл. А. Владимиров «Как пишется история», «Русское Обозрение», 1896, т. XLVII; М. М. Кояловнч «Юдифь с берегов Двины», дад. да «Нов. Времени», 1895.
- ↑ М. Коялович «Поездка в середину Белоруссии», 1887, стар. 15.
- ↑ Муравьёв дасканала ведаў сваю пецярбурскую опозіцыю і тое, што Аляксандар ІІ больш аддаваў ён свае сымпатыі, чым яму. У сваіх «Записках» («Русская Старина», 1883, XXXVII, стар. 134) ён зазначае, што «пасьля пасьпяховага замірэньня паўстаньня ён мог спадзявацца з боку цара больш прыхільнага прывітаньня», што цар «сустрэў яго суха», зусім ня выказваў радасьці з прычыны ліквідацыі «мятежа». Аб Потапове ў «Записках» сустракаем радкі, якія сведчаць, што Муравьёв хутка разгледзім, якога «памежніка» падсуну, і а яму «злосчастная судьба»: «ен (Потапов) прыніжаў усё расціскае і імкнуўся дабіцца прыхільнасьці палякаў усімі магчымымі сродкамі» («Русск. Стар.», 1883, XXXVII, стар. 163). Аб тым-жа гаворыць і адзін з тагачасных сьведкаў — І. Нікелін, зазначаючы, што гэтага маленькага росту генэрала «рэкамэндаваў» Муравьёву міністар унутраных спраў Валуеў («Русская Старина», 1903, октябрь, стар. 546 547. Записки И. А. Никотина).
- ↑ «Из записок И. Л. Никотина», «Русская Старина», 1903, октябрь, стар. 551—552.
- ↑ «Задачи русского просвещения в его прошлом и настоящем». Сборник статей И. П. Корнилова, СПБ, 1902, стар. 437-438. Трэба, аднак, заўважыць, што памянёныя вышэй інспэктары Шульгін, Новіков і Кулін, ня гледзячы на заяву Потапова, сядзелі ў Вільні яшчэ цэлы год і былі зволены ўжо пасьля адстаўкі Бацюшкова (наступніка Корнілова па Віленскай навучальнай акрузе) толькі ў 1869 годзе.
- ↑ «Славянское Обозрение», 1892, январь, артыкул П. Жуковіча аб М. С. Каяловічу.
- ↑ П. Батюшков зьляцеў галоўным чынам за тое, што занадта актыўна займаўся «распалячваньнем» каталіцкага касьцёлу ў Беларусі. Спраўку аб яго мерапрыемствах у гэтай галіне гл. у «Русском Архиве», 1873, кн. І, стар. 1262.
- ↑ А. Белецкий «Іосиф, м. литовский, как первый поборник русских интересов, в Сев.-Зап. крае», «Вил. Календарь», 1886, стар. 218.
- ↑ Гл. Киприянович «Жизнь и деятельность митр. Иосифа», стар.
- ↑ «Минские Еп. Ведом.», 1883, № 1—2 (неоф. частка), стар. 18. «Состояние православного духовенства на западной окраине России»
- ↑ Семенов «Верхнее Поднепровье и Белоруссия», гл. IV: «Народное Образование», стар. 122-123.
- ↑ М. Родзевіч «Белорусские народные школы», «Заря», 1871; кн. 8, отд. I. стар. 117.
- ↑ Родзевіч, стар. 113. Заўвагі аб дрэнным становішчы расійскай школы на Беларусі пры гэн.-губ. Потапове гл. таксама ў А. Белецкого Виленский учебный округ в XIX в.», «Виленский Календарь» за 1901 г., стар. 280. Таксама И. С. Аксаков «К вопросу о русской школе и Западном крае», «Русь», 15 мая, 1884.
- ↑ Гл. справу № 145, 826, карт. № 3022 «Об учреждении университета в Полоцке», у архіве міністэрства народнае асьветы. Проект аб Полацкім унівэрсытэце Д. Толстой падняў у 1872 годзе ў дакладной запісцы Аляксандру ІІ пасьля аб’езду і азнаямленьня з пастаноўкай народнае асьветы ў Віленскай нав. акрузе. У сваёй запісцы Толстой пісаў, што «тутэйшым школам не хапае завяршэньня ў вышэйшай навучальнай установе, адсутнасьць якой «шкодна адбіваецца наогул на Паўночна-заходнім краі». «Унівэрсытэт,— разважаў міністар,— усюды, дзе ён ёсьць, распаўсюджвае дабро асьветы і ўзвышае наогул узровень цывілізацыі, тымчасам мясцовая моладзь, скончыўшы гімназіі, імкнецца ў Пецярбург або ў Маскву і перапаўняе дарэшты іхныя унівэрсытэты»Спасылаючыся на прыклад кн. Чарторыскага як на ворага, дзеяньні якога могуць быць вельмі карыснымі, калі ўжыць іх у адваротным выглядзе, Толстой раіў цару адкрыць унівэрсытэт на Беларусі, але ня ў Вільні, «дзе найбольш з другіх гарадоў Беларусі адчуваецца польскі колёрыт», дзе яшчэ жывы ўспаміны аб варожым выступленні палякаў, а ў «амаль рускім Почапку». Пад унівэрсытэт меліся перадаць муры б. каталіцкай Галоўнай езуіцкай акадэміі, якія ў той час былі заняты кадэцкім корпусам. Складацца ён павінен быў па першы год з двох гуманітарных факультэтаў. Ня гледзячы на тое, што Аляксандар ІІ згадзіўся з проектам Д. Толстого і загадаў па гэтай справе паразумецца міністэрству асьветы з вайсковым міністэрствам, і ня гледзячы на тое, што вайсковае міністэрства, кіраванае тады Мілюціным, пашло насустрэч гэтай ідэі, яна сплыла на нішто. Уся справа затрымалася ў «камісіі па разгляду міністэрскае справаздачы за 1873 год», дзе чамусьці «ўспомнілі», што унівэрсытэт у Адэсе (так зв. Новороссийский) ня мае мэдычнага факультэту і што лепш заснаваць гэты факультэт, чым адкрываць новы унівэрсытэт у Полацку. На гэтым і парашылі. Агульны прынцып — не кранаць Беларусі, не чапаць яе дражлівых пытаньняў — адбіўся, відаць, у 70-х гадох і на даным конкрэтным выпадку. А. Сапуноў, які пісаў аб гэтай справе («Университет в Полоцке», историческая справка, 1908), раўняў лёс Полацкага унівэрсытэту з падобным-жа лёсам Аршанскага ліцэю, які проектаваўся ў 1833 годзе і які ня быў адкрыты таму, што фундушы яго былі Прызнаны «больш адпаведнымі» для заснаваньня унівэрсытэту ў Кіеве.
- ↑ Маляўнічыя апісаньні «патапаўшчыны» на Беларусі знаходзім, між іншым, у И. Аксакова «Застой русского дела в Зап. крае после усмирения мятежа 1863 г.», «Русь». 1 мая 1884 г.
- ↑ Д. М-кий (Миропольскнй) «Из Северо-Запад. края», «Беседа». 1871, № 11, стар. 193. Тут-жа цікавыя весткі аб памянёнай вышэй спробе завесьці у краі расійскую «общину». Спраектаваў гэтую рэч зьезд міравых пасрэднікаў у Коўне ўлетку 1865 г. На зьезьдзе было прызнана магчымым замест таго, каб аддаваць памешчыцкія землі сялянам на аснове падворнай уласнасьці, перадаваць іх у супольнае карыстаньне сялянскай грамадзе («сельскому обществу»). Па прызнаньні ўдзельнікаў зьезду, проект іхні ня меў у сабе нічога фантастычнага і быў абапёрты на прынцыпах закону 19 лютага 1861 г. Аднак і мясцовая ўлада і ўрад паглядзелі па справу зусім інакш. У зьезьдзе ўбачылі руку «Народнай Волі» і. перапалохаўшыся, пачалі вострыя перасьледваньні ня толькі супроць аўтараў проекту, але наогул супроць корпорацыі міравых пасрэднікаў, адзінага больш-менш прызванага інстытуту, які заправадзіла ў тыя часы на Беларусі расійская ўлада. Прызнана было патрэбным закрыць шмат якія паверачныя камісіі, членаў іх — міравых пасрэднікаў — пачалі звальняць і высылаць з краю па 3-му пункту: без тлумачэньня прычыны, часам проста па тэлеграме, пагражаючы арыштамі. Потым пачалі высылаць корэспондэнтаў сталічных газэт, якія крытычна ставіліся да расправы адміністрацыі. Калясо політыкі на Беларусі пачало круціцца літаральна ў адваротны бок.
- ↑ «Беседа», 1871, кн. Х, стар. 267. «Из Северо-Западного края», Д. А. М-кий (Миропольский).
- ↑ «Беседа». 1871, кн. XI, стар. 203.
- ↑ Газ. «Русь», корэсп. з «Северо-Зап. края», 1882 (перадрук, у «Менск. Еп. Ведом.», 1882, № 17, стар. 467).
- ↑ «Памятная книжка Віленскай губ.», 1889.
- ↑ На русыфікацыйнае значэньне войска на Беларусі здаўна зьвярталі ўвагу зацікаўленыя дасьледчыкі. Так, прыкладам, аб гэтым сьведчыць у 40-х гадох Чачот, кажучы, што «ў Навагрудчыне хлопцы з ахвотай навучаюцца ад жаўнераў расійскіх песьняў, гэтыя песьні чуваць, прыкладам, каля Шчорсаў, ад едучых у начлег на конях, а часам яны заўважваюцца ў вуснах жанчын пры жніве» (Piosnki wieśniacze, прадмова, XXX); Эркерт, бравы прусак, які даслужыўся ў Расіі да чына ген.-лейтэнанта і ўсё-ж такі пакінуў яе дзеля сваёй каханай Прусіі, пісаў у прадмове да свайго вядомага атлясу: «Важнейшай сувязьзю, якая з 1831 г. практычна яднала расійскі захад з расійскім усходам, лепшым нацыянальным (!) зьвяном паміж імі і самым ажыўляючым павевам паветра з Вялікай Расіі, стала захоўваючым сваю чыстату і сьвежасьць, было прабываньне вялізнага ліку войска ў Заходнім краі, якое прыходзіла ў самае непасрэднае і Слізкае дачыненьне з тамтэйшым рускім сялянствам»; гл. атляс: «Взгляд па историю н этнографию западных губернии», 1864, стар. 60.
- ↑ С. Агурский «Революционное движение в Белоруссии (1863-1917)», стар. 23 і далей; Бухбиндер «История еврейского рабочего движения в России», стар. 16-20.
- ↑ Трэба, аднак, агаварыцца, што гэткі малюнак адтрымліваецца дзякуючы адсутнасьці патрэбных дакумантаў. У менскіх архівах мы мала чаго маглі знайсьці на цікавячую нас тэму. бо шмат архіўных матэрыялаў загінула у пэрыод вайны і окупацый. Толькі ў сакрэтнай перапісцы менскага губэрнатара захаваліся некаторыя справы, з якіх можна што-небудзь выкарыстаць (прыкл., справа №61 ад 2.ІV—21.V. 1986-82 году). З цыркуляраў губэрнатараў і загадаў міністэрства ўнутраных спраў відаць, што на Беларусі мелі месца «попытки злонамеренных лиц» распаўсюджыць шкодныя чуткі аб тым, быццам новае царстваваньне (Аляксандра ІІІ) прынясе з сабой узварот прыгоннага права, што забойцы цара — дваране, незадаволеныя вызваленьнем сялян і г. д. (гл. цыркуляр мин. внутр. дел № 1387 ад 27 марта 1881 г.). У сакрэтных справах таго ж менскага губернатара (Цэнтрархіў, Гіст.-Рэволюц. Сэкцыя, дело канцелярии минского губернатора № 45) намі знойдзена даволі грунтоўная перапіска па абвінавачаньні студэнта С.-Пецярбурскага унівэрсытэту Гаховіча і інш. у прыналежнасьці да партыі «Зямлі і Волі». Гурток Гаховіча і быў адным з народніцкіх гурткоў на Беларусі ў 1879 годзе. У яго знайшлі значную кіпу нелегальнай літаратуры, праклямацый «Зямлі і Волі», нумары «Вперед», картку Веры Засуліч, вершы Некрасава і інш. Сам Гаховіч пры вобыску і далейшым сьледзтве скрыўся заграніцу ў Жэнэву; вярнуўся назад на Беларусь у пачатку 80-х гадоў легальна. Са справы відаць, што ўвесь гурток складаўся са знаёмых Гаховічу студэнтаў і слухачоў Менскай духоўнай сэмінарыі (Гаховіч таксама быў гадунцом гэтае сэмінарыі). Пад час друкаваньня гэтае кнігі вышла праца Я. Віткоўскага «Рэволюцыйныя гурткі 70-х г. г. на Беларусі» («Полымя», 1929, красавік, стар. 110-143), якая крыху асьвятляе справу народніцтва ў Беларусі.
- ↑ И. Янжул «Отчет по исследованию фабрично-заводской промышленности в Царстве Польском», СПБ, 1888, стар. 95. Надзвычайны ўздым польскага прамысловага жыцьця ў 70-х гадох, выкліканы (апрача іншых, паказаных вышэй, прычын) лагоднасьцю расійскай экономічнай політыкі, знаходзіць прызнаньне ва ўсіх польскіх дасьледцаў. Процілежныя апініі вельмі рэдкія і не паважныя (прыкл., F. Konеczny «Polski Logos а Etnos», t. І. ч. ІІІ Handel і Przemyśl).
- ↑ St. Koszutski «Rozwуj ekonomiczny Krуlewstwa Polskiego w ostatnim trzydziestoleciu 1870-1900». Warszawa, 1904. Гл. таксама вылічэньні Zaleskiego ў «Encyklopedji Handlowej», wyd. г. 1891, якія разыходзяцца з паказанымі толькі ў ліку фабрык (узяты іншы модус азначэньня «фабрычнага прадпрыемства»).
- ↑ Z. Ludkiewicz «Polityka agrarna», 1921, rozdz. V, st. 123—126.
- ↑ J. Grabiec «Dzieje poroźbiorowic Narodu Polskiego», Lwуw, 1920, t. 2, XI, st. 214.
- ↑ З. Ленский «Польский вопрос» (1863-1892), гл. «История России в XIX в.», т. VI, стар. 254.
- ↑ Jan Karłowicz «Prуba charaktarystyki szlachty polskiej», wyd. zb. «Ognisko».
- ↑ Р. Chmielowski «Zarys literatury polskiej z ostatnich lat szesnastu». wyd. ІІ. 1886, st. 40.
- ↑ J. Grabiec, ор. cit., st. 224.
- ↑ «Wskazania polityczne» А. Сьвентахоўскага ў «Ognisko», 1882.
- ↑ Wilh. Feldman «Dzieje polskiej myśli politycznej w okresie poroźbiorowym», 1920, st. ІІ. Аб тым-жа гл. W. Studnicki «Sprawa Polska», Poznań, 1910, st. 410 і інш. Ёсьць, аднак, і іншы погляд, які ня ставіцца гэтак нэгатыўна да «органічнага позытывізму» 70-х гадоў —гл., прыкл., st. Kempner, ор. cit., st. 90-91.
- ↑ Wilh. Feldman, op. sit., st. 15-16.
- ↑ Гл. Н. Кареев «Polonica», сборник статей по польским делам (1881-1905), стар. 134-207 — «Новейшая польская историография и переворот в ней».
- ↑ J. Strzewski «Polska, Litwa і Ruś», odb. z «Tyg. Polskiego», 1915, стар. 13-14.
- ↑ М. Довнар-Запольскі «Народное хозяйство Белоруссии», стар. 63.
- ↑ А. Jelskі «Nieswiż Radziwilowski przed сzwierć wieku a dziś».
- ↑ Сустрэчныя ў літаратуры заўвагі (між іншым, у Карскага, І, 230), што выданыя ў 1884 г. у «Живописной России» працы А. Кіркора аб Беларусі як-бы замерзьлі на 60-х гадох і аддаляюць чытача на 10-20 год назад, да пэўнай меры справядлівы. Кіркор бачыў Беларусь апошні раз у 1871-72 г.; артыкулы, якія малююць беларускае жыцьцё і якія ўвайшлі ў «Жив. Рос.», зьяў пяюцца расійскім перакладам яго монографіі, зьмешчанай у 1875 г. у «Opiekun Domowy», з гэтага відаць, што ў яго апісаньнях адбіўся сапраўдны стыль тае эпохі.
- ↑ «Новое Время», 1870, № 25.
- ↑ М. Довнар-Запольскі, Ор. cit., стар. 21.
- ↑ А. Сементовский «Витебск и уездные города Витебской губернии». Вельмі цікавыя малюнкі культуры беларускіх павятовых гарадоў знаходзім часам у «Вил. Вестнике» за другую палову 70-х гадоў. Гл., прыкл., таленавітую корэсп. з Ваўкавыску, 1879, № 235.
- ↑ Янсон «Пинск и его район», 1869, СПБ.
- ↑ П. Семенов «Белорусское Полесье в современном состоянии», т. IV, «Жив. Россия», очерк X, стар. 482 і далей.
- ↑ Першая соцыялістычная брошура на беларускай мове — «Пра багацтва ды беднасьць», выданая Драгаманавым у Жэнэве ў 1881 г. (гл. «Беларускі сьцяг», 1922, № 1-2), вельмі ўдала ў мэтах пропаганды трактуе цяжкае становішча беларускіх сялян пры будаваньні чыгункі.
- ↑ «Новое Время», 1870, № 79: «О Виленской Публичной библиотеке».
- ↑ «Памятная книжка Минской губ.» за 1878 і 1889 г.г.
- ↑ «Пам. книжка Виленск. губ.» за 1886 г. Аб гэтым гл. далей.
- ↑ Гл. В. Грыбовский «Предполагаем. земское управл. в неземских губерниях».
- ↑ «Виленский Вестник», 1879, № 5, перадавіца.
- ↑ В. Стукалич «А. П. Сапунов. К 25-летию его ученой и литературной деятельности», «Вит. Губ. Ведомости», № 134-141 за 1905 г. Падобныя характарыстыкі знойдзем і ў Нікіфароўскага ў яго ўспамінах.
- ↑ Юры Алелькавіч «Стары Менск у беларускіх успамінах», «Беларусь», 1920, № 2.
- ↑ М. Коялович «Поездка в середину Белоруссии», стар. 11.