Заранкі (1924)/Залацісты вечар дагарае…

У жыце ⁂ (Залацісты вечар дагарае…)
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Навальніца

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




∗     ∗

Залацісты вечар дагарае;
Ўсё пурпурам захаду абліта.
Рэчка чырванеецца пажарам;
За ракой, на ўзгорку, дрэме жыта.

Лес стаіць, нібы зачараваны,
А над лесам пышная зарніца.
Сонца пацалунак разьвітальны
Шле галінкам і агнём іскрыцца.

Я прышоў перад заходам сонца,
Я прышоў у пушчу адзінокі.
Мне шкада, што ў гэты дзіўны вечар
Не са мной ты, сябар мой далёкі.

Я успомніў, як калісь з табою
Ў гэты самы гай мы прыхадзілі,
Як сьпявалі песьні разам з лесам,
З ім свае і думкі мы дзялілі.

А цяпер… адзін сюды хаджу я…
Адгукніся, кветка, адгукніся!
На знаёмай сьцежцы марай сьветлай
Хоць на момант, мілая, зьявіся!..