Кліч вясны У жыце
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
⁂ (Залацісты вечар дагарае…)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ЖЫЦЕ.

Яснасьць сонца, лёгкі ветрык,
У паветры звон;
Пах ад жыта, пах ад красак, —
Дзіўна ўсё, як сон.

Навакол нас зеляніна
І прастор палёў;
А як многа мілых кветак —
Сініх васількоў.

На тваёй яны галоўцы
І ў тваіх руках,
Васілёчкі і на грудках
І ў тваіх касах.

Навакол шапочуць квола
У жыце каласы,
А над жытам льюцца срэбрам
Птушак галасы:

Мы зьбіраем васілёчкі,
Песьні мы пяём,
На спатканьне свайму шчасьцю
Радасна ідзём…

Яснасьць сонца, лёгкі ветрык,
У паветры звон;
Пах ад жыта, пах ад красак, —
Дзіўна ўсё, як сон.