Зашумела жыта
Сьпелым коласам,
Павяло размову
З ветрам-сіверам.
Ты ня дуй сярдзіта,
Вецер-сівер злы,
Не гані так хутка
Хмары з поўначы,
Не насып ты граду
Таго белага,
Што руйнуе зелень
З зямлёй-маткаю,
Бо ў бясхлебнай вёсцы
Хлебароб з сям‘ёй
Згіне з галадухі,
Як прыдзе зіма.
Лепш ты, вецер-сівер,
Хмару грозную
Пранясі над нівай
Далей, як мага.
Хай дыхне лепш ветрам
З поўдня жаркага,
Праліецца дожджык
Ціхі, цёпленькі.
Пасьля дожджу сонца
Хай зірне ізноў,
Ажывіць сабою
Поле жытняе,
Каб на ніву ў прыпар
Хлебароб з сям‘ёй
Выйшаў з сьветлым тварам,
Выйшаў з радасьцю
І узяўся рэзаць
Жыта цяжкае
Ды вазіць да дому
Скарб працоўны свой.
|