Зоркі Мая песьня
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Ня плач, сэрца…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЯ ПЕСЬНЯ.

Як толькі ў сэрцы радасьць маю,
Надойдзе шчасная пара, —
Я песьню ў гэты час сьпяваю
Табе, сьвятлістая зара,

Як прыдуць цяжкія гадзіны,
Маё агорне сэрца жаль, —
Пяю і ў гэтыя часіны,
Мой сумны сьпеў нясецца ўдаль.

Вясна надойдзе чараўніца,
Настане сьветлы дзіўны май,
Ізноў мне думка акрыліцца, —
Гучней пяю, мне ўторыць гай.

Зусім, здаецца, нікне гора,
Як толькі песьню запяю
Пра сьветлы край, пра сонца, зоры;
Спакой ідзе ў душу маю,

І мне чароўна так стаецца.
Тады я ўсёй душой пяю,
І песьня ўдаль з душы нясецца
Я ў песьні чую моц сваю.

Ляці-ж ты, песьнь мая, далёка
Над роднай мілай стараной,
І сьветлы водгалас, шырокай
Палійся хваляю-ракой!

Нясіся ўвысь, дзе сонца, зоры,
Што вабяць нас у час журбы,
Што моц даюць у цяжкім горы
І ў час жыцьцёвай барацьбы!