Заранкі (1924)/Сівер завывае…

Ноктурно Сівер завывае…
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
У зімовую ноч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СІВЕР ЗАВЫВАЕ…

Сівер завывае,
За вакном бушуе;
Даль за мутным сьнегам
Толькі ледзь відаць.
Жудасна, сьцюдзёна…
Знаю, дарагая,
Чаму твае вочкі
Смутна так глядзяць;
Ня журыся, кветка,
Што зіма настала;
Спавіла прыроду
Ў сьнежны цяжкі сон.
Захавай на сэрцы,
Мая сумна птушка,
Да пары вясеньняй
Ласкі пройшлых дзён.
Серабрыстым сьмехам,
Як даўней, засьмейся;
Будзем зноў снаваці
Залатыя сны:
Злоснай, непагоднай
Быць зіме ня вечна;
Сьнегам не завеяць
Ясных дзён вясны!
Згінуць завірухі,
Непагоды злыя.
Нам тады, дзяўчынка,
Сонца блісьне зноў.
Пад канец сярдзітай
Зімкі можа ўскрэснуць
І калішні ласкі
І твая любоў…