Заранкі (1924)/У маёвую раніцу

Нада мною хмары… У маёвую раніцу
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Сонэт

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У МАЁВУЮ РАНІЦУ.

Мы гулялі у жыце з табою,
А жаўрук шчабятаў ў вышыне;
Трэлі звонкія срэбрам ліліся:
Ён сьпяваў аб каханьні, вясьне.
Налятаў ціхі ветрык на нівы,
Калыхаў, цалаваў каласы.
І шумела прыветна так жыта,
І мігцелі сьлязінкі расы.
Усё поле было ў пазалоце,
Рэчка, ўзгоркі, і пушча і луг;
Усьміхалася сонцу прырода…
У ражок заіграў гдзесь пастух.
Звонкі водгук у лесе панёсься
Ажывіў усю пушчу — і зьнік:
Ціха зноў, толькі чуць, як ля лесу
Напявае вясёлы лясьнік.
Васількі, незабудкі, мядункі
Ты ірвала на памятку мне.
Сярод кветак было нам так шчасна
І так дзіўна, нібы ў сьветлым сьне.
І, агорнуты шчасьцем каханьня,
Мы ў зялёную пушчу ўвайшлі,
Засьпявалі магутную песьню, —
У ёй водгалас шчасьцю знайшлі…