Зборнік сцэнічных твораў (1918)/II/Модны шляхцюк

Модны шляхцюк
Камэдыя
Аўтар: Карусь Каганец
1918 год
Міхалка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Модны шляхцюк.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




К. Каганец.




МОДНЫ ШЛЯХЦЮК.




Бытовая камэдыя у I-ой дзеі.



МОДНЫ ШЛЯХЦЮК.



АСОБЫ:

ЯН — гаспадар.

ЯКУБ — сват Пранцішка.

ГАННА — дачка Яна.

ПРАНЦІШАК шляхцюкі з другога засьценку.
ІГНАСЬ

АНДРЭЙ — сват Ігнася.

СУСЕДЗІ Янавы.


(Усе дзеецца у хаце Яна).

ЗЬЯВА I.

Ян і Якуб, седзючы за сталом, выпіваюць, закусываюць і вядуць гутарку.

Ян (прапівае і налівае Якубу). Пій на здароуе!

Якуб. Будзь, вашэ, (прыймае чарку) здароу!

Ян. Пій на здароуе!

Якуб. Так-то яно то… (Глядзіць на чарку). Так, так, так… (Уздыхае). А усе-ж па-людзку ні выходзіць…

Ян. А што там за бяда такая?

Якуб. Бяда — ні бяда, а так, што яно ні так, як трэба.

Ян. Ды пійце-ж, пане браце! Пры чарцы і высказаць лягчэй будзе.

Якуб. Ну, дай, Божэ, каб усе было гожэ. (Выпівае і налівае Яну). Э, Яне, Яне!

Ян. А што?

Якуб. Дзело, бачыш, маю.

Ян. Ну, дык кажы, што так за дзело такое?

Якуб [скрабучыся за вухам]. Так, — бачыш вашэ, — я як-бы за дзелам, а і пачаць ні ведаю с чаго…

Ян. Будзь здароу, пане браце. [Пье і налівае]. Так скажы, пане браце, якое такое труднае дзело маеш? Але перш чарку выпій.

Якуб. Дзякую. Калі-ж неяк і піці сорамна.

Ян. Чаму так? Чым хата багата, тым і рада.

Якуб. Дзякую, дзякую!

Ян. Я, бачыш, вельмі упрашываць ні умею.

Якуб. Ды ні аб тое. Здаецца, ні цяпер мы знаемся.

Ян. Дык чаму-ж гэта ты?..

Якуб. Я, бачыш вашэ, на добры лад павінен-бы сам да вас з гарэлкаю прыйсці. А так то і пачаці ні ведаю с чаго…

Ян. Та-а-ак! Вось яно што…

Якуб. Ды ужо-ж…

Ян. Прауда, што яно трохі ні па-людзку. А дзе-ж ваш маладзец? Чаму ен ні прыехау?

Якуб. Га, мода цяпер такая.

Ян. Мода — модаю, а звычай — сьвятое дзело.

Якуб. За тым-то і мне так цяжка. Ці то мне першыня сватацца? Бо, па-праудзі сказаушы, у сватанні шчасьце маю. Адно цяпер неяк язык у роце вязьне.

Ян. Так, так…

Якуб. Сам ні ведаю, што рабіць: але мой кавалер так захацеу.

Ян. Кепска, кепска…

Якуб. Кажэ, што мода цяпер такая, што па-нашаму ні сватаюцца. А ен-жа у гэтым дзеле маракуе, бо хлопец вучоны, шмат сьвету бачыу, у горадзе бывау, уселякае навукі набрауся, дык ужо і ні жыве па-нашему, але с культураю…

Ян. А што гэта такое?

Якуб. (Засароміушыся, заікаецца). Ну, ку-уль-ту-у-рра…

Ян. Куль-куль-куль… Нешта я гэтаго ні уцямлю. Што гэта: баба якая, ці што?

Якуб. (Заклапочаны). Па-праудзі сказаць, то я і сам ні ведаю, што гэта такое.

Ян. Ну, дык чаму-ж ты гаворыш, чаго ні ведаеш сам? На ліхо нам тыя выдумкі заморскія? Ці у нас сваіх слоу ні хватае?

Якуб. Ні гневайся, вашэць: гэта ен мяне так навучыу, каб зразу відаць бьло, што ен ні абы які кавалер.

Ян. Ого-го! Штось мне ні спанарауна. А хто ен такі, ваш гэты заморскі паніч?

Якуб. Пранцішак.

Ян. Які Пранцішак? Адгэтуль?

Якуб. Ды гэты, з Вішнеукі, Карчэушчык.

Ян. Ага-а-а! Гэта, Антоняго, вечны яму пакой, сын. Гэта той, што гаспадаркі ні любіць, і найболей у горадзі бадзяецца.

Якуб. Для навукі, бачыш, усе.

Ян. Ведаю я, якой навукі: у карты гуляць, гарэлку піць за дзеукамі валачыцца — вось гэткіх панічоу навукі.

Якуб. Мне ен казау, чаго ен там вучыцца, але штось ні успомню.

Ян. Была калісь прауда, ды іржа зьела.

Якуб. Ну, дык як-жа будзе?

Ян. Пабачымо.

Якуб. Да і дачцы скажыце, каб ні працівілася. Усе-ж то такі паніч бывалы, дэлікатны, — ні так, як нашы засьцянковыя.

Ян. Дачкі няволіць ні буду. Як яна спадабае. Адну толькі маю. Яна у мяне і дома гаспадыня і у полі работніца. Добрае дзіця. Вольную волю мае. Каб я толькі ведау, што ен хлопец добры, ні лайдак, то перашкод рабіць ні буду.

Якуб. Так-то яно так. Але растлумачце ей, што гэта ні просты хлопец, а вучоны.

Ян. А што тамака вучоны, вучоны! Хочэце, — самі намауляйце. Я гаварыць ні буду.

Якуб. А мо і пагаварыць з ей?..

Ян. (Клічэ). Ганна, а, Ганна! Хадзі, дзеткі, сюды.

ЗЬЯВА II.

Тыя-ж і Ганна.

Ганна. (Убегае босая, падкасауушыся, з дзеркачом у руках, убачыушы чужога, засаромілася, абцягнула спадніцу і стала у качарэжніку). Тата мяне клікалі?

Ян. Але! Вось, пан Якуб с табой пагаварыць хочэ.

Ганна. (Утарапіушыся). Пан Якуб?!.

Якуб. Што, паненка, на мяне так дзівішся? Сядзь лепей, пагаворымо.

Ганна. Дзякуй, я магу і стоючы паслухаць.

Якуб. (Заклапочаны, памаучаушы). Памажэце, вашэ, пане Яне.

Ян. Бачыш, Ганна! Пранцішак Карчэушчык да цябе свата прыслау.

Ганна. (Саромліва павярнуушыся да печы, нішчыком усьміхаецца і маучыць).

Якуб. Ну, што-ж паненка на гэта скажэ?

Ганна. (Прыкідываючысь нізнайкою). Ні ведаю…

Якуб. Падумай, паненка: ен-жа і вучоны і дэлікатны, — і па-польску і па-расійску гаварыць умее. Будзеце у горадзі жыць, с панамі таварыство вадзіць.

Ганна. У-у-га! (Як-бы да сябе). Так многа!

Якуб. Будзеш, паненка, у дарагіх сукнях хаджываць, дэлікатную страву есьці… Ну, дык што-ж, паненка, маучыш? Кажы: пойдзеш за Пранцішка?

Ганна. Ні ведаю…

Якуб. Ні саромяйся, паненка.

Ганна. На што мне гэта усе? Ці мне у бацькі дрэнна?

Ян. Дрэнна — ні дрэнна, але векаваць пры мне ні будзеш… Трэба-ж калі нібудзь замуж выйсьці.

Ганна. Ваша, тата, воля, — але пры вас я бы ахватней асталася.

Якуб. А калі-б вам у горадзі добра пайшо, дык і бацьку узялі-б к сабе. Бацька па старасьці сапачыу-бы ад працы. У горадзі і памаліцца есьць гдзе…

Ян. Бог усюды е, а у горадзі мне ні прынадна. Дый сам, вашэць, я думаю, ні вельмі-б то у горадзі рад жыу.

Якуб. Яно-то так; я бы у горадзі ні мог жыць, бо ужо стары — цяжка прывыкаць. А маладым то другое.

Ян. Ну, Ганна! А што ты на гэта?

Ганна. (Маучыць, адно край хвартушка зубамі цярэбіць).

Якуб. Бачу, што с паненкаю да ладу ні дайду, бо саромяецца, — а свае дзело я споуніу, дый то толькі праз памяць па нябошчыка бацьку Пранцішковаго, бо сам-бы я за гэтакае сватауство ні узяуся. А цяпер, людцэ добрыя, аставайцеся здаровы, хай бацька з дочкаю парадзяцца добра, а Пранцішак сам на адповедзь прыйдзе, калі у яго мода такая. Бывайце здаровы!

Ян. Ідзіце з Богам здаровы! (Якуб выходзіць).

ЗЬЯВА III-ая.

Ян і Гануля.

Ян. Ну, што-ж, Гануля? Пайшала-б за Пранцішка?

Ганна [энэргічна]. Да куды там?!

Ян. Але што с таго будзе, што усім адказываеш?

Ганна [прыбіраючы хату]. Ці-ж бо мне дома кепска? Тата-ж мяне ні праганяеце…

Ян. Добра, але усе-ж такі век маладая ні будзеш, а як пастарэеш, хто цябе тады возьме? Я ужо стары, ужо столькі ні пражыву, колькі пражыу. Як прыдзецца рукі злажыць, то хто тады табе у помач стане? Гаспадарку разарвуць, цябе пакрыудзяць… Старасьць — ні радасьць.

Ганна. Пожывеце, тата, пажывеце.

Ян. Я ведаю: у цябе у галаве Ігнась.

Ганна. Ігнась — ні Ігнась, а за Пранцішка ні пайду.

Ян. То чаму-ж свату зразу ні сказала?

Ганна [з абідаю]. А гдзе хто бачыу, каб дзяучына с сватам гаварыла? Гэта-ж сорам! Тагды-б мяне на засьценку засьмеялі.

Ян. Яно-то прауда, што табе неяк ні выпадае.

Ганна. Але тату то я усе скажу, як на споведзі. Ні пайду за Пранцішка, бо тут яго усе знаюць, як аблупаленаго кота. Усе з яго толькі кпяць і сьмяюцца. Ніхто аб ім дабраго слова ні скажэ. Ходзіць па-моднаму, увесь у чорным, сурдут доугі, з-заду разрэзаны… Ні раунуючы, як той чорт.

Ян. Бачыш яго! А я гэтаго ні ведау!

Ганна. Бо тата усе або у полі, або у хаце. А я ведаю, бо ні раз яго спатыкала. Як сустрэну яго на вуліцы, дык кожын раз ажно жахнуся. А сабакі нівавідзяць яго горш, як воука. Часам за паувярсты ад засьценку дагоняць яго ды калошы паабрываюць. Цьфу! Сабака яго ні можэ сьцярпець, а я-бы мела за яго замуж ісьці…

Ян. Кажуць, што вучоны.

Ганна. Вучоны, вучоны! Бульбы ад рэпы ні распазнае! А гаворыць дык так, што і зразумець яго трудна. Нашае мовы саромяецца…

Ян. Гэта брыдка! Але хацелося-б мяне зяця прычакаць, — унукау бы гадавау.

Ганна. Прычакаеце, прычакаеце.

Ян. Цяжка, бачыш, з гаспадаркою упрауляцца, а найміт — ні свой чалавек: і дорага каштуе і на старану гатоу што перадаць, — ведама, чужы.

Ганна. Але! А хочэце мяне у горад аддаць. А хто у вас за гаспадыню будзе, хто каровы падоіць, хто сьвінні пакорміць? Хто страву вам зварыць? Хто з жнейкамі ў постаці стане?

Ян. Я цябе ні няволю.

Ганна. Тут я радзілася, тут і матуля мая пахована, тут я і астануся. Хто-б тагды магілку матчыну прыбрау? Зарасла-б яна дзікім зеллем, а вам-бы матка супакою ні дала за тое, што мяне ад яе адлучылі… (Плачэ).

Ян (разжалены). Ні плач-жа, ні плач! Я-ж цябе ні прымушаю. Мне-й самому дужа ен ні падабаецца. Дый цяжка мне ужо аставацца аднаму. Ведаю, пра Ігнася думаеш, дый нешта-ж ен маучыць дагэтуль, ні сватаецца.

Ганна. Але і да іншых ні удаецца.

Ян (сьмяючыся). А ты-б яго хацела? (Ад якойсь пары ужо сабакі брэшуць).

Ганна. Мала-бы што, ды мне і з вамі добра.

Ян. Але каго гэтак сабакі апанавалі? Выскачы, дачушка, глянь, каго яны так тамака бяруць? (Ганна выходзіць).

ЗЬЯВА IV-ая.

Ян, Пранцішак, пасьля Ганна.

(Ян, зняушы с кручка кажух, падкінуу сабе пад галаву і прылег за сталом на лаві, так што яго ні відно ад дзьвярэй. У хату ускаківае, уцекаючы ад сабак, Пранцішак — бледны, задыхаючыся; ен у чорным сурдуціку, у чорных нагавіцах, у белых рукаучыках і каунерыку).

Пранцішак (азірнуушыся па хаці). І тут нікагусенька! А, псямаць іх, чуць мне сурдута ні зьелі. Цэлых пяць рублеу жыду аддау за яго, але на такія залеты, дык і то дорага. (Падышоу к лаві і зьметае яе хустачкай). Але жыць тутака — то я бы ні жыу. Забяру Ганну у горад, дам сабе з ею рады, каб толькі пасаг у рукі як прыбраць — вось што.

Ганна (прычыніушы дзьверы). Тата тут? (Убачыушы Пранцішка). А-а-а! А гдзе тата?

Пранцішак. Не вем… Добры вечар, паненка! А на цо-то паненка таты шукае? Можэ мы і без таты моглісь-бы паразмавяць. Я наумысьле тэго пшыпшэдлэсь.

Ганна. А аб чым мы маем гаварыць? Калі якое дзело маеце, тата на тое…

Пранцішак (прыдержываючы Ганну за руку). Але ніхай паненка пачэка. Без таты нам бэндзе свабодней; паненка ве, што пры тату не вшыстко можна робіць. (Памаучаушы). Паненка ужо ве, чаго я ту пшышэдлэсь.

Ганна. Не, ні ведаю!

Пранцішак. Як-то? Прэце-ж ту был пан Якуб, он мне мувіл…

Ганна (ніцярпліва). Што вам пан Якуб гаварыу, таго я ні магу ведаць.

Пранцішак. Але-ж, паненка, я ту пшушлэсь до паненкі у сваты, а паненка гневася на мяне, як на злэго.

Ганна. А ці-ж у сваты хто гэтак ходзіць і сорам дзяучыні прычыняе і дзьверы заступае?!

Пранцішак. Цо-бо то паненка до мне, як до хлопа, гада? Чы бы то мы не моглісь фізычней паразмавяць? Прэце-ж, паненка такі шаляхэтна естэсь, а то по-простэму і по-простэму.

Ганна. Ніхай сабе і «па-простэму». Няужо-ж крыва лепш, як проста?

Пранцішак. Я, відзі паненка, не естэсь просты. А вшыстко такі цоколек розумем. Я у месьці да школы ходзілэсь. З ружнымі панамі знамся. Так паведзявшы, я чловек с культуро, выкшталцоны естэсь, — так то мне неякось ні выпадае так па-хлопску гадаць: гале ды гале.

Ганна. Та чаму-ж, паніч, у засьценак прыходзіш? Нам гэтаго усяго ні трэба — гэтых вашых хвізыкау. Нам досі нашае мовы, нашых звычаеу.

Пранцішак. Э! то так?! То паненка мне не хцэ? Почэкай, паненка, я патрафя паненка намувіць, што і маей бэндзеш і нікому ані пісьнеш… (Хочэ злавіць яе).

Ганна. Што гэта?! Адчапіся!.. Разбойнік! Шалены!.. (На сцэне тузаніна, а, тым часам, з-за стала устае Ян).

Пранцішак (убачыушы Яна, пускае Ганну і гвалтуе). Гэй, людзі! Ратуйце!.. Ратуйце!..

Ян (падыходзіць з гневам). А гэта што?.. (Ад гневу ні можэ гаварыць).

Пранцішак. А, пан?! Адкуль гэта пан?.. Чы то пан тутэйшы? Ратуйце! Памажыце!.. Гэта дзяучына шаленая, ці якое ліхо… Забіць хочэ…

Ян. Вон, паганец!.. Бач, ты! Брэхаць будзе… Вон, каб і нага твая тут ні была!.. Я-б с табой іначэй пагаварыу, але абразы шаную і звычай сьвяты. Адно вынасіся бардзей, а то часам і ні вытрываю.

Пранцішак (адступаючы да дзьвярэй, к сабе гаворыць). Ну, ішчэ добра скончылося… Я баяуся, каб ні было горэй… (Шмыгнуу за дзьверы).

ЗЬЯВА V-ая.

Ян і Ганна.

Ганна. (туліцца к бацьку). Балазе, татачка, вызвалілі мяне ад гэтаго гада.

Ян. Дык прауду казалі аб ім, што ні самавіты. Вось табе і моднае сватоуство!

Ганна (утаропіушыся). Ціха, ціха, тата!

Ян. А што там?

Ганна. Як-бы званок чутно, чуеце?

Ян (слухаючы). Але-ж. Пошта, ці што?!

Ганна. Як-бы са шляху зьвярнулі. (Глядзіць у вакно).

Ян. Зноу беда якая, ці што? Да каго-ж бы гэта? Хіба што ні да нас… Дый хто?..

Ганна (стаіць ля вакна). А мо і да нас. (Разам зрадзеушы). Татачка! Ды гэта-ж сваты! І да нас, да нас! Ужо і Бэйшарову хату мінулі…

Ян (пагледаючы у вакно). Прауда! Во, гэта дык па-людзку, па-гаспадарску.

Ганна. А што, тата? ці-ж ні казала? Вось і сваты!

Ян. Але коні добрыя. Ды хто-ж бы то?

Ганна. Ігнась! Ігнась са сватам едзе!..

Ян. Ідзі-ж, дзяучына, прыгарніся трохі, бо растрэпалася, з гэтым злодзяем тузаючыся.

Ганна. Што гэта сягоння?! Ажно галава кругом пайшла… (Выбегае).

ЗЬЯВА VI-ая.

Ян і Андрэй.

(Ян ходзіць ніспакойна па хаці. Дзьверы адчыняюцца і увайходзіць сват Андрэй).

Андрэй. Хай будзе пахвалены!

Ян. На векі векау! Што гэта, куме: ці ні воук здох, што урэшці успомніу аба мне? Гэтулькі часу і носа ні ткнуу.

Андрэй. Часу, кумочку, ні было. Далі-Бог, колькі разоу зьбірауся, ды усе неяк ні выходзіло.

Ян. Эй, гавары, куме!.. Вось сядай лепей і кажы што чуваць? Як баба маецца? Як дзеткі?

Андрэй. Дзякую! Нічагутка, жывемо памаленьку. Як сам? Як дачка?

Ян. Здаровы, дзякаваць Богу. Але сядай-жа нарэшці!

Андрэй. То і дзякаваць. А калі будзеце рады купцом, дык сяду…

Ян. Да ужо-ж, хто мае тавар, той і купцом рад. Што да цаны, то ці зойдземся, — а так ласкава просім.

Андрэй. Калі-так, то і аб цану зьмяркуемся, дасьць Бог (садзіцца і ставіць на стол пляшку). Так значыць, ты ні працівен, куме?

Ян. Што я? Ні мне-ж з Ігнасем жыць. А дачкі няволіць ні буду.

Андрэй. Яно-то так. Але, пакуль аб цану таргавацца, трэба-б тавару паглядзець.

Ян. Пачакайце крышку: я пайду клікну яе. (Выходзіць).

ЗЬЯВА VII-ая.

Андрэй, Ян, Ганна і Ігнась.

Ян. (Уходзіць, вядучы засаромяушуюся дачку, за ім ідзе Ігнась). Ого! Пакуль мы тут, яны самі праз вакно таргуюцца. Кажы, дачка, ці хочэш Ігнася?

Ганна. Як тата скажэце… (Падходзіць да Андрэя і цалуе яго у руку).

Ян. Бач, якая пакорная?! А дауно-то аднаго адправіла. Ну, давай падвячоркаваць. (Ганна выбегае, штурхнуушы Ігнася). Ну, Ігнась, седай, пагаворым.

Ігнась. (Цалуе у руку). Дзякую пану бацьку. (Усе паселі за стол. Ганна прыносіць яечню на скаварадзе; бацька рэжэ хлеб і кладзе перад кожным па лусьце).

Андрэй (налівае чарку). Такі трэба-б было нам старгавацца.

Ян. А што нам таргавацца? Дзеці ужо згаварыліся, а усе што мае, тое іх будзе. Гаспадарка Ігналева ні вялікая, дык там брат яго управіцца, — а Ігнась пры мне будзе.

Андрэй. Ну, дык згода! Будзь, куме, здароу і дзяржыся крэпка! (Выпівае).

Ян. Пій на здароуе! Хай Бог дзецям памагае! (Тым часам пачынаюць зьбірацца кабеты, хлопцы, дзеучаты).

ЗЬЯВА VIII-ая.

Тыя-ж і госьці (хлопцы, дзеучаты).

Ян. Ну, калі і гасьцей нам Бог прыслау, то ніхай ужо усім будзе весела. Хадзі, Юрка, сюды. (Падходзіць шустры чэрнявы хлопец). Схадзі, бач, скрыпку вазьмі ды ніхай і Волесь цымбалы цягне.

Юрка. Мо і Юзіка с клярнэтам клікнуць?

Ян. Так бегай хутчэй. А ты, Ганна, скажы Піліпу, хай с клеці прынясе баклажку. (Ганна выбегае і, як бач, прыносіць разам с Піліпам місу нарэзанаго сыру і баклажку з гарэлкай. За імі уходзяць музыкі, строяць інструмэнты і пачынаюць іграць. Ігнась бярэ Ганну і ідзе у танец, прыпеваючы, а за імі другія).

Хор дзеучат.
Кацілася па вуліцу белая талерка.
Слауны хлопец, слауны хлопец, — харошая. дзеука.
Хор хлапцоу.
На што дзеуцы рэшато,
На што дзеуцы сіто, —
Хлопец дзеуку пацалуе, —
Дзеука будзе сыта.
Ганна. (Да Ігнася).
Мая песьня уся:
Люблю Ігнася…
Ігнась. (Да Ганны).
У горадзі гарбузы,
У Кіеві дзядзька;
За то цябе палюбіу,
Што цалуеш гладка.
(Да музыкі).
Іграй, іграй, іграчу,
А я табе заплачу,
А я хатку прадам,
Табе грошы аддам…

(Танцуе з Ганнай. Хор утурыць апошнія словы песьні. Пасьля Ігнась з Ганною выходзяць з грамады і становяцца на перадзі сцэны, каля вакна).

Ганна. Чуеш, Ігнась, як сабакі бяруць? Што там за ліхо па засьценку цягаецца?

Ігнась. (Пазіраючы у вакно). Цемна, ні відаць. Трэба выйсьці паглядзець, што там такое.

Ганна. А цябе сабакі ні парвуць?

Ігнась. Яны мяне ужо знаюць. (Ігнась выходзіць. Ганна глядзіць у вакно. Моладзь танцуе, а старыя частуюцца).

Ігнась. (Вертаецца). Нехта дарогаю да нас бяжыць, як жару ухапіушы.

Ганна. (Пазіраючы у вакно). Бачу, бачу — каля загарадзі. Гэта-ж нашае ліхо!

Ігнась. (Гледзячы у вакно). І як раз сюды зьвертае.

Ганна. Тату, тату! Той гад ізноў к нам бяжыць. (Пачуушы Ганну, усе пакідаюць танцаваць, а за імі і музыкі адзін за адным зарываюць ігру).

Ян. (Устаючы з-за стала). А ліхо-ж яго галаве! Хаты маей ні шануе. Ой, мусіць такі прыйдзецца мне выкінуць яго за дзьверы.

ЗЬЯВА IX-ая.

Тыя-ж і Пранцішак.

Пранцішак (бледны, у абарванай адзежы, у памятым капелюшы; ускаківае на сярэдзіну сцэны). Га, зладзеі! Гэта вы павыпускалі сабак на мяне?! Ну, заплаціце-ж вы мне за гэта!

Ян. А ягомасьць так ні крычы, бо тут есьць і старэйшыя за цябе, ды такія, што цябе супакоіць патрапяць.

Пранцішак. А самі мне за адзежу заплаціце? Мала таго, што нада мною тут назьдзекаваліся, ішчэ і сабакамі нацкавалі…

Ян. Гэта-ж ужо з гадзіну будзе, як ягомасьць адгэтуль выйшау.

Пранцішак. Ужо у канцы засьценку быу, як мяне сабакі апанавалі.

Ян. Мае сабакі у канцы засьценку былі?

Пранцішак. Вашы, ці ні вашы, але вы мне заплаціце, бо я у вас быу.

Ян. Ніхто ні звау.

Пранцішак. Паліцыю паклічу. У суд пацягну…

Ян. Баюся я, як заяць рабой кабылы.

Пранцішак. Сурдут 20 рублеу і порткі 6, а капелюш 2 рублі, то разам 28 рублеу. Плаціце! А то у суд падам і на вас і на увесь ваш засьценак.

Ігнась. То мы усе будземо плаціць?

Пранцісь. А ужо-ж усе.

Ігнась. І за той брыль?

Пранцішак. І за той.

Ігнась (выхапіушы з рук капелюш). Давай сюды! Калі маю плаціць, то ніхай хаця пацешуся ім. (Кулаком прабівае брыль).

Пранцішак. Што ты робіш, дурню?!

Ігнась (спакойна). Што? А беларускую шапку…

Пранцішак (сярдуючы). Мой капелюш папсавау!

Ігнась. А табе якое дзело? Я заплачу. Гэта ужо мой, а ні твой.

Ян. Прауда Ігналева. Сварыцца я с табою ні буду, дый па судох цягацца ні хачу. Сам табе заплачу. Але за тое, што ты мяне па шальмоуску хочэш ашукаць ды хочэш злупіць 28 рублеў за тое, што каштуе 10, — кару, панічу, дастанеш і свае лапсардакі тутака на мейсцы пакінеш.

Пранцішак. Што? Я паліцыю! Я у суд!

Ян. Паліцыя тут нічога ні паможэ, а на такога злодзея, як ты, суду ні Божаго, ні людзкога німа. А ну, хлопцы: разьдзеньце яго, гэтаго панічыка. (Хлопцы абступаюць і прыдзержываюць Пранцішка).

Пранцішак. (Тузаючыся). Што?! Сурдут? Ні здзірайце сурдута! А-ей! а-ей! а-ей… Паненкі гледзяць…

Андрэй. Ніякіх тут паненак німа, адно нашы дзеучаткі, а яны ведаюць, што чалавек у сьвіце ні родзіцца. Хлопцы, а ну, жыва! (Хлопцы зьдзіраюць сурдут. Пранцішак астаецца у манішцы на голым целі і у рукаучыках на голых руках).

Андрэй. Глядзеце! Гэта іх такая гарадзкая мода, што без кашулі ходзюць.

Ігнась. Ну, а цяпер давай, братко, і нагавіцы!

Пранцішак. Ой-ой-ой-ой! Людцы добрыя, ратуйце! Забьюць!

Ян. Ціха, ні крычы! А то на твой прыродны мундір яшчэ што прыложым. А калі я за нагавіцы плачу, то давай!

Хлопцы. Скідай барджэй нагавіцы! Скідай, скідай! (Адны дзержаць Пранцішка пад пахі, а другія пачынаюць спушчаць нагавіцы).


Заслона.




КАНЕЦ.