Зборнік сцэнічных твораў (1918)/II/Як яны жаніліся
← Міхалка | Як яны жаніліся Камэдыя Аўтар: Аляксандр Валодскі 1918 год Пераклад: Вацлаў Ластоўскі |
Па рэвізіі → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Як яны жаніліся (Валодскі/Ластоўскі). |
ЯК ЯНЫ ЖАНІЛІСЯ.
(ЖАРТ).
Вольны пераклад ВЛАСТА.
АСОБЫ:
ЗАБЛОЦКІ — удавец, 55 гадоу, загадчык хору, жвавінькі, лысы.
ГАННА — яго дачка, маладая дзяучына. Пяе у хоры у бацькі.
ЗАЙЦЭВІЧ, кандуктар.
ЖЛОБА, панок, гадоу 35, ходзіць у шляхоцкай шапцы.
УЛАСЕНКО — друкар.
АЛУВЕЦ — штабны пісар.
Сцэна прэдстауляе садок Заблоцкаго. На права, з-за дрэу, відаць вугал хаты Заблоцкаго, ганак. На дзьверах хаты візытовая картачка і званок. З заду паркан і фортка. Сьцежка. Здалеку відаць горад: цэрквы, дзе-ні-дзе будоуля, бляхай крытая. Дзень ясны.
ЗЬЯВА I-ая.
Зайцэвіч (адзін).
(Спачатку німа нікога. За сцэнай недзе здалеку іграюць „Разлуку“).
Зайцэвіч (с кветкамі у руках бяжыць да дзьвярэй. Пазваніу раз, другі). Гм, гм! Німа. (Ідзе да вакна). Панна Ганна! Панна Ганна! Анелачку мой!.. Німа! Гы… Гм!..
ЗЬЯВА II-ая.
Зайцэвіч і Алувец.
Алувец (с цукеркамі у руках, пазваніу раз, другі). Дзіуна!.. (Глядзіць у дзюрку ад ключа, клічэ). Панна Ганна! Панна Ганна! Золатко мае! (Убачыу Зайцэвіча). О-о! І вашэ тут ужо?!
Зайцэвіч. І я тут ужо.
Алувец. Чаго-ж вы сюды прыперлі ды ішчэ і с кветкамі?
Зайцэвіч. А вас чаго прыперло сюды ды ішчэ і с цукеркамі?
Алувец. Я люблю салодкае!
Зайцэвіч. А я люблю пахучае!.. Слухайце вашэ, як вас?!. Чаго вы мосьціцеся, чаго падлізываецеся? Я ведаю, я ужо даведауся, што гэта вашэ да грашай, да пяці тысячау молішся!
Алувец. А вы? Чыя-б казала, а чыя-б маучала!
Зайцэвіч. Ні крыюся, усім кажу: люблю я Ганну і за душу яе шчырую, і за стан гібкі, і за…
Алувец. І за грошы…
Зайцэвіч. І за грошы! Ні перапыняйце мяне! За галасок яе звонкі. Пабачым ішчэ, хто возьме!
Алувец. Ну, ведама, пабачым. Курчатак у восені лічуць.
Зайцэвіч. Я ні маю саусім ахвоты гаварыць з вамі.
Алувец. І я з вамі ні маю ніякай ахвоты гаварыць.
Зайцэвіч. Як сабе хочэце!
ЗЬЯВА III-ая.
Тыя-ж і Жлоба.
Жлоба (нешта прыпевае здалеку).
Зайцэвіч. Во, ішчэ адзін галыш прэцца і так сама да грошэй панны Ганны.
Жлоба (пазваніў). Гм! Німа! А-а! Сябры! Пазьбегаліся так рана, што яшчэ і багатай маладой дома німа, — аж двое за раз. Адзін с кветкамі, бо ні спадзеваецца на свае сілы, а другі хочэ абласаваць салодзенькім. А я, як бачыце, без нічога. Вусы, шляхоцкая кроу, езда па заграніцах, французская ды італьянская мова — вось у чым мая перавага над вамі. Я пэвян, што усе вы ні пойдзеце о рэтур, пассэ, алле.
Зайцевіч. Э, пужайце сабе па здароуе, лайцеся сабе, колькі улезе, а такі… такі свайго дабьюся…
Алувец. Ды і я ні дурань!
Жлоба. Пабачым, хто будзе жаніхом, хто да венца пойдзе. Ага!
ЗЬЯВА IV-ая.
Тыя-ж і уваходзіць Уласенко.
Зайцэвіч. Во, і чацьверты нумар!
Алувец. Пан друкаршчык.
Жлоба. Ніякога чыну, адна, можна сказаць, акурачка чужая.
Зайцэвіч. Безбілетны пасажыр.
Жлоба. Памыуся-б лепей, а то увесь мурзаты.
Алувец. І ен, зауважце, туды-ж лезе, і ен заглядаецца. Ха-ха-ха!!
Зайцэвіч. Да грошы мосьціцца.
Уласенко. Каму што, а курыцы ячмень! Чаго вы прычапіліся да мяне? І гаварыць з вамі ні варта.
Жлоба. Ды мы ведаем, мусье друкарня, што з намі німа што час траціць… Ен, яго благародзе, да панны Ганны… Ха-ха-ха!
Уласенко. Ні лезьце асой у вочы. (Пайшоу).
Жлоба. О рэвуар!
Алувец (у сьлед). Дыліжанс! (Усе трое ходзяць, прыпеваючы сабе пад нос).
Зайцэвіч. Хіба пабегчы на сустрэчу?.. (Пабег).
Алувец. Уцекаю і я!.. Бывайце здаровы! (Пайшоу).
Жлоба. Ах, вы цукернікі!.. Пабеглі… Набрэшуць там маей маладой, што я голы, як ліпка, і тады бывай здарова жонка с пяцью тысячамі! На уздагон, на уздагон! (Пайшоу).
ЗЬЯВА V-ая.
Заблоцкі, Ганна с ключамі, афішай — ідуць с садку.
Заблоцкі (яшчэ за сцэнай). Вось які сорам! Сьмех на сьвет увесь!
Ганна. Татачка дарагі, ні прыпамінайце, хай яго там!.. Супакойцеся.
Заблоцкі. Калі супакоіцца ні магу ніяк! Колькі жыву на сьвеці, з роду ні чуу, каб гэтак можна было зьневажыць загадчыка хору. Бас… той самы, валовы… як яго… Жлукта, каб цябе курыца брыкнула!.. Папсавау канцэрт увесь… Адчыні хату! Дачка, памятаеш, як добра пеялі?.. Якое было пьянісімо — як-бы муха праляцела і то чуваць было-б, а якое фортэ было! Гэтак хораша пеялі і… на табе!.. Прынясі мне вады.
Ганна. Супакойцеся, татачка, забудзь, ні вернецца (Ідзе і хутка вертаецца з вадой, нотамі і скрыпкай).
Заблоцкі. Як-жэ забыцца аб гэтым? Ніколі ні забудуся! Дачушка, што-ж мне рабіць з гэтым?
Ганна. Забыцца.
Заблоцкі. Забыцца! Забыцца, як той бык зьнівечыу канцэрт мне! Забыцца, як той бык заместа: «А хто там ідзе» пацягнуў на увесь голас: «Ці ні дудка мая». Забыцца! Ні магу-ж я забыцца! Помнім, як хораша пеялі, як актаву Барыла гракатау гучна, як ты зацягнула соло, як твой галасок лунау, як салавейкава песьня! (Пье ваду). Даю тон на «А хто там ідзе»… пачынаем. А гэты вол, Жлутка, як той Піліп с канапель: «Ці ні дудка мая»… Ой, дай яго сюды, я яму гарлянку разьдзяру на двое, як Самсон калісь…
Ганна. Ды ні прыпамінайце. Што з возу упало, то і прапало — ні вернецца. Прагані яго, тата, дый годзі!..
Заблоцкі. І гэты Жлукта наважыуся… зяпнуць на усе горло: «Ці ні дудка мая». Ажно камэртон вываліуся з рук… Добра, што уцек, а то я-бы яму нос адгрыз.
Ганна. Ды годзі, тата! Дайце лепей я прасьпеваю перад вамі, бо сягоння нядзеля, і я буду сьпеваць у чайнай. Вось і скрыпка і ноты.
Заблоцкі. А тут яшчэ, як наумысьля, твае кавалеры былі у салі, як стары Заблоцкі сароміуся перад імі. Зачыні фортку. Гэта, пэуна, капэлля тваіх кавалерау была тут… «А хто там ідзе?..», «Ці ні дудка мая»…
Ганна (зачыніла фортку). Ну, пачнем. Прачытайце вось, якая я знаменітасьць.
Заблоцкі (чытае афішу). «Як паехаў сын Даніла» — запяе Г. Заблоцкая. «Ой, пайду я лугам, лугам» — запяе Г. Заблоцкая… Пачатак роуна а восьмай гадзіне. Друкаваць пазваляецца… Гаядзі-ж, дачка, ні асаром мяне!.. Ну, пачнем. Пакланіся… так, так! Ноты у рукі!.. Так, так!.. Кветачку белую прышпілі!.. Ну, пачнем. «Як паехау сын Даніла»… (Ганна сьпевае. Заблоцкі часам падыгрывае на скрыпцы ды падсьпевывае. Скончылі).
Заблоцкі. Калі спадабаецца, другі раз прасьпеваеш на біс… А, прауда, добрая рэч?
Ганна. Добрая!
Заблоцкі. І ні цяжкая, а як доуга гаруем!..
Ганна. Галава баліць.
Заблоцкі. Што, ты хвора? Ні бойся, кажы…
Ганна. Ад думак галава баліць.
Заблоцкі. Ад якіх думак?
Ганна. Якіх?.. ды так!..
Заблоцкі. Ні крыйся, кажы!
Ганна. Вы, тата, бачыце, што да мяне тут залецаюцца, жаніцца, хочуць…
Заблоцкі. Бачу, мая ты кветачка! А і запрауды ад гэтаго можна захварэць.
Ганна. І друкаршчык, і кандуктар, і гарадзкі паніч, і маскаль…
Заблоцкі. Усякаго стану…
Ганна. У мяне галава баліць ад думак. І ні ведаю, чаму гэта зразу наляцело жаніхоу аж столькі?
Заблоцкі. Як мухі на мед!
Ганна. На красу, дык ні так я ужо і хароша.
Заблоцкі. Другая прынада есьць — пяць тысяч пасагу. Ведаеш: на голы кручок рыбкі ні зловіш, і без пасагу нічым жаніха ні прынадзіш. Палажыу я грошы на твае імя у банк ды неяк ні нарокам пахваліуся, вось цяпер даведаліся, і жаніхоу, як сабак, поуна.
Ганна. А хто вам, тата, больш падабаецца?
Заблоцкі. Ведаеш — кажуць, што свату першая чарка, або першая палка. Баюся, каб па маіх старых плечах ні папалося палкай. Нічога табе ні скажу. Сама прыгледайся, у душу загледай… А Жлукта, бугай гэты, каб яго багавіца, заместа «А хто там ідзе?» — «Ці ні дудка мая». Га! Бяры ноты, сьпевай «Ой, пайду я лугам». (Ганна сьпевае, Заблоцкі іграе).
ЗЬЯВА VI-ая.
(Калі Ганна сьпевае, зьяуляюцца: Зайцэвіч, Жлоба, Алувец, Уласенко. Слухаюць… Як толькі Ганна скончыла пеяць, усе пляскаюць у далоні — брава, брава, біс!).
Заблоцкі. А-а! Цэлая капэлля, цэлая аудыторыя контрамарачнікау! (Усе адразу падаюць Заблоцкаму рукі, той бярэ іх ўсе разам двумя рукамі. Уласенко вітаецца за руку з Ганнай).
Алувец. Шаноунаму пану рэгенту! З нядзеляю! Бег да вас… с сьвятамі…
Жлоба. А з мяне мала дух ні выперло, — усе хацеу першы прывітаць вас, талентны маэстро.
Заблоцкі. С чым? Пэуна, чулі канцэрт «А хто там ідзе»?
Алувец. Пачакайце, — спачатку палагаецца кавалеру прывітаць кветку нашу, панну Ганну.
Жлоба (да Ганны). Шчыры паклон і пашанаванне.
Зайцэвіч. Ні ем, ні сплю, а усе бачу вас адну, дарагая, любая, ясная зорачка, сэрдэнько, сэрцо, усе такое.
Заблоцкі. С чым-жа хацелі вы віншаваць мяне?
Алувец. Такі хор, такі дзіуны хор! Проста, так сказаць вам, ваенны аркестр.
Жлоба. У Італіі німа такога! Дзе-е та-ам!
Заблоцкі. Ды вы чулі, пэуня, як сьпевалі сягоння «А хто там ідзе?»
Алувец. Чулі.
Жлоба. Чулі, ні лезьце. Чулі!.. Слухалі!..
Заблоцкі. Спадабалося?
Алувец. Гармонія!
Жлоба. Проста у хмары цягне.
Алувец. Стройнасьць, вывучка, хоць-бы табе хто зьбіуся!.. А ваш галасок, (да Ганны) як той званочак!
Жлоба. Вы, паненачка, проста прымадонна, а хор ваш гэта італьянская опэра…
Заблоцкі (сьпевае). «А хто там ідзе»…
Алувец. Бацька і матка мае кланяюцца вам нізенька.
Заблоцкі. «А хто там ідзе…»
Зайцэвіч. У мяне мала што ні пасыпаліся сьлезы — так хораша было, так хораша!
Уласенко. Так прыемна было, як-бы вы, пане Зайцэвіч, везьлі цэлы вагон зайцау.
Зайцэвіч. Ні забегайце наперад, ні перапыняйце, калі гаворуць старшыя за вас.
Заблоцкі. Вы ні знаемы, пане кандуктар? Гэта наш друкар — Мікіта Уласенко.
Зайцэвіч (падае адзін палец). Асобам без чыну я падаю толькі адзін палец…
Уласенко. Маеце вам здачы паупальца.
Зайцэвіч. Груба і па-хамску!
Уласенко. Якая пашана, такая і падзяка. Як з намі, так і мы з вамі. (З-за вакна чуваць „Разлука“).
Ганна. Пойдзем усе разам, паслухаем!
Заблоцкі. Ні бауся, дачка, бо абед хутка!
Ганна. Мы скорэнька вернемся. (Алувец і Зайцевіч ухапілі Ганну пад рукі. Жлоба с пераду. Пабеглі).
Заблоцкі. Ну, а вы ні любіце слухаць музыкі?
Уласенко. Не, люблю, толькі ні люблю грамадой хадзіць.
Заблоцкі. Так, так!.. Чулі вы сягоння наш канцэрт?
Уласенко. Чуу, бадай і ні успамінаць! У нас у горадзі адна толькі і есьць уцеха — гэта ваш хор, бо тэатру беларускаго німа, а яны… Эт! Вы сееце пахучыя кветкі, а па вашай ніве топчэцца усякая паскуда і толькі псуе вашу працу. Так хораша пачалі было сьпеваць, чароуна, маліцца хацелося, забыцца аб усім на сьвеці, а тут найміт на жарты пусьціуся.
Заблоцкі (цалуе яго). Дзякую, што хоць вы адзін ды прауду кажэце… А-а!.. годзі аб гэтым думаць. (Змоук). Як-жа вы жывеце цяпер?
Уласенко. Жывем і спадзеваемся лепшаго, працуем да крывавых мазалеу, і што дня прыслухаемся да бяды людзкой. Пане Заблоцкі, будзьце ласкавы сказаць: ці магу я спадзевацца слова ад панны Ганны?
Заблоцкі. Хіба-ж я маладая, што вы пытаецеся у мяне? Пагаварыце з ей, а мая хата с краю… Схадзіце лепей да сястры маей, ніхай падаюць абедаць, бо, чуеце, ужо сунуцца жаніхі і, пэуна, усе алодны. Будзьце ласкавы!
ЗЬЯВА VII-ая.
Заблоцкі. Шчасьлівая ты, дачка! Цэлае стадо жаніхоу у цябе, усе на услугі твае… капэлля…
Зайцевіч. Капэлля, толькі безгалосая.
Уласенко. Абы ні доугарукая! (Пайшоу).
Зайцэвіч. Ідзіце сваей дарогай. Да пабачэння, пане друкаршчык! (Зайцэвіч гутарыць з Ганнай).
Алувец (да Заблоцкага). Я вас прашу на пару слоу у хату.
Жлоба. І я маю да вас інтэрас. Пойдзем у садок!
Заблоцкі. Ды ці-ж вы мяне разьдзерці на двое хочэце, ці што?
Жлоба. Пойдзем, талентны маэстро, у садок, у мяне да вас есьць сэкрэт.
Алувец. А я прашу вас у хату, у мяне так сама сэкрэт.
Заблоцкі. Памалу, памалу, бо вы мяне чыста разьдзерыце. (Пайшлі у хату). Па чародзі кажыце, чаго вы ад мяне хочэце?
Ганна. Ні падабаецца мне тое, што вы кажэце. Ні добры вы!
Зайцэвіч. Памыляецеся! Я дужа добры чалавек. Як на сьвет нарадзіуся, цэлых пяць дзен ніхто ні ведау — хлопчык я, ці дзяўчынка?.. Ну, ды ні у тым справа… Што-ж тут дзіунаго, калі мы пабяромся — вы мне аддасьце свае грошы на гасьцінніцу…
Ганна. Выходзіць, быццам вы ні мяне бярэце, а мае грошы; ні мяне за жонку сабе, а маіх пяць тысячау.
Зайцэвіч. Бажуся перад вамі усім сьвятым, ні сваім кундуктарскім сьвістком, што кахаю вас без усякаго прыдатку. Каб мне трапілася асоба з грашмі, панначка с прыдаткам, але я-б гэту асобу — панначку — ні любіу, то лепей забіу-бы самога сябе, на рэльсы кінууся-б, чым-бы меу ажаніціся з ей. Ды вы, я бачу, згаджаецеся са мной. Гасьцінніца — гэта мая старая дауная думка. Я чалавек практычны…
Ганна. Аб каханні вы мне мала кажэце, а усе аб грошах. Вось Уласенка, паніч той, Алувец…
Зайцэвіч. Цэлае стадо сьвістуноу!.. Да вяселля яны вам пяюць аб каханні, падлабуніваюцца, а пасьля возьмуцца за вас, як за безбілетнаго пасажыра, і каханне, як дым у паверты, дзе і дзенецца. Вы думаеце, што шчыра кахаюць вас, вось тыя жаніхі? Ды ніколі у сьвеце! Яны хочуць толькі заграбіць вашых пяць тысяч. Жаніх ваш, нумар чацьверты, друкар той… ха-ха-ха!!. Мяне смяшыць… Ні рожы, ні кожы, як кажуць маскалі, ха-ха-ха!
Ганна. Ні сьмейцеся. Ен чулы чалавек, працавіты, шчыры…
Зайцэвіч. Дзівуюся я, што вы мяне рауняеце, ставіце на адну дошку з асобай без чыноу, без усякаго полеру…
ЗЬЯВА VIII-ая.
Ганна, Зайцэвіч. Уваходзіць Заблоцкі.
Заблоцкі (да Зайцэвіча). А хадзіце, вашэ, на хвілячку сюды! Горо мне з гэтымі жаніхамі!.. Горш, чым з дачкамі!
Зайцэвіч. Як ні шкада мне вас пакідаць, мае сэрцо, мае золато, але-ж трэба пайсьці. (Пашоу у хату).
ЗЬЯВА IX-ая.
Ганна сама. Уваходзіць Алувец.
Алувец. Я цяпер вольны і ваш увесь. Ваша сэрцо, як вецяр, вольнае… і я!.. і я!.. і вы!.. і я хачу мець сопрыкаснавеніе з дзевіцай, каторая вольна, як той вецяр, што нясецца далека, далека…
Ганна. Што вы там начауплі такога?
Алувец. Зразумейце-ж мяне. Як вам шчыра кажу, рапартую, як… Жыць без вас ні магу: два разы вы сьніліся мне і тры разы папсавау казенныя паперы, напісаушы заместа «прошэніе» — «Ганнуся». Гэта вы нарабілі так!.. Вы можэ думаеце, што я хачу вашых грошы… Забій мяне пярун, хай я згнію на гауптвахце, як мне ні патрэбны, — ні трэба мне вашых грошай… Скажыце, прамоуце, ці магу я з вамі вясьці ланцуг Гімэнэя?
Ганна. Наказалі, намалолі паутара засеку.
Алувец. Не угодно-ль мармеладу?
Ганна. Дзякую!
Алувец. Ежце!
Ганна. Посля, па абедзе.
Алувец. Хе-хе-хе!.. Ішоу я вось цяпер да вас і бачу панначку у пачтова-тэлеграфнай — тэлеграммы прымае. Адзін сьмех бярэ.
Ганна. А я думаю паступіць на якую небудзь службу.
Алувец. О, вы — другая справа! Ха-ха-ха! Ці ні будзеце ласкавы закурыць?
Ганна. Што гэта вы?
Алувец. А вось курсісткі кураць. Ежце мармелад.
Ганна. Ні хочу!
Алувец. Ну, як-жа будзе? Няужо-ж я вам ні ясна кажу аб каханні? (Робіць позу). Прашу пакорна сдзелаць завісяшчае распаражэніе: палюбіць мяне. І цяпер маучыце? Ага! Дагадываюся. Аба мне нагаварыу вам Жлоба, што у мяне быу той раманс с шутным вынікам с Карчэушчынкай — брэшэ, як той… Я тут ні вінават.
Ганна. Ды што вы кажэце?
Алувец. Гэта ен з зайздрасьці… ен зайздросны, як які небудзь… Падлабуніваецца да вас. Гэта жулік.
ЗЬЯВА X-ая.
Ганна, Алувец, і Жлоба.
Жлоба. Хто жулік?
Алувец. Ні да вас гаворыцца.
Жлоба. То-то! Любая, дарагая панна Анна.
Алувец. А так, панна Анна.
Жлоба. Ведаем і без вас, што панна Іоанна. Ні разумею — дагэтуль маучыце. Я бывау усюды па сьвеці… Бачыу італьяначан, французачак, а вы цягнеце… Канкурэнты мае, панно Аблоцка…
Ганна. Майго бацьку завуць ні Аблоцкім, а Заблоцкім.
Жлоба. Выбачайце, — забыуся… Кандуктар… ха-ха-ха! Ад кандуктара астауся адзін сьвісток. Зайцы зьелі!.. Быу кантроль і „фюць“ — паляцеу, прагналі.
Алувец. Ні люблю, калі лаюць людзей. А вы аб гэтым дзе даведаліся?
Жлоба. А вы мне што такое? Спаведальнік? Спаведаць мяне хочэце! Я шляхціц, дваранін!..
Алувец. Ні забывайцеся, што і мой бацька ні якое там мурло, а губэрскі сэкрэтар.
Жлоба. Прашу быць асьцярожна са мной! Шчасьце вашае, што перад вамі панна Анеля…
Алувец. Ганна.
Жлоба. Ведаю… а то дау-бы вам, што і юхай умыуся-б. Другі канкурэнт вось маскаль, кіслая воуна. Фі, пісарышка! Люблю я вас шчыра; прашу, пане служывы, далей стануці; люблю я вас горача і чакаю слова, а не, то куля у лоб і памінай, як называлі!
Ганна. Стрэляйцеся, калі ахвота, бо такога жаніха мне ні патрэба…
Жлоба. Ага! Гэта усе з нагавору во гэтаго мужыка. Ды я цябе пад суд! Разстрэляю!
Алувец. Пакуль мяне разстрэляюць — куты твае прададуць. Праматауся у шчэнт.
Жлоба. Хто?
Алувец. Хтокала! Усім ужо вядома. Уся Кавалеука ведае, што усе пазакладалі, параспрадавалі. Усе дабро пойдзе с-пад малатка. Ніхто і капейкі ні верыць.
Жлоба. Паслухай ты, крупеня, — давядзі гэта!
Алувец. Давяду!
Жлоба. А ты — харошы! Уся Ганчароука ведае, што ты жывеш с Карчэушчынкай. Ага! ага!
Ганна. Што я чую?
Алувец. Брэшэш ты, як які небудзь… У мяне сьведкі есьць… Ні пазволю! Я на вочную стауку. Зьвяду усіх суседзяу!..
Жлоба. І я ні пазволю! Крупеня!
Алувец (крычыць). Абармот!
Жлоба (крычыць). Брахун!
Алувец. Сам ты брахун!
Жлоба. Фрынды-рынды з макам!
ЗЬЯВА XI-ая.
Тыя-ж і Уласенко.
Уласенко. Людзі добрыя, чаго вы так паднялі гэткі гвалт? Ні сварыцеся… Я вас паміру!
Жлоба. А ты хто такі?
Алувец (да Уласенкі). Чаго ты лезеш сюды?!
Жлоба. Пайдзі, вымыйся перш!
Алувец. І ен пхнецца!..
Жлоба. І ен закахауся. Мурза!
Алувец. Заступнік!
Уласенко (да Ганны). Ідзіце вы адгэтуль у хату, хай іх нялегкая! (Ганна пайшла).
Жлоба (да Уласенкі). Ды я табе як дам за твае прамовы! Вы мяне мала знаеце!
Алувец. Шпак!
Уласенко. Вось табе і памірыу на сваю галаву!
Алувец. Забастоушчык! Вы толькі баставаць умееце!
Жлоба. Ніданосак! Буржуй!
Уласенко. Ну, яшчэ, яшчэ штось прыдумайце! Гар-гар! гір-гір! Ну, што яшчэ?
ЗЬЯВА XII-ая.
Тыя-ж і Зайцевіч.
Зайцэвіч (уходзіць). Цішце! Цішце! Ды ці ні сорам лаецца! Памірыцеся! У чужой гасподзі ні гожэ.
Жлоба. А ты хто такі?
Зайцэвіч. Ні «ты», а «вы», хіба ні бачыце — кандуктар.
Жлоба. Быу калісь ім, а цяпер прагналі.
Зайцэвіч. А вы скуль гэта ведаеце?
Жлоба. Даведауся! І лезеце сюды, каб аблавіцца… Панна Ган… німа яе!..
Алувец. Ды і вы-ж да грашай! Знаемо вас.
Жлоба. Замаучыце, бо разстрэляю!
Зайцэвіч. Ні вельмі! Вы у мяне прыкусіце язык.
Жлоба. Ні баюся я вас!
Зайцэвіч. Вы прывыклі цягацца па судох і сядзелі у халоднай за гашэнне сыгары у гарадавога на носі. Ведаем, ведаем усе чыста.
Жлоба. А твой бацька быу ганчар!
Зайцэвіч. Прауда, ганчар, ды ні пазычау грошы у люкаеу, як вы!
Алувец (да Жлобы). Мой бацька губэрскі сэкрэтар, а твой дзядзька глухі, як пень.
Жлоба. Разстрэляю, разстрэляю!!
Зайцэвіч. Прапаласкау бацькаушчыну.
Жлоба. Дакажыце! (Да Уласенкі). Будзьце сьведкай!
Алувец. А вы маім…
Зайцэвіч. Як вас завуць?
Жлоба. Я вас усіх разстрэляю, дайце мне стрэльбу, рэвальвер дайце мне!
ЗЬЯВА XIII-ая.
Тыя-ж і Заблоцкі.
Заблоцкі (вышау крыху раней, з газэтай). Вось што завялі! Замаучыце, хай вас хрэн!!. Чаго расхадзіліся? Вось беда, вось беда! Ні радзіся багатым, а радзіся шчасьлівым. Ой, людзі добрыя!..
Усе. А што там такое?
Заблоцкі. Слухайце, чытайце. (Усе чытаюць). «Менскі банк збанкрутавау».
Усе. Ну! Ну! Ну!
Заблоцкі. Вось і ну! Чым прагнявіу я Бога? Апошнія грошы, усе дабро…
Усе. Што такое?
Заблоцкі. Прапало пяць тысяч — увесь пасаг дачкі. (Змоуклі усе, перапужаныя).
Заблоцкі. І хто мне параіу! Пракляты той дзень і гадзіна, калі паехау я… А усе нінажорлівасьць тая!.. Сем працэнтау у год.
Уласенко. Ды ні маракуйце! Вы зьбялелі… Яшчэ зьбярэце грошы.
Заблоцкі. Легка сказаць. Калі гэта іх зьбярэш? Пайду я да сястры з гэтай весткай. Хоць паплачэмо разам. (Ідзе у хату. Маучанка).
Алувец. Прапалі надзеі!
Зайцэвіч. Вось табе й гасьцінніца!
Жлоба (да Уласенкі). Добры з вас чалавек, толькі без тытулу.
Уласенко. Ці вам яшчэ ні абрыдзело лезьці асой у вочы?
ЗЬЯВА XIV-ая.
Тыя-ж і Ганна.
Ганна (выходзіць с хаты выціраючы сьлезы. Адзетая, як у дарогу). Хто са мной пойдзе, хоць памаліцца за грахі? Я такая цяпер стрывожаная, што яшчэ, чаго добраго, захварэю! Хто-ж са мной пойдзе? (Падходзіць да Алоуца, той уцекае, да Жлобы — і той уцекае; да Зайцэвіча — той уцекае).
Алувец. Ая-яй!!. Якое нішчасьце трапілося! Ая-яй!!. У мяне быу знаемы крамнік… вось як раз гэтае сама трапілося. І што-ж? Павесіуся з гора! А то, служыу я да ваеннай службы на почці, тады… Загаварыуся я тут з вамі, а у мяне смотр!.. Бывайце здаровы, ні маркоццеся, с кожным можэ стацца во гэткае ліхо!.. Я, я чую… Бывайце! У мяне смотр, дый ні па дарозі нам. (Зьнік).
Жлоба (пяе). «Не плач, дзіця, не плач напрасна»! А я вам па праудзі скажу, па шчырасьці… ніхай вас кандуктар любіць! Выбачайце, панна Га… Га… Галіна… у мяне німа часу глядзець на чужыя сьлезы! А шчасьце было гэтак блізка! О рэвуар, о рэвуар! (Зьнік).
Зайцэвіч. Я службу кінуу… Я цяпер без мейсца. Сьлезамі сэрцо абліваецца… Я плачу і сэрцом і душой… Каб-жа мне, каб-жа я мог памагчы вам… я, я ні ведаю, што зрабіу-бы! (Пайшоу).
Уласенко. Ні праганяйце, ні чурайцеся мяне! За вялікае шчасьце буду лічыць ісьці поруч з вамі у жыцці.
Ганна. Дзякую вам! (Чула). А усе тыя мізэрныя людзі у цяжкую мінуту пакінулі мяне. Ведама стала, што іх цягнуло сюды, чаго яны тут хацелі. Дзякую вам! Вы для мяне найлепшы! Пойдзем-жа у дваіх! Ніхай глядзяць, а я цешыцца буду.
Уласенко. І над маім бедным, гаротным жыццем бліснуу цеплы, весьняны, сонечны прамень. (Выйшлі).
ЗЬЯВА XV-ая.
Заблоцкі (адзін).
Заблоцкі. Ха-ха-ха! Вось падмануу, вось выдумау і разагнау капэллю жаніхоу! Гэй, дачка! друкарня! друкарня! вярніцеся! Ідзіце сюды! Ха-ха-ха!
ЗЬЯВА XVI-ая.
Заблоцкі, Ганна, Уласенко.
Заблоцкі. Сядзіце дома ды языкі прыкусіце! Гэта я сумысьне падмануу усіх. Грошы цэлы!
Ганна. Няужо?
Заблоцкі. Другі раз лгаць ні буду. Лопнуу банк, ды толькі ні той. Слухайце! Ці любіце вы дачку маю?
Уласенко. Пытаецеся! Хіба-ж вы і так ні бачыце? Ды я усей душой, абы панна Ганна… Грошай мне ні трэба!
Заблоцкі. Дачушка! Таго?
Ганна. Ен мне падабаецца.
Заблоцкі. Ну, і цалуйцеся зараз мне, бадай усе добрае!..
Уласенко. Можна?
Заблоцкі. Ды годзі вам! Валяйце! Я вас блогаслауляю. Жывіце сабе добрэнька ды. вяселінька, дзетак мне што найбольш, ды каб галасістыя былі! На старасьць у маім хоры будуць унукі. Свае альты, дысканты, а посьля басы, тэноры ды актавы. Чаго трасіце плечамі? Усе можна! Ды цалуйцеся, і Бог з вамі! Хадзіце у хату ды хоць пасьмяемся с тых во жаніхоу, с тэй капэллі! Эх, людзі! І усе дзеля грошы! У хату, дзеткі, за мной! Песьню вяселую зацягнем з радасьці! Хай іх нялегкая, грашай тых, бо яны толькі благое робюць на сьвеці! Дзеткі, за мной. (Абняў іх, пачынае песьню „Ой, урадзі, Божэ, пшанічаньку яру на удовіно шчасьце“! Ганна і Уласенко падцягіваюць).
ЗЬЯВА XVII-ая.
Тыя-ж і Зайцэвіч, Жлоба, Алувец. (Ідуць вуліцай, абняушыся).
Зайцэвіч. Пане Заблоцкі! Бывайце здаровы! Мы жадаем вашэці назьбіраць другіх пяць тысячау.
Заблоцкі. На што зьбіраць? Грошы мае, дзякаваць Богу, цалюсенькія! Лопнуу банк, ды ні той.
Зайцэвіч (ногі у яго затрасліся). О-ей-ей!
Жлоба. Абдурылі!
Алувец. Ая-яй! (Заблоцкі, Ганна, Уласенко — сьмяюцца).
(Заслона).
КАНЕЦ.