Сіва-сіняя поўнач паўстала,
Глядзіць з-пад карчышчаў
На зоркі — на макавы цветы
Нябёснага па-загумення.
Хвоі ў белых хвастох з гарнастаю
Між снежных замчышчаў
Зацішна стаяць, як макеты.
На снезе шкляное імгненне.
Невідочны хтось даль аздабляе
Блакітам яскравым.
На кволых пушыстых абшарах
Ткуць лёгкія полагі цені.
Цішыня лёгкім кровам гуляе
Па дрэвах кудравых
І сее вакол з-пад імшары
Пшаніцы бруштынавай жмені.
Ціха туліцца рэчка да бору.
Над борам — папаха.
Кашулю сталёвую з лёду
Накінула рэчка на плечы.
Прышлі ўдзень рыбакі з касагору
Праз снежныя гмахі, Прысталі, як пчолы да мёду,
Прысталі, як воі да сечы.
І давай лёд калоць зубам-ломам,
Рубаці сякерай,
Акулай-пілой пілаваці, —
Аж пот акрапляў ім бароды.
Вада бухала ўверх з хлюпам-стогнам,
Кіпела без меры,
Пачала вакол аглядацца,
Адвыкла даўно ад народу.
Непакоілі прорубы-раны
На карку балючым.
Глыбокія раны на целе
Зрасліся да цёмнае ночы.
Вышаў воўк на лясную паляну.
Ён крокам бягучым
Да рэчкі дыбаў. І мігцелі
Самотныя воўчыя вочы.
На лёд кінуўся шэрай стралою
З абрыва імпэтна;
І жудкая доля сустрэла
Маркотнага сына гушчару;
Ценькі лёд ён прабіў пад сабою,
Папаў непрыкметна
У проруб ледзь-ледзь зледзянелы.
Ён здаўся пакорнай ахвярай.
Раз паспеў ён з вады паказацца,
„Вой-во-о-ой“ — старым звонам,
І згінуў пад лёдам навекі
Так шпарка, аж пошчакі з бору
Не здолелі яшчэ расплывацца
Па белых загонах.
І лямант, бы сведка злых здзекаў,
Самлеў у марозным прасторы.
Ты прыпомні маленькае стада
Улетку на полі.
Да сіўца ты прыпаў і тульгаўся,
Як шкоднік гарэзны.
Цвіло сонца. Былі гэтак рады
Палеткі раздоллю.
Да ахвяры злым катам прырваўся.
Авечку панёс і зарэзаў.
Ты прыпомні начлег ля сцяжарні.
Людзей сілуэты.
Сіпела вужом галавешка.
Туман быў ваўняны і шызы.
Коні путамі гулка бразджалі.
Ты нюхаў паветра.
Зірнуў на аблокаў мярэжку
І гіллем накінуўся з хмызы.
Ты прыпомні дзень летні на полі.
Дзіцё на іржышчы.
Жняя гнула спіну над жытам,
І пахла жывіцай сасонка.
Ценем краўся ты, лез, як нядоля,
У поўдзённым зацішшы.
Дзіўны спрыт быў табою ужыты —
Ты горла прагрыз парабчонку.
Ты прыпомні адно паляванне,
Стральцоў, злое неба.
Чырвонага вельмі баяўся,
Свае вочы, як брытву, загойстрыў.
У ражок на трывогу спявалі.
Бабухалі стрэльбы.
На снезе крывавыя кляксы,
Сляды ад братоў тваіх, сёстраў.
Ты тады ўцалеў недарэчы.
І вось такім самым
Астаўся. Падлез пад свінушнік. Многа знішчыў, хоць быў вельмі сыты.
Вось нарэшце… Ты схадзіў у Зарэчча
Па свежае сала…
Адмарозіў сягоння ты вушы,
Змачыў-жа сягоння вусы ты…
След зладзейскі застаўся ў нізіне
Пячаткамі здзеку.
Мудры бор гладзіў кудлы сівыя
Шурпатаю лапай-далонню:
„Агідны драпежнік загінуў,
Загінуў навекі“.
І зорак у небе завея
Рубіны губляла ў бяздонне.
Менск, 1921 г.
|