Збор твораў (Бядуля, 1937)/I/Начлежнікі пяюць. Над вогнішчам туман

*** На раніцу з неба пакралі ўсе зоркі *** Начлежнікі пяюць. Над вогнішчам туман
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Успаміны
Іншыя публікацыі гэтага твора: Начлежнікі пяюць. Над вогнішчам туман…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Начлежнікі пяюць. Над вогнішчам туман.
А спеў — вясёлы сум. А галасы — рачулкі.
Плывуць адтуль з кустоў, з асрэбраных палян
Частушкі — як званкі, частушкі — як бразгулкі.

Начлежнікі пяюць. У словах глуш лясоў,
І дзікай птушкі крык на зыбістым балоце,
І чулы летні шэпт расістых каласоў,
І човен рыбака, і клёны ў пазалоце.

Начлежнікі пяюць. Лунаюць уначы
Да зорак галасы жамчужна-гучнай веяй.
Спявайце галасней! Ты, песня, не маўчы!
Мо‘ выскачыць з вачэй, бы з крэмня, іскраў веер.

Начлежнікі пяюць. Кіруйце спеў туды,
Дзе ў сэрцы, у грудзях так горача і цесна.
Вы знойдзеце шмат слоў агнёвых — і тады…
У полымя-пажар разгневаецца песня.

Пасадзец, 1910 г.