Збор твораў (Бядуля, 1937)/II/Апранута ў лісцях мядзяных

*** Ад плачу птушкі невядомай *** Апранута ў лісцях мядзяных
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
*** Між бору, між балот, сярод лугоў, далінаў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Апранута ў лісьцях мядзяных…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Апранута ў лісцях мядзяных,
Гучыць і шуміць на палянах,
Бушуе і бухае бура.
Прытуліцца шчыльна да дрэва,
Засвісне разгойданым гневам,
Аж бровы ад гневу зажмурыць.

Пад шызым плашчом-балахонам
З натугі закрэхча, застогне.
Ваюе з застоенай сілай.
З пагрозным і страшным імкненнем
Карчы вырывае з карэннем,
Бы казачны смелы асілак.

І пройдзе па рэчцы сталёвай,
Каб знішчыць старыя заховы
Ля дзікага гразкага броду.
Замеліць пясок, запытлюе,
Заглушыць выццё-алялюя:
Малітвы далёкага роду.

А хмары — сінь-чорныя хмары —
Як дымныя ў небе пажары,
Задумалі грозную думу;
Пад небам вісяць, як абрус той,
Іх многа над полем, іх густа,
Аж прыкра ад іхняга тлуму.

Маланка пляце агнявіцы:
Па небу значкі-бліскавіцы
Пайшлі мігацець, сляпіць вочы;
А гэтыя бліскі без меры,
Як пісаны верш на паперы,
Чытае пярун і рагоча.

Любуецца рытмам і складам,
Любуецца музыкай, ладам,
„Трах-трах“, раз і два — проста люба!
Ляскочыць, малоціць цапамі,
Агнёвымі сыпле снапамі,
Прыносіць камусьці загубу.

А хмары цямнеюцца болей
Над дзікім балотам, над полем,
Бы ноч над гушчарам імглістым.
І плача і жаліцца неба:
Лупцуе слязамі па глебе,
Лупцуе патопам дажджыстым.

І змеіцца рэчка жывая,
Паводка лугі залівае
У новай вясёлай гамонцы.
І мые, змывае абшары,
Балоты, загоны, выгары
Пад яркім, пад радасным сонцам.

Менск, 1921 г.