Збор твораў (Бядуля, 1937)/II/Ад плачу птушкі невядомай

*** Зіхаціць, зіхаціць срэбны тур *** Ад плачу птушкі невядомай
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
*** Апранута ў лісцях мядзяных
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ад плачу птушкі невядомай…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ад плачу птушкі невядомай
Я прачнуўся раніцой…
Гушчар дрымаў на мшалай горцы
Пад туманістай імглой.

Вятрак пісаў крылом па небе
Сонцаграйны сказ вясны;
Сляпілі неба руні хмарак,
Нібы спозненыя сны.

Спяваў асвір над старай студняй
Роем з‘юшаных пчалін,
Бярозка шастала ў аконца
Сотняй пальцаў рук-галін.

Жабрачкай дрэва выстаўляла
Чорны сук на стары плот.
Здаецца, во скранецца з месца
На жабрачы свой абход.

А птушка плача, на абшары
Кліча сонечны прамень.
Стаіць цяплынь і пахне мёдам
Новы, ціхі, вешні дзень.

1922 г.