Збор твораў (Бядуля, 1937)/II/Восень

Дзень добры Восень
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Зімовая раніца
Іншыя публікацыі гэтага твора: Восень (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОСЕНЬ

I

Пад асенняй віхурай над хатаю
Ноч мільгае вялізнаю рыбай,
Адарванай галінаю кратае
Цёмнасінюю мокрую шыбу.

Па траве дождж шапоча і шастае,
Пад страхою шукае прыпынку;
Гнецца-корчыцца дрэва кудластае —
Не дае злы віхор адпачынку.

Гой-гой… — гойкаюць грозна і весела
Па страсе ашалелыя ветры:
З адзічэлага бору занесены,
З-пад хаванкаў балоцістых нетраў.

Ім забаўна між хат запалоханых,
Ім па комінах граць вельмі цесна:
Паміж хвояў, дажджамі заплёханых,
Прывальней, прастарней і пачэсней.

На балоце рудаўка багністая
Рассыпаецца ў плачу і квоху:
— Гэй, брыдзіце ка мне, ветры мглістыя,
Па сцяжынках пуховага моху!

— Гэй, брыдзіце ка мне! Гнёзды людныя
Не шануюць, не любяць віхораў.
Там маўклівыя людзі і нудныя
Без жыцця, без размаху-прастору!

II

Топ-топ-топ! Капытам бразь
Конь мой па каменнях.
Плюх-плюх-плюх… Вада і гразь,
Цвёрдае карэнне.

Ноч. Віхура рып і рып.
Скрыгат па дарогах.
Дрэвы ў лесе скрып і скрып.
Цемра па разлогах.

Трах-трах-трах!.. Зламаўся дуб.
Пошчак страляніны.
У рудаўку — у жуду
Зараз конь мой рыне…

Конь храпе, на корч палез,
Чуе воўчы пах ён.
Ноч насунула на лес
Чорную папаху.

Шу-шу-шу!.. Шапоча гай,
Строгі ён і хмуры.
Смела, конь мой, цьму глытай,
Мчыся разам з бурай!

Пасадзец, 1911 г.