Збор твораў (Бядуля, 1937)/II/Зімовая раніца

Восень Зімовая раніца
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
*** Вецер доіць малако са стрэх
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зімовая раніца.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗІМОВАЯ РАНІЦА

На галаву дзеда-хвойніка
З неба віно палілося —
З яркачырвонай ракі.
Выплыла сонейка.
Нізка над вёскай
Млелі дымкі.

Пушча сівая дзівілася.
Сон свой тлумачыла рані,
Сон без страхоцця, без хмар.
Шыр залацілася,
Ззянне і гранне.
Светлы абшар…

Свежая, новая раніца…
Вострыя стрэлы-праменні…
Шызы над вёскаю дым…
Эх, (ці так станецца),
Знішчы ўсе цені,
Дзень малады!

Далі, бы вокны празрыстыя,
Сонейка шыбы прыгрэла,
Водыр сняжысты з палёў.
Дахі іскрыстыя
Слухалі смелы
Хор вераб‘ёў.

Зычна званіла, крынічыла
Блізка крынічка за горкай;
Не змаразіў злы мароз,
Хоць невялічкая,
Нібы то вока —
Рогат да слёз…

Эх, каб і сэрцы, каб нашыя
Так не баяліся гора,
Грозных жыцця непагод, —
Шмат назапасілі-б
Сіл у прасторы
З году ды ў год!..

Пасадзец, 1910 г.