Па сцежцы праменняў у ззянні агнёвым
Спусцілася месяца доч на зямлю,
Дубок на паляне знайшла на шаўковай,
Прыпала, казала: „Браточак, люблю!“
І доўга лісцінкі яго цалавала,
І доўга галінкі яго мілавала,
І грэла ад холаду роснай зямлі
Густою касой і грудзьмі.
На рэчку дзівіўся жар-месяц чырвоны.
У пушчы шукаў ён лятуху-дачку:
Мо‘ дзесьці завабіў узгорак зялёны,
Мо‘ недзе збірае грыбкоў у ляску.
І дзетак маленькіх — ружовенькіх зорак —
Паслаў ён на ціхі ля рэчкі узгорак.
Гукалі-шукалі — нідзе не знайшлі,
Вярнуліся, з чым і пайшлі…
Да раніцы месяца доч загуляла,
Звінелі і песні і казкі яе.
Агніца-зарніца даўно запалала…
„Пусці… палячу, бо татуля прыб‘е…“
І просіць дубок: „Пачакай, залатая…“
Лісцінкі у коскі яе уплятае. Дубок не пускае. „Пусці, дарагі…
Жар-месяц глядзіць на лугі…“
„Вунь бачыш, ад злосці бляднее жар-месяц,
Пусці, мой хлапчынка, дахаты пара,
Бо хмаркі угледзяць, бо зоркі прыкмецяць…
Пажарыць над гаем сястрыца-зара.
Вунь крыляцца качкі над росным чаротам,
Вунь птушкі звіняць над туманным балотам,
Пусці-жа, дубок, узляцець угару,
Бо тут у цябе я памру…“
Дубок не пускае, цясней прыгартае,
Галінкамі моцна красуню абняў.
Доч месяца млее, доч месяца тае,
Доч месяца ціха сканала да дня…
Блішчаць на дубовых лістках не расінкі,
А буйныя, светлыя кропкі-слязінкі.
То плача ад жалю, ад гора-бяды
Зялёны дубок малады…
Вільня, 1914 г.
|