Збор твораў (Бядуля, 1937)/II/Палумесяц арэ залатыя барозны

Ля срэбнай затокі *** Палумесяц арэ залатыя барозны
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Доч месяца
Іншыя публікацыі гэтага твора: Палумесяц арэ залатыя барозны…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Палумесяц арэ залатыя барозны.
Над рачулкаю вольха ківае пагрозна.
Млее хвоя, дрыжыць ува сне.
Ой, чаму я згубіў супакой свой раптоўна?
Ой, чаму гэтак вочы гараць непрытомна?
Ой, чаму стала сумна так мне?
І баліць, вакол шыі вяроўка пляцецца.
Нешта кажа мне сэрца.

Над лагчынай туман шэра-дымнай кудзеляй.
Сіне-росную гафту даліны адзелі.
Будзіць далі трывожны трызвон.
Гулам-гудам злосць-гнеў ён разносіць па краі.
Ой, чаму мне здаецца, што нехта канае?
Ой, чаму чую стрыманы стогн?
Ці да шчасця зачынены дзверы і дзверцы?
Нешта кажа мне сэрца.

Птушкай лезе ўспамін з абяздоленай вёскі.
Там замёрлі жыцця галасы, адгалоскі.
Людзі сталі маўклівы, як пні.
Пазадушана ўсё пад цяжарам магілы.
Чорным крыллем бяда нават сонца займгліла.
І прапалі, патухлі агні.
Цішыня. Анямеласць галечы і смерці.
Нешта кажа мне сэрца.

Вільня, 1913 г.