Збор твораў (Бядуля, 1937)/II/Зімнік

*** Між бору, між балот, сярод лугоў, далінаў Зімнік
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Паводка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зімнік.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗІМНІК

(пейзаж)

Па зімніку проста
Ідзеш да ракі.
Сівеюць усюды
Карчы і сукі.

Завалены снегам
Абшары балот.
На белых разлогах
Лаза, нібы дрот.

Альшэўнік без лісцяў
Задумны такі;
Галіны, як жылы,
Плятуцца ў кручкі.

Блішчыць палітура
Па гладзі зямлі.
І гурбы-мядзведзі
Шыр-даль абляглі.

Замёрзла зыбуха,
Застыгла дрыгва.
Прытоптаны к нізу
Чарот і трава.

Сярод азярынаў
На коўдрах снягоў
Праложаны трэлі
Да белых стагоў.

І трэлі плятуцца
Туды і сюды,
І хочуць схавацца
Ад белай жуды.

Няма дзе схавацца,
Мароз аж пячэ.
Ён голаў аб хвоі,
Бы камень, таўчэ.

І снег на галінах,
Як сала, як сыр.
Ідзе ў пуць дарогу
Асілак-пастыр.

Ідзе ён, ідзе ён —
На месцы стаіць,
Лес, стоячы, дрэмле,
І дрэмлюць стагі.

А ціш… Сваё сэрца
Ты чуеш у ёй.
А птушак нідзе тут
Над снежнай зямлёй.

Пад лёдам празрыстым
У зычнай труне
Ляжаць таямніцы
У рэчцы на дне.

А рэчка пад лёдам
Свая — не свая.
Чужыя ёй хвоі,
Чужая зямля.

Плынь рэчкі не кіне
Імпэтна цябе, —
Ідзі, як па мосце,
Па гладзі яе.

Направа, налева
Таўчэцца крышталь.
Нябёсы з зямлёю
Сшывае шыр-даль.

Туманяцца далі,
Іскравіцца дол,
І круціць і верціць
Віхура вакол.

У шэрай спадніцы
Імглы ільдзяной
Галосіць, скаголіць
Галоднай ганнёй.

На хвоях высокіх
Кудзелю прадзе,
А хтосьці мяцёлкай
Паляны мяце.

І пыліць і трусіць,
І сее муку,
Качаецца, стогне,
Ляжыць на баку.

На сумных пустэчах
Пякуць пірагі, —
Вялізныя булкі —
У горы-стагі.

І кашляе пушча,
Ад сцюжы хрыпіць,
І дрэва па дрэве
Іграе, скрыпіць.

І звон нейкі звоніць,
Гудзіць нейкі гул;
На снежным прытуле
Брыдзе непрытул.

Штось мелецца ў лесе,
Між жорнаў на мак;
Малоціцца нешта,
Дрыгочыць таптак.

А бліскі сняжынак
Варожаць абшар,
Бы кветкі, шчакочуць
І вочы і твар.

1922 г.