Збор твораў (Бядуля, 1937)/II/Паводка

Зімнік Паводка
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
На прадвесні
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паводка (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАВОДКА

Над нябеснымі загонамі
Нехта буйна забуяніўся —
Барадаты, залаты.
А паводка гучна-звонная
Пеніць рэчкі бурна-грайныя,
Ліжа бурыя кусты.

Ззяе-грае сіва-сіняя,
Поле, пушчу вабіць вабамі,
Сыпле пэрлам жмут у жмут;
Пад аскобленай асінаю
Карагодзіць хмельнай бабаю,
Люстрам бразне ў кожны кут.

Вербы нізка нахіляюцца.
На галінах соскі кволыя
Сонца смаглае сасе.
Крыга кручай разбіваецца,
Льецца ў полі песня вольная
На вясновай паласе.

Красавік смяецца сонейку
Пад жаўронкамі — пад граннямі
Лёгкакрылых балаўніц.
А паводка йдзе к сасонніку,
Аздаблена вырнай раніцай,
Гафтай зорных зараніц.

Хай ачысціцца зямеліца
Для сяўбы і для рунявасці,
Хай сплыве вада з гары.
Хто адважыцца-асмеліцца
Затрымаць паводкі жвавасці —
Той апыніцца ў віры.

Менск, 1923 г.