Збор твораў (Бядуля, 1937)/II/Зіхаціць, зіхаціць срэбны тур

Сняжынкі *** Зіхаціць, зіхаціць срэбны тур
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
*** Ад плачу птушкі невядомай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зіхаціць, зіхаціць срэбны тур…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




∗   ∗

Зіхаціць, зіхаціць срэбны тур.
Гэта месяц цвіце на хваіне.
Ён укінуў у рэчку каптур.
Сее жэмчуг па роснай даліне.

Сіні цень, сіні цень ледзь паўзе
Пад цымбалы галін, пад трымценне.
А бяроза на белай назе,
Нібы ўскочыла раптам з пасцелі.

Плыве спеў, плыве спеў з далячынь
Праз шацёры пахучых прысадаў.
Ён палоніць святлом уначы,
Ён палоніць нязнаным загадам.

Як віно, як віно хмеліць ён,
Кліча ў светлы жаўронкавы ранак.
У ім — былі старой ціхі стогн,
У ім — радасці новых вяснянак.

І на кліч, і на кліч я іду.
Спеў расце — усё бліжай і бліжай.
Агняцвет, самацвет шчырых дум
Я на нітку мелодыі ніжу.

Менск, 1921 г.