*** Кажа вецер-віхор: хвойкі, елі, зламаю Снег
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Сняжынкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сьнег (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Снег

Снег…
Падае,
Падае,
Падае.
Ткуць абрусы па зямлі
Рупна ткачыхі сівыя.
Лёгкай вясёлай грамадаю
Лыжнікі лес аплялі,
Мчацца удаль, як завея.

Снег…
Сеецца,
Сеецца,
Сеецца
На расцяробы, лугі
Праз невядомыя сіты.
Пожні, паляны, аселіцы,
Дрэвы, кусты і стагі
Раптам убраліся ў світы.

Снег…
Сцелецца,
Сцелецца,
Сцелецца
Па далячынях пасцель

На незлічоныя мілі.
Лыжнікі ловяць мяцеліцу,
Бег так імпэтна расце,
Быццам прычэплены крыллі.

Снег…
Кружыцца,
Кружыцца,
Кружыцца.
Свежасцю пахне абшар,
Свеціць пасрэбраны ельнік.
Скінулі лыжы і дужацца.
Вочы гараць, як пажар.
Кожны па вопратцы-мельнік.

Снег…
Носяцца,
Носяцца,
Носяцца
Лыжнікі ў мармурны дзень
Па мармуровым прастору.
Сціхла мяцеліца злосніца.
— Хлопцы! разгон, як нідзе!
Хлопцы! Раз-два з касагору!

Пасадзец, 1921 г.