Збор твораў (Бядуля, 1937)/III/Браты

*** І будзе на палях трывожная работа Браты
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Арліхі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Браты (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БРАТЫ

Два браты пайшлі ўначы
Цікаваць, дзе вораг.
Сцерагліся, ціха шлі,
Каб не чуўся шолах.

Два браты далей далей
Сыпалі паволі.
Шалясцелі дзераўцы,
Цёмна было ў полі.

Два браты пачулі шэпт:
„Вораг нейкім чынам…“
І прыпалі да зямлі,
І прыпалі шчыльна.

Два браты сустрэлі тут
Ворага разведку.
І са стрэльбаў раз і два
Выпалілі метка.

Два браты стралялі так
На чужым загоне,
Аднаму пачуўся стогн:
„Гэта брат мой стогне…“

Два браты — давай назад.
Гора, а не надта:
Брат паранены ляжыць
На плячах у брата.

Брату ў поцемках лягчэй
Вырвацца з бядоты.
На плячах цяжар жывы
Дадае ахвоты.

Брата брат нясе далей;
Млеюць ногі, рукі.
Трэба роднага свайго
Ратаваць ад мукі.

Брат пацее і нясе.
Кроў ільецца з потам.
Трэба брата данясці
Палягчэе потым.

Брату цяжка. Зараз вось
Будзе адпачынак.
Да акопаў да сваіх
Прывалок хлапчыну.

Павіднела навакол.
„Што гэта за дзіва?“ —
Родны брат астаўся там,
А на ім — праціўнік…

Вільня, 1914 г.