Збор твораў (Бядуля, 1937)/III/І будзе на палях трывожная работа

Вайна *** І будзе на палях трывожная работа
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Браты
Іншыя публікацыі гэтага твора: І будзе на палях трывожная работа…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І будзе на палях трывожная работа.
І будзе працы шмат на гонях, на шнурах.
І не паможа тут гультайства, неахвота,
І не паможа страх.

Спякота або дождж, пагода — непагода, —
Ты вырваны карэнь з радзімай стараны.
Ты вырваны з гнязда — не трэба тваёй згоды —
Пагналі бізуны.

Давай зямлю араць гранатамі тым часам,
А тысячамі куль пасля баранаваць,
Гнаіць крывёй людской і дымным цёплым мясам,
Штыхамі растрасаць.

І пойдзе так сяўба — жалеза і патроны,
І буйны колас-смерць пад сонцам зашуміць.
Пагібель будуць жаць — і пошасці і стогны,
Пакуту малаціць.

І дзень і ноч працуй — о, дзе спачын пасцелі?
З вачэй тваіх зірне шаленства каламуць.
Кашуля пагніе на адзічалым целе,
І чэрві загрызуць.

Зайграе на гумне агнёвае вяселле,
Замест вясновых руж захмеліць пах гнілля.
Над яблыняй вясной гарматная капела
Заменіць салаўя.

У яме будзеш жыць на многа міль ад хаткі,
І нават твой пясок разбурыць лётагуб.
А голад, як той воўк, у грудзі роднай маткі
Запусціць востры зуб.

Вільня, 1914 г.