Смерць…
Бура…
Трывога…
Не йдзі…
Ой, не йдзі ты,
Асілак-юнача!
Бо перад табою
Страшная дарога,
Пагінеш…
Пагінеш…
Няйначай…
Пад небам імчацца чырвоныя коні,
Пярун з навальніцай
Рагочуць на гонях.
І страх,
І дрыготы
Абшар абвілі,
Віхорыцца ўсё на зямлі…
І кроў…
І руіны…
Ой, горкая будзе, дзяцюк, твая доля! —
Смерць зрэжа касою,
Бы кветку-расліну,
Груган знясе косці па полі…
................ Пайду я!
Злавацца!
Хмялець!
Загарэцца!
Усім светам магу кіраваць я, здаецца!
Як пушчаны некім,
Імпэтнай стралой
Памчуся ўгару!
Над зямлёй!
Мне полымя!
Крыллі!
Я —
Сокалам вольным у тыя абшары,
Дзе громы ў высотах пуціну прарылі!
Сусветнасць
Я кіну ў пажары…
Хай граюць,
Буяюць
Віхровыя хвалі!
Хай плачуць,
Хай скачуць —
Ім вольніцу далі.
А мора мяцежнае —
Маткаю мне.
А бура —
Ў грудзях у мяне.
Я — гнеўны паўстанец!
Я — вольны мяцежнік!
Я — славай кірую!
Я — сонечны воін!
Я — Гром-зоратканец!
Я — з цемрай вячыстай ваюю!
Я — волю з жалезных клыкоў вырываю!
Я — гнеў гарапашных!
Я — злосць агнявая!
Я — помста
За здзекі,
За кроў, За шмат слёз!
Мне — крок
Ад зямлі да нябёс!
...........
Паймчаўся
Далёка…
Прапаў…
І не вернецца смелы
Ніколі…
Яго не ўбача ўжо матчына вока…
І грудзі парвуцца ад болю.
Яму за адвагу
Пахвалы не трэба.
Яму шлях бунтарскі —
Зарніца у небе.
Ён —
Шчасце,
Ён —
Mapa
Адважных людзей.
Ён — песня
Старых і дзяцей.
Вільня, 1914 г.
|