Збор твораў (Бядуля, 1937)/IV/Беларусь

Крылатыя машыны Беларусь
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
На высокай гары
Іншыя публікацыі гэтага твора: Беларусь (Бядуля, паэма).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЛАРУСЬ

I

Цябе вякі, як мумію, спавілі
Папоўскай цьмой і панскім бізуном.
Ляжала ты стагоддзямі ў магіле.
Не знала дня, святла тваё акно.

А над табой жрацы, бы ў ночы совы,
Спявалі кант і жудасна гулі.
Выццё званіц глушыла шум дубровы,
Задушак шэпт палохаў шыр раллі.

Касцёл, царква жар-сонца затулялі,
Туманіў мозг вядзьмарскі забабон.
А здзек-груган з высотаў, знізу, з даляў
Ірваў твой спеў — „мужыцкі“, „хамскі“ стогн.

Страшным судом цябе званар палохаў,
А бізуном — агідны пан ліхі
У нядзельны час бядак крахтаў і вохаў —
Грашмі ў царкве замазваў ён грахі.

Як п‘явак жмут, смакталі кроў бажніцы,
А гандляры — як стада, плойма хмар.
Радзіны, смерць, хаўтуры ці жаніцьба —
Два макляры пры гэтым: поп, карчмар.

Застыла ты, як той вулкан, знадворку,
Малілася „за душачак дзядоў“.
Была ты ўся курганам-лысагоркай,
Музеем цьмы пазгубленых гадоў.

А пад старой пад шматвяковай світкай
Кіпела кроў бунтарская ў грудзёх,
Хоць гнулі ў крук, цягнулі жылы ў ніткі
Здзіракі тры: і пан, і цар, і бог.

Прыгоннік-раб загартаваўся ў полі;
Ўся Беларусь абросла мазалём.
А цёмны лес русаліўся аб долі,
Трывожыў сны падземны буралом.

II

Праз грукат-крык сусветнай дзікай бойні,
Праз груды цел, праз алавяны стогн,
Праз пустыры разрытых родных гоней,
Праз мора слёз, праз царскі трухлы трон,

Праз дым, пажар магнацкіх гнёзд прынадных,
Праз стогн, праз гнеў і праз бяссілля злосць
Паноў, мяшчан пры кераншчыне здраднай
Да нас прымчаў Кастрычнік — слаўны госць!

Бы Святагор, вядомы з казкі сівай,
Ён родны край ператварыў у дзіў;
Свабодны гімн запеў на рабскай ніве,
Ён прышлы час, бы казку, спарадзіў.

Як геній зор, Кастрычнік зірк у сенцы —
Пакіраваў свой бег усцяж назад,
Еўропа — стук панамі у акенца:
Ты адчыні ім браму, хоць не рад.

У першы раз — Вільгельм тут еў сняданне,
У раз другі — Пілсудскі зводзіў звод.
Буржуй быў рад: „Пануй-жа тут, мой пане“ —
І піў да дна атруты коoш народ.

Сярмяжны гнеў як бухнуў буйнай бурай —
Пачалі мсціць дзяцюк і стары дзед.
Магнат дрыжыць, трасецца яго скура:
Шмат вілаў, кос забразгалі ў багнет.

Таіў наш бор спяванне партызанаў,
Таіў кляцьбу — прысягу пры агнях.
Бор знае моц совецкіх камандзіраў,
У зброі ўсе, з адвагаю ў грудзях.

Паўстанцы край і вечарам і ўранку
Глядзеў на смерць, на груды цел, на кроў,
Зрываў з паноў арлістую „пазнанку“
І спраўдзіў сказ — паданне гусляроў.

Кастрычнік зноў наводзіць лад у хаце:
Працоўных друг і рупны гаспадар.
Пануе ўсюль асвета, творчасць, праца,
Макцветны сцяг шатром абняў абшар.

Іржу вякоў скрабе наш вой чырвоны,
Зрывае з воч халопскую луску.
Штыхом, мячом запісаны законы,
З якіх карысць усюды бедаку.

Замест каляд, Кастрычнік піша эру:
Сусветны Май — наш пролетарскі фэст,
Замест „святой“ часоў паганскіх веры —
Здабылі мы Комуны маніфест.

Імчыць імчыць ад вёскі і да вёскі,
Ён у палях, далінах, пустырах;
Грымяць усюль адгукі-адгалоскі,
Шуміць-гудзіць па местах-гарадах.

Нябесны „цуд“ ён рупна комсамоліць,
Трасе царквой, здымае „божы“ звон.
А словы — гром, а словы — гучны молат.
Юнак-прарок бязбожніцтва — то ён.

Знаходзіць цуд працоўны у навуцы,
У радыё — ўсе фокусы багоў.
Ратаі ўсе ў навукі хорам мкнуцца,
І пастухі — сыны лясоў, лугоў.

Наш край цяпер чытае рупна кнігу,
Варожаць слух казанні лектароў;
Гарбар, шавец і гарапашнік з нівы,
Жанчыны — ўсе бяруцца за пяро.

Царкву, касцёл, мячэць і сінагогу,
Дзе фальш лунаў у хмарах блуду, цьмы,
Народ бярэ назад у пана-бога —
Пад школу, клуб „нябесныя дамы!“

III

А Беларусь бязбожніцаю стала,
Цвіце, расце партыйкай маладой,
Глядзіць удаль — ў Еўропу капітала,
Трасе сярпом і молатам з гразьбой.

На ёй блішчаць і літары і кропкі
Ў агні сцягоў совецкіх устаноў.
Рабочы там і парабак з маёнтку,
Вартуюць край ад дзікіх грызуноў.

О, шчасця шмат над старай лысагоркай, —
Тут „хлоп“ былы знайшоў сябе цяпер.
Варожыць цвет пяціканцовай зоркі,
Абліт красой узор СССР.

О, колькі ў тых у літарах значэння!
За іх сыноў шмат лепшых палягло.
Тут не адно людское пакаленне
Сваіх байцоў за волю аддало.

Няхай наш сцяг спрабуе здзерці з месца
Ганебны пан, сусветны капітал:
Тады мы ўсе — чырвоныя армейцы!
Тады мы ўсе — чырвоны страшны шквал!

А Беларусь магутнай будаўніцай
Куе свой лёс, будуе новы быт.
Усюль кіпяць бурлівыя крыніцы,
Ніводны кут у краі не забыт.

Куе ў адно і гарады і сёлы,
Ў адзін саюз, у творчы, моцны чын.
Працоўны люд спявае гімн вясёлы,
І мазалю тут ёсць і супачын.

Працоўны люд у пух пратворыць глебу
Імпэтам сіл спружынавых канёў;
Акрыліць край і заваюе неба
Шматкрыльны ўзлёт сталёвых жураўлёў.

Менск, 15/V 1923 г.