Збор твораў (Бядуля, 1937)/IV/З палаючых квятаў-агнішчаў

Хто гэта ідзе? *** З палаючых квятаў-агнішчаў
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Пятая гадавіна Кастрычніка
Іншыя публікацыі гэтага твора: З палаючых квятаў-агнішчаў…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




∗   ∗

З палаючых квятаў агнішчаў,
З крывавых, грымотных ігрышчаў
З узгор‘яў-курганаў сталёвых,
З асілкаў-маякаў дубовых,
З сям‘і навальніцаў-віхораў,
З пявучых, міргаючых зораў —
Радзіўся бунтар.

І словы яго цудадзеюць —
Ад іхніх грымотаў хмялеюць.
І водгук яго — водгук мора —
Калыша даліны і горы.
І сонечнай воляй натхнёны,
Магутныя піша законы
Вялікі бунтар.

Асеннім гнілішчам — старое,
Вясновым растком — маладое.
Аджыўшае — совы, кажаны,
Густыя гнілыя туманы;
Раджонае — сокалам-птахам
Лунае над горным над гмахам
Віхораў і бур.

Рукой мазалістай, жылістай
І молатам зычным, іскрыстым
Арліныя песні куюцца,
Гартуюцца, горда пяюцца,
Гудзяць сямізвонным металам,
Буяюць зварушаным шквалам,
Іх подых — агонь.

Бухторацца моцныя грудзі.
Як мора, мяцежныя людзі,
Праменіцца вока бясконца,
Шыбае да самага сонца,
Дзе новая праўда мяцежыць,
Дзе новае неба бязбрэжыць
Над новай зямлёй.

1921 г.