Агнёвыя віхоры вам песні гучна пелі,
У музыцы гарматаў вы казачна раслі.
Вас гадавалі грозна віхровыя капелы
На збуранай зямлі.
Вы ў рытмах вольных спеваў купаліся, бы дзеці,
Глыталі вокам чырвань мяцежніцкіх сцягоў.
І вырваліся гнеўна з вулканаў ліхалеццяў,
Бы мора з берагоў.
Вы рынулі з падвалаў мазольнага бяздолля,
Вы ў полымя бароцьбаў ішлі адной сям‘ёй,
З юнацкаю адвагай работалі ў падполлі,
І кожны з вас — герой!
Як вёскі ад бандытаў і плакалі і вылі,
Як стрэхі зашыпелі у жудасным агні, —
Вы мкнуліся грамадай у пушчы векавыя
Краіну бараніць.
Рука паганца-пана капала вам магілы,
У бітвах партызанскіх загінула вас шмат.
А смерць за волю бедных загартавала сілы,
Мацнелі вы ў сто крат.
Гарматнае вяселле заціхла на абшарах,
Бандыцкія ігрышчы загінулі ў палёх.
Ваш дух юнацкі, бодры над краем запажарыў,
Вы затрубілі ў рог.
І закіпела праца на новым мірным фронце.
Куды ні глянь — усюды ваш слаўны карнавал.
Руйнуе усё старое у звольненай старонцы
Ваш бурна-гучны шквал.
Сяйбіты сонца вы. У вёсках перад вамі
Званічны гук магілы плыве, імкне ў нябыт;
Вы будучыню смела схвацілі абцугамі,
Стварылі новы быт.
Бы седзіцё начамі над строга-мудрым Марксам,
А вочы маладыя — гарачыя вуглі.
Палётам дум юнацкіх узносіліся к Марсу,
А працай — ў глыб зямлі.
Менск, 1923 г.
|