Збор твораў (Бядуля, 1937)/V/Буду піць пахучы смутак змрокаў

Вандроўка Буду піць пахучы смутак змрокаў
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Сакавік
Іншыя публікацыі гэтага твора: Буду піць пахучы смутак змрокаў…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БУДУ ПІЦЬ ПАХУЧЫ СМУТАК ЗМРОКАЎ…

Хтосьці дзень зарэзаў, бы ягнёнка, —
Шмат крыві у мора палілося,
На заход пачаў бамбук гамонку,
Задрыжэлі пальмы ў адгалоссі.

Запалалі горныя абрысы,
Запалалі — згаслі ў задуменні.
Вецер цёплы лічыць кіпарысы;
Хвалі граюць, мчацца, як алені.

Буду піць пахучы смутак змрокаў,
Покуль ноч на параход навісне.
А пасля пайду брысці далёка,
Дзе ліяны на гары спляліся.

Там авечак цэлыя атары,
Там агнішчы чабаноў абхазскіх,
Там смуткуе, весяліцца тара,
Там яна — абрываў стромкіх казка.

Там пяе пастушка маладая.
Песня-быль мацней жыцця і смерці.
Дзіўны голас ловяць блізі, далі.
Сум і радасць — дзеці яе сэрца.

Сум далёкіх, сум сівых стагоддзяў
Морскі вецер хай грызе, хай ліжа.
І буяе радасць у народзе,
Пяюць песні аб адным і тым-жа:

Як у замках здзек чынілі з люду,
Як у саклях горцы гаравалі,
Як гулялі царскія прыблуды,
Як Советы волю здабывалі.

Вабяць вочы, нібы успаміны,
Цэлы свет іграе ў іхным ззянні.
Вельмі лёгка ў чорным моры згінуць,
А лягчэй — хто ў вочы яе гляне.

Гагры, 1/III 1926 г.