Збор твораў (Бядуля, 1937)/V/Вандроўка

*** Я — кропля вялікага творчага мора Вандроўка
Паэма
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Буду піць пахучы смутак змрокаў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вандроўка (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




V
КАЎКАЗ

ВАНДРОЎКА

Чалом, чалом,
Узгоркі і даліны,
Малінавыя далі Беларусі!
Я хутка
Свой кажух вясковы скіну,
Яшчэ тры дні —
У леце апынуся.
Бывай, бывай,
Зіма з вішнёвым цветам,
Дзе рэчкі звоняць
Звонам лёду!
Імчуся удаль.
Лячу, як птушка ў лета,
Дзе сонца лье на мора
Колер мёду.
Бывай, бывай! —
І праз акно вагона
Я чую кліч,
Хваёвы кліч барыны.
Ружовы снег загафтаваў загоны —
Палаюць-ззяюць
Блескам азярынаў.
Лагодны фон
Альховых акварэляў
Пажарыць шыры
Кволым мігценнем.
Хваіны дзве
На ўзгорку заімглелі,
Ківаюць мне здалёку, як два цені.

*

Імчуся ўдаль,
Насустрач — край кабзарны.
Буяе стэп
Мазанкамі ў бязбрэжжы,
Тут жыў Тарас
Пад небам светазарным,
І спевамі
Ён парабкаў мяцежыў.
Другая быль:
Ішло змаганне класаў:
Гэй, хто — каго?
Хто выжыве — хто згіне?
Тут кожны яр
Крывёй, агнём сцілаўся —
І змый Дняпро
Няволю з Украіны.
Ты нам — сястра!
Спагадная суседка!
Мы павязаны
Поясам Дняпровым.
Зірні, глядзі —
Ты з смуглай малалеткі
Цвіцеш, расцеш
Красуняй чорнабровай.
Наш лёс адзін —
Мы чуем стогны з Віслы:
Дратуе пан
Наш луг мядова-росны.
Дзе зграя хмар
Над хатамі навісла,
Зардзеюць дні
І восеняў і вёснаў.

*

Імчуся ўдаль —
І сінь запаланіла.
Буяе стэп
Кавыльнай даляй.
Які віхор,
Якія дзівы-сілы
Зямлі абшар
Так гладка вытапталі?
Вісяць арлы
Над бураю грамадай
Пад шолахам
Дажджыстай мжыстай мгліцы,
А дзе-нідзе
Нязнаным белым стадам
Тут распаўзліся
Белыя станіцы.
Вятры гудуць —
Дагэтуль не забылі
Крывавых баляў
Дзікіх атаманаў.
Глыбокі Дон
Дзівуе срэбнай быллю
Прыбрэжны дол
Шуршавістых бур'янаў.
Над ім масты —
З жалеза гафтаваны —
Звіняць, вісяць
У лёгкім скоку.
Чаўноў і параходаў
Караваны
Пеняць сінь вады
І вабяць вока.

*

Імчуся удаль.
Пад цёмнасінім дахам
Не ноч, не дзень —
Агні, агні бясконца.
Агні мігцяць
Пад ночнаю папахай.
Данбас, Данбас
Мільгае праз аконца.
Канцэсіі даўней,
Шальмоўства і сваволля.
Кайлом цяпер
Тут гаспадарыць зручна.
І ноч блішчыць,
Як цёмнае вуголле.
І ноч блішчыць,
Як антрацыт бліскучы.

*

Мінула ноч.
Азоўскіх вод лавіны
Сабе прастор
Прарэзалі шматмільны,
Паскублі стэп
Сталёвым вострым клінам
І волава
прасторы растапілі.
На зычны грунт
Накінулася мора —
Няхай любуецца
Яго блакітным зместам!
У сінь-атхлань
Лятуць сапфіры зораў,
Падол нябёс
У зыбунах-усплесках.
А злы Норд-Ост
Ў яго цяжар трыльённы
Кідае парусы
Спалоханых аблокаў.
I шум шуміць —
То шквальны шум шалёны,
І грук гручыць
І зблізку і здалёку.
Ты што глядзіш так,
Дочка рыбалова?
Прарочыць сэрца
Міламу загубу?
У грозны час
Пусціўся ён на ловы,
У страшны час
Аддаўся мору любы…

*

Імчуся удаль.
Дык вось яны — вяршыны…
Пагрозныя, каменістыя цуды,
Бы ланцугі
Няведамых машынаў
Спляліся тут
У казачныя жмуты.
Дык вось яны…
За сівымі гарамі
У бітву йшла
Эпоха на эпоху.
І дваццаць шэсць
Ляглі тут у адно ранне,
І тысячы
Не ведалі спалоху.
Гара з гарой
Вяла свае гаворкі
На гарматнай
На жалезнай мове,
І шчоўкалі,
І сыпалі вінтоўкі
Алавяным
Градам па галовах.

*

Дык вось яны… —
Хрыбты за стэпам Дона
У шызым дыме
Раніцы лагоднай.
У вышыню,
У сіняе бяздонне
Глядзяць яны
Так пышна і так горда.
То дзікуны
„З шчацінаю з жалеза, —
„Вялізныя, шматвёрставыя дзівы, —
„Стапталі стэп:
„На цёплы Поўдзень лезлі,
„Увесь Каўказ
„Сабой заграмадзілі.
„На вадапой
„Ішлі да мора стадам —
„Іх вабіў крык вады
„Ў прасторах.
„І не маглі
„Дабрацца ўсёй грамадай
„Да гучнага,
„Да сонечнага мора.
„Эльбрус, Казбек
„Іх пасвілі, іх гналі.
„А пастухі
„Ў папахах белых
„Кідалі ў далі
„Яркі глянц эмалі.
„І пастухі й жывёлы
„Скамянелі“.

*

Стары грузін
Мне баіў байку гэту —
Ён чуў яе
Ў зурновых спеваў-граек.
Мо‘ выдумка
Каўказскага паэта?
Мо‘ горны сон
Прыбрэжных шызых чаек?

*

Во сказ другі
Пра горныя хрыбеты,
Не сказ, а быль
Мільёналетніх мгненняў:
З грудзей зямлі,
З яе глыбокіх гротаў
У рой агнёў
Вулканы чырванелі.
Пагрозны шквал
Палаючых лавінаў
Спыніў свой сон,
Падняўся дуба ўгору;
Прабіў ён шчыт зямлі,
Як шалупіну,
Давай гуляць
На уздыбленым прасторы.
З грудзей зямлі,
З-пад вечнае няволі,
На барацьбу памчаў
Агнёвы сокал;
Скакаў увысь,
Пляваўся і скаголіў,
Падняў мяцеж
На сотні міль навокал.
На сотні міль
Грымоты рагаталі,
Абшар зямлі
Затросся ў страшнай трасцы.
Ў крывавай мгле
Палалі блізі, далі.
Прастор стагнаў і выў,
Як звер у пастцы.
На сонца дым насунуў
Акуляры змрокаў,
А ноч у дзень
Агні ператварылі.
І выў віхор,
Сляпіў ён даляў зрокі
І фарбаваў у чырвань
Свае крыллі.
Каменне пер'ямі
Вулканы ўвысь насілі,
Металы плавіліся
Ў жыжу-масла.
Гулялі віхар з віхрам,
Сіла з сілай,
Успыхвалі фантанамі
І гаслі.
Бурболіла зямля
Ў дрыгве вулканаў,
І смажыла спіну,
Пяклася ў гарце,
І бурбалкі раслі —
Загартаваны
Грамады гор,
Што вось стаяць на варце.

*

А горы ўвысь
Дзівуюцца на далі,
Як волаты
У вопратках з граніту.
На іх плячах
Вякі прадуць паданні
Пад ранічным,
Вячэрнім аксамітам.
Дык вось Каўказ,
Дзе Лермантаў задумны
Знайшоў прытул
Сярод сваіх даймонаў.
З бярозавых далін
Выгнаннік сумны
Тут жыў, спяваў
На склоне горным.
Дык вось Каўказ,
Тут гаварылі класы
На гарматнай
На жалезнай мове,
Цвіце красой,
Буяе нашым часам,
І сівы сказ
Абвеян казкай новай.

Гагры, 5/I 1926 г.