Плыў мароз па струнах драцяных
ад слупа і да слупа,
іржавым водгуллем стагнаў
ад каменна-бетонных валатовак-скрынь вялікіх мест
да шурпатых саламяных стрэх
бабулек згорбленых —
вясковых хатак.
Ён на дарозе ўсюль сяваў па дрэвах
срэбны мох бялява-сівай шэрані.
І ноч паўзла, як вуж.
А па шкляных палях нябес
каціліся, звінелі
пругка-цвёрдыя брусніцы
буйных зор.
У світцы сцюжы шэрай
Беларусь Совецкая
штохвілю размаўляла
з роднаю сваёй сястрой —
з Масквою.
Гаварыць было так шмат аб чым:
з‘езд Советаў,
здароўе Ільіча. Нервамі і жыламі аднымі
з СССР наш край навекі сплецены
у арганізм адзін,
ў адну магутную і творчую машыну.
Зігзагі радыё сум-жудасць перакінулі
з Масквы у Менск…
На раніцу ўвесь горад знаў…
Бы глюгі чорныя агідных каршуноў,
трубкі тэлефонаў клявалі вушы,
і злавяшчунным клёкатам
хрыпелі словы два:
„Памёр Ленін“.
Смуткам, роспаччу вачэй
прарубы вуліц ажалобіліся.
Урачыста-шопатна вакол.
А ён глядзіць з тысячаў партрэтаў
тысяччу вачэй з нямою думай
з абруштыненых вітрын,
са сцен, з акон, з пакояў,
з часопісаў, лістовак,
з кніг на розных мовах,
абрамлены жалобнай чорнай сцежкай.
Абрысы чэрапа так дзіўна-велічавы,
ў ім туліцца дабро і бацькі і прарока,
сталёвы гарт бароцьбаў асілка-велікана
і думы генія, што стралой калёнай
імчацца, віхрацца, палаюць
з цяснінаў прошласці туманнай
у будучыні сонечную далеч.
II
Жалобы дні плывуць ў бяздонне дзён,
бы ў каменную глотку сфінкса.
Па тварах мас працоўных
ратаі смутку-роспачы
аруць маршчыны.
То смерць асілка. Канчына Праметэя.
— Памёр Ленін,
— Няма Леніна,
— Жыве ленінізм, —
жар-птухі радыё з Масквы
марозліва-гарачай,
вулканіста-бунтарскай,
Везувію падобнай,
па свеце ўсім, маўляў маланку,
вестку ймчаць.
Ночна-макавыя колеры,
рэволюцыйны знак жалобы,
нябыцця ноч і пламень-кроў змагання
злучаюцца ў адно.
Палахліва-жудасны той цвет
чырвона-чорны.
Мазольны люд сусвету ўмомант пазнае:
— Памёр Ленін,
— Няма Леніна,
— Жыве ленінізм.
Дзень дваццаць першы пачатку года сёмага
кастрычнікавай буры
ў жалобе чорнай з крэпу
адзеты на ўсім свеце.
шэрагам нямых вандроўцаў
тугі сур‘ёзна-строгай
гэты дзень жалобны
вякоў кялімы
перарэжа зубленым сярпом,
праб‘е грымотным молатам.
III
І кожны гарапашнік шчыры жаль
ад сэрца выяўляе па-свайму,
паводлуг звычаяў сваіх.
Усюль работніцка-сялянскія грамады
чуюць сваю страту. Нервы ўсіх працягнуты, як стрэлы,
к сонцу Рэволюцыі —
к свайму Леніну,
к грымотна-бурнаму
Чырвонаму Крэмлю.
Адусюль:
ад Афрыкі пякуча-шэрай,
ад вод блакітных Ганга,
ад старых сцен Кітая,
ад тундраў малочна-мглістага Сібіра,
ад зямель Калумба
да паўстанчых змрочных пушчаў Беларусі
зліваюцца ў адзін вялікі шквал
дэманстрацыі і мітынгі рабочых.
Бо кожны сэрцам разумее,
што Леніны ў гісторыі чалавецтва
ў тысячагоддзі толькі раз бываюць
і твораць эры на зямлі.
Кожны край па-свойму
веліч яго ставіць.
А беларуская кабета ў шэрай вёсцы
ад прастаты і шчырасці сваёй
галошанне дзядоўскае заводзіць,
пранізанае горам,
аплеценае вобразамі старасвецкіх дзён,
Як узор на паясах вясковых:
— На каго-ж ты нас пакінуў, ой, татуленька!
— Асірацелі без цябе мы, ой, зязюленька!
IV
Творчы дух людзей, натхненнем поўны,
цяпер красу і мудрасць Леніна шукае:
вучоныя, філосафы трактаты пішуць
тоўстатомныя аб Леніне.
У кожным яго слове дзівы генія знаходзяць.
Паэты з вобразаў і рытмаў мілагучных
вянкі плятуць яму на маўзалеі
з сотняў вершаў, нібы з незабудкаў. Кампазітары з хаоса гукаў
гармонію знаходзяць для жалобных маршаў
на яго канчыну.
Маляры, скульптары шукаюць
сакрэты рысаў, фарбаў,
каб як-небудзь увекавечыць
для будучых сыноў зямлі
магутны воблік Леніна, —
усім цяпер вядомы.
Кіноленты планету нашу
поясам абкрылі —
адбіткам дзён жалобных.
Прамовы Леніна з грамафонных
тафляў яшчэ доўга будзе слухаць
Вызвалены люд.
А яго найлепшы твор,
найлепшы манумент —
CCCP.
Аб ім мастацтва —
адбітак толькі слабы,
толькі цень туманны.
Ён сам — з паэм паэма.
Не ў пергамінах,
Не ў фаліянтах,
Не ў маршах жалобных,
Не ў статуях,
Не ў фарбах, —
У жыцці.
V
Надыйдзе час,
і ленінізм абхопіць
агнёва-сонечным штандарам
СССР сусвету.
Мары тысячагоддзяў
аб светлай долі чалавецтва
спраўдзяцца ў жыцці.
Усціхне бура боек, спрэчак:
не будзе ані класаў, ані нацый, а будзе ўсюды
вольны творчы чалавек.
Тады,
праз стагоддзі,
з усіх краёў зямлі,
штогод
у дзень дваццаць першы студзеня,
памкнецца грамадою люд
ў Чырвоную Меку —
саркафаг той паглядзець,
дзе спачывае на Чырвонай плошчы
вялікі правадыр працоўных мас,
што калісьці волю вырывалі
з клыкоў звярыных
капітала.
Дзівіцца будуць тыя пакаленні
ленінскаму генію,
што думкамі і дзеямі
тысячагоддзі пранікаў.