Чырвона-чорная жалоба У Ясных Крушнях
Паэма
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
З сказаў буры і віхораў
Іншыя публікацыі гэтага твора: У Ясных Крушнях.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VII
У ЯСНЫХ КРУШНЯХ

У ЯСНЫХ КРУШНЯХ

I

Ў Ясных Крушнях у даліне
Стаіць бедная хаціна,
Як гарбатая жабрачка,
Ці пабітая батрачка.
Хата латана карою,
Вузкай дранкаю старою.
Замест шыбінаў — анучы,
Замест даха — лапак кучы;
Пазапханы шчэлі сенам,
У зямлю улезлі сцены.
Распадзецца во, здаецца,
Бо трасецца і трасецца;
Нейкім дзівам, нейкім цудам
Не рассыпалася ў груду.
Як парваныя аборкі,
Разляцеліся падпоркі —
І тырчаць ва ўсе староны
Часу даўняга праклёны.
Нібы словы сумнай песні,
Абгарнулі хатку цесна,
Амярцвелыя істоты,
Знакі злыбеды, бядоты:
Камень круглы і пузаты,
Пень трухлявы, сукаваты,
Воддаль засланка крывая,
Побач цэгліна старая,
Дзве палоўкі дна ад бочкі,
Рознастайныя дашчочкі.
Гэта ўсё сям‘ёй разбітай
Вакол хаткі пазабыта,
Абрасло сіўцом-травою,
Палыном і крапівою!

Ой, не год і не дзесятак,
Не адна, а многа матак
Ў Ясных Крушнях вечным ходам,
Безупынным карагодам,
Сваю долю пракліналі,
Пастушкоў як гадавалі
Для багатага маёнтку —
Для дастатку і „пожондку“.

Ой, не раз у гэтай хаце
Пралівала слёзы маці,
Як злы цівун без літосці
Бізуном ламаў ёй косці,
Калі сына бараніла,
Калі ў двор цягалі сілай
На пакуту і на здзекі,
Каб зрабіць з яго калеку
На пацеху панскім дзеткам,
Пестунам і малалеткам.

Ой, нямала сцены гэты
Былі жудасцю адзеты,
Як прыгожую дачушку,
Весялушку і пяюшку —
Ўцеху парабка старога,
Мазалістага, сівога
Пацягнулі ў панскі хорам.
На ганебнасць і на сорам

Ой, не раз у гэтай хаце
Гучна сыпалі пракляцці
І слаўцы ядроным макам.
Ліха шмат было ды з гакам,
Як і паншчына сканала,
Як і „воля“ тут настала
Пры цары, пры „вызваленцу“,
Меў даволі ліхалецця.

З „вольнай волечкі“ ў найміты
Горам мужычок прыбіты
Зноў у двор пайшоў да пана
Працаваць да ночы з рана
На абшырным загуменні.
Пакаленне ў пакаленне
Гэтак шло-плыло у бяскраі
Каля рэчкі, каля гаю.
Пан быў важным і багатым, —
Гнуў спіну сваю араты,
Крушні Ясныя араў ён
Пад царкоўныя маралы.

Нейкім дзівам, нейкім цудам,
Як пракляцце злога Юды,
Як астаткі дзён пакутных,
Адзічэлых, каламутных,
Аж да нашых лепшых часаў,
Без прыправак, без прыкрасаў
Асталася тая хатка, —
Веку цёмнага дзіцятка,
Так стаіць бяззубай цноткай
Год мінулых доч-прыплодка.

II

Вось у гэтай хатачцы ў старэнькай
З хлапчуком жыве маленькім,
З сваім Янкам-сірацінай,
Гарапашная ўдавіна.
На вайне забілі мужа.
Цісне гора, цісне дужа.
— Што рабіці, мілы божа?
Так нядобра, так нягожа
Жыць на свеце жорсткім гэтым
Неабутай, неадзетай
І галоднай, і халоднай,
Без апоры, як ніводны…
Але гэта з-поўбядоты,
Бо найгоршую турботу
Маю тую, — як мне, маці,
Свайго сына гадаваці?
Надышоў час галадухі:
Не накорміш нават мухі.
Што мне з хлопчыкам рабіці?
Трэба гадаваць, карміці,
А тут проста хоць давіся,
Хоць у рэчку йдзі тапіся…
Плача маці, плача горка
Ды глядзіць на тую горку,
Дзе палац стаіць, мільгае
І на хмаркі паглядае
Горды, белы, пекны, стромкі
Ды ў абхопе такі ёмкі.
Свецяць вокны, ганкі, дзверы, —
Іх так многа, іх без меры.
А вакол там шмат будынкаў,
Як наваленыя скрынкі,
Нібы гэблем габляваны,
Нібы фарбай фарбаваны.
А далей шапочуць дрэвы;
Рэчка ўецца ўправа, ўлева
І бурліць, пяе пяюшкай,
Змейкай цягнецца ці стужкай
Па разлогах, па далінах,
Па шырокіх лагавінах
І хаваецца ля бору, —
Ў лесе з хвойкамі гавора.
Дзіва-дзіўна пляце-вяжа,
Зычыць гулка, шэпча, кажа
Свае казкі, свае байкі,
Свае цуды, свае грайкі.
Гэта — рай-раёчак панскі,
Што завецца Крушняй Яснай.
Маці ўспомніла і рада, —
Паглядае на прысады:
— То-ж няма, нябесны тата,
Там цяперка пана-ката.
Парабочкі цяпер самі
Там жывуць гаспадарамі,
Лоўка ладзяць гаспадарку
У тым пакінутым фальварку.
Там, дзе „хаму“ было цесна, —
Цяпер гулка пяюць песні;
Дзе лілася кроў мужычча, —
Цяпер шчасце сонца зыча.
Трэба шчыранька старацца, —
Карміць будзе сытна праца.
Зямля корміць, тых шануе,
Хто мазоль на ёй шаруе. —
Разважае удавіна:
— Ў пастухі аддам я сына
Гарапашнікам у рукі.
Буду мець я менш дакукі;
Выйдзе там з яго араты
Мо‘ не горшы, чым у таты.
Не пакрыўдзіць — хто меў крыўду,
Каму гора так абрыдла.
Скажа слова шчыра, ціха, —
Знае сам па чым фунт ліха.
І чаму-ж я ўсё, сарока,
Так, маўчала абібокам
І сынка трымала ў хаце?
Ой, дурненькая я маці! —
Моцна лае сябе баба
І „ламакай“ і „нязграбай“,
Аглядае хатку-пустку
І кусае хвост ад хусткі:
— Ну і глузд у баб трухлявы,
Розум наш, дальбог, няжвавы!

III

Хутка баба парашыла.
Пастушку, што трэба, сшыла,
Навучыла быць паслушным,
Быць старанным, разварушным.
Павяла сынка малога
У шчаслівую дарогу —
У фальварак да ратаяў.
Па гасцінцы лядок таяў.
Быў дзянёк вясёлы, светлы,
Грэла сонца шчыра, ветла,
Пелі птушкі па галінах,
Неба сэрца весяліла.
На зямлі з-пад снежных рамаў
Дзе-нідзе ляжалі плямы
Чорнай глебы, смачнай, тлустай,
Бы цямнелі хлеба лусты.
Гэтак пахла ўсюль вясною —
Над нізінай, над гарою;
Ў вышыні — ў блакітнай далі
Гучна жаўранкі спявалі.
Завяла сыночка матка
Ў дом-палац бялюткі, гладкі.
Шчыра там сустрэлі Янку
Ў тую ясную заранку.
І сказалі быць смялейшым,
Весялейшым ды спрытнейшым.
У гасподзе, як і кожны,
Долю будзе мець і ён-жа
Хай ён пасвіць добра стадка.
Будзе мець усё ў дастатку:
Кажуронак, шапку, боты,
Будзе жыць ён без бядоты,
Будзе хлеб і будзе сала,
Будзе радасцяў нямала.
Як заслужыць — паліўнога
Купім коніка малога.
Як засвісне — пойдуць рэхі,
Пойдзе водгул на пацехі,
Затрасецца гай хваёвы,
Будзе весела каровам;
Як прыткне да дзірак палец,
Як задзьмухне, як засмаліць,
Як пачне ён сыпаць трэлі, —
Будзе ладзіць бор вяселле.
Гаспадарыць будзеш, Янка,
Як нідзе, ніколі змалку.
Пройдзе дзень у полі хутка,
Нібы хвілька, як мінутка.
А ваўкоў баішся вельмі?
Горш ваўкоў — суседзі-шэльмы.
Гэта праўда, гэта пэўна.
Агнявога птуха-пеўня
Кулакі пусціць пад стрэху
Раз хацелі на пацеху.
На-цю-на! Гэй, дзе ты, Трэзар?
Ганаровы ты, гарэзны!
Станеш ты ў хлапца падпаскам.
Тут не вельмі будзе цяжка.
Відаць, добры хлопчык Янка.
На-цю-на! Каб це‘ маланка!
Жартавалі доўга людзі.
Удаве сказалі: „Будзе
Янка тут някепска жыці,
Весяліцца, не тужыці.
Ён зімою пойдзе ў школу,
Як закніжыць, як зашколіць!
І навучыцца твой Янка
Не горш пана, ці падпанка
І пісаць, і рахаваці.
Не бядуй, не плач-жа, маці!
Я ад радасці, паверце.
Радасць плача ў маім сэрцы.
Застанецца Янка тутка,
Я пайду сабе ціхутка.
Мабыць курыца зняслася, —
Прынясу яечка Ясю…
Ты не бойся, тут кармежкі
Хопіць без твайго яечка!

IV

Зажылося Янку добра.
Ён — вясёлы і харобры, —
Выганяе ў поле быдла, —
Яму праца не абрыдла,
І будзіць не трэба зрана.
Як яшчэ стаяць туманы,
Як яшчэ мігцяцца зоркі, —
Чуваць Янкава гаворка:
„Дайце мне скарэй сняданне!
На-цю-на! На паляванне
Мы з табою зараз пойдзем.
Годзе нам драмаці, годзе!“
Цюцька гаўкне, жмурыць вочы,
Бо яшчэ драмаць ахвочы.
Янка спрытна з месца скокне:
„Гэй, каровы абібокі!“
І бычка пагладзіць ласы.
„Эх ты, любы мой Падласы!
Падраслі мо‘ занач рогі?“ —
Шмат на гэта трэба змогі, —
Трэба рогі пальцам мерыць,
Бо не верыць вокамеру.
А бычок той гэтым часам
Пазірае набак шчасна,
Падымае хвост трубою,
Выгінаецца дугою,
Бярэ радасць — не стрымае,
Зараз пусціцца да гаю, —
Брык і брык — бычок у целе, —
„Што з табою, звар‘яцелы?“ —
Зазлаваўся нібы Янка,
Лясь і лясь сваёй драцянкай.
Тут і Трэзар так пацешна
Як загаўкне, як забрэша,
І спрунжынай як ускоча,
Аж, здаецца, Трэзар хоча
Брэхам цэлы свет стрывожыць.
Во і Янку заварожыць!
Даліпан, заваражыў ён:
Той бяжыць (во лопнуць жылы)
За бычком гэтым гуллівым,
За сабакам жартаўлівым.
Нейкі дзядзька каля ганку
Бачыць гэтую гулянку,
За бакі бярэцца з смеху
І крычыць: „Ты бойся грэху,
Янка, так скаціну мучыць
Ды сабаку баламуціць!“
Свеціць сонца. За скацінай
Янка ходзіць па лагчыне.
А травіца яшчэ росна.
Адзінота. Янку млосна.
А нябесы гэтак чысты,
А гушчар такі імглісты.
Цень глядзіць са шчылін бору,
Павылазяць страхі з нораў.
Лезе ў думкі байка таты
Аб фальварку аб заклятым,
Дзе людзей цкавалі псамі,
Рвалі скуру паласамі,
З бедных вопраткі зрывалі
Ды калодкі надзявалі.
Галяком у муравейнік
Іх кідалі вунь — дзе ельнік.
Страшна Янку — ў лесе цені
І галін сухіх трымценне,
І хваёвая гамонка.
На ратунак раптам слонка —
Як заззяе, як зайграе…
Вось і рэчка залатая.
Страх забыты, бы ніколі
Не было яго на полі.
Так мільгаюць матылькамі
Ў Ясных крушнях дні за днямі.

V

Не калінка гнецца ў гаі,
Не сарока байкі бае, —
Дабрадзейкі, бабкі, цёткі
Носяць-сеюць байкі-плёткі:
Удавіца бесу-чорту,
Злому, гідаснаму хорту
Прадала душу святую,
Залатую, маладую;
Аддала ў фальварак сына, —
Ён у лапы пекла рынуў.
Ой, бажніц няма ў фальварку;
Праца йдзе, як па загарку;
Няма сварак, няма спрэчак,
Няма востранькіх славечак.
Там не моляцца ніколі
Ці то ў хаце, ці на полі.
Там з папа смяюцца людзі,
Хай-жа лепш такіх не будзе!
Там праз меру ўсе лагодны,
Так не бачыў з нас ніводны.
Гэта кепская прымета:
Злы, страшны антыхрыст гэта
Цягне у пастку ачмурэлых,
Ашалелых, адурэлых.
Цар ангельскі едзе, скача,
Перарэжа ўсіх, няйначай;
Пан імчыцца з „велькім пэндам“
У фальварак па арэнду.
Будзе шыбеніц бясконца
Ў нашай змучанай старонцы.
— Забяры хлапца з фальварка,
Прывядзі дахаты шпарка.
А то потым будзе позна, —
Людзі ў нас талкуюць розна, —
І няшчасная матуля
Затужыла па Янулі,
Задрыжэла, як асіна:
— Не дай бог, хлапчук загіне! —
Стала ёй жыццё няміла,
Цёнгле сны благія сніла;
Сніўся вісельнік і чэрці,
Сніўся цар, вужака, смерць ёй.
— Ой, звязаўся на нядолю
Янучок мой з гэтым полем! —
Вось надумалася маці
Свайго сына „ратаваці“.
У гушчар пайшла ціхутка,
Там пачула рэхі дудкі:
То сынок сядзіць і грае,
Не баіцца страхаў зграі.
„Во‘ знайшла!“ (а вочы — шылы),
За каўнер патармашыла.
„Пойдзем, бедны мой, дадому.
Не хваліся ты нікому,
Што служыў тут“. Хлопец плача:
— Звар‘яцела ты, няйначай!
Як я кіну сваё стада?
Гэта-ж сорам, гэта-ж здрада.
Ты, мабыць, жартуеш, матка,
Гэтак спрытна, гэтак гладка…
Дык навошта табе жарты?
— Ты не будзь, сынок, упартым!
Удавіна за чупрыну
Пацягнула Янку-сына.
Тут — ці хоцькі ці не хоцькі —
Пастушок пайшоў у прочкі.
Вырываўся, плакаў, енчыў,
Па дарозе бедны кленчыў:
— О, пусці назад, матуля…
— Замаўчы, бо дам на дулі!

VI

Тры дні хлопчык прывязаны
Быў у хаце да тапчана;
Адвязаўся на чацверты,
І абшарпаны, абдзерты
Ён пабег назад вясёлы,
Падкасаўшы свае полы,
У фальварак па сцяжынцы,
Па зялёнай па лагчынцы.

Менск, 1921 г.