Шумны вецер з асакою
Вядзе гоман над ракою
Аб свабодзе, аб прасторы…
К рэчцы украдкаю ступае, —
Чуй, дзяўчына маладая,
І сама з сабой гавора.
Бы ільністыя палосы,
Зьвісьлі нізка яе косы
Няпрычэсана вісяць;
А заплаканыя вочы
Зораць пільна ў цемру ночы —
Сочаць сьцежку не сьцяраць…
Падышла к вадзе дзяўчына,
Вокам зьмерыла глыбіну —
Страшна ў ёй, аднача.
Ды павадзе боль ад страты
Сьцеражэ яе упарта —
І дзяўчына плача.
Над вадою стромкай, пеннай
Ня пускае жыцьцё з плену,
Да сябе вяртае.
Песьні, хлопцы ды вясельле,
Жарты, шэпты ў любным хмелю
Ў думках паднімае.
Як завідна!.. Але толькі
Хто залечыць яе болькі,
Верне ёй надзею? І ці з сонцам ясным зраньня
Забуяюць зноў жаданьні
Й сум ліхі разьвеюць?
Вецер вые ў цемні ночы —
Глухне ў ім і плач дзявочы,
Глухне думак гоман.
Рэчка холадна сьмяецца
Чым дзяўчына плача, б‘ецца
Ў непагодны цёмень?
Знаць няма нічой спагады!
Нікнуць спугныя пагляды
Да вады халоднай.
На што ш сьвет ужо радзіцца,
Каб дачасна загубіцца
Ад нядолі зводнай.
Але й жыць нялёгка ў горы,
Калі сэрца тнуць укоры,
прыгонныя аборы
Ня пускаюць к шчасьцю.
Не, як зьмерла ўжо надзея —
Жыцьцё сэнсу больш ня мее —
Бяры, рэчка, Насьцю!..
Плюх у рэчцы — рэчка грае,
Вецер песьню зацінае,
Сьвішча, вые і шуміць.
А ліхая цем вакола
Расьсьцілае шат над долам,
Каб таемнасьць ночы скрыць.
Магілеў, 1910
|