Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Вакола і ўдаль/Разьвітаньне

Ноччу Разьвітаньне
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Браты-дубкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Разьвітаньне (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬВІТАНЬНЕ

Сьвішча вецер, завывае
Нудна, невясёла,
Ралкі дрэўцаў пахіляе
Нізенька да долу.
У хацінцы чуцён гоман,
Чутны прычытаньні:
Выпраўляюць дзесь Сымона
Бацькі ў вандраваньне.
Маці, бацька, сёстры, брацьця
Цеснай чарадою
Ужо доўга ў змроклай хаце
Гутараць сям'ёю.
Вось да сына падыходзе
Маці й прычытае.
„Будзе плакаць, маці, годзе“, —
Сын яе сьцяшае.
„Я ня буду на чужыне
Доўга прападаці.
Ды хоць буду, ўсё-ж ня згіну
Між людзей я, маці.
Буду слаць вам часта весьці —
Абнадзейваць душу:
Дзе жыву я, ў якім месьці
Далей жыць я мушу.
А як ўдасца, павязе мне —
Грошы буду слаці.
Не гаруй, ня плач дарэмна,
Дарагая маці“.
А за маткай бацька радам
К сыну голаў клоне.
„Дай зірнуць адным паглядам
На цябе, Сымоне.
Дай у твар твой наглядзецца
Ўдосталь мне, бо можа
Бачыць ўжо не давядзецца
Больш цябе, нябожа.
Я стары, слабеюць сілы
З дня на дзень прыкметна.
Будзь здароў-жа, сын мой мілы,
Голуб мой прыветны“.
І вянком сухія рукі
Абгарнулі шыю.
Ў грудзях раптам ўсталі мукі
Цяжкія, ліхія.
Шкода-шкода сем‘яніна,
Ох, ты, лёс закляты!
Гоніш дзесьці на чужыну
З роднай яго хаты.
Не паслаў яму ты долі,
Каб шчасьлівым быці;
Як былінку ў чыстым полі
Парашыў ссушыці.
— Ну-ж, сяструхны, а ну-ж, брацьця,
Йдзеце па парадку.
Разьвітаюся ўжо ў хаце,
Потым выйду з хаткі.
Абгляджу гарод ды ніву,
Шат зялёных клёнаў;
Хай яны пашлюць вятлівы
Пахацей уклонам.
Хай пахіне збожжа колас,
А кляніна ралы.
Верабейка пашле голас
Гучны ды нядбалы.
Хутка-ж, Сьцёпка, гэй, Марыля,
Бліжэй падыходзьце.
Будзе ўжо, пагаласілі,
Часу больш ня зводзьце.
Ўжо даволі змылі сэрцы
Вы свае сьлязамі.
Ня судзеце-ж і ня верце,
Што ня ўбачусь з вамі.
Калі будзе на чужыне
Моркатна і цяжка —
Ўсё там кіну, ўсё там рыну
Ды прымчуся пташкай.
Свая хата, кут свой родны
Ў сэрцы родзяць цуды.
Ці-ж я сын яго нягодны,
Што вазьму й забуду?
Цёнгля будзе аб ім думка
Шчасьцем сэрца поўніць
Вашых вобразаў — малюнкаў
Мілых мне, чароўных…
Хвіля сьцішы невясёлай —
Дзьверы расчынілісь.
Сымон нізка скінуў голаў,
Ўсе яму схілілісь.
Заігралі ў вочах сьлёзы
Чысьценькім крышталам…
Прабег вецер па бярозах,
Страсянуўшы ралы.

Вількамір, 1913