Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Вакола і ўдаль/Трэба жыць

Межкі Трэба жыць
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Пажарыска
Іншыя публікацыі гэтага твора: Трэба жыць.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТРЭБА ЖЫЦЬ

Ў хаце сьцюжы панаваньне —
Нечым запаліць,
Дроў ад лета ані званьня —
Патом трэба жыць…

З страхі зьехала салома, —
Вецер паразьнёс,
За платамі бураломам
Гольля зьбіў з бяроз;

Вокны выбіты да шыбы, —
Нечым залажыць,
Ў хаце хлеба ані скібы, —
Патом трэба жыць.

На насеньне ні збажынкі —
Пуста у хляве,
Бурай ходзяць успамінкі
Ў нуднай галаве.

Шчасьце віхрам праляцела,
Нельга тугі скрыць…
З болю сэрца скамянела,
Патом трэба жыць…

Скора прыдуць за падаткі —
Хату растрасуць;
Бяда ўлезе на папрадкі,
Злыдні кут займуць;

Заліюцца сьлязьмі вочы,
Сэрца забаліць;
А тут хочаш, ці ня хочаш, —
Трэба-ж неяк жыць…

Капыль, 1909