Люблю сачыць, як дзень пагодлівы канае
І шэрасьць лёгкая над горадам шумлівым
Памерна ў вуліцы глыбокія спадае,
А над мурамі вісьне дымам сівым.
Паветра ціхае паволі рэдне, стыне,
Выразьней рэха гулкае ўтуруе;
Гудок фабрычны сьвіст зацяжны строма кіне,
Й працоўных натаўп рэзва, шумна зашнуруе.
Драты, што сеткамі крыжуюць вулкі, пляцы,
Губляюць ніткі доўгія ў прысьценных ценях,
І пэнт нядаўны пільнай творчай дзеннай працы
Прымоўкне, стуліцца ў каменных цесных сьценах.
Настрэчу-ж месяцу блядому й зорак кучы
Агні электрыкі вакол з вакон, з ліхтарань
Паднімуць ўверх прамень сярэбраны, бліскучы,
І зыкі выцісьне дзяўчына на гітары…
Крыху пазьней — і скрозь жыцьцё, як дым, зьнікае,
Адно з куткоў пачуеш парак шэпт шчасьлівы…
Люблю сачыць, як дзень над горадам канае,
Лятучы ціха к небу дымам лёгкім, сівым!
1/I 1914
І тут, і там, здалёк і зблізку,
Як ў цёмным полі — воўка вочы,
Ў раскідзе доўгай гнутай нізкі
Агні па гораду бліскочуць.
Трапеча лёгкае праменьне
І змрок гусьціць ўвысі ды ўнізе —
На зірк ваччу кладзе адценьне
І зьяў жыцьця да здані блізіць.
Хто іх разьліў, з якой патрэбы —
Пытаеш — мрыюць над дамамі,
Як сьвечкі тыя над трунамі
Ў цалуне чорным, зьвісшым з неба?
І, здэцца, сумам мусіла-б павейваць
І ўзрокі цьмяніцца ў прышчурра,
А то-та-ж будзяць ясную надзейнасьць
І позыў — бегчы к ім настрэчу — бураць.
Менск, 12/III 1924
|