Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Песьні вольнай працы/Праца

Да працы Праца
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Пераплёт
Іншыя публікацыі гэтага твора: Праца (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАЦА

Зірні,
Як вакол
Процьма кол
Нясупынна,
Стройна, чынна
Ўюць кругі
Чарадою.
Шасьцярні
Мітусяцца,
Імчацца
Стралою
Пасы.
Галасы
Рабочых
Пры рабоце
Ў траскатні,
Ў браскатні
Ня чутны —
Мруць яны
Ў калыханьні,
Ў клапоце
Лезе ў вочы
Пыл, смурод.
Учарод,
Як зьвясьці
На пагляд, —
Упярод
І назад,
Упадрад
Шэсьць радоў
Панахіленых сьпін.
Як адзін,
Колькі сот
Чалавек
За парухам
Машын
З заміраньнем
Дыханьня
Сачаць…
Малаты —
Тук-грук,
Тра-а-ты —
Грукацяць.
Сюд-тут —
З кута ў кут
Прабяжыць,
Паглядзіць
Майстар-цэх;
Яго бег
У адно
Валакно
Ніжа, ўе
Нясустрыманы рух.
Ззы-ы-ух!
Гры-ы-ры!
Шасьцярні,
Мянтухі…
Навакол
Процьма кол
Ўюць кругі.
Іх бягі
Сачаць сотні вачэй;
Сотні-ж рук
Ладзяць стук
У гармонь…
І гартуе агонь
Грозных домнаў пячэй
Працы пільнай вытвор
Яе гмах, яе спор!..

Капыль, 15/VI 1923