І ноч і дзень, і днём і ноччу
Сядзіць яна і пільна тчэ,
Хоць сон гняце яе ня ўмочу
І сьлепат рэе ля вачэй;
Хоць рэжа больлю вострай сьпіну
І тою больлю коле ў бок
Й ня раз губляецца дзяўчынін
Вяртлявы з цэўкаю чаунок;
Яна астатнія патугі
Сілком зьбірае і з рукі
З навою гоніць круг за кругам,
Шпіляе шчыльныя радкі.
Мінае час і чырвань нітак
Выходзіць ў гладкім дывану…
Каму-ж старэнна на прыбытак
Дзяўчына тчэ, і што? Каму?
А тчэ яна ўжо тыдзень трэці
З чырвоні зрэбнае штандар,
Братом аддаць чырвонармейцам
За іх пабору слаўны дар;
Аддаць за тое, што з напасьці
Яны пазбавілі народ,
Што ў бойцы цяжкай — панскай ўласьці
Спынілі новы узварот,
І край свабодным захавалі
І людзям волю зьбераглі,
Хоць многіх мёртвымі схавалі
Ў глыбі халоднае зямлі…
Падзякі поўная, дзяўчына —
Сама ткачыха й стала ткаць
Штандар чырвоны ад краіны
Ваякам слаўным дараваць.
І трэці тыдзень зраньня к ночы
За пільнай працаю ідзе…
Хутчэй, сястрыца! Прагнуць вочы
Твой дар ваякам паглядзець!
Менск, 1920
|