Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Песьні змаганьня/Першае мая

Дар Першае мая
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Песьняру
Іншыя публікацыі гэтага твора: Першае мая (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРШАЕ МАЯ

Першае Мая — то дзень вызваленьня!
Слаўны ваяка прад бойкай гарачай
Сілам падцятым, ждучы аднаўленьня,
Цяжкім змаганьнем яго абазначыў.

У цемні няволі, у муках балючых
Сьветлаю плямаю ён выдаваўся,
Прагнучым волі, да волі ідучым
Воклічам гулкім здалёк адгукаўся.

Бойка ішла, адмяраліся ўступы
Маем чырвоным ад году да году;
Гушчы працоўных, ваяцкія купы
Мералі крокі да сьветлай свабоды.

Бліжэй ды бліжэй — здалёк маякамі
Звалі пярэднія задніх на сьвята,
Сьцягам чырвоным, як птушка крыламі
Май трапятаўся над беднаю хатай.

Выдмы глубокія вечных устояў
Вокал глядзелі нязрушнасьцю чыннай
Ў хвілі, калі расьцілалі сувоі
Рдзістых палоцен ваякаў дружыны.

Буйнаю рагаю, порсткім струменем
Выліўся імпат натхненны ў паўстаньне
Май урачыстым пранесься праменьнем —
Шлях да комуны з-пад цьмы растумані.

Гордымі крокамі, вернай ступою,
Летась, сягоньня і ў часах прыдучых
Першае Мая — працоўных сабою
Будзе бадзёрыць, ўсё ўперад вядучы.

Менск, 1923