Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Песьні змаганьня/Йдзі дарогаю заросшай…

Свабода Йдзі дарогаю заросшай…
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Ня сумі, брат!
Іншыя публікацыі гэтага твора: Йдзі дарогаю заросшай…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЙДЗІ ДАРОГАЮ ЗАРОСШАЙ…

Йдзі дарогаю заросшай
Дзікім чэмерам-травой.
Йдзі няўтомна ды нязможна
З непаніклай галавой.
Няхай груды ды завівы
Не палохаюць цябе;
Хай ружовыя пазывы
Не тануць ў цяжкой журбе.
Над табою зданьне сьмерці —
Дух згубіцельны пяе —
Кожнай хвіляй мерыць ўперці
Ў змрок нябытнасьці свае.
Хай да сэрца йдуць сумленьні,
Сполах крадзецца к табе,
Загартуй сваё цярпеньне
І будзь цьвёрдым ў барацьбе.
Тады цьвёрдасьцю адзеты
Гарда сьцяг свой данясеш
К таму месцу, да той мэты
Да каторай ты ідзеш.

Пецярбург, 1914