Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Песьні змаганьня/Свабода

Дружна з ахвотай… Свабода
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Йдзі дарогаю заросшай…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Свабода (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНІ ЗМАГАНЬНЯ

СВАБОДА

Я убачыў яе аддалёк,
Сярод ночы цямлівай, глухой,
Што ўбірала яе ў цёмны змрок
І пяяла літаньні над ёй.

Я убачыў яе і ўзгарэў, як агонь,
Як усходняга сонца лучы,
Ды хутчэй паляцеў наўздагон,
Наўздагон да яе, крычучы:

„Не ўцякай-жа, багіня красы,
Зыркі водбліск празрыстага дню,
Дай напіцца твае мне расы,
Дай часьціну твайго мне агню.

Я сасмагшую душу расой
Волядаўчаю ўсю акраплю,
А агонь гэты дзіўны я твой
Ў сэрцы юным сваім запалю,

І, як волю адчуўшы той зьвер,
Ў бойку з крыўдай людзкой палячу,
Хоць, да праўды шукаючы дзьвер,
Я за гэта жыцьцём заплачу“.

І наўкола ад крыку майго
Раздавалася рэха, як гром;
Я-ж да месца ў далёку таго,
Дзе стаяла яна, бег бягом;

Але ночы хаўтурная цьма
Шчыльна-шчыльна павісла над ёй,
Так што ў змроку пасмугла яна
Перад смагай гарачай маёй.

І, як быццам, далася на крок
Далей-далей, назад ад мяне,
Ды ізноў заблішчэла здалёк,
Разгарэўшыся ў зыркім агне.

Я-ж ня стаў, не стаміўся патом,
Маладую ўсю сілу сабраў
І з гарачым душэўным агнём
Да яе набліжацца пачаў.

І ў нутру маім вырас намер
Ўсё жыцьцё ад яе не адстаць,
І стаў вокліч ка мне далятаць,
Які зваў і казаў: „Толькі вер,

Не глядзі, што наўкола цябе
Непрабачная ночка стаіць;
Біся з цемрай, і ў той барацьбе
Ты патрапіш мяне улавіць“.

Што далей — мой увераней крок,
Што далей — яна бліжай ка мне,
І мой цьвёрды ваяцкі зарок
Хутка-хутка яе нажане.

Пецярбург, 1914