Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Песьні працы ў прыгоне/Калысная песьня

Песьня жняі Калысная песьня
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Пазыў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Калысная песьня (Сьпі, дзіцятка, люлі, люлі…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАЛЫСНАЯ ПЕСЬНЯ

Сьпі, дзіцятка, люлі, люлі,
Сьпі, сынок, адпачывай.
Ўсе дзеткі ўжо паснулі,
Ты таксама засынай.

Сьпі яшчэ пакуль маленькі,
Покуль сталым станеш быць.
Сьпі, сынок мой дарагенькі,
Ўсё жывое ужо сьпіць.

Будзь нядбалы, ты-ж ня знаеш
Ані гора, ні бяды,
Покуль бацьку сабе маеш
Ды сам бацька малады.

Ля цябе ён загаруе
На адзежу і на хлеб,
І на сталага ўзгадне,
Каб дарослым пусьціць ў сьвет.

Сьпі, галубе, ціха ў хаце,
Моцы, сілы набірай,
Цябе цешаць бацька й маці —
Іх уцесе патурай;

Бо як вырасьцеш, дзяцінка,
Не пасьпіш цішком тады,
Ня сустрэнеш і хвілінкі
Ты свабоднай ад вуды.

Гора сілаю загоніць
Ў цёмны горад, на завод,
Дзе машына енчыць, стогнець,
Нутр разьядае смурод.

Там ад раніцы да ночы
Ў цяжкай працы прастаіш…
Ну-ж, заплюшч, галубе, вочы
Ды засьні… Чаму ня сьпіш?

Там цябе прывяжа сіла
Да машынаў, да сталоў,
Дзе ты будзеш да магілы
Стаяць зьвязаным, бяз слоў.

Замест песьні над калыскай
Твае маткі дарагой —
Гуд машыны, рамнёў піскі,
Будуць вісець над табой.

Промень сонца цёплым летам
Да цябе не даляціць;
Ты разлучышся са сьветам,
Як ў вастрозе будзеш жыць.

Будзе дарма сэрца рвацца
На прыроду паглядзець,
Сіл і сьвежасьці набрацца,
Супачынку хвілю мець.

Ды ня выстачыць патоля
Адарвацца ад машын,
І ня ўбачыш мо‘ ніколі
Сонца й лесу, мілы сын.

Сьпі-ж, малы, спакойна ў хаце,
Моц і сілу сабірай —
Покуль цешаць бацька й маці,
Іх суцесе патурай.

Пецярбург, 1914